Я ў дарозе! Ў сонцы — гоні!
Фурман лейцы ўскіне з маху,
I — звініць званок па шляху,
Мчацца сокаламі коні!
Ледзь лаўлю я вёрсты вокам.
Міма — нівы, хаты сёлаў.
З-пад капытаў — гром, з-пад колаў
Пыл услед клубком высокім!
Вечар. Выйшлі ў неба зоры.
Халадок нам лашчыць твары.
Змрок ахутвае абшары,
Серабром між ніў — азёры.
Жураўлёў ляціць грамадка,
Села ў лог — у змроку тоне.
Ноч яе прыспіць на лоне,
Бы дзяцей уласных матка.
Не засну я. Дні былыя
Промень памяці вяртае.
Быццам кнігу, зноў гартае
Сны дзяцінства залатыя.
Думкі рояцца ў прасторы.
Бачу добра сэрца вокам
Хвілі ўсе мае за змрокам —
Мне яны зіхцяць, як зоры.
Вочы любай, шэпты гаю,
На світанні развітанне,
I сяброўства, і каханне —
Я ў адзін вянок сплятаю.
Там майго юнацтва мроя.
Свеціць ранішняй расінай,
Аж пакуль сваёй часінай
Не спадзе з маёй зарою.
Выплыў месяц з-за вярбіны
I заліў балынак сваёю
Белізною незямною —
Крыж адкрыў во ля даліны.
О магілка! Шлях канечны
Падарожнага, што мроі
Тут схаваў у супакоі.
Ён знайшоў начлег тут вечны!
Чую — гром! Бы ў небе брама
Расчынілася! Віхура!
Дождж і град! Бушуе бура
Ў лесе і ў душы таксама.
Цемра — дзе тут гай, дзе гоні?
І ці цэлы ў колах спіцы?
Скрозь грамы і бліскавіцы
Мчацца сокаламі коні!
1839—1841
Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.