Міхась Стральцоў — Перад дарогай

Міхась Стральцоў

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Яны прыехалі ў вёску яшчэ раніцай – шафёр Сямён Захаравіч з жонкай і зусім малады яшчэ хлопец, рабочы аўтабазы Саўчанка.
 Цяпер дык быў, мяркуючы па часе, позні абед.
 Яны і сапраўды толькі што паабедалі, і не паспелі яшчэ вылезці з-за стала, як нечакана пашарэла на дварэ, зашапацеў, паліўся нетаропка надвячорні ціхі дождж – ужо другі за гэты доўгі, як усім здалося, дзень: выехалі яны з горада рана.
 I вось цяпер сядзелі на кухні, не вылазячы з-за стала, гаманілі, і ўсім было добра. Пайшоў дождж – ну і няхай сабе, палье трохі ды сціхне. Грыбоў яны назбіралі і нават ад таго першага вялікага дажджу ўратаваліся шчасліва, схаваўшыся хто ў кабіне, а хто пад машынаю. I толькі потым, калі вярталіся з лесу да знаёмых у вёску, дзівіліся дружна з нядаўняга ліўня, бачылі, што стаяла ўсюды ў нізінках мутнаватая вада, што скрозь па дарозе прыбіла шумлівымі раўчукамі то да грудка, то да купіны, то да якой ламачыны парыжэлую траву, дробнае голле, пачарнелыя сцябліны кветак. У лужынах плаваў абабіты дажджом руды цвет падарожніку. А потым з-за хмар выбліснула сонца – і трава, і зямля, і лужыны закурыліся парай; пабеглі з крыкам за машынай, калі ўязджалі ў вёску, басаногія дзеці, а ля нечага двара ляжала навалам абчэсанае бярвенне…
 I, бач, зноў жа сабралася на дождж.
 Пахла на кухні грыбамі, палалі дровы ў печы, а за вокнамі шапацеў у садзе дождж – гэта было добра чуваць: акно ў сад было расчынена. А яны сядзелі прыцемкамі за сталом, глядзелі на агонь, на дождж, і ўсім было ўтульна, цёпла, і ва ўсіх блішчалі трошкі вочы – можа, таму, што глядзелі на агонь, і трошкі кружылася галава, і плылі перад вачамі, як толькі сцішышся, грыбы…
 Зайшла на кухню гаспадыня, патупала ля печы, сказала:
 – А можа, пойдзеце ў чысты пакой?.. Я вам і лямпу запалю. – I, прыжмурыўшыся, глядзела на гасцей – госці не згаджаліся. Навошта той чысты пакой, калі і тут добра, і, можа, яшчэ лепей, чым там.
 У тым пакоі на падлозе сушыцца проса, стаяць доўгія лаўкі ля сцен, у куце – высокае, памутнелае ад часу люстра. А тут… Не, ніхто туды не пойдзе.
 – Яно, маці, і тут добра, – сказаў Сямён Захаравіч, – зусім як у вёсцы…
 – Ну, няхай…
 – Во, сказаў: як у вёсцы, – не ўцярпела жонка Сямёна Захаравіча і засмяялася. – А мы дзе?.. Гаворыш абы-што.
 – От жа ты якая! – трохі збянтэжыўся Сямён Захаравіч і палез у кішэню па папяроску. – Та-та-та! Та-та-та! Слова чалавеку сказаць не дасі.
 Але ён не зазлаваў на жонку.
 У яго была густая сівізна на гладка падстрыжаных скронях, і за доўгія гады, пражытыя з жонкай, ён добра ўведаў цану і сабе і ёй; паціху ды памалу навучыўся трымацца наводдаль ад той мяжы, за якою каса, як кажуць, звычайна находзіць на камень – і людзі становяцца на дыбкі і гавораць адно аднаму зашмат крыўднага і злога. Яшчэ ён ведаў, што жонка і ў слове была лаўчэйшая за яго, і звычку мела ўстаўляць, дзе не трэба, свае тры капейкі, і што валасы ў яе, як і ў яго, пабіты сівізною – хацела іх пафарбаваць аднойчы, ды ён не дазволіў. На фатаграфіі ў іх гарадской кватэры яны абое чарнявыя і маладыя: яна – у лёгкай сукенцы прыгожага крою, ён – у вайсковай форме.
 Сямён Захаравіч не зазлаваў на жонку. «Кожнаму сваё, – думаў ён, – не захацела зразумець, ну і няхай не разумее». Можа, таму, што ён увачавідкі старэў, часта думалася цяпер пра вёску – далёкую, колішнюю: яна ляжала аж за сорак год ад яго. I там былі шурпатая калодка, на якой секлі дровы, цяпло кажушка і вышчарблены сучок у столі, марозная пара над ранішняй студняй і карова ля яе – панурая, з запалымі бакамі і нягладкай поўсцю. Там, у вёсцы, былі і бацька і маці, тады яшчэ жывая, і яны, дзеці, аж восем чалавек. Так хутка ідзе час: разышліся ўсе па свеце, а старэйшы брат недзе ў Свярдлоўску аж галоўны архітэктар горада.
 Так хутка ідзе час! Яму ўспаміналіся дзеці, што беглі сёння за машынай; некалі і сам ён за пяць кіламетраў імчаў з вясковымі хлапчукамі на шашу, каб зірнуць на дымны хвост маторнага дзіва. Сёння ад таго дзіва патыхала б музеем, а гэтыя дзеці – проста блазнюкі і гарэзы – убачылі незнаёмага шафёра.
 У нечым яго жыццё нітавалася з чужым. Было многа падобнага, але было і тое, чаго, ён ведаў, не будзе ніколі. Ён помніў, як нялёгка жылося ў вёсцы яму, як спакушаў дзень пры дні акрайчык хлеба, загорнуты маткай у ручнічок, і што была вясною такая пара, калі зацвітае боб: ні ягад, ні грыбоў і далёка да першай бульбы. А потым ён працаваў у горадзе і харчаваўся па картках, потым палягчэла, а потым была вайна і зноў карткі… Ён ведаў, што даўно перамянілася ўсё ў яго вёсцы, і што там жыве яго бацька – упарты такі стары, не хоча пераязджаць да сына ў горад,– і што жыць старому асталося нямнога. А ён, сын, ніяк не можа выбрацца да яго – і на душы ў сына бывала часта неспакойна.
 Цяпер ён задумліва камячыў папяросіну ў пальцах, аж пакуль яна не лопнула на канцы – адарваў сапсаваны канечык, прыкурыў. А калі клаў у кішэню пінжака запалкі, пачулася там чужая нечая рука. Паглядзеў – жонка. Яна збянтэжана засмяялася, папрасіла:
 – Дай…
 – Чаго табе?.. Ат, не чапіся да мяне!
 I ўбачыў неўразуменне і цікаўнасць у вачах маладога Саўчанкі.
 – Увыкла… Смаліць, як мужчына, проста сорам… Нядаўна заходжу дома на кухню, а яна сядзіць і смокча: з маіх недакуркаў зрабіла папяроску… Даўно курыць, толькі ўсё хавалася.
 – Скажы ты! Ай-я-яй! – здзіўляўся Саўчанка і торгаў худою шыяй, і яго маленькія, пад доўгімі вейкамі блакітныя вочкі бліскалі жвава, а на лобе з’яўляліся маршчынкі.
 А жонка Сямёна Захаравіча тым часам раскурвала папяроску. Рабіла гэта яна бадай што па-мужчынску – хіба толькі запалку трымала неяк далікатней, за самы кончык, далёка адстаўляючы локаць ад сябе. Потым вылезла з-за стала, і, сеўшы ля акна на лаве, пасунула за локаць рукаўчык, і, абапёршыся на падаконне, курыла, выглядала нешта ў садзе, і перагаворвалася з гаспадыняй.
 Сямён Захаравіч сур’ёзна, з ціха затоенай усмешкай пазіраў на жонку, пасля не вытрываў, пачаў усміхацца і весела падміргнуў маладому Саўчанку.
 – Гром-баба, га? Ах, каб цябе… Пыхкае, як паравоз!
 – От, Захаравіч! Скажаце ж гэткае… – зноў здзіўляўся Саўчанка, і смяяўся, і торгаў доўгай шыяй – гэта азначала прыблізна, што ён круціў галавой.
 А гаспадыня сказала:
 – Дык, мусіць жа, гэта можна ў горадзе, калі жанчына курыць. Гэта ў нас нязвыкла толькі…
 I вінавата глядзела на гасцей, неяк баязліва ўсміхалася: а можа, не так што сказала?
 – Не, тут другое, маці, – спахмурнеў адразу Сямён Захаравіч, – у вайну яна ў мяне шмат перажыла… Ледзь з дзецьмі ў Нямеччыну не трапіла, ды, шчасце яе – уратавалася неяк. Цягалася пасля па вёсках… Дзяцей яна мне, дзякуй ёй, зберагла… А як прыйшоў з вайны – якою яе ўбачыў! Страшная, худая – заплакаць можна… Жыццё такое было…
 – Ой, не дай бог, людцы, вайны, – уздыхнула гаспадыня. – Мой жа сынок недзе зямлю парыць, можа, ужо і костачак не асталося. Як успомню… – I твар яе перасмыкнуўся, і здавалася, яшчэ трошкі – і яна заплача. Прыкрыла твар рукой, адвярнулася, адышла да печы.
 Госці маўчалі. Цішыня запанавала ў хаце.
 За акном нетаропка шапацеў дождж, і відно было ўсё ў садзе: змакрэлыя яблыні, апалыя жоўтыя яблыкі ў прытаптанай траве, бульбоўнік на барознах і зусім блізка, ля акна, рабінка – вялікія зеленаватыя кроплі дажджу віслі на яе галінах, адрываліся, падалі долу. У суседняй хаце, за садам, відаць, таксама палілі ў печы: па мокрым даху слаўся дым.
 Усе маўчалі, кожны, мусіць, думаў пра сваё, а жонка Сямёна Захаравіча ўспамінала вайну, тое, як пайшла з дзецьмі ў бежанцы. Многа іх было тады на пыльных дарогах – гараджан, што ішлі і ішлі на ўсход. Немцы перанялі іх недзе па дарозе, сагналі да незнаёмай вёскі – вёска была пустой і напалову спаленай.
 Жонка Сямёна Захаравіча ўспамінала…
 Яна не ведала цяпер, як выжыла тады, чаму не памерла – ад страху, ад голаду, ад тугі. Памятала толькі, што адно думала і адным жыла: як накарміць дзяцей, як зрабіць так, каб уцалелі… Потым па людзей прыйшлі машыны. Ніхто не ведаў, куды павязуць іх, казалі, што ў Нямеччыну… Ёй пашчасціла: калі пад вартай асталося зусім мала людзей, яе з дзецьмі і яшчэ іншых адпусцілі – немцам не хапіла транспарту.
 Што было потым? Вёскі, па якіх яна хадзіла, вёска, дзе папрасілася ў хату – да бабулі нейкай і яе дачкі… I тады яна перастала быць гараджанкай і стала вясковай кабетай: насіла ваду, ездзіла ў лес па дровы, палола, жала, хадзіла за сорак кіламетраў па соль у мястэчка, пляла дзецям лапці – і гэтаму навучылася,– жыла і ў хаце, і ў зямлянцы, хавалася ад немцаў і паліцаяў у лесе, ведала, што жывая сама, і не ведала, што з мужам…
 Страшнае пекла было – вайна, і каб жа не ведаць яго ніколі…
 Весела гарэлі дровы ў печы, і нешта закіпала ў гаршку. Пахла на кухні грыбамі, недзе сумна звінела муха пры сцяне, а госці сядзелі, маўчалі – як бы забыліся, што наперадзе была яшчэ дарога, горад, дзе раніцай чакалі ўсіх клопаты і работа.
 Сямён Захаравіч устаў, падышоў да печы, качаргою выкаціў на загнетку вугольчык і яшчэ раз закурыў. Так і астаўся там, ля печы, і глядзеў на агонь, а ў вачах яго былі не то задуменне лёгкае, не то летуценнасць. Гаспадыня стаяла побач, склаўшы рукі на грудзях, і па твары яе відно было, што ёй падабаўся Сямён Захаравіч, а можа, больш за ўсё тое, што ён прыкурваў вось так, ад вугольчыка.
 – Усё хачу спытаць, Захаравіч, – ціха сказала яна, – што там у газетах пра вайну пішуць… Будзе яна?
 – Не будзе, маці, не будзе… Нам з табою яна не патрэбна.
 – Дык і я ж так думаю, і сын суседчын, маёр, што летась у гасцях быў, таксама казаў: не павінна. А калі што якое, казаў, дык доўга яны не паваююць…
 – Праўда, маці, праўда…
 – Толькі вось у нас нядаўна чутка пайшла… Забегалі людзі, пачалі ў краме ўсё купляць… I я сабе солі купіла. – Яна квола засмяялася: вось якая, бачыце, дурніца. – А цяпер няхай ляжыць сабе: замаразкамі вепручка заколем, як знаходка будзе.
 – Во-во! Добра… I мяне на свежаніну пазавеш, маці, га? Ты, як калоць надумаеш, мне абавязкова накажы. У мяне стрэльба ёсць, двухствольная, у рэйхстазе ўзяў… Я мігам з тваім вепручком распраўлюся…
 – Не, праўда, Захаравіч, у вас ружжо ёсць?.. Нямецкае? – адгукнуўся з-за стала Саўчанка. – Як гэта вам узяць яго ўдалося? Раскажыце!
 – А так… У рэйхстазе, у падвале ўзяў.
 – Ну, так проста і ўзялі, – як бы пакрыўдзіўся Саўчанка, – відаць, цікава было…
 Сямён Захаравіч змоўк. Ён не любіў расказваць пра вайну: пра яе гаварыць можна было або доўга і многа, або не гаварыць зусім. Пра яе гаварыць добра з тымі, хто сам сядзеў у акопах, ляжаў у шпіталях, хадзіў у атаку, – з тымі, хто адчуваў штодзень на ўласных скронях вастраваты халадок смерці. Гэтаму жаўтаротаму Саўчанку вайна была, мусіць, нечым і незвычайным і цікавым, бы нейкае кіно. А яму, Сямёну Захаравічу, вайна была проста вайной – страшнай штукай, замешанай на чалавечым жыцці і смерці. I яшчэ ён ведаў: каб не трэба было абавязкова перамагчы, вайна для яго і яго таварышаў не мела б ніякага сэнсу. Вайна, думаў ён, гэта людзі, якія чамусьці лічыліся генераламі, лейтэнантамі, радавымі, а папраўдзе былі проста салдатамі, ён сам бачыў, як за два крокі ад яго ўпаў генерал,– было гэтае ў першыя месяцы вайны – упаў, каб не ўстаць ніколі…
 Яму, Сямёну Захаравічу, здавалася часам, што пражыў ён на свеце як бы два жыцці – другім жыццём была вайна. Яна адлічвала мінуты – доўгія, як чаканне смерці, яна лічыла імгненні – кароткія, як посвісты куль. Пад Севастопалем, у рэдкія зацішкі пасля бою, калі краналася душы пакутная нейкая яснасць, адкрываўся яму, здаралася, краёчак таго, звычайнага і амаль недаступнага ўжо жыцця. Ён бачыў мора: яно ляжала спакойнае, сіняе, светлае, ахутанае ўдалечы ласкавай смугой, дэльфіны куляліся на невысокіх хвалях, і здавалася, не было навокал ні вайны, ні смерці, ні спякотнага неба, белага, як выцвілы брызент, ні свежай крыві, што цьмяна блішчала на сонцы.
 I дзіўна: многа страшнага і цяжкога забылася з часам, а вось тыя, спакойныя, хвіліны і цяпер жывыя ў памяці…
 – Сеня!.. Глядзіце: дождж перастаў!
 Яго вывеў з задуменнасці жончын голас.
 Сямён Захаравіч паглядзеў у акно. Туманная смуга лёгкім дымком вісела ў садзе. Недзе рыпнулі на вёсцы вароты, нехта загаварыў – вёска поўнілася гукамі, нейкімі асабліва рахманымі, выразна прыцішанымі пасля дажджу. Пачынала цямнець.
 – Трэба ехаць, – сказаў Сямён Захаравіч.
 – А можа, астанецеся яшчэ? Вечарэе ўжо, дарога дрэнная, – загаварыла гаспадыня. – Паначавалі б, а заўтра паехалі б… Паспееце ў горад.
 – Паедзем, Захаравіч, праўда? – умяшаўся Саўчанка.
 – Вы ж малады, чаго вам спяшацца. I яны б, можа, асталіся, – кінула гаспадыня на Сямёна Захаравіча з жонкай.
 – Ён у нас толькі ажаніўся, маці, да жонкі спяшаецца. Нічога не зробіш: моладзь, – заступіўся за Саўчанку Сямён Захаравіч. – I мне заўтра на работу рана…
 Яны сабраліся, перанеслі з кухні грыбы ў машыну. Гаспадыня выйшла іх праводзіць.
 – Дык вы ж глядзіце, прыязджайце, – гаварыла яна. – Цяпер грыбы добра пойдуць… Хоць у нядзелю прыязджайце…
 – Дзякуй, маці, прыедзем, – глядзеў ласкава на гаспадыню Сямён Захаравіч, – у госці заўсёды ездзіць прыемна… Ну, бывай! – і ён палез у кабінку. Жонка ўжо сядзела там, прытрымлівала рукою дзверцы, чакала. Саўчанка ладкаваўся ў кузаве, захінаючыся ў брызент…
 Машына кранулася з двара.
 Яны ехалі вясковай вуліцай, мокрай пасля нядаўняга дажджу. Увачавідкі цямнела. Недзе іграла радыёла: музыка далёка разлягалася па вёсцы. Выходзілі з веснічак на вуліцу дзяўчаты, святочна апранутыя, маладыя – відаць, спяшаліся ў клуб. Машына мінала вёску.
 Сямён Захаравіч уключыў фары. I адразу паглушэла ўсё навокал, сціснулася да вузкай палоскі святла. Сямён Захаравіч пільна ўглядаўся ў дарогу; ведаў, якая ненадзейная пасля дажджу яна, – магло занесці машыну на спуску ці на павароце. Праехалі масток праз невялічкую рэчку, падняліся на ўзгорак, спусціліся ў лясок. Потым была вёска, а за ёй пачаліся агароды – цэлае поле капусты і бручкі, – і Сямёну Захаравічу ўспомнілася, як аднойчы ўпоцемку трапілі палкавыя машыны на бахчу: лопаліся кавуны, раўлі маторы, прабуксоўвалі колы… А на світанні калону абстралялі немцы…
 Сямён Захаравіч круціў баранку, і яму зноў думалася пра вайну…
 Машына ішла ў горад.
 У кузаве пад брызентам сядзеў, скурчыўшыся, рабочы аўтабазы Саўчанка. Было холадна, і яму хутчэй хацелася трапіць дамоў, у цёплую кватэру, да маладой жонкі. А жонка Сямёна Захаравіча драмала ў кабінцы, схіліўшыся галавой на плячо, і ёй увесь час мроіліся грыбы, грыбы, грыбы…

1961

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений