Рыгор Барадулін — Вятрак

Рыгор Барадулін

Сонца і ветру батрак,
Стаіць на пагорку вятрак,
 
Суседзі сваё адмахалі,
Адзін сірацее…
Пыльна.
Дзе ж гэта падводы з мяхамі?
Чакае, ўглядаецца пільна.
 
Калі ж засклыгочуць восі!
Не чуць…
А начамі сніцца:
Каўшы засыпае восень –
Ён смачна хрумсціць пшаніцай…
 
Махнуць журавам:

– Да сустрэчы!

Ён хоча, ды ўсё дарэмна.
Распяўся кажан у падстрэшшы.
Пугач вірлавокі дрэмле.
 
А ў яго ж быў размах,
А ў яго ж, бывала.
Ранняя зіма сама
Пытлю пазычала.
 
А глядзела ж на вятрак
Столькі воч з пашанай.
Ходзяць жорны – проста страх!
Быццам два паўшар’і.
 
Зерне трушчыў дацямна.
Хмару браў пад паху, –
Азалелая, яна
Навальніцай пахла.
 
Сонца і ветру батрак,
Сумуе самотны вятрак.
 
1960

 

Крыніца: Барадулін Р. Адам і Ева. Лірыка. – Мн.: «Беларусь», 1968. – 256 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений