Каласы пад сярпом тваім. Кніга першая. Выйсце крыніц

Уладзімір Караткевіч

   Прамое дзеянне першых дзвюх кніг рамана абмяжоўваецца 1850-1861 гг. (рэтраспекцыі вяртаюць нас і ў больш далёкі час). 
    Галоўным героем рамана з’яўляецца малады князь Алесь Загорскі. Яго жыццяпіс пачынаецца з дзядзькавання ў сялянскай сям’і Кагутоў у Азярышчы. Сутнасць гэтага старадаўняга беларускага звычаю, паводле якога некаторыя дваране аддавалі сваіх дзяцей на выхаванне ў сялянскую сям’ю, выяўлена ў словах старога Кагута: "Каб ведалі, як даецца зямля, каб не збэсціліся на сабаку. Аддавалі, бывала, як толькі чатыры гады дзіцяці. Хто на тры, а хто і на пяць год. І зусім не дапамагалі хлопскай сям’і". Шчодрым было пакормнае ("За тое, што хлопец з’еў") і дзядзькавое (за тое, што "выхоўвалі яго, розуму вучылі"). 
    На ўрачыстасцях пастрыжэння ў падлеткі бацька Алеся Юры Загорскі за тое, што сцены хаты Кагутоў пяць гадоў аберагалі яго сына, што Кагуты вадзілі "яго па зямлі, куды мы ўсе пойдзем", што вучылі яго "быць літасцівым да жывёл, як то належыць чалавеку", даў ім аж 48 дзесяцін зямлі, вызваліўшы яе ад пабору, і яна давеку заставалася за сям’ёй; даў "сем коней-двухгодак і дзве каровы для жанчын". "Дом твой будзе моцны, — сказаў пан Юры. — Пад кожную пяту тваёй хаты і хаты сыноў ты пакладзеш па дзесяць рублёў, бо выхоўваў у працы і поце майго сына. Шэсць сыноў — дзвесце сорак рублёў…" 
    Пісьменнік, скіроўваючы нашу ўвагу на тое, што менавіта ў дзяцінстве і юнацтве ў чалавека закладваецца падмурак душы, падрабязна апісвае два моманты з жыцця Алеся на дзядзькаванні, каб мы мелі поўнае ўяўленне пра тое, якім быў той падмурак, якія ўрокі атрымаў Алесь на ўсё жыццё ў сям’і Кагутоў. 
    …Дзеці пабіліся. Стары Кагут адразу пацікавіўся, хто першы палез у бойку. Калі пачуў, што Алесь, — супакоіўся, бо дзяцей вучылі: "Пакормнага панскага сына не біць і першым з ім біцца не лезці". Свядомыя ўрокі людскасці і чалавечай годнасці Алесь атрымаў у сялянскай сям’і. 
    Сваю апошнюю навуку Алесю стары Кагут выявіў у песні-паданні пра Міколу і Касьяна. 
    …На зямлю Дняпроўскую і Сожскую паслаў Бог сваіх апосталаў, каб дазналіся прычын няшчасцяў у тым краі. Ад убачанага "ў Міколы заходзіцца сэрца", бо панства "горш за цароў турэцкіх, басурманы не так лютуюць"… Касьян жа сцвярджаў, што "кожны заслужыў свайго пана", што "хлопы лепшага пана не варты: п’юць гарэлку, бярвенні крадуць…" і ўжо збіраліся яны вярнуцца на неба, як пачулі хрыпы, стогны. Жарабілася кабыла: "быццам просячы дапамогі, пацягнулася да святога". І Касьян папярэдзіў Міколу, што да Бога трэба прыйсці чыстым, а кабыле той найлепей здохнуць, чым так пакутаваць. Мікола ж не паслухаў, дапамог — і "мокры цёплы белы жарэбчык мякка лёг у Міколавы рукі". На Міколу Бог раззлаваўся, калі ўбачыў яго брудным, крывёю запэцканым. І Касьян засмяяўся, што Мікола не паслухаў яго і забыўся на чыстае адзенне, у якім толькі і з’яўляюцца перад Богам. 
    Расказаў Мікола ўсё пра кабылу, пра зямлю, пра бедныя вёскі, пра тое, як "мужыкі на зямлі азёрнай усю салому са стрэх паздзіралі, усю кару з сасонак паелі". Прысуд Бога быў такі: Міколу — "кожны год два вялікія святы", каб яго "славілі людзі", а Касьяну — "дзень апошні, дваццаць дзевяты ў лютым месяцы…" Бог паабяцаў, што прыйдзе час — і ён з’явіцца, каб "ратаваць свае белыя землі". Вырасце белы жарэбчык, і на ім прыедзе Бог… 
    "Песня таемная", якую "не пры ўсіх нават сваіх можна" спець, настолькі ўразіла хлопчыка, што "паветра шумна вырвалася з Алесевых грудзей". Саромеючыся сваіх слёз, ён пабег на дняпроўскі адхон і там даў волю сваім пачуццям. 
    І сустрэча з інсургентам 31-га года Чорным Войнам, які хаваўся ад пераследу ў лясах і рыхтаваў "закалат" супраць царызму, таксама паўплывала на Алеся.
    Моцна засмуціў Алесь сваю маці тым, што забыў французскую мову, а некалі "гаварыў, як маленькі парыжанін". Цукаты выплюнуў пад стол: "Нясмачныя твае … марцыпаны". Была здзіўлена маці, калі "маленькі зацкаваны мужычок" споўз пад стол, падняў кавалачак хлеба, пацалаваў яго і сур’ёзна сказаў: "Даруй, Божухна". І зусім па-гаспадарску дадаў: "Пакладзіце гэта, калі ласачка, каню". 
    І пачалося для Алеся зусім новае жыццё: вывучэнне замежных моваў, авалоданне матэматыкай, рыторыкай, прыгожым пісьменствам, фехтаванне і верхавая язда, спасціжэнне гісторыі роду… "Бадай, адно жалезнае, цалкам мужыцкае здароўе дазволіла Алесю вытрымаць усе гэтыя выпрабаванні". 
    Самым інтымным, самым хвалюючым момантам абраду пастрыжэння ў падлеткі было наведанне бацькам і сынам магільні — радавога склепа Загорскіх. На магілах сваіх продкаў, паўтараючы за бацькам словы клятвы, прысягнуў Алесь на вернасць сваёй зямлі і родным магілам. 
    Акордным момантам абраду стала слова-наказ пастрыжонага бацькі Басак-Яроцкага: "З гэтай хвіліны памятай, князь, душа твая належыць толькі Богу і гэтым палям, шабля — ваяводзе справядлівай вайны, жыццё — усім добрым людзям, сэрца — каханай. Але гонар і чэсць — яны належаць толькі табе і больш нікому. Цябе пастрыгаюць у мужы, каб ты быў незалежны з моцным, братні — з роўнымі, памяркоўны і добры з ніжэйшымі… Каб ты быў добры да дзяцей і жанчын, верны для сяброў і страшны для ворагаў, бо ты муж і зброя дадзена табе для таго, каб ты быў мужам і каб той, хто абразіў цябе, ніколі не абышоўся пустымі прабачэннямі…" 
    З нагоды пастрыжэння Алеся ў падлеткі ў палацы Загорскіх быў наладжаны баль, на які з’ехалася ўся навакольная шляхта: пані Клейна, якая звярнула ўвагу Алеся тым, што размаўляла па-мужыцку; Раўбічы, пра якіх ён многа дзівоснага, таемнага чуў яшчэ на дзядзькаванні ў Кагутоў; граф Ісленьеў, які ў маладосці быў дзекабрыстам… 
    З запрошаных не з’явіліся толькі дзед Алеся Даніла Вежа і памешчык Кроер… Дзед Вежа з віншаваннем і падарункамі прыслаў свайго малочнага брата вольнаадпушчаніка Кандрація, якому было вельмі няёмка і складана патлумачваць, чаму ў такі ўрачысты момант не з’явіўся ўсімі паважаны Вежа. І каб супакоіць Антаніду Загорскую, што Вежа не злуецца на іх, вымушаны быў празнацца: "Ён сказаў… Ён сказаў… "Халуі ўсе". Усе — гэта шляхта, да якой Вежа ставіўся з пагардай. Ён пагарджаў суседзямі. Раздураныя бабы! Халуі! Пагарджаў іх цярпеннем, рабалепствам і поўзаннем перад моцнымі. Пагарджаў іх норавамі і звычаямі, прагай да роскашы і блуду: "Яго добрыя якасці былі прыродныя. Яго недахопы — недахопы стагоддзя. Усе яго паважалі і баяліся як агню". 
    А ўсё пачалося ў 1794 годзе, кал і новаспечаная прыдняпроўская памешчыца Зубава папрасіла ў імператрыцы дазволу здаваць сваіх магілёўскіх сялян у рэкруты замест сялян з яе разанскіх вотчын. Дазвол далі. Даніла Вежа абурыўся такой несправядлівасцю: чаму ўдвая павінны ісці ў салдаты тыя, хто яшчэ 22 гады таму зусім не ведаў рэкруцтва? Што ж, выходзіць, мы не родныя дзеці? Па прыкладу Зубавай ад дзёрзкіх магілёўскіх сялян пачалі пазбаўляцца такім чынам яшчэ трое паноў, у якіх маёнткі былі і ў Прыдняпроўі, і за яго межамі. І тады Даніла не сцярпеў. Ён скарыстаў губернскі баль і выклікаў усіх трох. Аднаму даў поўху, другому кінуў у твар пальчатку. І ніякія ўгаворы сяброў не спынілі Вежу, а на іх довады, чаму выхадкай Зубавай ён толькі абураўся, адказаў, што яна жанчына, ёй самі мужыкі чырвонага пеўня падпусцяць, калі будзе і далей так рабіць. 
    Назаўтра дваіх ён паклаў стрэламі з пісталета, а трэцяму пракалоў шпагай грудзі. Новы звычай вывеўся адразу, нават Зубава вымушана была адступіць. 
    Даніла Вежа зняверыўся ва ўсім і ва ўсіх. І ўсё ж паступова яго душа пачынае адраджацца менавіта пад уздзеяннем Алеся, бо ў ім ён ўбачыў не толькі працяг сябе на гэтай зямлі, але і сілу, што здольна не разбураць, як яго сіла, але ствараць. На пытанне Алеся, што было на губернскай дваранскай зборні, на якой галасавалі па прапанове Юліяна Раткевіча за адмену прыгону, Вежа аж пачырванеў: "А што ў іх за душой? Расея ў іх за душою? Польшча ў іх за душою?! Свая зямля?! Польшчу яны прапілі. Расея для іх — чарналапатніца, свая зямля ім — мачаха. Сволач пан, кругом сволач… Ваські Вашчылы на іх мала, Ямелькі Пугача, Ромкі Ракутовіча на іх паскудныя шыі!" Вынік таго галасавання быў такі: за адмену — 206, супраць — 187. Каб прапанова пра адмену прыгону прайшла, трэба было не менш за 262 галасы. Шары гэтых 187 грукалі для Вежы страшна: "як камяні па труне". 
    Найбольшая скруха Вежы — па нацыі, якая вымірае: "Выміраем, Алесь. Не дай Бог толькі дажыць. Ні табе, майму ўнуку, ні твайму ўнуку. …У Сухадоле два гады таму назад было мужчын дзве тысячы без дзвюхсот, жанчын — паўтары тысячы ды сотня. Першая адзнака! І ў гэтым годзе нарадзілася 159 чалавек, а памерла 287. На 118 чалавек стала меней. І так амаль кожны год. З году ў год, сыне…" 
    …Не з’явіўся на баль да Загорскіх і сусед Кроер. Жандарскі паручнік Мусатаў уласнай персонай завітаў у Загоршчыну і паведаміў, што Кроеру не да балю: у адной з яго вёсак, у Півошчах, бунт, давялося нават страляць, ёсць параненыя. Навіна ўзрушыла віцэ-губернатара Ісленьева, ён абураецца тым, што не змаглі прадухіліць бунт, і загадвае паслаць лекара. 
    Гісторыя півошчынскага бунту, які ў творы з’яўляецца знакавым, сімвалічным, такая. 
    У той час, калі па ўсім Прыдняпроўі было два дні паншчыны па чатырнаццаць гадзін, сяляне Кроера працавалі ажно тры дні ад цямна да цямна, а з 15 мая па 15 жніўня — з пяці раніцы да заходу сонца. Згон жа павінен быў аплачвацца панам ад 20 да 25 капеек срэбрам. І вось Кроер учыніў півошчынцам згон, бо гарачая пара не чакала. У канцы трэцяга дня згона Кроераў аконам аб’явіў, што згон не будзе аплачаны, што не будуць плаціць і надалей. Так Кроер папраўляў сваё становішча: карты, рулетка, разгул, паездкі за мяжу патрабавалі многа выдаткаў. 
    І хоць усе ўжо даўно ў думках размеркавалі тыя капейкі, за якія пралівалі пот, усё ж маўкліва стаялі і слухалі аконама, не асмельваючыся пратэставаць, бо помнілі, што яшчэ раней лупцавалі на стайні тых, хто спрабаваў бурчаць. Аконам быў нават збянтэжаны такім нечаканым паваротам, бо атрымаў загад ад пана ў выпадку чаго пайсці на маленькія ўступкі. Ён нават першы прапанаваў 5 капеек на дзень. І тады ўжо самы стары селянін Янка Губа нагадаў аконаму пра "спрадвеку ўсталяванае". Аконама раззлаваў напамін Губы пра чалавечую годнасць і правы мужыка: "Тады хрэна вам, а не хлеба. Жарыце зямлю… Хто яшчэ пагражаць будзе? Хто? Халуі бязмозглыя!.." Падліла масла ў агонь і пагроза аконама запісаць зачыншчыкаў. Абураныя людзі купчыліся вакол Губы. Асмеліўся спытацца "За што?!" Васіль Гарлач. Да яго далучыўся Корчак. Пагрозы і знявагі скончыліся тым, што аконам сцёбнуў старога Губу па згорбленай спіне. Сітуацыя дасягнула кульмінацыі, калі рахманы, паважна-маўклівы Корчак зрабіў тое, чаго ад яго ніхто не чакаў: вілы, папушчаныя ім, прасвісталі ў паветры і ўпіліся ў зямлю між расстаўленых аконамавых ног. 
    Крык ап’яніў людзей. Натоўп раз’юшыўся, усе асмялелі. Заклік спаліць Кроеравы сцірты спадабаўся ўсім. Натоўп зароў і пачаў помсту. 
    …Спаліўшы збожжа, людзі вярнуліся ў вёску і сталі чакаць, што будзе. 
    Жадаючы праславіцца, Мусатаў вырашыў утаймаваць бунтаўшчыкоў з дапамогай усяго дзесяці вартаўнікоў з маёнтка. Пакора, з якой сустрэлі яго ўжо астуджаныя людзі, нават не спадабалася Мусатаву: толькі б не рухнулі на калені! І тады, каб раз’ятрыць людзей настолькі, як яму было неабходна для славы і адначасова для поўнай сваёй бяспекі, ён пагразіў забраць у бунтаўшчыкоў іх збожжа. Мусатаў зразумеў, што перагнуў (бойкі ён не хацеў, хацеў толькі абурэння, пры якім можна было б страляць паўзверх галоў), калі ў яго паляцелі камяні, калі натоўп зароў. Давялося аддаць загад страляць. Натоўп, у амаль шэсцьсот чалавек, кінуўся ўцякаць, топчучы тых, што ўпалі. 
    Дарэмна паранены Корчак стараўся спыніць натоўп. З жахам і гневам глядзеў ён у бязглуздыя пашыраныя вочы ўцекачоў. І ён пабег таксама, хаця не баяўся: гнеў, якога ён дагэтуль не ведаў у сабе, быў мацнейшы за жах. Ён бег, усхліпваючы ад злосці: "Баязліўцы… Сволачы…" 
    Сваяк Цыпрук Лапата з Азярышча пераправіў параненага Корчака да млынара і траўніка Грыні Паківача. Мудра даводзіць ён Корчаку, што півошчынцы пакуль "быдлячая чарада": "Палезлі і наклалі ўсім сялом у парткі", бо "кожнаму свая шкура даражэй… Калі не зменіцеся — так вам да веку быдлам і быць". Яшчэ Грыня паведаміў Корчаку, што "ў Півошчах зажывошчы": усіх абараніў Ісленьеў, таму нікога не ўзялі, Кроера выоікалі да самога губернатара — "вярнуўся злосны як сабака". 
    Злосць на ўцекачоў саступіла ў душы Корчака нянавісці да ўсіх багатых. Сустрэўшы аднойчы ў лесе купку дзяцей, ён пазнаў траюраднага пляменніка Кроера — Алеся. Сціскаючы ў руках дубальтоўку, сказаў Грышо: "Гэтага б … Іх усіх — пад корань… панянят, княжат…" Грыня перасцерагае Корчака: "Ды і самі яны чым вінаватыя, дзеці? Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць". 
    Корчаку давядзецца праз некалькі месяцаў яшчэ раз сустрэцца з пляменнікам Кроера. Кроер наладзіў спектакль са сваім пахаваннем, каб сабраць усіх суседзяў, "бо іначай не прыехалі б". Прывітаўшыся са шваграм, "мярцвяк" сеў у труне, навёўшы на ўсіх жах. Загорскія з Біскуповічамі, пакідаючы маёнтак Кроера, сталі сведкамі дзікай расправы. Кроеру паведамілі, што ўдалося паймаць Корчака. І ўсе паны стаялі і глядзелі, як Кроер біў карбачом па твары звязанага Корчака. Дзесяць, дваццаць, сорак удараў… Алесь глядзеў на расправу шалёнымі вачыма. Білі звязанага чалавека, які не мог бараніцца… 
    Удары падалі, як па сэрцы. І тады, сам не разумеючы, што ён робіць, падлетак кінуўся да Кроера і падставіў руку. Яму ўдалося вырваць акрываўлены бізун з рук дарослага, а потым размахнуўся і дзяржальнам з усяе сілы, упершыню ў жыцці, уляпіў у перакошаны твар. 
    І тут ужо за сына заступіўся пан Юры. 
    Тры дні пасля гэтага Кроераўшчына захлыналася ў віне. Гэта быў неўтаймаваны страшны разгул. 
    Так закончылася гісторыя Півошчынскага бунту, у якім знак наканаванасці разгрому паўстання Кастуся Каліноўскага. "Буйным планам" "схоплены" волат, асілак, мужыцкі нар Корчак, якога "чакае Сібір, смерць у рудніках". Патрабуючы ад свайго бацькі вольнай для Кагутоў, а ад дзеда Вежы для таленавітай артысткі яго прыгоннага тэатра — Гелены, уратаваўшы Корчака ад жудаснай смерці, Алесь пакуль не можа даць яму і ўсім, каго любіць, волю. Белы жарэбчык — як сімвал волі — яшчэ недзе падрастае. Будучыня народа быццам мора, у якое мы нясём "усё добрае і злое, што мы бачылі, мы нясём у яго сваё жыццё, нават болей — сваю душу". І кожны, як рака, упадае ў тое мора па-свойму. 
    На шляху Алеся да таго мора, у якое ён увальецца, "як струменьчык вады ў сердалікавую бухту", будзе мноства падзей і людзей. І ўсе яны так ці інакш паўплываюць на яго душу, узбагацяць яго, як ён узбагаціць сваёй душой тое мора… 
    Каб даць нешта іншым, трэба валодаць ім самому. Трэба быць дужым, каб дапамагчы іншым. Набіраючы сілу і дужасць, Алесь пастаянна робіць адкрыцці. У магільні продкаў бацька сказаў Алесю: "У іншых ёсць імя — у нас няма нічога, акрамя магіл". Узаеміны з дзедам, запіс Алесем яго думак: "Аб уладах зямных і незямных", спектакль у тэатры Вежы, пазней — разгадка таямніцы "чарадзея" Раўбіча, якім зацікавіўся Мусатаў, паслуга Алеся параненаму Чорнаму Войну прыводзяць юнака да пераканання, што ў яго народа ёсць гісторыя, а самае галоўнае — імя. Імя вельмі даўняе, зараз яно наогул пад забаронай, але яно ёсць! "Ёсць імя. Не адны магілы. Імя таксама ёсць, забытае, састарэлае. Але ж ёсць". 
    Знойдзеная ў дзедавай бібліятэцы кніга Яна Баршчэўскага "Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях" была для Алеся пацвярджэннем, што не ён адзін адкрыў Мора, што яго радзіма — Беларусь, а ён, як і аўтар кнігі, — беларус. 
    Так паступова Алесь ішоў да невыпадковай выпадковасці, да вызначальнай у сваім жыцці сустрэчы — сустрэчы з Кастусём Каліноўскім. 
    Сапраўды, няма таго ліхога, каб не вынікла на добрае. У галодны год пан Юры і Вежа, ратуючы людзей ад голаду, адпусцілі мужыкоў на гадавы аброк. Хай ідуць з плытамі, хай едуць у звоз, хай дабіраюцца на будову чыгункі, абы не голад. У канцы ліпеня лямант аб дапамозе даляцеў з мястэчка Свіслач, дзе жыла сваячка пані Антаніды. Пан Юры вырашыў дапамагчы ёй насенным збожжам, паслаў яшчэ і 300 рублёў грошай на выпадак сапраўднага голаду, каб хоць раз на дзень карміць гарачым дзяцей, жанчын (у сваячкі было каля 80 душ) . 
    Праводзіў абоз Алесь. Свіслацкі кірмаш прывёў Алеся да высновы: "Краіна была багатая. Краіну чакаў голад".. 
    Невысокі, каржакаваты, з цёмна-русымі прыгожымі валасамі падлетак, выслухаўшы песню сляпога лірніка і ўздыхнуўшы, кінуў на ліру тры медныя капейкі, Алесь жа намерыўся пакласці срэбны паўрубель, чым моцна раззлаваў незнаёмца. Высвятленне адносін, довад юнака, што "не тыя паны, што грошы маюць, а тыя, што Бога знаюць", скончыліся бойкай. На сваё пытанне, хто ён такі, гэты падлетак, Алесь "пачуў такое, што аж вочы сталі круглыя ад здзіўлення: "Беларус". Гэтае слова, быццам пароль, вызначыла іх узаеміны, аб’яднала дзве душы. Алесь Загорскі і Кастусь Каліноўскі пасябравалі той хуткай дружбай падлеткаў, што ўзнікае нечакана, а застаецца надоўга. Часам на ўсё жыццё. 
    У 13 год Алесь паступіў у Віленскую гімназію. Час той быў страшны і цяжкі. Уся неабдымная імперыя дранцвела ад жахлівага палітычнага марозу. Казаць дазвалялася толькі пану, любіць — толькі праваслаўе і імператара, ненавідзець — вальнадумцаў. Пяцьдзесят трэці год зноў прынёс неўраджай. Людзі галадалі. Цар ведаў гэта, але не хацеў нічым памагчы зямлі, жыхары якой дайшлі да апошняй ступені галечы і прыніжэння. 
    Вільня нагадвала казарму або бальніцу. Алесь нават хацеў папрасіць бацькоў, каб забралі яго адсюль. Але пасля таго, як Мсціслаў Маеўскі прывёў да яго сяброў: Петрака Ясюкевіча, Усяслава Грыму і Мацея Біскуповіча — нават узрадаваўся, што не ўцёк адсюль. Хлопцы прынялі Алеся ў "Братэрства чартапалоху і шыпшыны", якое ставіла сваёй мэтай выхаванне карысных Радзіме людзей. Хлопцы чыталі недазволенае (аднойчы ім трапіў рукапіс "Тараса", за адну ноч перапісалі, рагочучы да болю ў жываце), асабліва іх цікавіла гісторыя. Яны адкрывалі сябе! Плакалі над лёсам Ветра, Дубіны, Мурашкі, слухалі аб подзвігах князя Вячкі, Міхала Крычаўскага і князя Давіда з Гарадка… 
    У 1855 г., у жніўні, Алесь атрымаў ліст ад Кастуся Каліноўскага. Алесю ўдалося заклікаць Кастуся, які ехаў на вучобу ў Маскву, у маёнтак Вежы. Па дарозе Алесь расказаў сябру сон дзяцінства пра белае жарабятка. Кастусь настолькі спадабаўся Вежу (хоць ён і кпіў дзеля правакацыі з беларушчыны юнакоў), што князь прапануе Кастусю застацца ў маёнтку да наступнага лета, папрацаваць у яго вясковай школе, зарабіць за год на два гады вучобы. Кастусь жа адказаў, што з абранай ім дарогі "нельга збочваць". І патлумачыў: "Народ наш без багацця, без зямлі, без мовы… І таму варта жыць і сутыкацца з ворагам… Дзяржава — турма". Гэта пераканала Вежу. Вызначальным момантам у абмалёўцы вобраза Кастуся Каліноўскага з’яўляецца яго адказ на пытанне Алеся, як ён ставіцца да Галінкі Кахновай: Кастусь сказаў, што на асабістае ён не мае права, бо яго жыццё яму не належыць. І патлумачыў: "Звычайна ў людзей так. Першае — гэта я, другое — сям’я, родны дом, трэцяе — родны горад, чацвёртае – родная краіна, пятае — родная зямля, роднае Чалавецтва. І кожны любіць сам сябе, амаль усе — сям’ю, большасць — родны горад, частка — радзіму. І толькі адзінкі любяць чалавецтва. Па-сапраўднаму, а не на словах… Яны любяць чалавецтва больш, чым радзіму, радзіму больш, чым родны дом, а ўсё гэта разам — больш за саміх сябе. Яны, разумееш, свабодна аддаюць жыццё і дом і ўсё — для краіны і чалавецтва". 
    На кватэры рэдактара "Кур’ера Віленскага" Адама Кіркора сабраўся "цвет новай віленскай грамады": Каратынскі, Сыракомля, Дунін-Марцінкевіч, Манюшка. 
    Менавіта там у спрэчцы з Ігнаціем Ходзькам Алесь выявіў, бадай, самае галоўнае ў сваім светапоглядзе — усведамленне таго, "што страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце". У цішу ўпала адно толькі Алесева слова: "Прыгон!" і ў цішыні Алесь спяшаўся дагаварыць: "Мы ніколі… Чуеце? Мы ніколі не паддамося ні вам, ні немцам, нікому. І не таму, што мы не любім вас, а таму, што кожны чалавек мае права на роўнае шчасце з другім, а шчасце — толькі ў сваім доме". 
    Самымі пераканальнымі словамі ў спрэчцы з Ходзькам, які адмаўляў права "пяці мільёнаў" на сваю мову і культуру, былі Алесевы словы: "Нам не трэба нічыйго дазволу на тое, каб дыхаць. A пісаць і гаварыць на сваёй мове гэтак натуральна, як дыхаць. Мы не хочам быць нічыім фарпостам". 
    Яскравым сведчаннем таго, што крыніца душы Алеся Загорскага напоўнілася чыстай сцюдзёнай вадой і чакае свайго выйсця, каб памкнуць да Мора, з’яўляецца бойка ў Святаянскіх мурах, выпісаная Уладзімірам Караткевічам у лепшых традыцыях рыцарскіх раманаў. 
    Яму давялося "аднаму супраць сямёх" адстойваць і свой гонар, і гонар свайго народа, сваёй зямлі. Прычыну і сутнасць бойкі вычарпальна вызначыў аднакласнік Алеся Сашка Волгін: "Білі беларуса за тое, што беларус!!!" Лізагуб шыпеў, увесь трасучыся ад ярасці: "Хто вас прымае ўсур’ёз? Хто вас паважае, абыякавыя да сябе людзі?.. Мы вас церпім як фарпост супраць варвараў. Усе вам выказваюць ласку, апякуючы ды прыядноўваючы… Не вякай пра гэты свой "прыгон"… Не вякай пра гэтую сваю "Беларусь"… Ведай, хто цябе церпіць… Ведай, каму ты раб…" 
    У самы крытычны момант бойкі на дапамогу Алесю падаспела "Братэрства шыпшыны і чартапалоху". Братэрства стала сценкай. Неўзабаве бойка выбухнула ў розных канцах калідора, які дрыжаў, быццам у ім грымела кананада. Яшчэ праз колькі гадзін білася ўся гімназія: "Прыйшоў час зводзіць рахункі за ўсе былыя крыўды. За пагарду. За здзеклівыя словы. За ўсё". На абвінавачанне настаўніка Гедыміна, што ўсё пачалося з Алеся, юнак з годнасцю адказаў, што гэта так; што бітвы не было б, калі б настаўнік Крэст спыніў яе ў самам пачатку; што напаў не ён, ён жа вымушаны быў бараніцца. 
    На пагрозу быць выключаным з гімназіі Алесь паабяцаў папрасіць бацькоў, каб яны пасачылі за тым, ці будзе ён выключаны восьмым, адразу за тымі, што ляжаць тут. Адмовішыўся патлумачыць, за што на яго наваліліся і білі сямёра, за што біў ён, цвёрда сказаў: "Але паверце слову двараніна: варта было". Асабліва ўразілі дырэктара Алесевы словы, што ён не толькі не раскайваецца, але "зрабіў бы гэта заўтра. І паслязаўтра". 
    Апошнія два раздзелы першай кнігі прысвячаюцца перамежаванаму, паралельнаму паказу падрыхтоўкі Ярашам Раўбічам і яго аднадумцамі "дваранскага закалату" і вельмі складаных узаемін Алеся са сваёй каханай — Міхалінай Раўбіч. Складанасць узаемін вызначаецца цэлай гамай пачуццяў, што віруюць у іх душах: ад холаду, непаразуменняў, дакораў і папрокаў да пяшчоты, поўнага ўзаемаразумення, цеплыні гармоніі, шчырасці і даверу. 
    У час верхавой прагулкі Алесь нават чытае Міхаліне ліст ад Кастуся Каліноўскага, раскрывае ёй сакрэт дапамогі Кастусю грашыма, якія той не толькі не ўзяў бы, а яшчэ і аблаяў бы, бо вельмі горды. 
    Алесь папрасіў дзеда, каб той праз Ісленьева, яго пецярбургскія сувязі, унёс плату за навучанне Кастуся ва універсітэце на ўвесь тэрмін, а яму там сказалі, быццам "вызвалілі", як ён пра тое і марыў. Тое ж самае Алесь намерваецца зрабіць і са стыпендыяй, калі Кастусь яе не атрымае. Каліноўскі пісаў, што спачатку меў намер паступаць, як і яго брат, на медыцынскі факультэт, але потым вырашыў "прасіцца на юрыдычны, па разраду камеральных навук. Здароўе людзей — гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў". 
    З павагай паглядзела на Алеся Майка, калі пачула ад яго такое прызнанне ў любові да яе: "…Мне дарагі свет і ты. Але радзіма мне даражэй за ўсё. І калі радзіме маёй дрэнна — мне таксама няміла нічога, акрамя радзімы. Не баліць нічыя бяда, акрамя яе бяды. Я тут не на тое, каб дыгнуць нагою ды сказаць "я тут праездам". Я тут нарадзіўся і тут спадзяюся памерці". 
    …Закаханыя заблудзіліся. А неба густа аблажыла чорнымі хмарамі. Маланкі рвалі неба ўсё часцей. Неймавернай сілы ўдар раскалоў неба над іхняй галавой. Калі расплюшчылі вочы — убачылі: пярун кінуў свой распалены молат проста ў вялізны сухі дуб, што стаяў за крокаў дваццаць ад іх.  

Сказать спасибо
( 25 оценок, среднее 4.2 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений