Пімен Панчанка — Не спявай мне песню пра арэлі…

Пімен Панчанка

Не спявай мне песню пра арэлі
I пра сон дзяўчыны на зары…
Азвярэлі людзі, азвярэлі.
Вы даруйце, добрыя звяры.
Не знаёмы вам злачынцаў сродкі:
Трэба толькі ежа вам, не кроў…
Б’юць жанчын цяжарных,
Рэжуць глоткі,
Забіваюць, п’яныя, бацькоў.
Прагныя, пачварныя істоты
Б’юць з-за грошай, рэчаў залатых.
Восень…
Парыжэла ўся лістота,
Паніжэлі голыя сады.
Мудрыя народныя асновы,
Мы без вас у жорсткасці згарым!
Кожны год да нас прыходзіць новым,
Адыходзіць змрочным і старым.
Ад нявер’я і тугі не плачу,
Веру:
Дабрыня людская ёсць —
Толькі ў працы з поўнаю аддачай,
I ў каханні шчырым і гарачым,
I ў вачах даверлівых дзіцячых,
Дзе яшчэ не начавала злосць.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений