Шмат сурова-праўдзівых гістарычных выяў у апавяданні «Пішу вам у Масковію», якое мае падзагаловак «Грамата з магістрацкага архіва». Твор прысвечаны надзвычай трагічнай старонцы мінулага — Лівонскай вайне, распачатай Іванам IV супраць Літвы і Беларусі, якая цягнулася больш за дваццаць гадоў (1558-1582). Летапіс суровых ваенных дзён занатоўвае пяро стральца Аляксея, які «ў царскім войску сярод ратных людзей згубіўся і смяротнае небяспекі пазбегнуў». Але тым не менш ён стаў відавочцам крывавых жахаў і гвалту, мужнасці і здрады, спазнаў і асэнсаваў многае, бо яму «шмат чаго… ведаць дадзена было, ад іншых вачэй схаванага». Пішучы ліст у маскоўскую дзяржаву сваім родным, ён падае не толькі храналогію ваенных падзей, а раскрывае жудасную сутнасць той палітыкі, якую праводзіў Іван IV. Маскоўскі самадзержац паўстае як тыран, поўны амбіцый, непрыняцця ўсякага іншадумства. Ён ператвараецца ў дэмана крывавага зла, паталагічнага забойцу. Маскоўскі стралец, апынуўшыся ў заваяваным Полацку, узрушаны пакутамі суседняга народа, адкрывае яго побыт, гісторыю, урэшце пачынае ненавідзець вайну і таго, хто паслаў на чужыну праліваць людскую кроў, агнём і мячом вынішчаць славу і памяць зямлі, усталёўваць рабства: «…I тут заставацца ад нянавісці людзей боязна, і ў Айчыну, якую гасудар крывёю залівае, вяртацца страшна».