Янка Брыль — Поп

Янка Брыль

Звярніце ўвагу! Поўны змест.
 
  Маладзенькая жонка камандзіра заставы, забітага ў першым баі на граніцы, уцякала на ўсход. Палямі, лесам і далей ад людных дарог, зрэдку заходзячы ў вёску, а то лепш на хутар які. Ішла то з кім-небудзь, то больш сама. Адно дзіця, дзяўчынку, па бацьку светлую беларусачку, несла на руках, другім дзіцем была на пятым месяцы.
  Не дайшоўшы да роднага Мінска сто кіламетраў, прыпынілася ў заходнебеларускай вёсцы. Мноства разоў знясіленая, перапалоханая наскрозь, яна ўжо ведала, што робяць усюды з яе аднапляменнікамі, таму і гаварыла ўсім, і ў дарозе, і тут, што яна – армянка. I далей не пайшла. Засталася ў той людcкай сям’і. Самі прапанавалі пабыць, перачакаць.
  За ўсіх яна старалася, усіх баялася, і так жа нялёгка было прывыкаць да сялянскай суровай працы і беднасці.
  Зімой нарадзіла другую дзяўчынку.
  Пойдзе на рэчку за гумнамі, пялёнкі памыць, стане над той палонкай і гукае ў белы, сцюдзёны свет, у жахлівую невядомасць:
  – Ма-ма-а!..
  Цяпер, амаль праз сорак гадоў, успамінае пра тое і плача, а як жа было тады?..
  Вясковая цемра, хоць і далёка не кожны варожа, пачала цікавіцца, што ж гэта за армянка такая, ці не жыдоўка яна, трохі за іншых хітрэйшая?..
  I тады гаспадар, які, відаць, пра ўсё здагадваўся, параіў ёй пайсці ў райцэнтр, да папа, і ахрысціць дзяцей. Поп іхні, кажуць, добры чалавек.
  Апроч папа, у гарадку былі яшчэ два немцы і некалькі мясцовых паліцаяў, аднак выбару не было. Яна ўзяла малых, адно ка руку, другое за руку, пайшла.
  Ужо вясна была, свяціла сонца і спявалі жаўранкі. Загаласіць хацелася, калі ніхто не ішоў насустрач, а з кожным сустрэчным віталася, нібы і весела:
  – Добры дзянёк!
  А то і пагаворыць, прыпыніўшыся…
  – Дитя мое, ты по вере или безопасности ради?
  Так спытаўся той поп, сам-насам у ягоным доме.
  I яна адказала яму прастадушна:
  – Безопасности… батюшка…
  – Умница, – сказаў ён, пажылы ўжо, трохі пасівелы чалавек, у чорнай расе, з вялікім крыжам на грудзях. Такі далёкі і смешны, нават агідны ў яе… зусім яшчэ недалёкім па часе, а так жа далёкім па горы, па вопыце школьным ды камсамольскім мінулым.
  Ён ахрысціў яе дзяўчатак, і гэта дапамагло ёй адкрыта хавацца далей, пакуль не забралі ў лес партызаны. Той, з акружэнцаў, з кім яна спачатку пазнаёмілася, каму дапамагала як сувязная, а потым паверыла ў шчырасць яго, палюбіла і стала жонкай.
  Гадоў з дванаццаць пасля вайны, калі ўжо дзяўчат і сына пакідалі дома адных, наехала з мужам у той гарадок і ў тую вёску, дзе ратавалася.
  У гарадку якраз быў фэст, прастольнае свята Спас, у царкве званілі, а па вуліцы ішоў і тут ужо нешматлюдны хрэсны ход. Іконы, пратэсы, сякі-такі жаночы спеў. А спераду, ва ўсім бліскучым аблачэнні і з крыжам у руцэ ішоў той самы поп. Ужо зусім пасівеў і ссутуліўся. Асцярожна ступае па выбітым бруку і песню святую нібы вядзе.
  Яна стаяла з мужам на тратуары. Абое ўжо таксама пажылыя і святочныя. Яна глядзела і дзівілася, што гэта ж ён яшчэ – той самы, што «дитя мое»…
  I ён пазнаў яе. Хоць не ў лахмоцці ўжо, не маладзенькая і не ў вялікім страху. Ён, парушаючы важнасць моманту і сану, усміхнуўся ёй, павярнуўшыся ў ледзь прыкметным паклоне, і павітаўся:
  – Здравствуйте!
  – Добры дзянёк! – па-свойму, па-даўнейшаму адказала яна.
  Таксама з усмешкай. Але ж і вымаючы з сумкі хустачку…
 
  1981

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений