Нельга лічыць, што Броўка быў адзіным пісьменнікам, які працягваў ствараць «сталінісцкія» раманы пасля смерці дыктатара. Напэўна, бліжэйшым да яго па непахіснасці камуністычнай веры і колькасці ўзнагарод быў Міхась Лынькоў (1899-1975). Лынькоў нарадзіўся ў вёсцы Зазыбы Вілейскага раёна Віцебскай вобласці. Свой першы твор (верш) ён напісаў ужо ў 1919 г., у 1926 г. уступіў у шэрагі камуністычнай партыі, у 1936 г. быў абраны член-карэспандэнтам, а ў 1953-м – акадэмікам Акадэміі навук БССР. У перыяд з 1938 па 1948 г. выконваў абавязкі старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1943 па 1946 і з 1949 па 1952 г. займаў пасаду дырэктара Інстытута літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР. У 1962 г. Лынькоў атрымаў званне народнага пісьменніка БССР, і, магчыма, самае галоўнае, з 1940 г. і фактычна да самай смерці быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Такі набор пасадаў і ўзнагарод Лынькова дае ўяўленне пра характар шматлікіх ягоных апавяданняў і раманаў, у якіх рамантызм і сентыменталізм спалучаюцца з сацыяльным схематызмам, спрошчаныя апісанні з часам даволі гратэскнымі метафарамі. Калі пазней ён пачаў пісаць у значна больш прамалінейнай манеры, відавочнай стала ягоная псіхалагічная неадэкватнасць і адсутнасць усялякага роду натхнення. У 20-я гг. Лынькоў пісаў у асноўным пра рускую рэвалюцыю і грамадзянскую вайну, а пачынаючы з 30-х нападаў на тых, хто не падзяляў ягоную веру ў афіцыйную ідэалогію.
Адзін з нешматлікіх беларускіх пісьменнікаў, хто здолеў працягнуць сваю дзейнасць у ваенны час, Лынькоў у паслясталінскія часы напісаў свой самы вядомы твор – «Векапомныя дні» (1958), які паказаў вельмі нязначныя змены ў творчым развіцці аўтара. Гэты нязвыкла доўгі героіка-рамантычны эпічны раман пра партызанскую вайну, якому не стае праўдападобнасці як у стварэнні вобразаў, так і ў аповедзе, цяжка нават і параўнаць з тонка псіхалагічнымі і праўдзівымі апавяданнямі і раманамі пра вайну, што пачалі выходзіць з-пад пяра такіх пісьменнікаў, як Васіль Быкаў, усяго на некалькі год пазней. Пястун рэжыму, Лынькоў меў магчымасць многа вандраваць і, як і большасць беларускіх пісьменнікаў, якія наведвалі альбо часова жылі ў Злучаных Штатах (звычайна ў сувязі з той «гістарычнай неспадзяванасцю», паводле якой БССР мела сваё прадстаўніцтва ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый), ён спалучаў самаадданае служэнне афіцыйнай антыамерыканскай прапагандзе з надзвычай павярхоўным разуменнем грамадства, якое ён назіраў. Прыкладам таму можа быць кароткае апавяданне «Джыавані» (1961) пра выпрабаванні і пакуты сіцылійскіх рабочых-эмігрантаў у Амерыцы, у якім Лынькоў стварае карыкатуры на карумпаваных капіталістаў і афіцыйных чыноўнікаў. Гэты твор адметны не толькі сваімі перабольшаннямі, але таксама і разнастайнымі памылкам, што паказваюць вельмі павярхоўнае знаёмства пісьменніка з замежнай рэчаіснасцю. Падобная антыамерыканская прапаганда магла б быць болей эфектыўнай, калі б ён проста пераклаў арыгінальныя амерыканскія антыбуржуазныя раманы, напрыклад, значна больш моцны раман «Джунглі» Эптана Сінклера на тэму эксплуатацыі эмігрантаў, што быў напісаны за 60 гадоў да з’яўлення Лыньковай пародыі. Літаратурна-крытычныя артыкулы і шматлікія пераклады Лынькова такія ж няўдалыя, як і ягоныя мастацкія творы. Падобна, што пра яго, як і пра Петруся Броўку, наступныя пакаленні нават і не ўзгадаюць.
Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.