Адам Міцкевіч у беларускім кантэксце

Адам Міцкевіч

  Творчасць Міцкевіча аб’ектыўна пракладала дарогу новай беларускай літаратуры, што паўставала ў першай палове ХІХ стагоддзя ў неймаверна цяжкіх варунках. Літаратуразнаўчы лічаць, што Адам Міцкевіч знаходзіўся на магістральным шляху развіцця беларускай літаратуры, і яго паэзія ўдзельнічала ў гэтым развіцці – перш за ўсё ўзорам сапраўднай увагі да роднага краю і яго насельнікаў.
 Вядома, што сам Міцкевіч неабыякава ставіўся да мовы і гісторыі беларускага народа. Так, у лекцыі, прачытанай ім у парыжскім Калеж дэ Франс 21 студзеня 1842 г., паміж іншага, зазначалася: "На беларускай мове, якую называюць русінскай ці літоўска-русінскай.., размаўляе каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацаваная. У перыяд незалежнасці Літвы вялікія князі карысталіся ёю для сваёй дыпламатычнай перапіскі. Мова велікаросаў, на якой гавораць амаль гэтулькі ж чалавек (трэба выключыць адсюль фінска-маскоўскі дыялект, які моцна ад яе адрозніваецца), вылучаецца багаццем і чысцінёй, але ў яе няма ні цудоўнай прастаты беларускай мовы, ні гарманічнасці і музычнасці маларускай" (Пераклад Кастуся Цвіркі).
 У іншай лекцыі Адама Міцкевіча мы чытаем пра тое, што "з усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць, сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё. Пісьмовых помнікаў у іх мала, толькі Літоўскі Статут напісаны іх мовай, самай гарманічнай і з усіх славянскіх моў найменш змененай…" (Пераклад Алега Лойкі). Натуральна, што ў культурных асяродках Беларусі творы Адама Міцкевіча выклікалі вялікую цікавасць.
 Цяжка перабольшыць той уплыў, які мела творчасць Адама Міцкевіча на далейшае развіццё беларускай літаратуры. Асабліва яскрава гэта выяўляецца ў творчасці Уладзіслава Сыракомлі і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Арцёма Вярыгі-Дарэўскага і Вінцэся Каратынскага, Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Дубоўкі і Уладзіміра Жылкі, Уладзіміра Караткевіча і Янкі Сіпакова…
 Ужо ў другой палове 1850-х гадоў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч пераклаў паэму "Пан Тадэвуш" на беларускую мову. Першыя дзве "быліцы" (кнігі) паэмы былі надрукаваныя ў 1859 г. у Вільні, але тыраж забараніла і сканфіскавала расійская цэнзура, у сувязі з чым астатнія часткі перакладу зусім не пабачылі свету. Другую спробу перакладу "Пана Тадэвуша" зрабіў Аляксандр Ельскі (1834-1916). Першая кніга перакладу "Гаспадарка" выйшла ў тагачаснай Аўстра-Венгрыі, у Львове ў 1892 г. У сваёй прадмове да гэтага выдання Ельскі пісаў: "Чытаючы "Пана Тадэвуша", дарагія беларусы, палюбіце ўсім сэрцам сваю родную, занядбаную, святую беларускую мову, каторая спрадвеку не толькі была вашай у сёлах, но яе ўжывалі самыя даўнейшыя манархі краю й іх вяльможы. Ваша старадаўняя беларуская мова мусіць варта чагось, калі можна на яе склад ператлумачыць найцальнейшыя паэтычныя творы вялікіх пісацеляў… Калі б любоў к усяму роднаму разагрэла сэрцы беларусаў праз аповесць, напісаную геніяльным паэтам для сваіх і ўсіх пабрацімаў, то душа яго, прагнуўшая так сільна той агульнай згоды і любві, засіяла б шчасцем аж на тым лепшым свеце, а наша братняя доля закрасавала б тожа тут, у зямельцы роднай, бо толькі той, хто ўмее любіць, варты ў Бога ўсякага дабра".
 Два поўныя пераклады паэмы "Пан Тадэвуш" былі зроблены ў зняволенні. У пачатку 1930-х гг. Браніслаў Тарашкевіч (1893-1938) здзейсніў гэтую працу ў польскай турме, у якую ён быў кінуты за сваю рэвалюцыйную дзейнасць. Пераклад быў апублікаваны ў 1981 г. у Мінску і ў 1984 г. у польскім Ольштыне паводле копіі, цудам ацалелай пасля арышту і расстрэлу Тарашкевіча савецкім НКУС. Пераклад Пятра Бітэля (1912-1991), колішняга праваслаўнага святара і паэта, рабіўся ў першай палове 1950-х гг. ужо ў савецкім ГУЛАГу, у лагерах паблізу расійскага Кемерава і казахскага Джэзказгана, але ўпершыню быў цалкам апублікаваны толькі ў 1998 г. У сярэдзіне 1980-х гг. быў выдадзены пераклад вядомага беларускага майстра Язэпа Семяжона.
 Цягам апошніх пятнаццаці гадоў з’явіліся два поўныя пераклады "Дзядоў", выкананыя Сержам Мінскевічам і Кастусём Цвіркам. Пераклады "Гражыны" здзейснілі Сяргей Дзяргай і Пятро Бітэль; апошняму належаць таксама пераклады "Дзядоў" і "Конрада Валенрода". Паасобныя вершы, балады, байкі, публіцыстыку і лісты Адама Міцкевіча на беларускую мову пераклалі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк, Юрка Гаўрук, Язэп Семяжон, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Кастусь Цвірка, Уладзімір Мархель, Васіль Сёмуха, Ірына Багдановіч, Міхась Скобла ды іншыя. Грунтоўныя працы прысвяцілі Адаму Міцкевічу літаратуразнаўцы, гісторыкі Алег Лойка, Сымон Брага (Вітаўт Тумаш), Станіслаў Станкевіч, Уладзімір Мархель, Кастусь Цвірка, Леў Мірачыцкі, Сымон Барыс. Свае творы ў вянок вялікаму паэту-земляку ўплялі тыя ж Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін, Алег Лойка, а таксама Язэп Пушча, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Данута Бічэль, Міхась Стральцоў, Вольга Іпатава, Эдуард Акулін, Людміла Рублеўская і яшчэ шмат хто з сучасных паэтаў нашай краіны. Вобраз песняра ўвасоблены ў творах Валянціна Ваньковіча, Анатоля Анікейчыка, Сымона Геруса, Васіля Шаранговіча, Уладзіміра Пасюкевіча, Андрэя Заспіцкага, Валяр’яна Янушкевіча, іншых беларускіх майстроў выяўленчага мастацтва.

Крыніца: Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Словы ў часе. Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння. Санкт-Пецярбург, 2014

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений