Уладзімір Караткевіч — «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі»)

Уладзімір Караткевіч

  У 1960-1962 гады быў створаны раман "Нельга забыць" ("Леаніды не вернуцца да Зямлі"). Пад назвай "Нельга забыць" ён быў надрукаваны ў часопісе "Полымя". Планавалася выданне кнігі "Леаніды не вернуцца да Зямлі", куды павінны былі ўвайсці аднайменны раман і аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха". Аднак якраз тады ў Маскве пачаліся нападкі на мастакоў-абстракцыяністаў. Кампанія цкавання іншаверцаў перакінулася і ў Мінск. Караткевіча абвінавацілі ў абстрактным гуманізме і ў іншых грахах. У выніку восенню 1963 года набор кнігі быў рассыпаны. Асобнае кніжнае выданне рамана з’явілася на беларускай мове толькі ў 1982 годзе, праз дваццаць гадоў пасля першадруку.
  Адкрываецца твор псіхалагічна насычаным і дынамічным пралогам, дзе пісьменнік, абапіраючыся на сямейнае паданне пра свайго родзіча, удзельніка паўстання 1863 года, апісвае той час, калі паўстанне ўжо затухала. Тым не менш паром на Дняпры ахоўваўся ротай салдат. Тут, у бурлівую жнівеньскую ноч 1863 года, і разгортваюцца трагічныя падзеі.
  Сімвалічным з’яўляецца месца дзеяння: паром, які яднае два берагі. Сімвалічным з’яўляецца і час дзеяння: "рабінавая ноч", калі, як тлумачаць на Рагачоўшчыне, "чэрці выходзяць з пекла, каб адзначыць нейкае сваё важнае свята, а Ілля-прарок, даведаўшыся пра гэта, "паліць іх, нячыстых, перунамі". Шматлікія народныя календары тлумачаць таксама, што ў такую ноч нібыта з’ядноўваюцца сілы прыроды, каб даць адпор "нячыстай сіле".
  Начальнікам заслона прызначаны Пора-Леановіч, капітан, беларус па паходжанні. У дапамогу яму прыслалі на кардон капітана Горава, рускага, карэннага масквіча. Гораў не падазраваў, што ён знаходзіцца тут для перасцярогі, бо Пора-Леановічу, як выхадцу з тутэйшых зямель, камандаванне не давярала. Але калі Гораў, увогуле сумленны чалавек, наіўна верыў у дабрачыннасць манарха і ў разумнасць існаваўшага ладу, то Пора-Леановіч — фігура трагічная, складаная і супярэчлівая. Усведамленне віны перад народам, якому ён здрадзіў, пякучы боль за зняважаную і прыгнечаную родную зямлю нараджалі ў яго пакалечанай душы гнеў і пагарду да сябе і да ўсяго свету. Вось чаму ў яго прызнаннях і выказваннях так многа з’едлівага сарказму, горкай іроніі і цынізму: "Ідзі па трупах, і добра табе будзе. З людзьмі ўсякія сродкі добрыя. Здрада, атрута, данос, а пасля нож, бізун, турма… I не трэба саромецца… Галоўнае — стаць на той бок, які выйграе". Ён не мог да канца задушыць у сабе голас сумлення. Духоўна надломлены і спустошаны, па-ранейшаму працягваў іграць ролю чалавека, абыякавага да ўсякай маралі, да жыцця і людзей. Падпарадкоўваючыся статуту, Пора-Леановіч не перапраўляе праз бурлівую раку жонку кіраўніка аднаго з паўстанцкіх атрадаў Усяслава Грынкевіча, якая везла асуджанаму на смерць мужу памілаванне. Граф Мураўёў, які хацеў, каб яго лічылі высакародным, дае памілаванне мужу гэтай прыгожай жанчыны, а сам пасылае фельд’егера з загадам хутчэй пакараць Грынкевіча, загадваючы пры гэтым Пора-Леановічу затрымаць на пераправе ягоную жонку.
  Усяго гэтага не ведаў Юрый Гораў. Употай ад Пора-Леановіча на чаўне ён перапраўляе праз раку жанчыну. Але ўжо было позна. Усвядоміўшы тое, што здарылася, Гораў выклікае на дуэль Пора-Леановіча і забівае яго. Паміраючы, Пора-Леановіч прамаўляе: "Дзякуй вам… Дзякуй…" Перад самай смерцю ён зведаў хвіліны духоўнага ачышчэння і адначасова адчуў фатальную наканаванасць, непазбежнасць сваёй смерці.
  Паром і жахлівая вераб’іная ноч былі, як піша пісьменнік, водападзелам жыцця Горава. Ён пайшоў у адстаўку.
  Праз тры гады пасля гэтага здарэння Гораў вяртаўся з палявання. I раптам у начным небе з’явіліся тысячы знічак: адны знікалі, іх змянялі другія. Знікалі знічкі — Леаніды, знікаў халодны фосфарна-зялёны зорны дождж, які павінен падаць на Зямлю праз кожныя трыццаць тры гады. I вуснамі свайго героя аўтар гаворыць: "Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з’явяцца нашы браты, ці з’явімся мы самі на зямлі яшчэ раз… Леаніды! Сэрца жадае вас". Леаніды не вярнуліся ў дзевяноста дзевятым годзе, напярэдадні XX стагоддзя, не вернуцца, пакуль ёсць на Зямлі войны, смерць, зло, боль і несправядлівасць.
  Гэты пралог з’яўляецца нібы сувязным звяном паміж мінуўшчынай і сучаснасцю, паміж лёсам жонкі Грынкевіча і Горава і іх далёкіх нашчадкаў, Ірыны Горавай і Андрэя Грынкевіча, якія жылі амаль што праз сто гадоў пасля таго здарэння на пароме. Знічкі хоць і знікаюць, але ў бясконцай галактыцы доўга мігціць яшчэ іхняе святло, якое ўвасабляе неабходнасць абнаўлення жыцця, яго бясконцасць, прыгажосць і драматызм. Чалавек як знічка. Ён знікае, але і пасля смерці для нашчадкаў свеціць святлом сваіх спраў.
  Асноўныя падзеі рамана "Нельга забыць" ("Леаніды не вернуцца да Зямлі") разгортваюцца ў 50-я гады, пераважна ў Маскве. Андрэй Грынкевіч, малады беларускі паэт і сцэнарыст, прыязджае ў Маскву на вучобу. Ён ужо мае за плячыма суровыя гады вайны, нялёгкае пасляваеннае жыццё. А потым прыйшло да Андрэя вялікае каханне. Але дзяўчына, з якой ён збіраецца ажаніцца, гіне ў аўтамабільнай катастрофе. Гэта трагічная падзея наклала прыкметны адбітак на далейшы лёс героя: "Ён як быццам застыў у сваім шчасці і горы". Ішлі гады… "З чужога погляду ён жыў гэтыя дзесяць год звычайным жыццём звычайнага чалавека. Вучыўся, скончыў універсітэт, працаваў, пісаў вершы, дабіўся некаторых поспехаў". I хоць потым у Андрэя былі дзяўчаты, хоць многім ён падабаўся і некаторыя падабаліся яму, яго мучыў успамін, і ён па-ранейшаму заставаўся адзін. Але сэрца прагнула жаночай ласкі і цеплыні. Шчодрае і добрае, яно і само магло сагрэць іншыя душы.
  I вось на жыццёвым шляху Андрэя стаў "яшчэ адзін добры і разумны, відаць, гарманічны чалавек" — Ірына Горава, выкладчыца гісторыі мастацтва ў той творчай установе, дзе вучыўся Андрэй. Яны пакахалі адно аднаго. Але ў Ірыны сваё мінулае — у вайну страціла каханага. Старэйшая за Андрэя, яна была замужам. Пісьменнік праўдзіва раскрыў складаную і супярэчлівую гаму пачуццяў закаханых, стварыў непаўторныя вобразы, па-майстэрску паказаў каханне двух духоўна прыгожых людзей.
  Што ж аб’яднала і зблізіла Андрэя і Ірыну? Хутчэй за ўсё — блізкасць і роднаснасць душ. Муж Ірыны далікатны, разумны, уважлівы да яе. Але ў іх няма ўзаемаразумення. Ірына ўпотай, не прызнаючыся нават сабе ў гэтым, прымірылася з такім існаваннем.
  Андрэя і Ірыну аб’ядналі не толькі духоўная блізкасць, агульнасць інтарэсаў (шчырае і моцнае захапленне жывапісам) і падабенства лёсу (абодва страцілі блізкіх людзей), але і тая крыху рамантычная і незвычайная сустрэча іх прабабкі і прадзеда ў далёкую бурлівую ноч 1863 года.
  Андрэй сустрэўся з мужам Ірыны. I на пытанне, што ён, Андрэй, можа даць ёй, адказвае: "Але і зараз… і да канца дзён я дам ёй самае патрэбнае: цеплыню… Відаць, няма ў вас нечага даравальнага і добрага. Таму яна і пацягнулася да мяне". Сваёй дабратой і душэўнай цеплынёй Андрэй абудзіў у Ірыне каханне, вярнуў ёй сілы і веру ў прыгажосць жыцця. Ірыне з ім лёгка і добра. Пасля сустрэчы з Андрэем ёй "раптам вельмі захацелася жыць". Сябар Андрэя Яніс Вайвадс кажа Ірыне: "Кахайце яго, Ірына. Вам пашанцавала. Ён вялікі ў каханні чалавек". Каханне да Ірыны абудзіла і Андрэя, зрабіла яго жыццё паўнакроўным, насычаным і духоўна багатым.
  Праз Андрэя Грынкевіча і іншых герояў рамана Уладзімір Караткевіч імкнуўся заглыбіцца ва ўнутраны свет чалавека, перадаць ягоныя душэўныя парывы, модныя сардэчныя страсці. У хвіліны найвышэйшага ўзрушэння героя аўтар уводзіць у твор вершаваныя тэксты. Напрыклад, велічна, трагічна і ўрачыста гучыць у фінале твора легенда пра Рагнарадзі.
  Раман Уладзіміра Караткевіча "Нельга забыць" ("Леаніды не вернуцца да Зямлі") узнік на хвалі тых перамен, якія адбыліся ў грамадска-палітычным і культурным жыцці нашай краіны пасля выкрыцця культу асобы Сталіна. Як і многія беларускія пісьменнікі, Караткевіч імкнуўся па-новаму асэнсаваць падзеі мінулай вайны і тагачасную рэчаіснасць. Ён закрануў пытанні маральна-этычнага і духоўнага плана, паказаў, які адбітак наклала вайна на душы і характары людзей. Нельга забыць трагічныя і гераічныя дні мінулай вайны, суровым і балючым успамінам яна адклікаецца ў душах людзей.
  Апавядаючы пра дзяцінства Андрэя, пісьменнік стварае цікавыя малюнкі партызанскага жыцця і савецкага тылу. Ірына расказвае пра абарону апалчэнцамі Масквы: вораг быў спынены, але загінуў яе каханы, а сама яна была цяжка паранена. I цяпер сядзіць асколак каля сэрца. Вайна патаемна прысутнічае ў жыцці Андрэевага дзядзькі з Сухадола і старога хірурга Глінскага, які ў вайну быў урачом медсанбата і страціў на вайне жонку. Прафесар Глінскі робіць аперацыю Ірыне. Шчырае і моцнае каханне Андрэя абудзіла ў ёй прагу да жыцця, яна згаджаецца на аперацыю. Праз некаторы час пасля аперацыі Ірына памірае.
  Адчуўшы невымерную горыч страты, Андрэй праклінае ўсіх тых, па чыёй віне ўзнікае вайна. Нельга забыць вайну і ўсё тое, што яна прынесла чалавецтву. Нельга забыць таксама падзеі 1863 года і людзей, якія загінулі за высакародныя ідэі. Гэтыя людзі былі прыгожымі і ў гераізме, і ў каханні. Нельга забыць і тое, што чалавеку патрэбны дабрата і душэўная цеплыня. Яны выратоўваюць яго, надаюць яму сілы і загартоўваюць волю, робяць жыццё прыгожым. Нельга забыць і той сустрэчы продкаў Ірыны і Андрэя, нельга забыць, што ўсё ў жыцці ўзаемазвязана і ад кожнага залежыць многае. I калі памірае чалавек, то з ім памірае цэлы свет.
  "Нельга забыць" ("Леаніды не вернуцца да Зямлі") — раман сацыяльна-псіхалагічны, інтэлектуальны. Галоўнаму герою твора Андрэю Грынкевічу, выхаванаму ва ўмовах грамадскага ўздыму, уласціва абвостранае пачуццё справядлівасці і дабра. Ён абураецца, "што ў курсавых сакратарах не Янка ходзіць, добры, разумны і, галоўнае, чысты, а нейкі Каўтуновіч, палена, палена няструганае, баязлівец і падхалім… ён гучныя словы гаворыць, а я ведаю: словы гэтыя хлусня і здзек". Неадабральна думае пра Стаўрова, прэтэнцыёзнага невука, і Ліпскага, дробную дрэнь. Сытыя і самазадаволеныя, абыякавыя да зямлі і людзей, яны могуць апаганіць любую светлую ідэю. Андрэй не згаджаецца з прафесарам Кальцовым, які "граміў Аксінню з "Ціхага Дона", пратэстуе супраць Пружыніна, які ў сваіх лекцыях рабіў "першым героем рускай гісторыі апрычніка".
  Пісьменнік заклікае паважаць, цаніць і любіць тых людзей, якія робяць жыццё прыгожым і змястоўным, адчуваюць веліч і радасць жыцця, змагаюцца за яго. У гэтым гуманізм і пафас рамана.
  Аленка Століч кажа Андрэю: "Памятаеш, у цара Саламона на пярсцёнку быў надпіс: "Усё праходзіць". Адам Міцкевіч у адным з вершаў пісаў: "Усё праходзіць, толькі не праходзяць слёзы мае". Як бы далей развіваючы сэнс гэтых выслоўяў, Караткевіч сцвярджае, што нішто не знікае з чалавечай памяці, тым больш калі яно вялікае і незвычайнае — ці то каханне, ці то гістарычныя падзеі. А яны ў творах пісьменніка вялікія, значныя і незвычайныя.
  Андрэй Грынкевіч — натура дзейсная і высакародная. У размове з ім маці сцвярджае, што да мужнасці трэба ісці праз ахвяры, часта — праз смерць. На працягу ўсяго твора ён застаецца верным гэтаму прынцыпу. I асновы чалавечага характару, закладзеныя ў дзяцінстве, сталі для яго вызначальнымі і непарушнымі на ўсё жыццё. Выхаваны ў сям’і патомных інтэлігентаў, дзе існавала глыбокая пашана да гісторыі свайго народа, да эстэтычных, маральна-этычных і духоўных набыткаў чалавецтва, Андрэй пачуў ад маці легенду пра чэшскага вучонага Ганку. Яна расказала дзеля таго, каб ён ведаў, чаго іншы раз бывае варты нават і адзін чалавек: "Гэта быў час, калі чэхі пасля шматвяковага нямецкага панавання пачалі абуджацца. Яны захацелі мець сваю культуру, свае кнігі і музыку. А немцы сказалі ім, што нічога такога ў іх не было, а таму і ў будучым не можа быць… Вядома, было. Але за многія стагоддзі ўладары спалілі амаль усе іхнія кнігі. А тыя, што зберагліся, трэба было шукаць. Магчыма, нават гады. А шукаць не было часу. Год ці два вырашалі пытанне аб тым, жыць народу ці не… Калі чалавек вельмі хоча, — збываецца ўсё: дружба, каханне, рух зняволеных… Так і ён знайшоў спачатку адзін вельмі старажытны рукапіс, а потым і другі. I гэта былі кнігі такой паэтычнай сілы, што ўся Чэхія ажыла духам. Яны адкрылі сваю кнігу, такую паэтычную і такую старажытную… Паэты пачалі пісаць вершы, музыкі — ствараць сваю музыку, вучоныя — шукаць другія старажытныя кнігі. I выявілася, што варта было ўзяцца за справу ўсім — і адразу знойдуцца сотні і тысячы прыгожых старых кніг. I галасы фальшывых вучоных змоўклі. I Чэхія стала Чэхіяй". I хоць рукапісы былі геніяльнай па таленце і паэзіі падробкай, але Ганка пайшоў на гэта, бо "ведаў, як цяжка — часта проста немагчыма — абудзіць народ, калі ён засне…".
  Раман мае аўтабіяграфічную аснову. Шмат чаго ад аўтара, ягонай біяграфіі, светаўспрымання, адносін да жыцця і людзей увасобілася ў Андрэю Грынкевічу. Прататыпам Ірыны Горавай магла стаць Ніна Міхайлаўна Молева, выкладчыца Вышэйшых літаратурных курсаў, якой, як згадвалася раней, Уладзімір Караткевіч прысвяціў некаторыя свае вершы са зборніка "Вячэрнія ветразі", а Яніса Вайвадса — латышскі паэт і сябар Караткевіча, аднакурснік па Вышэйшых літаратурных курсах Еранім Стулпан. У навучальнай установе, дзе вучыўся галоўны герой, пазнаюцца Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, у Востраве — родная пісьменніку Орша, у Сухадоле — Рагачоў, дзе часта ён гасцяваў у дзядзькі Ігара Васільевіча Грынкевіча і дзе напісаў многія творы. Аднак і персанажы твора, і мясціны, якія апісваў пісьменнік, пад уздзеяннем ягонай фантазіі набывалі сваё, самастойнае мастацкае жыццё. Вось чаму і сам аўтар на пачатку рамана палічыў патрэбным зазначыць: "Усе імёны і падзеі ў гэтым рамане — выдуманыя. Усякае падабенства з рэальна існуючымі людзьмі з’яўляецца выпадковым".
  Раман "Нельга забыць" ("Леаніды не вернуцца да Зямлі") — першы буйны твор Уладзіміра Караткевіча. У ім пісьменнік хацеў чым шырэй ахапіць жыццё. Аднак гэта часам прыводзіла да непрадуманага выкарыстання фактычнага матэрыялу. Таму ў асобных выпадках сустракаюцца меладраматызм і залітаратуранасць: "Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку", "Дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне", "яму (Андрэю) стала здавацца, што нават руды конь, які скуб непадалёку сухую, забітую зазімкам траву, зразумеў яго і мае ласку глядзець на яго паводзіны з сарказмам і іроніяй", "Сабака паклаў яму на калена галаву, — і гэта была таксама захапляючая радасць". Так, нават пры пэўнай экзальтаванасці і рамантычнай прыўзнятасці вобраза галоўнага героя дысанансам гучыць ягонае прызнанне каханай жанчыне: "Вы прыгожа ясцё… Людзі рэдка прыгожа ядуць. Нават унутрана інтэлігентныя нагадваюць у гэты час то малпу з яблыкам, то тыгра над косткаю".
  Па недаглядзе аўтар іншы раз дапускае супярэчнасці ў дэталях. Напрыклад, у пралогу ён піша: "Гораў быў паранены ў левую руку", "Гораў паспешліва згроб разам з абрусам рэшткі вячэры і выпіўкі. Адной рукой. Правая вісела на перавязі. Яна зусім загаілася". У час двубою Пора-Леановіч папярэджвае, што ён будзе трымаць зброю ў левай руцэ, бо ў Горава "правая не ў парадку". Такім чынам, Гораў быў паранены хутчэй за ўсё ў правую руку.
  Праўда, і прыведзеныя вышэй прыклады выяўляюць у нечым спецыфічна караткевічаўскую манеру пісьма, тое, пра што дакладна сказала Ірына Горава Андрэю Грынкевічу: "Вы такі, што павінны пісаць аб тым, што вось-вось зашчымела і павярнула ў душы, не дбаючы аб стылі, а дбаючы аб тым, каб слова найбольш дакладна выражала тое, што адчуваеш".
  Яны з’яўляюцца заканамерным працягам шматлікіх вартасцей твора. Аўтару, як і галоўнаму герою на ўздыме натхнення, "усе ўдавалася: слова адразу ставала на месца — абцугамі не выцягнеш". Раман прываблівае і чаруе яркімі вобразамі, дакладнымі пейзажнымі замалёўкамі, майстэрствам у перадачы духоўнага стану герояў, іх глыбокіх разважанняў пра мастацтва.
  Псіхалагічна насычаным, эмацыянальным і пластычным пададзена апісанне пачатку буры ў пралогу: "За акном раптам сцямнела. Шалёная віхура праляцела дваром, задзёрла шынель на галаву вартавому, схіліла на страху стайні чорную вольху, і тая затрапятала, сагнуўшыся ў дугу".
  Значную мастацкую напоўненасць мае рэтраспектыўная згадка Пора-Леановіча пра Магілёўскае паўстанне 1661 года.
  Абвостраныя і балючыя пачуцці авалодалі Горавым напярэдадні двубою. Яму здалося, што кнігаўка не проста трывожна крычала "пі-іць, пі-ць", а ў смяротнай скрусе плакала "жы-ыць, жы-ыць". Ён "з жахлівай выразнасцю, як ніколі ў жыцці", убачыў, што "мокрыя травы пакідалі на ботах бледна-зялёныя сцяблінкі і пялёсткі перастаялых кветак". Перад тым як націснуць курок пісталета, ён удыхнуў гаркаватае паветра. Ёмістая, маляўнічая, зладжаная і насычаная мова пралога, які можа існаваць як асобны твор, апавяданне "Паром на бурнай рацэ", і як арганічная частка рамана.
  Лепшыя старонкі твора напісаны добрай прозай. Андрэй Грынкевіч як натура інтэлектуальна і духоўна багатая вызначаецца вытанчанасцю ўспрымання рэчаіснасці і мастацтва, культурай пачуцця. Ён прыносіць не толькі радасць і цеплыню блізкім яму людзям, але, інтуітыўна адчуваючы думкі і пачуцці Ірыны Горавай, здольны ў цяжкія для яе хвіліны пакутаваць і перажываць разам з ёю, а ў крытычныя сітуацыі прыходзіць ёй на дапамогу.
  У сюжэтна-кампазіцыйных адносінах гэты раман мае падабенства з "Паўночнай аповесцю" Канстанціна Паўстоўскага. У Караткевіча, як і ў ягонага папярэдніка, праз сто гадоў сустракаюцца нашчадкі ўдзельнікаў трагічных падзей, і жыццё іх дзівосным чынам пераплятаецца. Аднак Караткевіч пайшоў і сваім шляхам. Думаецца, яму імпанавалі думкі рускага пісьменніка пра тое, што "рамантычная настроенасць не дазваляе чалавеку быць хлуслівым, цёмным, баязлівым і жорсткім", што ў рамантыцы заключаецца высакародная сіла. Якраз у "Паўночнай аповесці", а таксама ў іншых творах Паўстоўскі эмацыянальна апавядаў пра подзвіг, вернае каханне, высакароднасць. Гэта не магло не прывабіць Караткевіча, які глыбока паважаў Паўстоўскага, любіў ягоную творчасць і, абапіраючыся на яе, прыносіў у беларускую літаратуру тое, што мелі ўжо іншыя літаратуры.
  У рамане, пры ўсёй ягонай шматпланавасці, пісьменнік засяродзіў увагу пераважна на духоўных пошуках творчай інтэлігенцыі, на каханні Андрэя Грынкевіча і Ірыны Горавай. Таму, думаецца, беспадстаўна В. Чалмаеў і Я. Герцовіч сцвярджалі, што ягоныя героі адарваныя ад жыцця, што жывуць яны эгаістычнымі і меркантыльнымі інтарэсамі. I нельга не пагадзіцца з Адамам Мальдзісам, які прыхільна сустрэў часопісную публікацыю рамана, сказаў пра плённае выкарыстанне пісьменнікам кніжных традыцый, пра інтэлектуалізм рамана і пра духоўную прыгажосць караткевічаўскіх герояў ("Літаратура і мастацтва", 17 ліпеня 1962 г.). Станоўча ацэньваўся твор таксама іншымі даследчыкамі. Напрыклад, Міхась Тычына, рэцэнзуючы першае кніжнае выданне рамана на беларускай мове, падкрэсліў, што твор вытрымаў выпрабаванне часам, а галоўны герой "паказаў сябе вартым кахання, выявіў і сцвердзіў у сабе чалавечае, высокае, духоўнае, вечнае" ("Полымя", 1983, № 11).

Сказать спасибо
( 3 оценки, среднее 2.33 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений