Кандрат Крапіва — Мядзведзічы

Кандрат Крапіва

  Чаканнем перамен апанаваны ўсе без выключэння героі рамана «Мядзведзічы». Адны чакалі іх з трывогай, глухім пратэстам, зласлівым раздражненнем; другія — з унутраным хваляваннем і нясмелай надзеяй. Але для ўсіх было зразумела, што тых, ранейшых, Мядзведзічаў — сонна-бярлогавых, зверавата-некамунікабельных — ужо не будзе. I не таму, што недзе наверсе прынята рашэнне аб калектыўным гаспадаранні: цывілізацыйныя флюіды настойліва прарываліся ў свядомасць вяскоўцаў, прымушалі паглядзець на сябе староннімі вачыма, каб пераканацца, наколькі шэрым, нікчэмным, недзе нават бессэнсоўным было іх існаванне. Зайздрасць, хцівасць, варожасць між суседзямі. Не лепшым чынам складваліся і ўнутрысямейныя ўзаемаадносіны. «Ваўкаватая панурасць.., калі цэлы дзень ад чалавека, бывае, слова не пачуеш, калі нават блізкія між сабою людзі, як мужык з жонкаю, не асмельваюцца пры другіх сказаць адно аднаму ласкавае слова, — гэтая панурасць часцяком узрывалася. I тады людзі не маглі нагаварыцца адно з адным. Гаварылі ўсе адразу. Крычалі, лямантавалі, скавыталі, скрыгіталі зубамі з бруднай лаянкаю, са страшнымі кленічамі. Зычылі адно аднаму такое, што каб хаця дваццатая доля таго сталася, дык бы ўсіх іх назаўтра павыцягалі на могілкі. I ўсё гэта за пусцяковіну, за глупства, за зламаную іголку, за лапаць-недатопак, за тое, што курыца, мусіць, знеслася ў суседавых каноплях».
  Кандрат Крапіва ў апісаннях дзікасцей побыту герояў рамана зусім не імкнуўся згушчаць фарбы. Мачаха кніжніка Юзіка Верамейчыка Тадора як дзве кроплі вады была падобная на яго ўласную мачаху Домну — трэцюю жонку Кандрата Міхайлавіча. Гэта ад яе прыдзірак, сварак-праклёнаў жонка пісьменніка Алена Канстанцінаўна мусіла ўцякаць да мужа ў Мінск, дзе ў яго, інструктара ваеннай школы, не было ні кала, ні двара. Адсюль тыя спагадлівасць і разуменне, з якім аўтар перадае душэўныя пакуты і парыванні Юзіка, няздольнага зыначыць жыццё аднавяскоўцаў на лепшы лад. Яму вельмі блізкія мары героя аб тым, каб у кожнай сялянскай хаце можна было вольна дыхаць, насмелую сказаць звонкае і вясёлае слова, пажартаваць, пасмяяцца самому і пачуць у адказ шчыры, а не з’едлівы, штучны смех. Юзік шмат чытае, пастаянна пашырае свой культурны кругагляд. З газеты «Беларуская вёска» часам пераймае цікавыя агратэхнічныя навінкі, але ні газеты, ні кнігі не маглі падказаць, што трэба зрабіць, каб не грызліся свякроў з нявесткай, брат з братам, братавая з дзеверам, залвіца з ятроўкай, бацька з сынам, мужык з жонкай, каб кожны не дрыжаў над сваёй крыхой, не рваў у другога, не калаціўся кожны раз, думаючы пра тое, як будуць жыць яго дзеці, і хто будзе даглядаць яго пад старасць. Трэба было думаць самому, прыглядацца да жыцця, тым больш што тое-сёе ў ім абнадзейвала. «Гэта было тое новае ў вёсцы, да чаго ён употай далучаў і сябе, што канкрэтна звязвалася з вобразамі Сцёпкі, Шуры ды іншых некаторых і яшчэ тое, часта не зусім для яго выразнае, што не столькі бачылася, колькі адчувалася; і тое новае, хвалі якога патрошку, але ўсё смялей падмываюць грунт старога вясковага ўкладу, адрываюць ад яго кавалачкі і кавалкі».
  У аўтара рамана не было ніякіх ілюзій наконт аб’ектыўных, рэальных маштабаў гэтага працэсу, які па драматызму, накалу страсцей не саступаў гадам грамадзянскай вайны, але да яго гонару варта адзначыць, што ён нават не паспрабаваў зрабіць выгляд, нібыта яму ўсё зразумела. Прынамсі, ён быў далёкі ад думкі, што складанае вязьмо сельскіх праблем можна вырашыць адным махам: якім бы кепскім ні быў уклад вясковага жыцця, але ён складваўся вякамі і імгненна рэфармаваць яго — уяўлялася больш чым праблематычным. Верны праўдзе жыцця, пісьменнік не схільны пербольшваць небяспеку для новых зрухаў на сяле, якая зыходзіла з боку кулакоў. Вядома ж, усе гэтыя Жагулы, Каржакевічы, Сомікі, Грамабоі не могуць выклікаць у яго асаблівых сімпатый. Яны і сквапныя, і цёмныя, і мужланіста-пыхлівыя. Грамабой, напрыклад, да смерці прыбіў Сідаравага хлопца толькі за тое, што той незнарок упусціў карову ў яго віку. Але менавіта ў вусны гэтага звераватага селяніна ўкладвае аўтар абсалютна слушныя словы: «Баіцца, каб паны не нараслі. Ды не зраўнуеш, потым, усіх. Бог лесу не зраўнаваў, а то людзей ты зраўнуеш. Падзялі вось сёння ўсё пораўну, дык на той год зноў перадзельваць давядзецца. Бо адзін будзе рабіць ад цямна да цямна, а другі будзе чэрава грэць пад сонцам. Такую ж хваробу ён і мець будзе: з’есць тое, што яму выдзелілі, ды зноў яму давай».
  Праўда, слушанасць гэта аказалася толькі на першы погляд абсалютнай: бядняк Пятрусь Кухар, заўзяты працаўнік і дбайнік, уласным прыкладам моцна пахіснуў довады апанента. Сама ж праблема сацыяльнай справядлівасці ўяўлялася пісьменніку наколькі важнай, настолькі ж няпростай. Не дарэмна ж ён самым непасрэдным чынам умешваецца ў разважанні Юзіка Верамейчыка на гэты конт: «Ён пабаяўся думаць далей і не дадумаўся да таго, што калі б нават і можна было надзяліць зямлёй да поўнай нормы ўсю мядзведзіцкую беднату, дык усё роўна не ўсе гаспадаркі раслі б раўнамерна, што больш дужы, спрытны і нахрапісты стараўся б пад’ехаць на другім, а пад’ехаўшы на другім, лягчэй мог бы асядлаць трэцяга, і так бы буйнелі, выбіраліся ў гору паасобныя гаспадаркі, падбіраючы пад сябе шмат іншых. Ды апрача гэтага, не адны Мядзведзічы на свеце. Дык няўжо ж такі паны? Ды няўжо ж так заўсёды і будуць ірваць адзін у другога з зубоў, таптаць другога ў гразь, каб самому вылезці з балота, стаўшы на спіну суседа? Дзе ж выхад? Пра камуну гавораць, пра сацыялізм, але папробуй заікніся ў вёсцы пра камуну — вочы выдзяруць, выгаварыць не дадуць. Дый якая гэта камуна, як да яе дайсці — чаму гэта ніхто расказаць не ўмее, У горадзе, там прасцей: вытурылі буржуяў, забралі фабрыкі і заводы, і цяпер толькі ўмей пусціць іх у ход. А тут жа людзей з зямлі не згоніш, і нідзе ты іх не дзенеш, і нікім не заменіш».
  Добры знаўца сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне, К. Крапіва не мог не ведаць, што падчас выхаду рамана людзей ужо з зямлі зганялі і месца адпаведнае для іх знаходзілі. Але ў яго хапіла грамадзянскай мужнасці завастрыць на гэтым трывожным факце сваю ўвагу. I перасцерагчы грамадства — іх нікім не заменіш! Якія б яны ні былі, але менавіта іх мазольнымі рукамі быў дагледжаны кожны кавалачак зямлі, іх працай забяспечваўся дабрабыт краіны.
  У рамане «Мядзведзічы» Кандрат Крапіва паказаў сябе выдатным майстрам псіхалагічнай характарыстыкі вобразаў герояў, якое спалучалася з іх дакладнай партрэтнай абмалёўкай. Ніводнага безаблічнага персанажа ў творы няма, усе яны, не выключаючы і эпізадычных, маюць індывідуальны жыццёва пераканальны, сацыяльна акрэслены воблік, для кожнага з іх вызначана пэўнае месца ў складаных повязях сюжэта, у выяўленні аўтарскай канцэпцыі жыцця. Стройнасці кампазіцыі буйных празаічных твораў садзейнічае — і не толькі ўскосна — наяўнасць галоўнага героя. Такога персанажа ў рамане «Мядзведзічы» няма, тым не менш ён вызначаецца несумненнай зладжанасцю, якая дасягаецца ўмелым нітаваннем асобных сюжэтных эпізодаў накшталт гарманізацыі пэўных матываў у цэласную сімфанічную партытуру. «Стыкі», вядома, відаць, але яны, як гэта ні парадаксальна, толькі падкрэсліваюць гэтую цэласнасць. У раман амаль цалкам і без асаблівых змен увайшло некалькі апавяданняў, якія друкаваліся ў зборніках «Апавяданні» і «Людзі-суседзі». I ўсё ж яго структуру назваць навелістычнай было б памылкай. Ствараючы калектыўны вобраз беларускага сялянства пярэдадня калектывізацыі, пісьменнік карыстаўся тэхнікай мастака-мазаічніка, калі паасобныя смальцінкі-элементы (хай сабе і вельмі яркія) важныя не самі па сабе, а ў агульнай кампазіцыі, у цэласнай карціне.
  Кандрат Крапіва не быў першаадкрывальнікам сялянскай тэматыкі ў беларускай літаратуры, заснавальнікам яе «вясковай» прозы. Разам з тым не варта і прымяншаць яго ўклад у выпрацоўку мастацка-творчых традыцый адлюстравання сельскай рэчаіснасці. Не выпадкова ж незавершаныя «Мядзведзічы» падштурхнулі Івана Мележа да напісання славутай «Палескай хронікі» (1962-1978), М. Лобана — да стварэнне трылогіі «Шэметы» (1964-1981). Адной з асноўных адметнасцей творчай манеры Кандрата Крапівы з’яўляецца размаітасць, поліфанізм паказу жыцця. Раман «Мядзведзічы» проста ўражвае багаццем фактычнага матэрыялу. Гэтак многа падгледжана, падслухана. Падгледзець і занатаваць у яркіх вобразах карціну жыцця на пэўным этапе — для гісторыі, для нашчадкаў — гэта задача для пісьменніка можа насіць самакаштоўны характар. Сваю ж задачу Кандрат Крапіва бачыў шырэйшай. Не летапісанне, а ўдумлівае асэнсаванне, не аб’ектывізаваная фіксацыя фактаў, а пранікненне ў іх глыбінную сутнасць. Пакутлівыя дысанансы жыцця, жорсткасць, падседжванні, зайздрасць — усё гэта пісьменнік паказваў з бязлітаснай адкрытасцю, у якой, аднак, няма і ценю зласлівасці, недобразычлівасці. Паказальная ў гэтым аспекце сцэна экзекуцыі над пеўнем, якую ўчыніла не дужа сімпатычная аўтару Тадора Верамейчык: «Без спадніцы, у адной даўжэзнай кашулі, каля падпечку стаіць на карачках Тадора. Пасмы сівых валасоў звісаюць па баках і закрываюць ёй твар. Леваю рукою яна апіраецца на ток, каб падтрымаць сваё буйное цела, у зубах у яе доўгая запаленая лучына, якой яна свеціць у дзверцы падпечка, а правай рукой арудуе качаргою і штурхае пад печ.   З яе рота праз зубы, якімі яна сціснула канец лучыны, вырываюцца невыразныя, але поўныя помсты словы:
  — А во табе! А во табе! А во табе!
  З падпечка чуецца хрыплы, пакутны крык перапуджанага і сляпога пры святле лучыны пеўня. Устрывожаныя не ў пару куры керкаюць працяжна і жаласна, а яна ўсё таўчэ.
  — Чаго ты ўсхадзілася з гэтымі курамі! Сну табе няма.
  Тадора яшчэ разоў са тры таўхнула ашалелага пеўня, устала, выняла з зубоў лучыну і тады толькі адказала старому Верамейчыку:
  — Я яго заб’ю, каб ён здох! Гэта ж жарты! Чужыя пеўні двума наватарамі прапелі, а ён сабе маўчыць, каб яму горла запухла. Людзі даўно панапрадаліся».
  Такую сцэну прыдумаць проста немагчыма. Была яшчэ толькі другая гадзіна ночы, а інстынкт працаголіка ўзняў Тадору з пасцелі — людзі даўно панапрадаліся! Раз’ятраная расправай над пеўнем, яна заадно добра-такі аблаяла ўсіх дамачадцаў, якія ўспрынялі гэта зусім талерантна — пра сямейны дабрабыт турбавалася кабета. Але якой жа катаржнай працай дасягаецца гэты дабрабыт. Вось чаму праз смех, праз іронію праглядвае аўтарскае спачуванне гэтай забітай сялянскай масе, адчуваецца спагаднае яго пажаданне выйсці ёй на светлыя прасторы цывілізаванага існавання.
  Гуманістычны пафас, мужная праўдзівасць адлюстравання рэалій жыцця, майстэрства псіхалагічнай характарыстыкі вобразаў герояў, багацце моўна-выяўленчых сродкаў — гэтыя і некаторыя іншыя мастацкія якасці забяспечылі раману «Мядзведзічы» прыкметнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений