Лукаш Калюга — Вясна

Лукаш Калюга

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Як маленечкія люстэрачкі, мяняюцца ад прамення вясенняга сонца растрэсеныя па полі сняжынкі. Весела міргае шыр палявая, як вокам скінуць, ад вуглоў трох новых хат з прыбудоўкамі хлеўчукоў ды такоў, што, як дзіця старчыхі ў цёплай хаце, туляцца ля іх, да бярэзнічку шляхечага хутара. Заве шыр на свае загоны.
 Як тычкі, тырчаць гэтыя тры хаткі ў чыстым полі. Не пяюць ім ціхіх калыханак кучарастыя дрэўцы, схіліўшы над іх стрэхамі свае зялёныя галовы ў шарую гадзіну. Толькі вецер-падвей высвіствае песні, снуючы каля іх вуглоў. Ні плоту, ні замёту ніхто не ставіць упоперак яго сцежак.
 У аднэй хатцы сядзіць ля акна Тодар Сітнюк і ўглядаецца ў белую шыр, снуе думкамі па дзірванах сваіх палеткаў. Думка радасная, што самахцом цягнула яго сюды, у гэты пустыр, часамі з’явіцца цяпер, і тады пад павіслым вусам прабяжыць лагодная ўсмешка.
 Роўным звагам гудзе каля другога акна жончын калаўрот, і з-пад яе пальцаў тоненькая, як валасок, нітка жвава бяжыць у вілачкі.

 

* * *

  I пачалося яно з ціхіх гаспадарчых меркаванняу, з практычных разваг. Але тэмп яго штораз павялічваўся і штораз вышэй узнімаўся Алімпін, Тодаравай жонкі, звонкі голас.
 I як толькі ўпраўляўся яе бабскі язык. Сакатала:
 – Ужо каторы дзень, каторы тыдзень я дзяўбу гэтаму надаўбню, – дабірала яна больш ядранае, буйное слоўца, – пайдзі да Вінцэся, каб ты па свеце не хадзіў, – пазыч жыта. А ён і вухам не вядзе. Па сваіх камітэтах валочыцца.
 – Ціха!.. ціха!.. – не то крычучы, не то просячы ратунку, пісклівым голасам наперабой жонцы залямантаваў Тодар. Яму гэтыя песні прыслухаліся за паўтары гады пасялкоўскага жыцця. I так яны вечна, дзе б ні быў, куды б ні пайшоў, як звон стаяць увушшу. Як бобам, сыпле імі Алімпа кожан дзень.
 А яна раскудахкалася на ўсе застаўкі, як пусты млын. Жалілася на сваю горкую долю, на недахват куска хлеба, а да хлеба – і казаць няма чаго.
 – Быў парабкам, і трэба было трымацца ў цёплым кутку чвырака, калі не выкідалі. Зазвоняць – бяры работу ў рукі. I ні табе клапот, ні думак. Воляю свет. Рукі ў кішэні – пасвіствай. А яму нядобра – трэба свой шнур мець, свае клопаты. Кажа, зямлю ўраджайнаю зробіць, будзе сітніцаю пазы затыкаць… Хвалько! Дурань!..
 – Сціхні! – начальніцкім голасам загадвае Тодар і адначасна кулак спускае з-за пляча ла рог стала.
 – А вось не сціхну! – зазначае Алімпа. – Вось, Тодарка! Хоць голы, ды востры. Але помні: не дагоніш яго, Вінцэся, у пяту пацалаваць. Ты – скула пад яго вокам, і яшчэ пакланіцца яму не хочаш. У яго дабра поўны засекі, а ў цябе зубы на паліцы ляжаць.

 

* * *

  А тым часам неўзаметку падкралася гадзіна злосці, штораз мацней сціскала Тодарава ўстрывожанае сэрца.
 Не змагла яна ўтрымацца ў вузкіх берагах сумлення і шырокаю паводкаю хлынула цераз іх, змываючы па дарозе ўсё. Была ў яго на той час адна думка, адна мэта – даць. I засланіла яна сабою ўсе астатнія думкі, імкненні, развагі. Рвануўся Тодар, акамянелы кулак разоў колькі заехаў у каршэль Алімпе.
 Загаласілі на ўсю печ дзеці.
 – Людцы, ратуйце! – енчыла Алімпа, буйныя слёзы цурком ліліся з вачэй.
 Апамятаўся Тодар, апрануў кажух і ціханька выйшаў з хаты. Сам на сябе і на ўвесь свет злосны быў ён.
 Сёння пабіўся. Жарты гэта? П’яны быў, век пражыў – не біўся. А цяперака давялося. Злаваць… Во гэта другая справа. Злаваць ён умее, ды яшчэ як умее, заесца да таго, што год гаварыць не будзе, нават вачэй на таго не падыме. Другі б за тую віну крыві нарабіў – сабакам не папіць, а ён на гэта не здолен. Ён ціхай і ўпартай натуры.
 Яркі свет рассыпаных па полі зорак сляпіў Тодару вочы. Праціраючы іх кулаком, пайшоў ён у вёску.
 Вясна ідзе. Гудзе і пераліваецца маленькая ручаінка, перабягаючы пад невялічкім мастком дарогу. Па сцежках чарнеюць лужы. Снег – слюза, якую рассоўвае ў бакі Тодар, ідучы сваёю дарогаю. Насунуўшы сваю аблавушку на самыя вочы, унурыўшыся, пёрся ён па напрамку на Вінцэсеў бярэзнік.
 Сваё жыццё і ўдоўж і ўпоперак перадумаў.
 «Добра таму, у каго работнікаў поўна хата. А ў мяне – дзятва ды мы ўдваіх, – снаваў свае думкі Тодар. – Рвеш свае вантробы, з скуры пнешся, а ўсё недахваткі. Хоць бы на сваё насенне ўзбіцца. Чужое зерне – воўк. Аддасі яго, а ў засеку адны пазадкі астаюцца. Канцы з канцамі не сходзяцца… Ну, але налета іначай будзе. Перакідаемся сяк-так гэты год. Вось крапівы прыжджом. А там і на цыбулі пер’е адскочыць, будзе боршч, халаднік. Перахарчуемся лета. А жонка хваліць долю парабацкую. Ну яе…»
 Вясною рунее жытцо і ярына, зялёнымі хвалямі к зямлі хінецца. Улетку спелыя калоссі гнуць свае пажоўклыя галовы на твае грудзі, як пройдзеш мяжою, і шастаюць казку пра жыццё.
 А каб да шчырай працы ды навуку дадаць, агранома часцей пазываць на парады… Тады з сітніцаю можна будзе не толькі мары злучыць, але і справу на грунт сапраўднасці перавесці.
 I хлюпаюць па макраце яго боты. Пырскі ў бакі за гоні разлятаюцца. А ён задумённа звесіў галаву і не пашле ласкавага погляду на сонца, што радасна ўсміхаецца з сіняй высі. I не падыме вачэй на бярэзнік, дзе з-за яго гэтакая калатня ўзнялася.

 

* * *

  У бярэзнічку за будынкамі, што, як стада авечак, рассыпаліся па шырокай сядзібе шляхціца Вінцэся, ішоў апарат поўным ходам. Франак, сын, толькі ўпраўляўся пляшкі падстаўляць. Як з кранта, дзюрчалі шалёныя кроплі, ды яшчэ якія! Ужо разоў колькі ўпэўніўся ў гэтым Франак. Не больш напарстка пацягне ён, як толькі нойдзе поўная пляшка, а за горла як агнём хопіць. Кварта першаку, ганарыста растапырыўшы свае бакі, стаяла каля самага апарата. I другі гатунак мала чаго адставаў.
 Спакусліва моргае агеньчык пад трыножкаю.
 А Тодар гэтак і прэцца сцежкаю каля гумён.
 – Бачыць. Каб яму вочы на лоб павыперла, – ціхенька кажа Вінцэсь.
 Залілі агонь і спаважна пайшлі адзін за другім да будынка, як бы нічога і не ведаюць і ні ў чым не грэшныя. Франак пайшоў у хату, а Вінцэсь астаўся каля сцежкі, каб стрэцца з Тодарам.
 Марнуючы час, з мінаю добрага знаўцы абглядаў вуглы пузатага будынка, што больш за сто коп глытае восенню ў свае зявы; барабаніў шчыкалаткамі аб сцяну, як бы гэтакім манерам умеў знайсці нейкі таемны, а разам з тым і практычна неабходны сакрэт.
 I толькі параўняўся Тодар, ён кінуў свой занятак і абярнуўся да яго тварам.
 – Дзень добры! – прывітаўся Тодар.
 – Пачакай! Куды спяшаеш? – спыніў яго Вінцэсь, каб слова-другое закінуць і дазнацца, ці бачыў той яго каля агоньчыку.
 – Трэба ў вёску даведацца, – неахвотна здаволіў Тодар Вінцэсеву цікавасць.
 – Вясна ідзе, – падтрымліваў гаворку Вінцэсь.
 – Але. У нас і ў таку і ў хаце чуваць яна. Сена на рэзгіны адразу забярэш. У хляве авечкі бляюць, карова рыкае. На печы дзеці ў кулак трубяць, есці просяць…
 – Яно-то гэтак, – не то ў бядзе параду даючы, не то холадна заўважаючы факт, пацвердзіў Вінцэсь. У яго дык сена да Міколы хваціць, а хлеб яшчэ й засекі Еселевага шпікнэру папоўніць. Толькі й клапот, што пра сягонняшнюю бяду ды пра абрэзкі, дзе тры скулы як з-пад зямлі выраслі і колюць яго зрэнкі.
 – А можа б, пане-дзядзьку, які б пудок пазычылі? – на спробу закінуў слова Тодар і з пытлівым поглядам заўняўся на яго абліччы.
 – Яно то можна было б, – па слову выціскаў Вінцэсь. Тут яму і бровар на памяць усплыў, непакой быў у гэтым пункце ў яго сумленні. Каб не гэтая бяда, ён бы іначай загаварыў!.. – Вось хіба, нябога, прыйдзі там па таей нядзелі. Тады па-суседску памяркуемся. Яшчэ з сваяўством як мае быць не разлічыўся. Анупрэй касіў, Дзянісіха жала. Трэба і іх не мінаць. Ат! Памяркуемся…
 Гэтага толькі і чакаў Тодар.
 Разышліся.
 Смех бегаў па губах Вінцэся, расплываўся ў прыветную ўсмешку. Здаволены быў. Думкі ўзварушыліся, як сняжок пасля мяцеліцы.
 «Лес не ровен, трава ўсякая, і чалавек – гэтае самае, – кажу я і ўсе разумныя людзі… – Падохнеш, галытра акаянная… I ангельцы, пранцузы, палякі не даюць храпунца. Яны на нас углядаюцца, ды яшчэ як…»
 Здавалася Вінцэсю, што Польшча, Ангельшчына, Францыя, вытрашчыўшы вочы па яблыку, пільна ўзіраюцца ў Савецкую краіну і бачаць у ёй аднаго яго ды яшчэ, можа, Анісіма Стажэвіча. I цякуць, коцяцца на шырокае чэрава іх буржуйскія слёзы, бо бачаць, як абрэзка гняце Вінцэся Анбражыцкага і Анісіма Стажэвіча.
 «Ой, пагоняць! Аж пыл закурыць», – цешыць сябе Вінцэсь і памаленьку, калышучыся, йдзе ў хату, каб загадаць сыну баржджэй брацца за спыненую справу. Хто ж яго ведае? Гатоў падкусіць. Можа, ён з тым толькі й пайшоў.
 Па дарозе глянуў у ток. Рыжаю лысінаю свяцілася старана саломы. З другога боку зелянела сена, як бы толькі што прывезенае з лук.
 Радасна стала.
 Але следам за гэтым горкасць салоным квачам лезла ў душу: успомніў абрэзкі…

 

* * *

  Пад вечар Вінцэсь выйшаў з рэзгінамі на гумно ўзяць сена з току каровам. Бачыць – ідзе па дарозе ля гумён нехта з мехам за плячыма.
 Пазнаў Тодара. 
 – Адкуль гэта? – здалёк папытаўся Вінцэсь.
 – З бядняцкага камітэта, – адказаў той і мінуў Вінцэся, не сказаўшы больш ні слова.
 «Бачыш вужаку! Ужо ён і шапкі не мерыцца зняць! Ліха іх хай возьме! Сабака сабаку знюхае!» – праводзіў яго думкамі Вінцэсь.
 Пазіраючы на бакі, Тодар мерае гаспадарскім вокам шырыню Вінцэсевага поля. Імчацца думкі стройнымі чародамі.
 «Вось мы ўкаранімся тут, тады падзівіцца свет. З гэтым абшарам нам саўладаць – плёвая справа».

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 4 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений