І
Ішла імперыялістычная вайна 1914-1918 гадоў. Унь на самым ускрайку палетка ходзіць за плугам чатырнаццацігадовая Волечка Нявадавых. Сам Нявада больш за паўгода не шле пісем з вайны. Усе дні далёкая артылерыйская кананада па той бок Баранавіч глуха аддавалася ў нашых прасторах і абуджала чаканні самага горшага.
Хіба магла падумаць Волечка Нявада, убачыўшы на шашы фурманку, што гэта едзе на той растрэсенай фурманцы яе лес?
На фурманцы — труна. Хлопчык-падлетак, гаспадар фурманкі, адмаўляецца ехаць далей, пакуль не пахавае свайго бацьку, што не вытрымаў нягод бежанства. У салдата-канваіра іншы клопат: яму трэба даставіць палоннага немца, але той не дойдзе да месца, бо захварэў, добра што яшчэ натрапіўся хлопец гэты з возам. Усе гуртам дапамаглі маладому выгнанцу пахаваць бацьку, і падарожныя спыніліся на начлег у хаце Волечкі.
Волечка даіла карову, а выгнанец прапанаваў сваю паслугу: з’ездзіць да стагоў па сена для свайго і Волеччынага каня. Сказаў, што не баіцца ўзяць чужое, бо ён выгнанец. Разумеючы адно аднаго да канца, яны, як змоўшчыкі, зірнулі адно аднаму ў вочы.
Раніцай вострая радасць агарнула Волечку: яна не адна, тут ёсць асоба, з якою яны ўчора сталі ўдваіх як бы вялікімі на ўвесь свет змоўшчыкамі, разам яны як бы хацелі адгарадзіцца ад такога бязлітаснага для іх абодвух свету.
Салдат папрасіў выгнанца пад’ехаць з ім па доктара ў мястэчка за дзесяць вёрст, бо тут свайго лекара няма, а "калі хто захварэе, дык паляжыць і сам ачуняе", як сказала Волечка.
Як усё гэта добра! Адышла неабходнасць выбірацца ў невядомую дарогу, шукаць немаведама чаго ў беспрытульным свеце. Пакуль ехалі ў мястэчка, душа яго ўціхамірылася. Яму здавалася, што ўжо з гэтых мясцін яму нікуды не трэба ад’язджаць, шукаць у свеце прыстанку.
Прывезлі фельчара, які, даючы парашок немцу, гаварыў, што чалавек мае душу і сэрца, што не травіць яны будуць немца (той акрыяў і пачаў выказваць адзнакі непакою і недавер’я), а лячыць: "мы цябе лечым, а не бязвечым". Волечка карміла падарожных апошнім, што мела. Кастусь Лукашэвіч (так звалі выгнанца) даў ёй кавалачак сала і падвучыў нікому не казаць, што гэта ён даў: "Няхай думаюць, што гэта ў цябе было". Еў салдат, еў фельчар, еў Кастусь, еў і немец. І ўсім падабалася яда. І фельчар параіў у час тае супольнай вячэры нікуды не ехаць Кастусю, не шукаць якой-небудзь дарогі на бадзянне, а заставацца і жыць у гэтай хаце, памагаць гэтай малой жыць на свеце, а як скончыцца вайна, тады і вяртацца на сваю Вілейшчыну.
Фельчар крыху разумеў па-нямецку і пераклаў тое, што даводзіў немец. А той дзякаваў людзям, што ратавалі і паставілі на ногі, расказваў, што ў яго дома ёсць сын, якому дзесяць год. што завецца ён, як і бацька, Густаў Шрэдэр. Потым немец дастаў з патайных кішэняў многа залатых пярсцёнкаў, два ці тры, можа, залатыя гадзіннікі, нацельны залаты крыжык і ўсё гэта сунуў у рукі Волечцы: "Гэта табе, каб ты была шчаслівая за маю радасць. Мой Густаў цяпер мае свайго бацьку". Калі салдат з немцам пайшлі з хаты, фельчар убачыў пісьмо, якое немец пісаў дадому, яшчэ калі не спадзяваўся, што будзе жыць. Фельчар вырашыў здаць яго на пошту, няхай ідзе туды, да таго Густава.
Двое маладых людзей не ведалі, што рабіць з гэтым золатам. Мож-на сказаць, што яны не ведалі і цаны яму. Волечку больш хвалявала, што восень ідзе, а жыта не пасеяна. Якое шчасце адчуў Кастусь: трэба дапамагчы, а пакуль намалоціцца, адсеецца, то пройдзе некалькі дзён.
Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы — час — мае вечнага свайго памочніка — працу. Хутка ўжо Кастусь не меў у душы ні смутку, ні трывогі. Волечка хацела дапамагчы малаціць, але Кастусь загадаў ёй глядзець хаты, бо з малацьбой і сам управіцца. І тон яго быў падобен на тон бацькі, калі ён, бывала, з ласкай загадваў ёй што-небудзь. Да самага вечара яна чула, як роўна стукаў на таку цэп. А як была рада яна, калі ён весела сеў за стол. Яны елі абое з адной міскі. А як яны смяяліся! Яна аж есці не магла. Рагатаў і ён, шчаслівы, што рассмяшыў яе жартам пра павука, у якога аж рэбры з-пад скуры відаць. Можа, з гэтай часіны пачало ў гэтай хаце віць сабе гняздо шчасце.
Волечка раптам успомніла, калі ён пасля абеду зноў пайшоў малаціць, што на гары вісіць як бы забыты кавалачак сухой каўбасы.
Яна панесла каўбасу ў пуню, каб ён паеў, бо намалаціўся, але ён адмовіўся. А яму — хоць плач. Яму так захацелася той каўбасы. Ён жа так доўга не еў нічога такога! і ён увайшоў у хату. Зірнуў у акно, ці не відно дзе паблізу яе, адарваў драбок ад каўбасы і паклаў у рот. Што ж гэта ён робіць? Перасіліў сябе — зноў пайшоў малаціць.
Зайшла ў хату Волечка і таксама адламала драбок ад каўбасы.
Якая асалода жаваць каўбасу! Але ж гэта яму абяцанае. Да таго ж — ён увесь дзень малаціў, а яна так сабе круцілася каля хаты. І яна, як злоўлены злодзей, шпарка паклала каўбасу на стол і пайшла даіць карову. Ён стаяў збоку і глядзеў, як яна працуе. Запытаўся, хто гэта ёй на жыта ўзараў, а калі пачуў, што яна сама, падзівіўся. Якая яна маладзец! Вечарам ніхто не хацеў есці каўбасу: "Ты малаціў цэлы дзень!" — "А ты арала, можа, цэлы месяц!"
І толькі назаўтра зранку яны з’елі яе ўдвух, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць.
Пасеяў, забаранаваў. І пачаў адпасваць каня свайго ў дарогу. Ён важдаўся і са сваім, і з Волеччыным канём: то карміў іх, то пасвіў.
Нарэшце зноў прыйшла шчаслівая часіна: Волечка спыталася, ці не памог бы Кастусь навазіць дроў на зіму. Ёй было вялікай радасцю бачыць, як ён шчасліва ажывіўся і ўхапіўся за прычыну яшчэ тут за-стацца. Яна ўжо разумела яго. І гэта пачалося куды раней, чым ён пачаў угадваць яе думкі і патрэбы.
Як ні клапаціўся Кастусь пра Волечку, як ні стараўся ўзяць на сябе самае цяжкае, але калі вазілі ноччу дровы, Волечка застудзілася. Ён дзівіўся — такі чырвоны і неспакойны быў яе твар. Ён стаяў над ёю.
Яна раскрыла вочы, і абыякавасць да ўсяго была відна ў іх. Гэта была незвычайная рыса яе. І ён жахнуўся. Вырашыў імчацца па таго самага фельчара. Пасля, надаваўшы ёй сотню наказаў — ляжаць і не ўставаць, грэцца і чакаць яго з фельчарам, ён зноў зірнуў ёй у твар і зноў жахнуўся. Няўжо яна так адразу заснула?
Рынуўся ў дарогу. Цяпер яго конь быў ужо выгладжаны бягун і імчаўся на злом. Даімчаўся да рэчкі, але масток быў сарваны. Берагам паехаў, шукаючы броду, але калі падаўся ў ваду, то зразумеў, што памыліўся: тут не пераехаць. Ледзь выехаў назад на плыткі бераг. Ён доўга гнаў каня берагам, выглядаючы новага броду. І такі ўбачыў след чужых калёс, што вёў у ваду. Адным махам пераскочыў рэчку і аж да самага мястэчка не даў каню перадыхнуць. Здавалася, мокрая адзежа лубянее на ветры. Ён дрыжаў ад холаду.
Стаў маліць фельчара ехаць зараз жа. Пакуль той збіраўся, нецярплівасці яго не было меры. Калі прыехалі. фельчар зразумеў, што лячыцца трэба ўжо і Кастусю, і загадаў лезці на печ і не злазіць, пакуль не выйдзе сем патоў: шэсць патоў сыдзе — чакай сёмага, не злазь, а то Волечцы давядзецца ехаць па доктара для яго, Кастуся, і купацца ў бродзе.
Фельчар пацікавіўся, куды моладзь дзела тое золата, што даў ім немец, сказаў, што за гэта золата фальварак можна купіць, што на ўсе Сумлічы няма нікога такога багатага, як яны цяпер. Вельмі здзівіўся, калі пачуў, што золата ў шуфлядцы. О, залаты ланцужок ублытаўся ў іржавы відэлец! "Дык слухайце! Гэта не толькі простае багацце.
Тут яшчэ, каля гэтых пярсцёнкаў і гадзіннікаў, чалавечая душа такі танец справіла, што аж след ад гэтага на чужую душу кладзецца". І расказаў фельчар, што золата гэтае немцам дабыта марадзёрствам. Паміж баямі і пасля іх хадзіў па полі і знімаў з параненых і забітых рускіх афіцэраў дарагія рэчы. Немец ніяк не спадзяваўся, што выжыве. Таму і напісаў развітальнае пісьмо, у якім паведамляў, што дзеля будучыні сына ваяваў і прынёс бы на цудоўнае жыццё яго да самай старасці. Сын быў бы памешчыкам, а не арандатарам. Немец пісаў, што памірае ў палоне, а грудзі яму муляе тое, што ён здабыў для сына.
Разглядаючы золата, фельчар прачытаў на адным гадзінніку вы-гравіраваны надпіс "Граф Паліводскі" і зазначыў, што ніякай цяпер карысці таму Паліводскаму, што ён быў графам. Не лезь у графы, а будзь чалавекам!.. Фельчар лічыць, што ён большы граф, калі каго ад крываўкі вылечыць, бо яго добрым словам успамінаюць, а пры спатканні дзякуюць.
Яшчэ паведаміў фельчар, што калі немец канчаткова паправіўся ("пачаў высвістваць, выспеўваць, ганяць пры дарозе птушак, вітацца з кожным…"), то напісаў яшчэ адно пісьмо Густаву, што з удзячнасці за выратаванне ён аддаў нейкай дзяўчыне ўсё тое, што было яго, Густава. Ён пісаў: "Гэта адзін раз у жыцці ў мяне так рванулася душа і павяла мяне на гэты ўчынак…"
Адчуванне вялікага шчасця апанавала Кастуся, калі паправілася Волечка; золата ("хай яно прападзе, няхай бы лепш немец панёс яго з сабою") перанёс з шуфлядкі ў куфар, што стаяў у клеці.
Кастусь прадаў Волеччынага каня, купіў пеўня — хай спявае! І пайшло жыццё з вялікай радасцю аб тым малым, што патрэбна чалавеку. Ні зайздрасці і ні сквапнасці, ні злога нездавальнення, ні прыкрай паняверкі, што ўсё мала і што трэба больш, ні горычы, што нехта вышэйшы за цябе ростам… Тут не бытавала пустое імкненне немаведама куды.
Дзень за днём, месяц за месяцам. Зіма за восенню. Ужо будзе год, як ціхмяны Кастусь Лукашэвіч асталяваўся тут, у Сумлічах. Ён пасталеў, стаў больш маўклівы. Волечка ж любіла, калі ён жартаваў.
Сама яна любіла павесяліцца, пасмяяцца, аднак Кастусь бачыў, што нешта як бы ляжыць у яе на душы і што ў вачах яе вялікая задума. Гэта былі скруха і смутак па бацьку: "Я ўжо ведаю, што яго няма жывога". Адкуль жа яна можа ведаць? Вось ён, дык ведае, што яго бацькі ўжо няма!
Якія яны, аднак жа, сталі за гэты нядоўгі яшчэ час! Прайшоў яшчэ год. Канчалася вайна, а з-пад Сумліч згінулі паны. Кастусь вазіў з панскага лесу дрэва, бо ўсе вазілі. Так ён перастаў быць выгнанцам і бяздомнікам і стаў тубыльцам.
II
Карчма стаяла пры самым гасцінцы на ўездзе ў сяло Кукавічы і называлася "Кукавіцкая карчма". Калі па гасцінцы ступіш ад карчмы крок на захад, дык апынешся ў Польскай дзяржаве, а крок на ўсход — будзеш на савецкай зямлі. У Кукавіцкай карчме часта падначоўвалі людзі, поўныя радасці, што скончылася вялікая вайна, якая займала паўсвету. За шэсць год вайны і дзве акупацыі на гэтай бітай дарозе перавярнулася бездань людзей. А кожны чалавек — гэта цэлы свет. І многія пакідалі на карчомных сценах надпісы (сваё прозвішча і словы радасці, што вяртаюцца ў родны кут да блізкіх і родных).
Апошнімі лістападаўскімі днямі 1920 года роўнай хадой ішоў гасцінцам з захаду на ўсход нейкі падарожны з такім змучаным тварам, што на ім ужо страцілася пячаць чалавечага вобліку.
"Ах, Божа мой, Божа, колькі было бадзяння і пакуты. Жартачкі — цэлыя гады!" — усклікнуў чалавек, у якім, здавалася, не было і кроплі крыві. Зайшоў у карчму. Карчмар Шымха пазнаў у падарожным сумліцкага Няваду, які расказаў, што ідзе з нямецкага палону.
Да Польшчы дабраўся, а з Польшчы ледзь выбраўся, бо палякі лічылі яго за нейкага такога, хто хоча загубіць іх уваскрослую дзяржаву: "Бойцеся, кажу, Бога! Пазбірайце вы, кажу, золата з усяго свету, зрабіце з яго трон, пасадзіце на яго мяне кіраваць паўсветам, а каб увесь свет выхваляў мяне, дык я перад вамі буду прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона: я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў, раллі не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю; як пеўні спяваюць, як людзі па-людску гавораць…"
Нявада пачаў чытаць надпісы на сценах, каб хутчэй перабыць чаканне. Адзін надпіс быў такі: "Памажы мне, Божа, знайсці дзверы ў маю будучыню. Граф Паліводскі" Трагедыя нейкага невядомага Паліводскага, які не мог знайсці дзвярэй у сваю будучыню, была вельмі далёкая ад сэрца і розуму Нявады, які сам ужо каторы год таіў у сабе ўласную трагедыю і цяпер вось вяртаўся да свае дачкі.
Але карчмар расказаў яму гісторыю графа, якую пачуў ад самога Паліводскага. Яму не пашанцавала. Рэвалюцыя пайшла яму на згубу, і вайна таксама. Ён быў паранены. Конь памчаўся, а Паліводскі сыходзіў крывёю, лежачы ў вадзе і гразі. Ноччу неяк выпаўз на палявую дарогу і лёг, чакаючы збавення. І праходзіў адзін абарванец з цвёрдымі, як косці, мазалямі на руках і даў яму збавенне. Граф Паліводскі прасіў гэтага чалавека выратаваць, знайсці доктара, абяцаў азалаціць за гэта, адпісаць адзін са сваіх маёнткаў.
Босы абарванец давалок графа да свае трухлявай хаціны. І лекара дастаў, не за грошы, а за сваё добрае сэрца, бо Паліводскі абмацаў сябе і заныў душой: нехта, пакуль ён ляжаў паранены ў балоце, аб-чысціў яго так старанна, што ўжо не было чым аддзячыць абарванаму збавіцелю. Больш за год пражыў граф у свайго збавіцеля, які дзяліў з ім напалам усё, што сам меў. Абарванец тым часам абуўся, адзеўся, узяў панскай зямлі і панскага лесу, паставіў хату і стаў повен свайго шчасця. А граф нічога не рабіў, ён мог толькі гатовае праядаць.
Збавіцель і сказаў графу, каб той таксама, як ён. пачаў працаваць і жыў шчасліва. Граф закрычаў на свайго збавіцеля, што той хам. Гэта выклікала абурэнне чалавека: "Я цябе выратаваў, я даў табе жыццё…"
Паліводскі выхапіў рэвальвер, а той хапіў качаргу і аперазаў Паліводскага па спіне і выгнаў вон з хаты. Паліводскі неўзабаве стаў афіцэрам польскага войска і ваяваў з бальшавікамі, а пасля міру стаў афіцэрам у пагранічным войску. На тым тыдні ён ехаў уздоўж граніцы са сваімі жаўнерамі і цэлую ноч з другім афіцэрам праседзеў тут.
Яны цэлую ноч спавядаліся адзін аднаму. Паліводскі сказаў, што ў яго галаве спеюць шырокія планы, што ён верне тое золата ўкрадзенае. Яшчэ казаў, што мае падазрэнне, што яго абчысціў той самы яго збавіцель, калі яшчэ ляжаў слабы на дарозе або калі яны ішлі, прыціснуўшыся адзін да аднаго.
Нявада дзівіўся: "Як жа так жыць, каб чалавеку на свеце не было за што душой зачапіцца. Як на мой розум — дык толькі той чалавек, што калі яго вырвуць з роднага месца, ён, пакуль жыў, будзе рвацца туды… Чужая старана пірагамі не накорміць. А я сваю душу магу аддаць толькі таму, хто мяне на свет пусціў. Калі я жыць буду ў родным месцы, дых не дапушчу, каб на ім было гола і пуста…"
Хвалюючай была сустрэча бацькі з дачкой, яны ледзь пазналі адно аднаго.
У той жа дзень ён пачаў абыходзіць родны кут, ужо ноччу пайшоў глянуць у куфар: там ляжаў матузок ад плацця жонкі-нябожчыцы. Містычны жах агарнуў яго, калі ўбачыў золата, а на гадзінніку пра-чытаў надпіс: "Граф Паліводскі". Дачка расказала яму пра Густава Шрэдэра. Нявадзе стала лягчэй на душы, і ён стараўся забыцца на гэты дзіўны выпадак.
Нявада дапамагае зяцю будаваць новы дом. У яго нарадзілася ўнучка.
III
Кіламетраў за сто ад Сумліч у мясцовасці кірункам паміж поўднем і ў сходам з’явіўся невядомы тут нікому Сымон Ракуцька, чалавек не першай маладосці і з выгляду вельмі здаровы. Чалавек гэты быў дзіўны. Як ніхто, пільнаваўся ён свайго гнязда, якое складаў саломіна за саломінай. Так рабіць з клёпак посуд, вырабіць зямлю, выгадаваць каня, угадаць за тыдзень наперад надвор’е, памагчы чалавеку ў бядзе і стрымаць слова, як гэта ўмеў Сымон Ракуцька, не мог і не ўмеў ніхто.
Ён выбраў сабе месца і прасіў надзел зямлі на чатыры душы, бо бажыўся і кляўся, што ў яго ёсць жонка і двое дзяцей — дачка Лізавета і сын Тамаш.
Сымон родам з Дзісненшчыны. Абоз з бежанцамі, сярод якіх быў і Ракуцька, трапіў пад абстрэл дальнабойных нямецкіх батарэй. Дарога на ўсход была адрэзана. Бацька і сястра Сымона загінулі ў час абстрэлу. Ён з другою сястрою вярнуўся ў родныя мясціны, але застаў папялішча роднай хаты. І яны пайшлі куды вочы глядзяць, абы дзе зацішней. Набрылі на пустую хату і пачалі ў ёй жыць. Далей была сустрэча з графам Паліводскім, які нават страляў у свайго збавіцеля, але прамахнуўся. Уцякаючы ад Ракуцькі,
Паліводскі ўскочыў на кабылу, якую Сымон толькі пачаў асвойваць пры сваёй рабоце, бо да гэтага доўга лячыў яе. Сымон пабудаваў новую хату побач са старой, у якую хутка вярнулася з бежанства гаспадыня. Яе муж загінуў на вайне, дзеці памерлі. Маладая і адзінокая жанчына неўзабаве перайшла ў новую хату суседа, які, здавалася, бесперапынна піў асалоду даводзіць да дасканаласці сваю дамоўку.
Ён думаў: "Пайдуць дзеці. Няхай у іх будзе людская аселасць, каб не бадзяліся па свеце, не маючы прытулку. У іх будучыня будзе не такая, як у мяне і майго бацькі". Нарадзіліся дзеці, і Сымон яшчэ больш стараўся працаваць. Але тут прайшла трывога: больш няма рэвалюцыі, гэтая зямля падпала пад Польшчу, і паны вяртаюцца назад. Ужо цвёрда вызначылася граніца паміж Польшчай і СССР.
З горкай трывогай падумаў Ракуцька пра невядомасць той будучыні, якая яшчэ нядаўна здавалася яму зусім яснай, якую ён так старанна набліжаў, пра якую клапаціўся.
А тут яшчэ ва ўсім бляску афіцэра польскага войска ўсходняй граніцы з’явіўся перад Ракуцькам Паліводскі. Ён з’явіўся не з ранейшым няшчасцем, а з цяперашняй сілай і запатрабаваў, каб Ракуцька аддаў украдзенае ў яго золата. Марным былі ўсе Ракуцькавы довады, што золата таго ён у вочы не бачыў. Хутка спраўдзіў Паліводскі і свае пагрозы — новай сялібай Сымона заўладаў маёнтак.
Колькі год працы загінула марна! А разам пайшлі ў нябыт і надзеі. Ён страціў надзею ў будучыню сваіх дзяцей. Лягчэй памерці, чым застацца без надзеі і веры! і Сымон пачаў змагацца з безвер’ем і безнадзейнасцю. Ён пачаў шукаць выйсця. Ён абышоў, можа, з паўдзяржавы, але спосабу, каб жыць, не знайшоў, затое наслухаўся ад людзей пра жыццё па той бок граніцы — у Савецкім Саюзе. Сымон з сям’ёй вырашыў перайсці граніцу, але наткнуўся на труп. Паблізу стралялі.
Жонка прашаптала: "Назад. У сваю гнілую хату! Лепш там памерці з голаду, чым тут валяццца непахаванаму". Рызыкаваць сям’ёй Ракуцька не мог. І ён развітаўся з дарагімі людзьмі, якіх вёў у будучыню. Ён таксама хацеў рушыць з імі назад, але крык пагранічніка і святло бліскавіцы засталі яго, калі ён стаяў на другім баку — у другой дзяржаве. Сцяна, глухая і бязлітасная, як вечнасць, стала паміж імі.
Бывай, верная сяброўка! Бывайце, дзеці!
Сымон Ракуцька наладзіў сваё жыццё так, як жадала яго натура.
Яго ціхмяную працавітасць можна было ставіць паўсвету ў прыклад.
Ён адзін, а ўпраўляўся з полем і домам. Смутак па родных ператварыўся ў вялікую мару. Гэтая мара заўладала ім, ён ёю жыў і служыў ёй. Ён напісаў лісты дадому, паведаміў свой адрас. Цяпер яго жыццё стала чаканнем, перш за ўсё пісьма. А можа, лёс прывядзе іх сюды. У яго пачалі заводзіцца грошы. І ён купляў адзежу дзецям на ўсялякія ўзросты: і на дзесяць, і на дванаццаць, і на пятнаццаць, і на васемнаццаць. Бацька купляў усё сваім дзецям…
Аднойчы глянуў у люстэрка і сумеўся: "Божа мой, дык я ўжо немалады! Няўжо гэта прайшло столькі год?!"
У 1939 годзе Сымон Ракуцька паехаў у родныя мясціны. Атрутны слодыч успамінаў ахапіў яго. Мінулае не варочаецца. І раптам — здань! Прывід! На тым жа камені, дзе некалі сядзела яго верная сяброўка, у такой жа самай паставе сядзела дзяўчынка. Але чаму яна здаецца так знаёмай яму?
Дзяўчына расказала, што прыехала здалёку, чакае брата, які служыў у польскім войску. Яна прыехала ў родныя мясціны, каб пільнаваць брата. А да гэтага жыла з маці далёка адсюль, у панскім маёнтку знайшлі працу. Яны напісалі брату, што ўжо не жывуць у роднай хаце, а тут пачалася вайна з немцамі.
Усю ноч ён думаў пра іх, вінаваціў сябе, што, можа, мала стараўся, каб выратаваць іх адсюль. Раніцай пайшоў у суседнюю хату, дзе дачка спынілася нанач. Яна напісала ліст брату, бо самой ёй чакаць болей нельга, трэба вяртацца назад. Сымон папрасіў прачытаць, што яна піша брату. Дачка паведамляла, каб Тамаш шукаў іх у мястэчку Сталецце на Навагрудчыне.
Нагадвала адрас бацькі, які жыве за Бабруйскам.
Ногі ў Ракуцькі падгіналіся. Ён сеў на лаву. Не адважыўшыся прызнацца, што ён і ёсць іх бацька, цішком падняўся і знік з хаты.
На другія суткі ён ужо зноў быў у цяперашніх сваіх мясцінах. Ён увайшоў у двор і аж здрыгануўся. На лаўцы сядзела жанчына. Гэта яна! Нехта злы і бязлітасны ўкраў у яе маладосць, і яе самую ўкраў. І яго маладосць украў. A ўсё ж жыццё яго з ёю разам было б падобна на маладосць. Злы ён і жорсткі, гэты страшны злодзей. Пракляцце яму!..
У гэтым жа двары адбылася і сустрэча бацькі з сынам. Тамаш адшукаў бацьку. Сымон застыў на паўкроку. Хіба гэта Тамаш стаіць перад ім? …Няма хлопчыка Тамаша, ёсць салдат чужой арміі, і хіба вядома, якая ў яго душа? Бацька ж не мог сеяць добрае насенне ў гэтай душы. Тамашова маленства ўкралі ад бацькі: жалезная нага таго страшнага злодзея зноў душыла Сымона Ракуцьку. Абкрадзены, ён стаяў перад салдатам чужога яму войска і сумаваў па худым хлопчыку Тамашу, маленства якога ўкраў страшны злодзей.