На усходзе красна неба.
Нас не дзівіць – так і трэба!
Кроў ракамі льецца ў мора,
Салдат гіне там ад гора
Без кашулі і без хлеба.
Нас не дзівіць – так і трэба!
Гоняць сына, гоняць мужа,
Мы слухаем цара дужа.
З душы б’ецца скарга ў неба,
А мы маўчым – так і трэба!
Жандар стрэле, казак б’ецца,
У народа спіна гнецца
Ад налогаў з солі, хлеба,
А мы плацім – так і трэба!
Ў Пецярбурзе змерлі людзі:
Ім прашылі куляй грудзі,
Бо то з песняй і з алтарам
Пайшлі з папом перад царам.
А цар сыпнуў, як бы з неба,
Тысяч куляў – так і трэба.
Дурняў хрысціць на свабоду.
Цар навуку даў народу,
Паказаў ім, як бы з неба,
Што больш цара не патрэба!
Тагды Гапон у грамаду
Бяжыць, крычыць: "Трэба ладу,
Трэба шроту, бомбаў, стрэльбаў,
Трэба біць нам гэтых шэльмаў.
Трэ злізаць усіх міністраў,
Бюракратаў, антыхрыстаў".
Чую яшчэ голас з неба,
Што цара павесіць трэба!
3 той пары Масква, Варшава,
Рыга, Вільня, Бак, Лібава,
Беларусь, Літва, Расея
Гоняць вон цара-зладзея!
Народ чуе голас з неба,
Што больш цара не патрэба!
Бомба – трах. Сяргей у шматы,
Мірскі бяжыць аж дахаты,
Цар у страху, сенат млее,
Беданосцаў аж хварэе…
Кладуць сеткі, каскі, бляхі.
Найбольш страшаць – гэта ляхі:
Ціха колюць, цэльне стрэляць,
Так, як жыта, чарцей мелюць.
Народ чуе голас з неба,
Што больш цара не патрэба.
Вершам «Хрэст на свабоду» Цётка паэтычна асэнсоўвае пачатак народнай рэвалюцыі. Верш мае дзве семантычныя часткі: у першай выказваецца адмоўнае стаўленне да той цярплівасці і пакорнасці, якія народ заўсёды праяўляў у адказ на сацыяльны прыгнёт і прымус. Каб падкрэсліць гэтую пакорлівасць, Цётка кожную страфу завяршае паўторам — сімвалам згодлівасці: «Нас ня дзівіць — так і трэба!», «А мы маўчым — так і трэба», «А мы плацім — так і трэба!». Нагнятанне ўступальнага «так і трэба» прыводзіць да эстэтычнага адмаўлення гэтай пазіцыі, калі даведзеная да крайнасці пакорлівасць становіцца абсурднай: «А цар сыпнуў, як бы з неба, // Тысяч куляў — так і трэба».
Рэвалюцыйны лейтматыў: «Народ чуе голас з неба, // Што больш цара не патрэба!» — з’яўляецца стрыжнёвым у другой семантычнай частцы твора і сведчыць аб тым, што сімвал згодлівасці пераўтварыўся ў свой антыпод — сімвал бунту.