П’еса была напісана Уладзімірам Караткевічам да стагоддзя з дня нараджэння Янкі Купалы і мае прыкметы твораў "з нагоды", юбілейных. Гэта — некаторая паспешлівасць у вырашэнні канфлікту, элемент урачыстасці, патэтыкі і рыторыкі. Ёсць падставы сцвярджаць, што менавіта гэтая п’еса з’яўляецца лагічным завяршэннем драматургічнага цыклу Уладзіміра Караткевіча. Бо яна даводзіць да пэўнага выніку адну са стрыжнявых ліній тэтралогіі — пошук нацыянальнага характару. Які абарочваецца адначасова і пошукам нацыянальнага героя.
У п’есах Уладзіміра Караткевіча герой-змагар паступова вылучаецца з народнай масы. Спачатку — гэта чалавек дзеяння, барацьбіт, воін. Але ўжо Васіль Вецер спалучае ў сваіх паводзінах не толькі дзеянне, але і мысленне. Ён — не толькі змагар, але і інтэлігент, прадстаўнік адукаванай вясковай эліты. Каліноўскі, у сваю чаргу, і рэвалюцыянер, і агітатар, і публіцыст, і паэт.
І вось перад намі Купала — валадар Слова. Барацьбіт, які галоўнай сваёй зброяй абраў слова. Гэтае слова — перадусім аб Бацькаўшчыне. Яно паступова прабівалася да людзей, каб ператварыць іх з натоўпу ў народ.
Ужо ў п’есе "Званы Віцебска" асэнсоўваецца тэма Радзімы; паўстанцы гавораць не толькі пра веру, але і пра родную мову, традыцыі і звычаі бацькоў. У п’есе "Маці ўрагану" яшчэ больш выразна гучаць матывы занядбанай, зняволенай радзімы, адабранай мовы, знявечанай гістарычнай памяці. Святыя, запаветныя словы ў п’есе "Кастусь Каліноўскі" ставяцца ў сінанімічны шэраг: "І паўсюль, дзе перамагае іхняя сіла, — у мужыкоў зямля, воля, мова, слава. І няма над імі ніякай улады, акрамя іхняй справядлівасці. Няма ўжо ні чыноўніка, ні пана, ні хама. Ёсць — Людзі".
Матывы і вобразы з іншых п’ес Караткевіча пераходзяць у п’есу "Калыска чатырох чараўніц". Напрыклад, той Голас, што гучаў у фінальнай сцэне трагедыі "Маці ўрагану". Тут Голас — персанаж, якога нельга ўбачыць, а можна толькі пачуць. І чуе яго адзіны чалавек — Янка. Пакуль што ён юнак, якому наканавана стаць Паэтам, яшчэ цьмяна здагадваецца, што Голас — яго другое "я". Адначасова гэта голас яго далёкіх папярэднікаў, змагароў і творцаў. Ён жа — прадвеснік яго будучых твораў. Голас набудзе ўпэўненасць і моц у фінале, калі загучаць радкі "Мужыка" — першага верша Купалы на роднай мове.
У Уладзіміра Караткевіча надзіва стракатае перапляценне стыляў -рамантычнага, рэалістычнага і сімвалічнага. Магчыма, гэтая палітра абумоўлена сінтэтычнасцю паэтычнага стылю самога Купалы, да асобы якога звярнуўся драматург. Прынамсі, "Калыска чатырох чараўніц" перапоўнена рэмінісцэнцыямі — матывамі і тэмамі, якія можна знайсці ў купалаўскіх творах.
Чараўніцы, што ладзяць таямнічы абрад варажбы над калыскай нованароджанага Янкі, нагадваюць, безумоўна, містычных персанажаў з купалаўскай "Адвечнай песні". Там горкі лёс сялянскаму сыну прадказваюць Жыццё, Доля, Бяда, Холад і Голад. Яны абвяшчаюць Мужыка і царом, і рабом прыроды.
У творы Караткевіча прысуд варажбітак інакшы. Іх чатыры — Белая, Блакітная, Залатая, Цёмная. Паводле іх прароцтва можна меркаваць, што нованароджаны будзе не такім, як усе, што яму наканавана адметная доля, адначасова і ўзнёслая, і драматычная.
"Ч а ц в ё р т а я. Ён будзе гадамі блукаць упоцемку.
П е р ш а я. І выйдзе на святло.
Ч а ц в ё р т а я. І аслепне ад яго.
Д р у г а я. І выведзе на яго іншых.
Ч а ц в ё р т а я (амаль у ярасці). Ён памрэ далёка ад роднай зямлі.
П е р ш а я. І вернецца ў яе. І давеку застанецца з ёю".
Янка Купала стане відавочцам розных чалавечых драм, і адна з іх разыгрываецца ў п’есе У. Караткевіча. На вачах у хлопца Луцэвіча распадаецца і гіне сям’я Юзука Гладышэўскага, збяднелага арандатара. Тут праглядаецца ўжо фабула драмы Янкі Купалы "Раскіданае гняздо".
Цэнтрам канфлікту п’есы становіцца ўнутраная барацьба, якая адбываецца ў душы маладога Купалы. Істотнае значэнне тут мае выбар мовы, рашэнне Купалы пісаць толькі па-беларуску, прынятае не ў апошнюю чаргу пад уплывам старога рэвалюцыянера Чаховіча.
Значным для самога Купалы і для ўсёй нацыі быў і выбар жыццёвага шляху. Характэрна, што прымаючы рашэнне, Янка ў дыялогу з Маці кажа не пра сваю схільнасць да літаратуры, але пра доўг:
"М а ц і. Лёс не блаславіць цябе, што кідаеш зямлю.
Я н к а. Я кідаю, каб прыйсці да яе. Я іду да гэтай зямлі.
М а ц і. Чаго?
Я н к а. Сплочваць доўг.
М а ц і. Не было ў нас даўгоў.
Я н к а. Нязмерныя нашыя даўгі. Усіх, хто ўмее пісаць і думаць…" .
Гаворка ідзе пра той абавязак інтэлігенцыі перад народам і нацыяй, пра які пазней будуць гаварыць і спрачацца палемісты ў "Нашай ніве", аўтары артыкулаў "Сплачвайце доўг" (Вацлаў Ластоўскі) і "Чаму плача песня наша?" (Янка Купала).
З твора У. Караткевіча бачна, што змаганне, асветніцтва і творчасць — з’явы аднаго плану, з іх разам, а не паасобку вынікае поспех нацыянальнага Адраджэння і росквіту. "Формула гісторыі", вынайдзеная Караткевічам, яго творчы досвед, адкрыты ім мацярык беларускай гісторыі мелі не толькі літаратурны, але і грамадскі рэзананс.