Спецыфіка драматычнага твора абумоўлена тым, што ён прызначаны для пастаноўкі на сцэне. Галоўная роля ў выражэнні аўтарскай задумы, пісьменніцкай канцэпцыі і філасофіі ў драматычным творы належыць канфлікту. "Канфлікт — аснова п’есы", — сцвярджаў Кандрат Крапіва і выдатна рэалізаваў гэтае асноўнае патрабаванне да драматычнага твора ў сваёй літаратурнай спадчыне. Майстэрства ствараць канфлікты ён выявіў яшчэ ў жанры байкі, якая, як вядома, з’яўляецца, па сутнасці, сатырычнай камедыяй у мініяцюры.
На канфлікт у творы, вастрыню праблемы ў ім указвае ўжо сама назва п’есы, якая ўяўляе сабой самае, бадай, галоўнае пытанне жыцця: хто смяецца апошнім? Хто пераможа зло? Што неабходна, каб перамагчы зло і смяяцца апошнім? Прыгадаем крылатую народную мудрасць: добра смяецца той, хто смяецца апошнім.
Вялікую ролю ў вырашэнні канфлікту адыгрываюць сюжэт і кампазіцыя камедыі. Ужо ў яе экспазіцыі (размова цёці Каці з Нічыпарам) відавочна расстаноўка сіл дабра і зла. Глядач атрымлівае поўнае ўяўленне пра атмасферу, што пануе ў навуковым інстытуце, які ўзначальвае невук і прайдзісвет Гарлахвацкі. Адны займаюцца навукай, а другія — інтрыгамі, плёткамі і іншымі бруднымі справамі, што не маюць ніякага дачынення не толькі да навукі, але і да прыстойнага жыцця наогул. Глядач папярэджаны таксама і пра небяспечнасць Гарлахвацкага, які можа з’есці нават самога Чарнавуса, як пра тое гаворыць цёця Каця.
Завязкай у творы з’яўляецца той момант, які вымагае ад зла дзеяння: зло вымушана стаць ваяўнічым, бо яму пагражае небяспека.
Напамін Гарлахвацкаму з Масквы, што яму неабходна пацвердзіць свой статус вучонага — напісаць навуковую працу, і падштурхнуў Гарлахвацкага на авантуру.
Дзеянне дасягае сваёй кульмінацыі ў сцэне, калі Гарлахвацкі прымушае Тулягу напісаць за яго дысертацыю, і яшчэ большага напружання, калі Гарлахвацкаму ўдаецца заручыцца падтрымкай аўтарытэтнага вучонага Чарнавуса, папярэдне ашальмаваўшы яго. Гарлахвацкаму сапраўды ўдаецца так зблытаць карты, што "свой свайго не пазнаваў". Панаванне зла поўнае і, здавалася б, канчатковае — "няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне". Дабро не толькі зрынута, растаптана, але і пастаўлена на службу злу. Пра такую сітуацыю выдатна сказаў Купала: "Аслу з напоўненай машною леў акаваны лапы ліжа".
У выражэнні канфлікту паміж дабром і злом таленавіты камедыёграф Крапіва карыстаецца і сатырычнымі сродкамі, найперш — камічнай сітуацыяй. Камічная сітуацыя для сатырычнага твора — тое ж самае, што экстрэмальная для трагедыйнага. Першая найлепшым чынам выяўляе сутнасць сатырычнага персанажа, бо дзеля выратавання ён вымушаны выявіць свае далёка не лепшыя якасці ў камічнай сітуацыі. У камедыі "Хто смяецца апошнім" такіх сітуацый мноства. Прыгадаем тую, калі Гарлахвацкі, ратуючы сваю шкуру, прымушае 60-гадовага Тулягу лезці праз акно і сыграць ролю палюбоўніка Зіначкі Зёлкінай. Мастацкая вартасць камічнай сітуацыі вызначаецца навізной і вычарпальнасцю ў характарыстыцы галоўных вобразаў, што нясуць асноўную нагрузку ў выражэнні ідэі, а не толькі геданістычным уздзеяннем на гледача.
Што ж новага для гледача дае гэтая сітуацыя? Ён жа і да гэтага меў мноства магчымасцей пераканацца ў палахлівасці Тулягі і праз дыялогі, і праз дэталі ("Я і на свет нарадзіўся Тулягам. I дзяды і прадзеды мае былі Тулягі"), I пра амаральнасць Гарлахвацкага, здавалася б, меў поўнае ўяўленне. Глядач ведаў, што Гарлахвацкі — "свінтус", але не думаў, што такі "грандыёзус". Сапраўды, мяжа на свеце ёсць усяму, бязмежная толькі людская подласць. Да гэтага палахлівасць Тулягі выклікала ў гледача смех, зараз — страх. I страх ужо не за Тулягу, а за сябе самога, бо кожны глядач убачыў у Тулягу, як у люстэрку, сябе. Убачыў свае заганы і слабасці, а ўбачыўшы, жахнуўся ад усведамлення: што ж можа стацца з любым чалавекам, да якой жа "гадости, низости, мерзости" (М. Гогаль) можа дакаціцца чалавек, калі дасць волю сваім заганам! Менавіта гэты момант стаў кропляй, што перапоўніла чашу цярпення Тулягі, і ён усвядоміў, які ён "баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці". I яму "сорамна стала", як сам ён у тым прызнаецца Левановічу. Першая ступенька на нялёгкім шляху да свайго вызвалення адолена, а далей — самы моцны пратэст ідзе з грудзей самага слабога.
Заслуга Крапівы найперш у тым, што ён з уласцівым яму майстэрствам стварае не толькі знешні, але і ўнутраны канфлікт — канфлікт чалавека з ворагам, як сядзіць у ім самім. Вобраз Тулягі нясе найбольшую нагрузку ў выражэнні філасофіі твора, аб чым сведчыць зноў жа назва яго: апошнім смяецца той, хто быў пагарджаны і прыніжаны, але хто здолеў узняцца з каленяў, перамог сябе. Самая цяжкая, але і самая вартая чалавека перамога — перамога над самім сабой. Крапіва-філосаф усім творам і найперш вобразам Тулягі сцвярджае, што перамога над злом, над "свінтусамі-грандыёзусамі" магчыма толькі ў выніку перамогі над сабой. Гэта і ёсць самая першая і галоўная ўмова перамогі ў такім баі.
Усімі даступнымі сатырыку-камедыёграфу сродкамі (маналогамі, дыялогамі, камічнымі сітуацыямі, іроніяй і гратэскам, дэталямі і вострым дынамічным сюжэтам) К. Крапіва паказвае зло ва ўсіх яго выявах (здзек, шантаж, непрафесіяналізм, падхалімства) і адмаўляе яго. Адмаўляючы, сцвярджае, што "свінтусаў", каб яны не сталі "грандыёзусамі", трэба "біць проста на пятачку". Перад імі не трэба сыпаць бісер, бо яны растопчуць яго і, абярнуўшыся, з’ядуць таго, хто сыпле перад імі бісерам. Акордным момантам у сцвярджэнні гэтай філасофіі з’яўляецца апошняя, заключная сцэна — абарона Гарлахвацкім сваёй "дысертацыі". Гэта — баль Дабра, а не сатаны. У мастацкіх адносінах сцэна настолькі геніяльна выпісана, што сапраўды з’яўляецца парадам-але і выключна ўсіх мастацкіх сродкаў, якімі так па-майстэрску валодае Крапіва-драматург: Акрамя маналогаў і дыялогаў у ёй — і гратэск, і іронія, і дэталі, і камічная сітуацыя. Да ўсяго ж яшчэ менавіта ў гэтай сцэне пісьменнік дасягае найбольшай афарыстычнасці ў выражэнні сваёй філасофіі: "такі свінтус грандыёзус можа шмат шкоды нарабіць. Баяцца іх , аднак жа, не трэба. Свінячыя маманты могуць жыць толькі там, дзе ім спрыяе клімат, — у атмасферы баязлівасці, разгубленасці, а там, дзе пануе мужнасць, чэснасць, яны жыць не могуць і хутка выдыхаюць. Няхай жа ведаюць усе свінні — мамантавыя і немамантавыя: калі каторая з іх паспрабуе пакасціць у нашай савецкай навуцы, будзем біць проста па пятачку".
Невыпадкова многія з выразаў камедыі сталі крылатымі, узбагацілі нашу мову трапнымі выслоўямі, як узбагаціў Крапіва мову свайго твора "залацінкамі" народнай мудрасці: "працуюць і смаку не чуюць", "аж пыл курэў", "хто ў боб, а хто ў гарох", "душа ў пятках"…
Усім творам і вобразамі Левановіча і Веры ў прыватнасці драматург даводзіць, што перамога над злом магчыма толькі пры агульных намаганнях усіх сумленных і здаровых сіл у грамадстве, славіць высакароднасць і здольнасць людзей дапамагчы іншым у сітуацыі, якая можа быць небяспечнай для іх саміх. Дабро толькі тады дабро, калі яно дзейснае, калі здольна абараніць сябе і справу, якой яно служыць. Вобразам Чарнавуса пісьменнік славіць прафесіяналізм, адданае служэнне справе. Адначасова ён папярэджвае, што філасофія "мая хата з краю" можа нашкодзіць і таму, хто яе прытрымліваецца, і справе, якой служыць адданы і сумленны чалавек. Чарнавус выдатна ведаў і разумеў сутнасць Гарлахвацкага, якую вычарпальна, хоць і з уласцівай яму тактоўнасцю, вызначыў Туляга: "Свет пройдзеце, другога такога не знойдзеце". Ведаў, але стараўся адмежавацца ад усяго, спадзеючыся, што ні яго, ні яго справы гэта не закране. Вельмі шкодная і небяспечная пазіцыя, гэтаму і ў жыцці, і ў гісторыі "мы тьму примеров слышим", як гаварыў I . A. Крылоў.
Напісаная ў 19З9 г., камедыя была вельмі смелай для свайго часу.
Нялёгкім быў яе шлях на падмосткі сцэны. Аднак першы спектакль па п’есе стаў падзеяй у гісторыі тэатральнага мастацтва, бо аб’яднаў цэлае сузор’е талентаў: Туляга — Барыс Платонаў, цёця Каця — Лідзія Ржэцкая, Зіначка Зёлкіна — Стэфанія Станюта. Упершыню п’еса была пастаўлена ў час дэкады беларускага мастацтва ў Маскве. Чакае яна свайго пастаноўшчыка і сёння, бо твор гэты геніяльны, а праблемы, узнятыя ў ім, вечныя і надзённыя, урокі, якія дае нам Крапіва-філосаф, вельмі карысныя і патрэбныя.