Адам Міцкевіч — Свіцязянка

Адам Міцкевіч

Балада

Што гэта за хлопец з поглядам шчасным
Поруч са стройнай дзяўчынай
Крочыць павольна пад месяцам ясным
Берагам Свіцязі сіняй?

Хлопцу яны прапануе маліну,
Кветкі юнак ёй збірае.
Мусіць, той хлопец кахае дзяўчыну,
Хлопца дзяўчына кахае.

Месца іх стрэч — ясакар таямнічы,
Што шалясціць каля гаю.
Хлопец — тутэйшых лясоў паляўнічы,
Дзеўчына хто? Я не знаю.

Хто аб красуні даведацца прагне,
След не знаходзіць дзявочы.
Кветкай прынаднай узыдзе на багне,
Знікне, як іскарка ўночы.

«Мне раскажы, дарагая дзяўчына,
Што ад мяне ўсё хаваешь?
Скуль ты прыходзіш нязнанай сцяжынай?
Дзе свой прытулак ты маеш?

Лета мінула, няўжо ў непагоду,
Ноччу асенняй бяззорнай,
Трэба чакаць мне каханай праходу
Тут у глушы прыазёрнай?

Ты быццам сарна мільгаеш лясная,
Зданню блукаеш начною,
Лепей застанься з тым, хто кахае,
Лепей застанься са мною!

Блізка адгэтуль стаіць мая хатка,
Вунь за ляшчынай разгатай,
Досыць там хлеба і мёду ёсць кадка,
Ёсць там дзічыны багата».

«Тата казаў мне, што словы мужчыны
Не заслугоўваюць веры,
Бо хоць у словах і спеў салаўіны,
Ды ў сэрцы ліса намеры.

Злога падману я вельмі баюся,
Здрады каварнай, мой дружа…
Можа, я к просьбе тваёй і схілюся,
Толькі ці любіш ты дужа?»

Хлопец укленчыў, пры месячным ззянні
Дзеўчыне ён прысягае
Пеклам і раем у вечным каханні.
Толькі ці слова стрымае?

«Моцна трымай яго, гэту параду
Помні заўсёды, мой мілы:
Тут пакаранне чакае за здраду
І там, дзе холад магілы».

Гэтак сказаўшы, рукою здалёку
Дзеўка махнула і знікла
Дзесь на балонні пустэльным у змроку,
Сцежкай спяшаючы звыклай.

Кінуўся ўслед ён у дзікую нетру,
Марна шукае і кліча:
Знікла, як подых раптоўнага ветру,
Блудзіць адзін паляўнічы.

Сам ён блукае дарожкай глухою.
Гразкаю стала сцяжынка.
Ціха кругом, захрусціць пад нагою
Часам сухая галінка.

К возеру выйшаў юнак на прылессе,
Даль аглядае тужліва.
Раптам шум ветру пранёсся па лесе,
Воды ўскіпелі бурліва.

О нечуваная з’ява! Ніколі!
Гэта не бачылі вочы.
З хваляў красуня ўсплывае паволі,
Стан выпрамляе дзявочы.

Твар яе — белая ружа нібыта,
Што акрапілі расою.
Лёгкай тканінаю постаць абвіта,
Быццам празрыстай смугою.

«Хлопец прыгожы, адважны мой віцязь,
 — Чуецца голас дзявочы, —
Што ты блукаеш, дзе пеніцца Свіцязь,
Сумны, задумлівы ўночы?

Дзікай спакусніцай прычараваны,
Боль адчуваеш ты сэрца,
Блудзіш, пакінуты і ашуканы,
Дзеўчына ж недзе смяецца!

Хіба патрэбна блукаць тут з журбою
Аж да праменняў світальных?
Лепей, юнача, мы будзем з табою
Плаваць у водах крыштальных.

Можа, ты ластаўкай хочаш імклівай
Спрытна над плёсамі віцца
Ці тут, у глыбінях, рыбкай шчаслівай
Разам са мной весяліцца?

Дзень праляціць у гульні бесклапотнай,
Выглянуць зоры начныя,
Ты на лілейнай пасцелі пяшчотнай
Сны будзеш сніць залатыя».

І лебядзіныя бліснулі грудзі…
Погляд адводзіць хлапчына.
«Добра са мною, каханы мой, будзе», —
Зноў яго кліча дзяўчына.

То яна лёгка ўздымаецца ўгору,
Ззяе вясёлкай праменнай,
То, рассякаючы плёсаў прастору,
Срэбнаю пырскае пенай.

Хлопец падбег, але стаў нерашучы:
Хоча ён к ёй — і не хоча;
Коціцца хваля тым часам да кручы,
Злёгеньку ногі ласкоча.

Хваля ласкоча і плешча дрымотна,
Сэрца так б’ецца чулліва,
Быццам хлапцу прыгажуня пяшчотна
Цісне руку сарамліва.

Хлопец забыў аб каханай дзяўчыне,
Слоў ён не помніць прысягі —
Мкнецца аслеплы на згубу ў глыбіні,
Повен дзівоснай ён прагі.

Мкнецца — глядзіць ён, глядзіць ён і мкнецца,
Быстрай падхоплены хваляй…
Бераг далёка за ім астаецца,
Далей нясе яго, далей.

Ён ужо рукі красуні сціскае,
З ёй мілавацца ахвочы,
Вуснамі вуснаў ружовых шукае,
Гледзячы ў ясныя вочы.

Ветрык раптоўна на іх налятае,
Рве ён з туману заслону…
Хлопец пазнаў — гэта ж дзеўчына тая,
Звязан з ёй клятвай да скону.

«Клятву забыў ты, забыў і параду,
Помніш, казала я — мілы,
Тут пакаранне чакае за здраду
І там, дзе холад магілы.

Дзе табе плысці па роўнядзі воднай
Плёскаць, як рыбка, за вірам!
Цела засыпле зямлёю халоднай,
Вочы юнацкія — жвірам,

Грэшнай душы тваёй страшная кара —
Тысячу год хай мучэнне
Церпіць пякельнае ля ясакара
І не знаходзіць збавення».

Чуе юнак, паглядае нясмела,
Вочы агорнуты сумам,
Бура сярдзіта ізноў наляцела,
Хвалі ўздымаюцца з шумам.

Пашчу сваю раскрывае прадонне,
Кружыцца злосна віхура,
Дзеўчына з хлопцам у бездані тоне,
Вецер галосіць панура.

Воды дагэтуль хвалююцца ў пене,
Грозна плюскочуць няспынна,
Ў месячным ззянні мільгаюць два цені —
Гэта юнак і дзяўчына.

Скача дзяўчына над плёсам крынічным,
Енчыць хлапец каля гаю.
Хто ён? Калісьці тут быў паляўнічым.
Дзеўчына хто? Я не знаю.

Пераклад з польскай А. Зарыцкага.

Сказать спасибо
( 39 оценок, среднее 4.23 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений