Аслу раз выдалі мандат, –
Няйначай, памылкова.
(Такія і ў людзей памылкі – не наўда,
Але аб іх пасля размова).
Ад шчасця гэтага ў Асла
Аж галава кругом пайшла,
I вылецеў з яе апошні розум –
Як п’яны стаў Асёл, хоць быў цвярозым:
Такога ўраз задаў разумнік тону,
Такога шуму нарабіў, такога звону,
Што не спрачаліся жывёлы ані крышку
I палічылі ўсе Асла за шышку.
– Ну й розум! Вось дык галава! –
Не раз гучалі хвалы словы.
Другі дык ледзь не цалаваў
Капыцікі асловы.
А «галава» з мандатам у паўметра
Стаіць над яслямі ў хляве:
Ніводнай думкі ў галаве –
Жуе сабе авёс, псуе сабе паветра.
Пры гэтым бедныя жывёлы
I чхнуць баяцца без дазволу.
Адзін вось толькі Лыска,
Калі Асла пабачыць блізка,
Заўсёды брэша: «Гаў-гуў-гуў!
Цярпець я дурня не магу!»
Ды Лыска той сядзеў на ланцугу.
Бывае іншы раз і з нашым братам,
Што галаву заменьваюць мандатам,
Ды мы справаджваем такіх аслоў
Без лішніх слоў.
1925