Каласы пад сярпом тваім. Асноўныя праблемы рамана

Уладзімір Караткевіч

   Ён некалі паабяцаў сабе і людзям, што напіша кнігі, якія будуць чытацца на беларускай мове. I напісаў такія кнігі, якія не толькі вяртаюць нам нашу святыню-мову, але і памяць, забраную ў нас даўно. Лепш за іншых усведамляючы, што без памяці пра свае вытокі, карані, пра мінулае ў народа няма будучыні, ён так вызначыў сваю ролю ў рэанімацыі душы і памяці:

А ў некаторым сэнсе, нават бог, 
Бо занава я свой народ ствараю.

   Уладзімірам Караткевічам упершыню ў гісторыі нашай культуры створана рамантычная літаратура пра мінулае, прычым на трывалым гістарычным падмурку. Рамантычнае і фантастычнае, прыгодніцкае і дэтэктыўнае ў яго творах не самамэта, не толькі для таго, каб чыталі яго кнігі і на роднай мове. Вывучаючы і даследуючы старонкі гісторыі, У. Караткевіч найперш для сябе зрабіў адкрыццё, што ў нашым мінулым ёсць адказы на пытанні, якія не толькі хвалююць нас сёння, а ад вырашэння якіх залежыць, ці будзем мы "людзьмі звацца". 
   Дзякуючы яго кнігам, мы можам адказаць і на Купалава пытанне, "скуль, якога мы роду". Мы — народ, мы — нацыя не горшая за іншыя, у нас ёсць свае карані, а ў нашым мінулым — не толькі гаротнае, трагічнае, але і гераічнае, вартае гонару і захаплення, здрадзіць якому — не мець світання.
   Нельга не здзіўляцца таму, колькі старонак гісторыі прачытана У. Караткевічам для нас, колькі "белых плямаў" зліквідавана, — і ўсё дзеля таго, каб вярнуць нам памяць, бо без памяці нам не быць… 
   Сапраўды, як ён сам сказаў, вякі яго спяваюць ротам.
   I ўсё ж найбольшая ўвага, "агонь душы і сэрца жар" У. Караткевіча прысвечана паўстанню Кастуся Каліноўскага. Нельга не пагадзіцца з пісьменнікам, што больш трагічнай і гераічнай старонкі ў нашай нацыянальнай гісторыі няма, як і самай для нас вызначальнай, павучальнай і папераджальнай.
   Пра ўзвышанае і вечнае, пра гераічнае і трагічнае і напісаць належала незвычайна, і сказаць з асаблівай сілай голасу. Каб пачулі. Голас Караткевіча пра мінулае — голас рамантыка і прагматыка адна-часова. Рамантычнае — пра мінулае , вартае таго, каб чэрпаць адтуль сілы і знаходзіць там адказы на пытанні сучаснага. Прагматычнае — для нас, каб запаланіць нашу ўвагу дзеля нашага ж духоўнага разняволення.
   "На гістарычных сюжэтах я стварыў сваю матрыцу будучага… Кожны гістарычны сюжэт— гэта адкрытая размова з сучаснікам", — так пра сваё пісьменніцкае крэда сказаў сам У. Караткевіч. Ён "размаўляе" з намі пра многае. Яго кнігі — не толькі і не столькі пра паўстанні, войны, змаганні, а пра годнасць і гонар, пра тое, што трэба жыць не прыніжаючы і не прыніжаючыся. 
   Мінулае ў рамане У Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім" вучыць, што гонар і годнасць чалавека "ў тым, каб быць незалежным з моцнымі, роўным з роўнымі, памяркоўным для ніжэйшых. У тым, каб быць добрым для жанчын, дзяцей, пераможаных. У тым, каб быць літасцівым да звяроў…".
   Эстэтычная сіла ўздзеяння галоўнага героя рамана вельмі вялікая. 
   Усведамленне Алесем таго, што ёсць самае страшнае, "страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце", становіцца паступова і ўсведамленнем чытача. Самае страшнае — няволя, прыгон, лічыць Алесь. Выявай прыгону з’яўляецца рабская псіхалогія, а не толькі галеча і фізічнае вынішчэнне народа. Духоўнае вынішчэнне намнога страшнейшае. Не ўсведамляць гэта — знішчыць будучыню, бо "ў рукі галодных беднякоў будуць аддадзены ворагі ўсіх краін", бо прыніжаны будуць "магутныя людзі розных народаў", як пра тое папярэджваецца эпіграфам да рамана. I адданне і прыніжэнне заўсёды адбываецца з "сякерай пры дрэве".
   Рабская псіхалогія не толькі гне да зямлі перад моцны мі. "Толькі б не пападалі на калені!" —думае Мусатаў, спатольваючы сваю прагу здзекавацца і прыніжаць гэтае "быдла", як ён у думках называе ўдзельнікаў півошчынскага бунту. Рабская псіхалогія цалкам вынішчае душу, асляпляе нянавісцю настолькі, што раб гатовы знішчыць нават свайго збавіцеля. I са збавіцеля найперш і пачынае вынішчэнне і помсту.
   Захапляючыся смеласцю, адвагай Алеся Загорскага, прызнаючы яго высакароднасць і тое, што "цвэнькае" па-мужыцку, усё роўна некалькі разоў, як заклінанне, Корчак паўтарае:"Хай бы цябе забілі, князь". I ніякія довады, напамін пра тое, што менавіта Алесю Корчак абавязаны сваім выратаваннем ад злюцелага Кроера, на Корчака не падзейнічаў бы. Кандрат Когут слушна гаворыць, што такі напамін пашкодзіў бы, бо Корчак ганарысты: "Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. I раптам— на табе, панская ласка". Псіхалагічна тонка заўважана пісьменнікам, што людзі з рабскай псіхалогіяй, людзі, пазбаўленыя гонару і годнасці, асабліва ганарыстыя і зласлівыя. Грыня Паківач перасцерагае Корчака: "Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць". Марная перасцярога: хто згубіў па мяць — згубіў усё.
   Мінулае ў рамане не толькі вучыць, а перасцерагае пра вялікую небяспеку прышэсця да ўлады злюцелых рабоў. Грыня Паківач даводзіць, што Корчак, калі б стаўся панам, быў бы не лепшы за Кроера: "Няма горш, як з хама пан…". "Шэрым князем" назваў Корчака і Кандрат Когут: "Каб табе ягоную (Алесеву) сілу — мы б праз тыдзень уплакаліся б. Крывёю сплылі". Бяспамяцтва, чорная няўдзячнасць і злюцеласць Корчака-хама ўражвае. Асабліва ў эпізодзе яго расправы з Раўбічам, з якога вырашыў пачаць "народную помсту", каб падвысіць свой аўтарытэт "мсціўца". Стоячы звязаным перад Корчакам, церпячы ад яго жудасныя здзекі і ў думках падрыхтаваўшыся да немінучай смерці, Яраш Раўбіч душыўся ад злосці на самога сябе: "Так па-дурному трапіць! … Усе гады пакутваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання…" Яшчэ адна прычын а дзікунскага намеру Корчака менавіта з такіх, як Раўбіч, пачаць "народную помсту" — тое, што ў Раўбіча была зброя, шмат зброі. Бо рыхтаваўся закалат супраць царызму, прыгону.
   Хваляванне аўтара перадаецца і чытачу: ці змогуць зліцца дзве асобныя ручаіны і плыні, народ і шляхта, у магутным рэчышчы, каб знесці ненавісны царызм і прыгон? На гэтае пытанне адказала сама гісторыя: гэтыя плыні так і не змаглі аб’яднацца. Прыгоннае сялянства ў 186З г. нярэдка выступала супраць паўстанцаў — шляхціцаў, не разумеючы іх мэт, не забываючы свае спрадвечныя крыўды. Гэта дазволіла Мураўёву-вешальніку хітра скарыстаць мужыкоў, аб’явіўшы, быццам шляхта была супраць адмены прыгону і таму з’яўляецца іх найпершым ворагам.
   Адметнасцю стылю У. Караткевіча з’яўляецца майстэрства, з якім ён стварае станоўчага героя, што валодае незвычайнай сілай уздзеяння на чытача. I ў гэтым "роўнага яму няма і наўрад ці будзе" ў нашай літаратуры.
   Цэнтральная праблема і ідэя нацыянальнага адраджэння вырашаецца і рэалізуецца пісьменнікам найперш праз вобраз Алеся Загорскага, якім "цэментуецца" сюжэт рамана "Каласы пад сярпом тваім". Гэтым вобразам пісьменнік адказвае на пытанне, што неабходна, каб абудзіць народ ад сну, каб зварушыць "дух народны", рэалізаваць лепшыя якасці і сілу народную. Пісьменніцкая пазіцыя ў рамане відавочная: гісторыю творыць не толькі народ, але і канкрэтныя асобы — патрыёты, моцныя і незвычайныя, здольныя сілай свайго розуму і бязмежнай любові да народа паўздзейнічаць на яго і пазваць за сабой.
   Такім у рамане паўстае перад намі Алесь Загорскі. Мяркуецца, што прататыпам вобраза з’яўляецца паплечнік К. Каліноўскага Валерый Урублеўскі. Караткевіч як тонкі псіхолаг добра разумеў, што нічога выпадковага на свеце не бывае, што ўсё мае свае вытокі, што модная незвычайная асоба можа з’явіцца толькі ў выключных па сіле ўздзеяння на яе абставінах. Вось чаму ў рамане мноства старонак прысвячаецца "выйсцю крыніц" — мастацкаму даследаванню не толькі вытокаў самога паўстання К. Каліноўскага, але і вытокаў фарміравання моцнай, выключнай Асобы.
   Пісьменнік падрабязна апісвае сям’ю Алеся Загорскага, сапраўдную школу выхавання яго патрыятызму ў час дзядзькавання, уводзіць песню-баладу пра Міколу і Касьяна, песню, пачутую Алесем ад старога Кагута ў дзяцінстве. Белы жарэбчык з балады стаў для хлопчыка сімвалам волі народа, і вобраз гэты быў яму напамінам на ўсё жыццё, што дзеля волі і Бацькаўшчыны можна і трэба паахвяраваць усім. Вялікае месца ў рамане займае апісанне абраду пастрыжэння ў падлеткі, прысягі на вернасць Айчыне і народу. Урокі дабра, справядлівасці, годнасці і гонару атрымаў Алесь найперш у сям’і Кагутоў, замацаваў жа гэтыя ўрокі — ва ўласнай сям’і. Сям’я, сцвярджае 
   У. Караткевіч, — выток людскасці ў чалавеку, першакрыніца ўсяго. Урокі ўдзячнасці народу атрымаў Алесь ад свайго бацькі Юрыя Загорскага і ў час пастрыжэння ў падлеткі, калі той шчодра аддзячыў усёй сям’і Кагутоў за выхаванне ў яго сыне самых вартых чалавека пачуццяў. Урокі трывогі за свой народ, за яго выміранне ("выміраем, Алеська, выміраем!") атрымаў ад дзеда — старога Вежы. I не толькі ўрокі спагады, але і канкрэтных спраў для разняволення народа. 
   Вежа падтрымаў прапанову Юліяна Раткевіча адмяніць прыгон, але большасць шляхты на дваранскай зборні прагаласавала супраць. Пра гэта дзед з горыччу і нянавісцю расказваў унуку: "Ваські Вашчылы на іх няма!" Вялікае ўздзеянне на падлетка аказала і наведанне з бацькам радавога склепа. Быццам сіла продкаў улілася ў яго з бацькавым наказам берагчы гэтую зямлю і магілы продкаў як святыні і з пажаданнем, каб ніякая сіла не здолела гэтыя святыні парушыць і адняць.
   Моцная асоба вызначаецца не толькі мэтамі і настойлівай упартасцю, з якой яна ідзе да мэты, але і… слабасцю. Пісьменнік надзяліў свайго героя як незвычайнай сілай, так і высокай эмацыянальнай культурай. Чалавека вызначае не толькі непахіснасць, воля, не толькі тое, з- за чаго ён радуецца, але і тое, над чым ён абліваецца слязьмі. 
   Тройчы ў рамане мы бачым Алеся, калі ён плача. Першы — калі слухаў песню Кагута; другі — калі глядзеў спектакль у прыгонным тэатры свайго дзеда і пасля якога папрасіў у яго вольную для таленавітай артысткі Гелены. Трэці — калі ў Вільні далучыўся не проста да "мудрасці кніжнай", але да духоўнай спадчыны свайго народа і быў ашаломлены яе багаццем. Асаблівае ўражанне і ўздзеянне на яго душу і свядомасць аказала кніга Яна Баршчэўскага "Шляхціц Завальня…".    Усе тры гэтыя моманты знакавыя, паваротныя і вызначальныя для Алеся, бо ў выніку іх ён умацаваўся ў каштоўнасцях, што ўжо былі ў яго душы, — над ім заззяла "высокае неба ідэала". Магчыма, менавіта ў такія моманты "слабасці" і выяўляецца сіла моцнай асобы.
   Моцная асоба выяўляецца не толькі і не столькі пачуццямі, колькі ўчынкамі і справамі. Першым учынкам Алеся было нават не тое, з якой мужнасцю і цярпеннем вытрымліваў ён нагрузкі пасля дзядзькавання, гартуючы сябе для нялёгкага служэння Айчыне, чым здзіўляў нават суровага Вежу. Першы яго ўчынак, які сведчыў, што ён здольны не толькі ўбіраць у сябе дабро, але і аддаваць яго людзям, быў той, калі ён запатрабаваў: "Бацька! Дай Кагутам волю!" Гэтыя словы знакавыя для нашага героя, бо ён усведамляе сваё назначэнне на гэтай зямлі ў тым, каб ужо не прасіць, а даць людзям волю. 
   Наступным самым напружаным момантам у рамане з’яўляецца той, калі падлетак, а не дарослыя мужы, што стаялі побач, схапіў за руку раз’юшанага Кроера і ўратаваў Корчака ад жудаснай смерці.
   I нарэшце акорднай і ў рамане, і ў жыццяпісе Алеся Загорскага з’яўляецца сцэна бойкі ў Святаянскіх мурах, выпісаная Караткевічам у лепшых традыцыях рыцарскіх раманаў. Рыцарам сумлення паўстае перад чытачом Алесь, калі не задумваючыся кідаецца ў бой з тымі, хто цынічна заявіў, што Беларусь — ніякая не краіна, а толькі фарпост паміж Захадам і Усходам, а яго мужыкі — ніякі не народ, а "гной" і быдла, здольнае толькі працаваць на гэтай зямлі і быць яе "гноем". Пісьменнік сцвярджае гэтым момантам тое, што калі чалавек здольны заступіцца за іншага і за святыні, не аддаць іх на ганьбаванне, то ён варты таго, каб называцца Чалавекам.
   Здольнікам не толькі пачуцця, слова, хай сабе і мудрага, трапнага і аблічальнага, а здольнікам дзеяння, справы з’яўляецца герой Караткевіча. Толькі дзякуючы такім асобам народ перастане быць коласам пад сярпом грубай сілы, а стане коласам "пад сярпамі волі, радзімы, паўстання, бітвы". Трагічным будзе тое жніво: магчыма, каласы памруць, але "памруць, каб вырасла новая рунь". У аповесці "Зброя", якая з’яўляецца сюжэтным працягам "Каласоў…" і адначасова самастойным творам, зноў галоўны герой — Алесь Загорскі. Рыцарам сумлення і чалавекам справы зноў паўстае перад намі гэты герой.
   I сюжэт, і лірычныя адступленні, і пейзажныя замалёўкі, і сама назва кнігі — "Сякера пры дрэве" — усё прадказвае, вяшчуе вялікую сечу і жорсткую расправу Мураўёва-вешальніка з удзельнікамі паўстання.
   Узнаўляючы старонкі гераічнага і трагічнага мінулага нашай Бацькаўшчыны, сцвярджаючы ідэю пераемнасці і повязі пакаленняў, вяртаючы народу памяць, Уладзімір Караткевіч стварыў ідэал чалавека незвычайнай прыцягальнай сілы і ўздзеяння. Пісьменнік паказаў, якім павінен быць чалавек, жывучы на гэтай зямлі, што рабіць, каб яна заняла "свой пачэсны пасад між народамі". I ў тым найпершая заслуга Караткевіча. 

Сказать спасибо
( 13 оценок, среднее 2.62 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений