Уладзіслаў Сыракомля — Прысвячэнне ліцвінам народных гутарак

Уладзіслаў Сыракомля

Браткі мае з-пад Вяллі, з-пад Нёмна
Калі вы рады гаворцы скромнай,
Я пагуду, а вы сядзьце ў кола,
У чаркі стукнем, каб стала вясёла,
А мо ж і выплыве праўда з донца
Ці ўкрадзем ад смутку часціну сонца.

Зляплю я вершык наспех часамі
I падзяліцца спяшаю з вамі,
Бо кожны шчыра так сустракае,
Гатовы слухаць мяне, пустабая.
Дык будзем рады гэтай прыгодзе,
А дзверы, пэўна, замкнуць не шкодзіць,
Каб панічок ці які падпанак
Не пасмяяўся з нашых спяванак.
Мы з вамі, праўда, майстры не надта,
Верш з-пад сякеры, яшчэ шурпаты,
Але слухач скажа ўдзячнае слова,
Сэрца адчуўшы у ім песнярова.

З вамі, браткі, у сярмязе і ў світцы,
Кнізе лягчэй на свет нарадзіцца;
Мужык невучоны хутчэй дазволіць
Прыйсці паслухаць, адкуль нядоля:
Ці Бог карае, ці сам вінаваты,
Ці зазірае радасць дахаты.
Твар то збялее, то ўспыхне агніста, —
У селяніна і ў персях празрыста,
Як на далоні, пачуцці адкрыты,
Лёгка схапіць, запісаць у сшытак.
I калі братняе кола збяру я,
Хто мне нязграбны верш не даруе?!
Хто ніцаваць спеў дзядоў захоча, —
З думкі да думкі, з радка ў радочак?

З панствам вяльможным рахуба не тая, —
Хто іх аблічча, сэрца ўгадае?
Як ім спяваць, заўжды надзіманым, —
Хочуць за грошы тавар без заганы.
Ёсць для іх кніжкі ў залочаных шатах,
Проста з Парыжа, з найлепшых варштатаў.
Дзе нам угнацца за тою бягою —
Адно Парыж, а Літва другое.
Той, каго вабяць пахі з-за межаў,
Што яму водар лугоў нашых свежых?
Ён пасля опер грэбаваць стане
Жаўранка песняй у сонечным ранні!

Сэрца, жыццё я аддаць гатовы,
Пяю табе, мой народ шарачковы,
Толькі з табой спадзяванні злучаю,
Смутак і радасць, хвіліны адчаю.
Подых палёў тваіх лашчыць аблічча,
Песні я ў птаства твайго пазычу.
Моваю сэрца хай думы бруяцца.
Музыкай жніва, касцоваю працай.
Хай пад страхою жабрацкай хаціны
Верш прачытаюць браты-ліцвіны,
Калі адчуюць брата ў паэце,
Значыць, не марна жыў я на свеце.

1852, Залуча

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений