Надышлі марозы,
Рэчкі закавалі,
Белыя бярозы
Шэранем убралі.
Замялі дарогі
Ветрыка снягамі.
Лес, як дзед убогі
З доўгімі вусамі.
Апусціў галіны
I стаіць журботна,
Зрэдку верхавіны
Зашумяць маркотна.
Мяккая пярына
Вочы адбірае.
Белая раўніна –
Ні канца ні краю.
Пад пялёнкай белай
Травы і лісточкі.
Рэчка анямела
Змоўклі ручаёчкі.
Амярцвелі лозы,
Чуць галлём хістаюць.
А ў палях марозы
Ды вятры гуляюць.