Пімен Панчанка — Простыя ісціны

Пімен Панчанка

Мы ўсе аматары амністый,
I патуранняў, і спагад.
Няма складаней простых ісцін,
Што «пройдзеш свет, але назад…».

Я свет няпраўдай не праходзіў,
Быў часам тлум у галаве —
То бузіна расце ў гародзе,
То дзядзька ў Кіеве жыве.

Бог зберагае беражоных —
Сівая прымаўка бабуль,
А на ражон не лезь піжонам,
I не кажы ты «гоп» пакуль…

I хоць не хочаш — заякочаш,
Калі, кума, ты падпіла.
Вышэй пупа, брат, не падскочыш,
Хоць з’еш вала — адна хвала.

I хай ты будзеш вельмі сыты
I на патэльні тук падскроб,
А ўсё-ткі і вала з’ясі ты
I нечакана скажаш «гоп».

Так век жыві і век вучыся,
Не плюй у студню… Гэта так…
Як доктар, сам лепш палячыся
I на ўсе рукі будзь мастак.

Час нашы беды перамеліць,
Сыны цыбатыя растуць,
Яны і самі зразумеюць
Складаных ісцін прастату.
 

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений