Трашчыць мароз,
страляе,
Закоўвае зямлю.
I холадна і зябка
У полі вераб’ю.
Ля шляху мітусіцца,
I скача,
і дрыжыць.
Вышуквае цяпельца
У следзе у чужым.
А след даўно настылы,
Ужо замецен след.
Ён скача,
мітусіцца
I мерзне неўпрыкмет.
Пакуль скакаў,
у полі
Пацерушыў сняжок.
Нарэшце ён схаваўся
Стажку пад кажушок.