Уладзімір Караткевіч — Сівая легенда

Уладзімір Караткевіч

  Гістарычнай памяццю і патрыятычным зместам прасякнута аповесць "Сівая легенда" (1960), падзеі якой адбываюцца на Магілёўшчыне (галоўным чынам на Рагачоўшчыне ў Кісцянёўскім замку, а ў канцы твора і ў самім Магілёве) у першай трэці XVII стагоддзя, пасля Люблінскай (1569) і Брэсцкай (1596) уній, калі адбывалася паланізацыя беларускага насельніцтва.
  Падзеі і галоўныя героі аповесці народжаны фантазіяй мастака. Выключэнне складае Леў Сапега, які, праўда, толькі эпізадычна прысутнічае ў канцы твора. Аднак аўтар здолеў перадаць атмасферу таго часу, калі частымі былі паўстанні сялян супраць феадальнага прыгнёту.
  Адно з такіх паўстанняў узначаліў Раман Ракутовіч. За яго адмовіўся аддаць замуж сваю прыгонную дзяўчыну памеcны феадал Кізгайла, бо так захацела ягоная жонка Любка, якая кахае Рамана. I тады Раман уздымае сялян на паўстанне. Не толькі асабістая крыўда прымусіла яго пайсці на гэта, але і пратэст супраць сацыяльнага і нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту. Патомны дваранін, ён у простым народзе ўбачыў высокія грамадзянскія і маральныя якасці: "Мужык — станавы хрыбет усяму", — гаворыць Ракутовіч. Вернасць народу азначае для яго вернасць роднай зямлі, Бацькаўшчыне.
  Уладзімір Караткевіч з належнай мерай рамантычнай ідэалізацыі адлюстроўвае тагачасную рэчаіснасць, паказвае працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускага народа, вызначае яго нацыянальны характар. Вывады і назіранні пра беларускі народ пісьменнік укладвае ў вусны швейцарца, наёмнага салдата Канрада Цхакена. Той захапляецца мужнасцю беларусаў, якія здолелі "адбіцца ад татар і сто год, абяскроўленыя, супраціўляліся Літве". Цхакен разважае: "Я не бачыў больш незласлівага, лагоднага і кампанейскага народа. I я не бачыў горшых паноў, чым тыя, што стаяць над ім". I далей зазначае: "Я не бачыў людзей больш ахайных, чым русіны… гэтыя людзі надта адчувальныя да абразы".
  У аповесці дасканала пададзены батальныя сцэны штурму, абароны і захопу замка, яскрава намаляваны хваляванні віруючага натоўпу ў Магілёве. Закранута такая праблема, як падзел беларусаў на каталікоў і праваслаўных (Кізгайла і ягоная жонка Любка). Натуральна гучаць у творы вайсковыя каманды Цхакена пры мушкетнай стральбе яго падначаленых і словы з прашэння беларускага народа на сейм, прачытаныя Раманам. Аповесць насычана патрыятычнай сімволікай. Раман Ракутовіч выступае нібы герой народнага эпасу. У апісанні Рамана як вершніка на белым кані, апранутага ў барвяны плашч, са старадаўнім двухручным мячом у руцэ ўвасобіліся герб "Пагоня" і спалучэнне святых для беларускага патрыятычнага сэрца белага і чырвонага колераў. I потым, калі паўстанне было разгромлена, на гэтай, як піша Караткевіч, "Богам праклятай, лютай, грэшнай зямлі" ганьбаваліся і былі пакараны і сам вершнік, змагар і абаронца людзей, і ягоныя меч і шчыт, і ягоная каханая, якая ўспрымаецца як дзяўчына і як сімвал Беларусі.
  Аповесць "Сівая легенда" гучыць як пратэст супраць дэспатызму, жорсткасці і рэнегацтва, здрады радзіме. Асабліва трагічна паказана пакаранне Ракутовіча і яго каханай Ірыны. Юнаку адсеклі кісці рук, а дзяўчыну асляпілі. Але яны не здрадзілі свайму пачуццю. Нельга не далучыцца да заключных слоў, сказаных Цхакенам: "Божа, злітуйся над зямлёю, што нараджае такіх дзяцей". Так пранікнёна і балюча сказаць пра аслепленую і абязручаную Беларусь мог сапраўдны талент.

Сказать спасибо
( 6 оценок, среднее 4 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений