Творчасць Янкі Лучыны

Янка Лучына

   Францішак Багушэвіч у прадмове да зборніка «Смык беларускі» так пісаў пра сваё імкненне стварыць цэлую «музыку», г. зн. дасканала развітую літаратуру: «Смык ёсць, а хто-небудзь скрыпку, можа, даробіць, а там была «Дудка» — вось мы і зробім музыку». Мара Францішка Багушэвіча здзейснілася. Яго сучаснікі, прадстаўнікі ідэйна-эстэтычнай школы, створанай ім, развілі і дапоўнілі творчыя прынцыпы заснавальніка метаду крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Яркім доказам таму з’яўляецца паэзія Янкі Лучыны (Івана Люцыянавіча Неслухоўскага, 1851-1897).  

   Уступаючы Багушэвічу ў мастацкім дары, у глыбіні абагульнення, Янка Лучына тым не менш пайшоў далей за яго. Багушэвіч выкрываў і абвінавачваў «д’ябальскую» рэчаіснасць, аднак станоўчы ідэал яго толькі акрэсліваўся. У Лучыны пафас адмаўлення і сцвярджэння, дзень і святло ўжо больш ураўнаважаны, чым у Багушэвіча. Э. Дарашэвіч і У. Конан у «Нарысах гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі» адзначаюць, што Лучына глянуў на народнае жыццё шырэй — з пазіцый не толькі сялянства, але і дэмакратычнай інтэлігенцыі.

   Як гэта на першы погляд ні парадаксальна, жыццё горада амаль не знайшло адлюстравання ў творчасці Янкі Лучыны, хоць ён амаль усё сваё жыццё правёў у горадзе. Нарадзіўся Лучына ў Мінску, год пра-вучыўся на матэматычным факультэце Пецярбургскага універсітэта (меў выключныя матэматычныя здольнасці), потым перавёўся ў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут. З 1876 да сярэдзіны 80-х гадоў працаваў інжынерам на Закаўказскай чыгунцы ў Тыфлісе.  

   У 1886 г. паэт дэбютаваў на старонках газеты «Минский листок» вершам на рускай мове «Не ради славы иль расчета». Ужо ў назве — творчае крэда, эстэтычныя погляды Янкі Лучыны на задачы мастацтва: «Служить стране глухой, забитой…»  

   Усё сваё жыццё Янка Лучына быў звязаны з тэхнікай, многа сіл аддаў тэхнічнаму прагрэсу краіны, але сваімі думкамі і спадзяваннямі быў у вёсцы, сярод сялян, якіх шчыра любіў. Яго паэзія славіла людзей працы, выкрывала крывасмокаў («Каршун»).  

   Паэт пісаў на трох мовах: беларускай, польскай і рускай. Ім зроблены пераклады на беларускую мову вершаў Уладзіслава Сыракомлі «Горсть пшеницы», «Ямщик», «Аист», «Не я пою — народ божий», а на рускую мову — яго гавэнды «Воскресение».

   Усе памкненні і мары Янкі Лучыны былі звязаны з Беларуссю. Пра яе ён з тугою думаў сярод горных вяршынь Каўказа («Велічная карціна»),  

   Паэт-патрыёт страсна любіў сваю радзіму — хай і бедную, забраную, але блізкую і дарагую сэрцу, якую нельга прамяняць ні на што ў свеце («Роднай старонцы»). Лучынаўскія апісанні прыроды ў большасці алегарычныя. Цэнзурны гнёт прымушаў паэта звяртацца да эзопаўскай мовы. Вясна, рунь у Лучыны — сімвал абуджэння, а зіма, хмары, мароз — вобразнае выяўленне сіл, варожых народу:

Хоць бы раз без цябе зарунець бы палям,

Хоць бы раз у свой час адышла бы зіма.

Ўстрапянуўся бы дух у чалавечай грудзі,

Дый забылі бы мы мора смутку дый слёз…

   Аднак паэт неаднаразова падкрэсліваў, што як бы ні лютаваў мароз, доўгачаканая вясна абавязкова наступіць. Дабро пераможа зло, праўда — няпраўду. У вершы «Роднай старонцы» выразна выявілася вера паэта ў будучыню, якую ён звязваў з асветай, навукай. Імі, на думку паэта, будзе пракладзены шлях да шчасця працоўнаму люду:

Сонца навукі скрозь хмары цёмныя

Прагляне ясна над нашай ніваю,

і будуць жыці дзеткі патомныя

Добраю доляй — доляй шчасліваю!..

   Сінтэз рэалістычнага і рамантычнага з яго алегарычнасцю і сімвалічнасцю, эпічнага з філасофска-лірычным у творчасці Янкі Лучыны асабліва выявіліся ў польскамоўнай паэме «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся».  

   Першая частка паэмы — уступ — пабудавана на спрэчцы паміж панічом-апавядальнікам і паляўнічым Грышкам:

Спрачацца з Грышкам цяжка, ў галаве закутай

і дыспут не асветліць векавых закуткаў…

   Прадмет «дыспуту» двух галоўных герояў лірыка-эпічнай паэмы — наступствы ў сувязі з пабудовай чыгункі праз Палессе. Стары паляўнічы папярэджвае, што парушыцца гармонія чалавека і прыроды.

   Грышка, «дзіця прыроды вольнага Палесся», сам жыве ў гармоніі з прыродай і людзьмі, а чыгунка ў запаведных лясах, паводле яго перакананняў, прывядзе не толькі да таго, што «знікне звер у нас, але й глушэц…». Апавядальніка-паніча заваблівае перспектыва шчасця для нашчадкаў, якія «за стол шырокі сядуць у бяседзе братняй» і «нарэшце скажуць: «Шчасце і да нас прыйшло!» Апавядальнік таму і заклікае Грышку паверыць шчыра, «Шапенгаўэру на зло», што «глухі, патрыярхальны край адновіцца». Сюжэт і кампазіцыя паэмы, прыём рэтраспекцыі (зварот у мінулае) спрыяюць выяўленню аўтарскай думкі, што «відок той брыдкі там, дзе прыроду глуміць прагны чалавек». Час вызначыў, хто меў рацыю ў даўнім дыспуце: спраўдзіліся самыя песімістычныя прадказанні мудрага паляўнічага:

…Дзе лясы?.. Ці ж край той самы?

Хіба абшар вось той, пустэльня тая з пнямі

і ёсць Кругліца, дзе быў птушак спеў наўкол?..

Бярозы дзе шумелі, хвоі і асіны?..

і ўсё ж яна! Хто вынішчэнне ў край прынёс?

Пустэча, могільнік!..

   «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся», як і «Песня пра зубра» М. Гусоўскага, сталі гімнам роднаму краю, паэтызацыяй чалавечага духу.

   Галоўны герой паэмы ўвасабляе самыя лепшыя нацыянальныя якасці беларуса: любоў да роднай зямлі, мудрасць, клопат пра будучыню — лёс сваіх унукаў, сілу, цярпенне, мужнасць і адвагу. У маладосці Грышка рызыкаваў сваім жыццём у адзінаборстве з параненым мядзведзем дзеля таго, каб выратаваць ад галоднай смерці сям’ю сваёй каханай. Гэты Грышкаў бунт супраць абставін, выклік лесу моцна ўразіў паноў. І яны ў складчыну аказалі дапамогу схварэламу люду, які жыў толькі тым, што «кару… дралі з дрэва», — і «вясны няшчасны дачакаўся люд». Ужо будучы старым, Грышка прыйшоў да пана выпрасіць пораху, каб паквітацца з мядзведзем (раздзел «Стары ляснічы» перакладзены аўтарам на беларускую мову), але адмовіўся ад панскай стрэльбы. І Грышка даказаў-такі, што «ні Богу, ні людзям хлусіць не думаў», — улажыў мядзведзя са сваёй старой стрэльбы.

   Заслуга Лучыны ў тым, што ён здолеў паказаць унутраны свет свайго героя, даследаваць псіхалогію яго душы, высакароднай, бунтоўнай. З такою душой, з такою натураю жыць нялёгка, як «нялёгка соколу… курыцаю быць…». Апавядальніка ўражвае годнасць і спакой Грышкі «на дарозе Божай».

   Чалавек еўрапейскай культуры, Лучына перакладаў на польскую мову байкі Крылова, вершы Някрасава, «Іліяду» Гамера, французскія аднаактовыя п’есы. З беларускамоўных твораў толькі некаторыя былі надрукаваны пры жыцці паэта. Лучыну не было наканавана ўбачыць свой першы беларускі зборнік «Вязанка», які выйшаў у 1903 г. у Пецярбургу. Большая частка яго рукапіснай спадчыны была ў час першай сусветнай вайны вывезена яго сваякамі за мяжу.

   Творчасць Янкі Лучыны аказала вялікі ўплыў на беларускую літаратуру пачатку XX ст. Даследчыкі ўстанаўліваюць пэўную тыпалагічную сувязь паміж «Старым лесніком» Янкі Лучыны і «Новай зямлёй» Якуба Коласа.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений