Чалавек заўсёды чалавек.
Ён з душой прыгожай, ці нягоднік,
На зямлі трывог і небясьпек –
Будаўнік, мастак і вынаходнік.
Хіжым зьверам стаўся-б ён, але
У сабе хавае скарб вялікі:
Свой уласны сьвет, дзе на чале
Гаваркія літары і лікі.
У яго – дабро і зло ў душы.
Ён сябе агнём ці раз дапытваў.
Свой інстынкт зьвярыны прыдушыў
Сілаю праклёнаў і малітваў.
Чалавек ня птушка, ды палёт
У яго вышэйшы, аж да зорак!
Ён бярэ пачуцьці ў пераплёт
Сотняй розных моваў і гаворак.
Чалавек заўсёды чалавек,
У сабе хавае скарб вялікі:
Хараство і свой уласны сьвет,
Гаваркія літары і лікі.