Ой, краіна мая бедна,
Ворагамі скута,
Пі сво гора ўжо да дна!
Ды слаба атрута…
I здаецца, ужо мёртва,
Паны так казалі, –
Ўсё цямнота да галотва,
Усе так прызналі.
Бо мы носім світу шэру,
Нікога не крыўдзім,
Мы працуем бо праз меру,
Ды шчасця не відзім,
Адно панству адрабляем
За патрэбы нашы,
А ўсё неяк патрапляем
Паном у закарвашы.
Бо мы бедны, мы галодны,
Не умеем круціці,
I не знае люд наш бедны,
Як ў раскошы жыці.
Хворсаў панскіх мы не знаем,
Бо ўжо нам магіла;
I мы самі ўжо не сцямім,
Чым Беларусь была:
Што багата колісь была,
Між народаў слаўна,
Што навукай колісь слыла,
Вайной была спраўна.
I хоць рэчкі нашы плывуць,
Шумяць ачарэты,
I хоць людзі нашы жывуць,
Цемнатой адзеты.
Хоць, як мёртва, та краіна
Дрэмле у папелі
I пад бічам цемравіны
Усе занямелі.
Пакапаўся б ў тым папелі, –
Іскарка б бліснула;
А каб ветры наляцелі,
Полымя б шыбнула.
I зацвіла б паша ніва
Краснымі квятамі…
I Беларусь та журліва,
Што нікне з лятамі,
Ўзварухнецца, ўстрапянецца,
Узвядзе плячыма,
Ў нову шату апранецца
I празрыць вачыма.
11. VIII. 1904 г.
Крыніца: Каганец К. Творы / [Уклад., прадм. і камент. С. Александровіча]. – Мн.: Маст. літ., 1979. – 264 с.