Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Яны ішлі ляснымі сцежкамі і глухімі закуткамі. Ішлі з дзецьмі. Меншых неслі на руках. Яны былі маўклівыя. У гэтай маўклівасці было адзінае для ўсіх іх пачуццё – вялікае і наймацнейшае за ўсё, што асталося цяпер у іх жыцці. Гэта была нянавісць, і ёй не было ні канца, ні меры.
Найбольш гэта былі жанчыны. Былі маладыя, былі і сярэдніх год, былі і старыя, але ішла сярод іх адна «жанчына» са «сваімі дзецьмі», у якой адной з’ядналася ўсё, што было напісана на многіх тварах, што жыло ў многіх душах. Гэтай «жанчыне» было год дванаццаць, і вяла яна з сабой двое дзяцей. Большаму хлопчыку было год сем, меншай дзяўчынцы – год пяць. Гэтую дзяўчынку яна нават разоў са два спрабавала падносіць на руках. Было гэта паблізу і раўналежна дарозе з Менска на Маскву.
Бадай-што кожны з гэтых людзей перажываў сваю асабістую крывавую драму. Адзін не ведаў, дзе ў страшную хвіліну дзеліся бацькі, другі не ведаў, дзе дзеліся дзеці. Дзеці, якія ішлі адны, не ведалі, дзе дзелася маці. Але ўсе ішлі на ўсход, ад ворага. І ўсё асабістае злілося ў кожнага ў адно з усімі.
Дванаццацігадовая жанчына, якая вяла сваіх дзяцей, не ведала, што гэта за дзеці. Яна іх спаткала на дарозе адных і ўзяла пад сваю апеку. Калі выйшлі на палявую дарогу і калі з’явіўся над галовамі нямецкі драпежнік, яна цвёрдым голасам загадала сваім дзецям упасці на зямлю і ўпала сама. Увесь натоўп жанчын і дзяцей ляжаў на зямлі, пакуль пералятаў ненаеднік. Здавалася, што ён ужо мінуў гэтае месца, але тут ён, зверху напэўна, заўважыў некалькі белых хусцінак на зялёнай зямлі. Праз гул матора сыпануўся дробны кулямётны стук і так жа дробна сыпануўся на распасцёрты ніц на зямлі натоўп град куль.
Што ж у гэтую хвіліну рабіла дванаццацігадовая жанчына? Упаўшы грудзьмі і тварам на зямлю, каб перачакаць бяду, яна заснула самым сапраўдным сном. Трэція суткі яна не спала ні часіны і ўсё ішла.
Высыпаўшы кулі, немец зрабіў круг і паляцеў далей. З нейкага інстынкту дванаццацігадовая жанчына адразу прачнулася, паднялася на ногі, падняла сваіх дзяцей і стала ў ланцуг усяго натоўпу. І неўзабаве яна ўжо ішла далей, прысутуленая, маўклівая, з завостраным ад нуды і небыту носам, у стракатай хусцінцы на мілай дзіцячай галоўцы. Твар яе сабраўся ў адну рысу, непарушная ўпартасць паклала на яго сваю пячаць. Вочы накіраваны былі ў адзін-адзіны пункт – глядзелі туды, што ўжо было знойдзена і вядома.
Усё было вядома! Вядома стала, што прыйшла пара вялікага выпрабавання, смутку і ўпартасці, непахіснасці і непакорнасці. У душы – воля да жыцця, а над душою – крывавы забойца! І свавольная жыццярадаснасць дванаццацігадовай дзяўчынкі ператварылася ў сталасць спрактыкаванага чалавека, які многа ведае і да многага імкнецца. І ўсё гэта было на яе пакутным тварыку.
Раптам яе сямігадовы хлопчык сышоў убок і пайшоў з ёю побач.
– Ідзі за мной, – строга сказала яна яму, – мне мама казала, што трэба ісці роўна, адзін за адным, і спакойна, дык больш пройдзеш і менш стомішся.
– А дзе твая мама? – абазвалася жанчына, што ішла перад ёю.
– Маму забіла бомбай у Менску, але яна яшчэ мне сказала, каб я ішла адразу ж і не аставалася.
На адзін найкарацейшы момант тварык яе зморшчыўся, сцягнуўся, рухавасць прабегла па ім, яна міргнула вачыма, сціснула вейкі, кулачком правяла па вачах, каб выцерці раптоўныя слёзы, глытнула сліну і загойдалася далей у роўнай, размеранай хадзе. І нейк адразу ўсе ўскінулі твары ўгару. Нямецкі драпежнік зноў ляцеў сюды. Няроўны рокат яго матора хлынуў раптоўна. Цяпер ён ішоў ніжэй, як першы раз, і кругі рабіў вузейшыя. Зноў натоўп жанчын і дзяцей ляжаў на зямлі, і зноў яна ў сваёй стракатай хусцінцы спала, уткнуўшыся тварам у здзірванелую абочыну дарогі. Побач з ёю ляжаў сямігадовы хлопчык, а пяцігадовую дзяўчынку яна праз сон адчувала працягненай рукой. Яе рука ляжала на руцэ той, якой яна стала замест маці.
І раптам увесь гэты гарачы і ясны дзень раскалоўся ад свісту. Усё ўскалынулася і рванулася ўгару. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, і стала цёмна. Але яна так моцна спала, што больш за хвіліну не магла апамятацца, калі ўскочыла на ногі з-пад зямлі, якая ўпала на яе балючым тупым ударам. Яе кінула далёка ад дарогі і засыпала зямлёй. Не паспела яна скінуць з сябе забыццё, як зноў, ужо з другога боку і так жа блізка ад яе рванулася з трэскам і грукам зямля. А пасля далей і далей, і так многа разоў. Усё згінула і знікла, і раптам заўладала светам цішыня. Чутно было, як аддаляўся гул, знікаў у вышыні, якой не відно было.
Яна стаяла адна ў гэтым жудасным пекле. Яснага дня ўжо не было. Ад дыму і пылу стаяла ноч. І вось у яе душу пачала сачыцца радасць, што стала ціха. Калені яе згіналіся, галава хілілася к грудзям. Усё яе цела ныла, балела і прагнула спакою. Дарэмна яна старалася што-небудзь разгледзець навокал сябе. З трывогай яна ўспомніла, што нават не ведае, як завуцца яе дзеці і як іх цяпер паклікаць, каб яны абазваліся. Яна апусцілася на калені, нейк бокам, і старчма галавой уткнулася ў зямлю, і ні з чым не параўнаная асалода сну ахапіла яе. Але разам з тым кожную хвіліну яе пранізвала пакута свядомасці, што яна не бачыць каля сябе сваіх дзяцей. Раз-поразу яна адрывала твар ад зямлі, шпарка адкрывала вочы, бачыла змрок пылу і дыму і зноў падала ў шчасце сну. І так было многа разоў. Пасля пачаў яснець дзень, і яна з натугай, якая магла быць не пад сілу самаму моцнаму целам і духам мужчыну, адарвалася ад сну і затапталася назад і ўперад. Ужо не было дарогі, а замест яе ямы. Не было і зялёнай абочыны. Тут ляжала шэрая зямля. Яна працёрла кулачкамі вочы і ўбачыла адарваную галаву той жанчыны, якая ішла перад ёю. У трывозе яна пачала азірацца, дзе яе дзеці. Але бачыла толькі рукі і ногі, адарваныя ад цел, галовы і скрываўленыя косці. І тут вочы яе спыніліся на той малой дзяўчынцы. Дзіця было напалавіну прысыпана зямлёй, але твар быў наверсе. Ён быў чорны ад пылу і дыму. Яна падняла сваё дзіця на рукі. Яно вельмі цяжка дыхала і вачэй не расплюшчвала. І толькі цяпер яна заўважыла, што ў дзіцяці скрываўлены ногі. Густая ад зямлі кроў цякла бесперастанку. Дванаццацігадовая жанчына прыціснула да сябе сваю дзяўчынку і бездапаможна азірнулася. Хоць бы дзе жывы хто, хоць бы чалавечы голас! Ахопленая страхам і смуткам, яна, моцна трымаючы пры сабе дзіця, пабегла полем у той бок, дзе стаяла сонца. Два разы яна спатыкнулася і два разы падала, але кожны раз утрымоўвалася на каленях, каб зберагчы тую істоту, якую несла на руках. І кожны раз аставаліся на палявой зямлі знакі ад яе вострых каленак. Яна ўсхватвалася і бегла далей, трымаючы ў памяці толькі адно – туды, дзе стаіць сонца. Гэта яна цвёрда засвоіла: каб не збіцца з дарогі, трэба ісці туды, дзе ўсходзіць сонца, трэба ісці на ўсход, к Маскве. Так сказала ёй, уміраючы, маці. Але цяпер было пасля паўдня. Сонца стаяла высока. З галавы яе выйшла, што трэба праверыць свой кірунак на ўсходзе сонца. Яна ў гэтыя моманты не магла адумацца і бегла к паўднёваму сонцу, якое ва ўсім сваім бляску стаяла над гарачай зямлёй.
Ёй здавалася, што яна бяжыць вельмі доўга. Сэрца яе разрывала грудзі. Яна пайшла павальней. Ногі блыталіся ў траве, над якой гулі пчолы. Гарачыня ціснула яе. Яна азірнулася і села на зямлю. Сваё дзіця яна паклала на зямлю і, пакуль аддыхвалася, не адкрывала вачэй, а як адкрыла, убачыла, што дзіця не варушыцца і не дыхае. Смерць! Яна гэта адчула ўсім сваім інстынктам. Яна ўстала на ногі і доўга так стаяла. Цяпер яна з усёй яснатой думкі чакала, што хто-небудзь з’явіцца на гэтым пустым і гарачым полі. Раптам яна прыгнулася, дакранулася рукой да нежывога дзіцяці і вельмі паволі пайшла ў той бок, куды ішла і дагэтуль – к сонцу. Многа разоў яна чула за сабой далёкія ўзрывы, многа разоў чула дзесьці над сабой рокат нямецкіх ненаеднікаў, але яна нават не аглядалася, быццам нічога і не чула. Усё ішла і ішла. Вузкая палявая дарога была перад ёю. І якраз добра – дарога вяла проста туды, дзе стаяла сонца. Яна пайшла шпарчэй. Сонца плыло к захаду. Цяпер было лягчэй ісці, не такая была гарачыня. І яна падумала, што сонца спусціцца яшчэ ніжэй і тады стане яшчэ лягчэй, а пасля будзе адвячорак і яна напаткае людзей і зусім добра будзе. Яна ўскінула твар угару, каб паглядзець, ці высока сонца. Сонца стаяла ўжо даволі нізка, і тут яна адумалася і ўспомніла, што не туды ідзе, куды трэба. Трэба ісці туды, дзе сонца ўсходзіць, а яна ідзе туды, дзе сонца будзе заходзіць. Спалохана яна азірнулася і пачала думаць: дзе ж на небе тое месца, дзе ўсходзіць сонца. Ці там, дзе на даляглядзе відны нейкія дрэвы, ці там, дзе той узгорак з ветраком? І ніяк яна ўгадаць не магла. Яе агарнула думка: перачакаць тут ноч да дня і тады рушыць на першыя сонечныя праменні. Яна зноў села на зямлю, пасля неспакойна ўстала. Непадалёку вызначаліся зараснікі нізкарослых дрэў і кустоў. Іх нядаўна мінула сонца. Яна пайшла туды і ўвайшла ў цень.
Аднак жа гэта быў сапраўдны лес, і здаваўся ён здалёк нізкім таму, што рос у лагчыне. Тут раслі яліны і трапляліся бярозы. І ядловец гусціўся пад арэшнікам. Як тут было ціха і спакойна! Здавалася, усе грымучыя навальніцы смерці і пакут адышлі ў нябыт. З вельмі далёку даходзіў сюды грукат нейкіх узрываў, але гэта не было над галавой, і ў гэтым было шчасце. У прагаліну паміж дрэў падала з самага нізкага свайго захаду сонца. Дзяўчынка стаяла ў сонцы быццам ужо ў бяздум’і. Стракатая хусцінка на яе галаве страціла ўжо ўсе свае колеры. Гэта была анучка, брудная і скамечаная. Сукенка вісела на гэтым дзіцяці кавалкамі трантаў, вываляных у зямлі. Ног не было відно з-пад пласта пылу. Там, дзе ногі былі прабіты і абадраны аб каменні і карчы гэтай нялюдскай дарогі, тырчалі гузы закарэлай крыві. Завостраныя плечы яе тырчалі ўгару, адно плячо трымалася вышэй за другое і раз-поразу ўздрыгвала. А твар быў учарнелы, завостраны і неспакойны. Чым больш яна стаяла тут, тым выразней сыходзіла з яго пячаць ранейшай цягавітай упартасці, і замест яе ажываў адчай.
З-пад залепленых зямлёй вейк відны былі вочы, у якіх смяртэльная стома змагалася з выбухамі страшнага агню. Гэта быў позірк ні з чым не параўнанай прагі да радасці, здушанай найвялікшым смуткам. Неўзабаве пачало прасочвацца ў душу і пачуццё адзіноты, але яно не паспела пакласці сваю пячаць на вочы. Так, як птушка, чуючы свой час, шукае ціхага месца ўміраць, яна пачала шукаць вачыма чагосьці каля сябе. Ужо ў гэтыя моманты ногі яе пачалі згінацца ў каленях, худзенькая постаць яе яшчэ больш прысутулілася, яшчэ больш падняліся ўгару плечы, твар усімі рысамі сваімі і вачыма ўпаў уніз, і ўсю яе павяло з месца. Нейк бокам падышла яна к дрэву і паехала ўніз. Гэта было жывое ўвасабленне самай закончанай супрацьлегласці ёй самой, якая яна была яшчэ некалькі дзён таму назад. Каб увесь свет, як вялік ён ні ёсць, ад усіх сваіх пачаткаў і бязмежнасці сабраўся і ажыў, як вялікая істота, з вачыма, каб бачыць, з вушыма, каб чуць, з душой, каб адчуваць, з розумам і думкамі, – сумленне кінула б яго ніц перад гэтым дзіцем. Ён страсянуўся б ад жаху, што так не ўдаўся ў ім сэнс шмат чаго, што ён церпіць на сабе.
Упаўшы на зямлю, яна, чорная, скурчаная, маленькая, здушаная, уткнулася галавой у дрэва, тварам уніз, і сцішылася. Праз паўхвілівы яна шпарка адарвала галаву ад зямлі, зірнула ўгару і зноў упала. І так было многа разоў. Відаць, душа яе не паддавалася зморанасці цела, і кіпела, і рвалася. Раптам яна ўздрыганулася. Гэта быў плач не дзіцячым голасам, але гэта плакала дзіця, а не тая жанчына, што не так даўно апекавалася над меншымі за сябе. У яе ўжо і слёз не было, і вочы былі сухія, калі яна плакала. Нарэшце літасцівы сон наваліўся на яе, але ласкавасць яго не была доўгая. Пачаўся сонны кашмар, без выразнасці і якой бы там ні было формы. Бяздомнасць, выгнанне, смерць, сіроцтва, матчыны вочы перад смерцю, грукат нямецкіх бомб, самалётаў, бязлітаснасць, жорсткасць – усё палосамі агню і зямлі ішло ўгару і не давала шчасця быць у забыцці. І так цягнулася доўга. Можа гэта была вечнасць, якую хрысціянства дакляроўвае злачынным душам. І вось яна паднялася і села. Зорнае неба было над ёю, і чорныя дрэвы маўчалі. Стаяла цішыня. Яна прытулілася к дрэву. І так, седзячы, адразу заснула і ўжо не чула сама, як галава яе і плечы паехалі па дрэве ўніз і яна ляжала на зямлі.
Прайшло многа часу, бо калі яна прачнулася – сонца спускалася к захаду. Пабудзілі яе выстралы і крыкі. Стоячы пад дрэвам, яна бачыла, як беглі чырвонаармейцы, як навокал стралялі, як дзесьці на ўзлеску стукаў кулямёт, а ў другім баку ехалі грузавікі. Лес ажыў, і яна азіралася навокал сябе і пасля стулілася за дрэва. І раптам яна ўбачыла, што проста да яе бяжыць немец. Яна яго пазнала адразу, хоць ніколі раней яго не бачыла. Ён ужо быў крокаў за шэсць ад яе і раптам пачуў наперадзе, так як і за сабой чуў, крыкі і шум людзей. Ён закруціўся на месцы. Яна задрыжала і не спускала з яго вачэй. Ён кінуўся на жывот, выцягнуўся і пачаў страляць перад сабою. Яна бачыла яго плечы і, адумаўшыся, пачала заўважаць, што ён цэліцца перад сабою. Але да яе свядомасці, што значыў гэты прыцэл, дайшло пасля. Цяпер яна не зводзіла воч з яго плеч, з яго галавы. Пачуццё жаху, уласнай гібелі, рэшткі вячорнага кашмару ўладалі ёю. Каб не стрывожыць яго, яна ціхом адышлася, пасля пабегла. І ўбачыла трох чырвонаармейцаў. Яны ляжалі на зямлі і, выцягнуўшы перад сабою вінтоўкі, не спускалі з чагосьці вачэй. Яна кранула аднаго рукой.
– Падай і ляжы! – грозна сказаў ён ёй.
– Там немец ляжыць і страляе. Унь там.
Чырвонаармеец паглядзеў на яе, устаў і пайшоў, прыгнуўшыся. Яна ішла поплеч яго, таксама як і ён, угнуўшыся, і паказвала рукой. Калі ён упаў на зямлю, упала і яна. Чырвонаармеец прыцэліўся і стрэльнуў. Яна бачыла, як немец уздрыгануўся і ўткнуўся галавой у зямлю.
– Гатоў, – сказаў чырвонаармеец. – А ты ляжы на зямлі.
І пайшоў назад. Яна ўпала на зямлю, і першая за тыя дні радасць страсянула яе душу. Яна ляжала, пакуль усё заціхла, і пасля пайшла да чырвонаармейцаў. Яны збіраліся разам і гаварылі паміж сабою, што ўвесь нямецкі дэсант знішчан. Чырвонаармеец, якому яна паказала немца, падняў яе на рукі і пранёс крокаў тры, а пасля яна пайшла поплеч яго. Яны прайшлі паўз таго немца, і яна бачыла яго, доўгага, спруцянелага.
Момантам гэтай радасці скончылася яе адзінота, таксама як і яе маленства. Прыйшла сталасць на доўгі яе век.
1942