Тайныя студэнцкія таварыствы філаматаў і філарэтаў сфармаваліся на мяжы другога і трэцяга дзесяцігоддзяў ХІХ ст. у асяроддзі студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Тамтэйшыя бунтаўніцкія настроі ў пэўным сэнсе былі падрыхтаваныя той грамадска-палітычнай сітуацыяй, у якой гэтыя маладыя людзі выхоўваліся. У забраным краі кожная праява самастойнай, светлай думкі душылася, бо лічылася расійскімі ўладатрымальнікамі палітычна небяспечнай. На землях Беларусі і Літвы, што знаходзіліся ў каланіяльным стане, мясцовай таленавітай моладзі было асабліва цяжка зрабіць прафесійную кар’еру, надзвычай нялёгка рэалізаваць сябе ў літаратуры і мастацтвах. Да таго ж, улады з падазронасцю глядзелі на любыя спробы маладых людзей гуртавацца вакол якой-небудзь праграмы або дзеля якой-небудзь мэты. Філаматы ("аматары навук") і філарэты ("аматары дабрачыннасці"), выхаваныя не толькі на асветніцкай, але і на перадрамантычнай літаратуры, якраз мелі на мэце дзейнічаць супольна, разам змагацца за свае ідэалы. Таемныя таварыствы ставілі перад сабою задачы самаадукацыі; яны імкнуліся падрыхтаваць моладзь да грамадскай і патрыятычнай дзейнасці. Калі статут філаматаў, прыняты на першым пасяджэнні (1 кастрычніка 1817 г.), канцэнтраваў сваю ўвагу на творчым самаўдасканаленні сяброў таварыства і ўзаемадапамозе ў набыцці ведаў, дык у новым статуце, прынятым у 1818 г., адзначалася неабходнасць "спрыяння ўсеагульнай асвеце". Ні ў дакументах філаматаў, ні ў заявах філарэтаў аніякіх выразных палітычных мэтаў не фармулявалася – і тым не менш сяброў гэтых таварыстваў чакаў суровы пераслед з боку царскіх уладаў, па-мастацку асэнсаваны Адамам Міцкевічам у ІІІ частцы паэмы "Дзяды". Знаходзячыся ў віленскай турме, філаматы і філарэты з натхненнем спявалі патрыятычныя гімны "Хай радасць з вачэй нашых блісне…" Міцкевіча, "З Пагоняй наш сцяг…" Міхала Рукевіча (1795-1841), "Песню філарэтаў" Антонія Эдварда Адынца (1804-1885)…
У жніўні 1824 г. расійскі цар Аляксандр І зацвердзіў прысуд, згодна з якім дзесяць філаматаў (Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Юзаф Яжоўскі, Францішак Малеўскі, Ануфры Петрашкевіч і інш.), а таксама дзесяць філарэтаў (Адам Сузін, Мікалай Казлоўскі, Ян Янкоўскі ды інш.) высылаліся з родных краёў у "аддаленыя губерні" імперыі. Не ўсе яны паспелі зрабіцца знакамітымі літаратарамі, мастакамі або навукоўцамі, па-рознаму склаўся іх далейшы лёс, але ўплыў іх жыццёвага чыну на фармаванне рамантычнай плыні ў літаратуры і мастацтвах Польшчы, Беларусі, Літвы, Украіны (а ў пэўнай ступені, і ў расійскай літаратуры) сёння цяжка пераацаніць. Філаматы і філарэты з натхненнем перанялі ідэі папярэднікаў і стваральнікаў нямецкай гайдэльбергскай школы – Гердэра, Арніма, Брэнтана, братоў Грымаў: іх захапленне народнай паэзіяй. Яны ўзялі за прыклад ахвярную працу апошніх па збіранні, апрацоўцы і публікацыі ўзораў народнай творчасці, перадусім легендаў, паданняў, балад. У беларускай сітуацыі зварот да фальклорных крыніц прымушаў маладых людзей (якія вучыліся і чыталі кнігі ў першую чаргу на польскай мове) адчуць патрэбу тварыць і па-беларуску – на мове, якую яны ведалі або, прынамсі, чулі з маленства. Гэтая акалічнасць стварала даволі своеасаблівую культурна-моўную сітуацыю, пры якой поруч са звыклай кніжнай польскай мовай у нашай літаратуры ўсё большае месца пачынала займаць і мова беларуская, заснаваная на жывых гаворках большасці люду, што насяляў абшары гістарычнай Літвы і Белай Русі. Беларускамоўныя спробы філаматаў, іншых ранніх рамантыкаў суіснавалі з іх польскамоўнымі творамі, даючы гэтым аўтарам дадатковую прастору для творчага самавыяўлення. Усё тое, вядома, знаходзіла свае адлюстраванне найперш у тых выпадках, калі крыніцай натхнення служылі беларуская міфалогія, беларускі фальклор. Сярод найярчэйшых постацяў, што выявілі сябе ў гэтым, былі Ян Баршчэўскі і Ян Чачот, а таксама Тамаш Зан ды Адам Міцкевіч, беларускамоўнай спадчыны якіх мы, на жаль, сёння не ведаем.
Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014