Адказы на пытанні па аповесці «Гандлярка і паэт»

Іван Шамякін

  Іван Шамякін прыйшоў у літаратуру, як многія пісьменнікі яго пакалення, з ваеннай тэматыкай. Ён пачынаў з апавяданняў, якія ствараліся ў ваенны час і адлюстравалі франтавыя праблемы. Пазней з’явіліся творы вялікай формы: аповесці, раманы, у якіх. аўтар не толькі расказвае пра падзеі вайны, але, раскрываючы лёсы герояў, прымушае чытача актыўна разважаць над вырашэннем складаных маральна-этычных праблем, якія ў гады вайны асабліва востра стаялі перад кожным чалавекам, але хвалявалі людзей заўсёды. Гэта былі пытанні любві і нянавісці, здрады і вернасці, даравання і помсты. Пастаноўка і рашэнне пісьменнікам такіх праблем робіць твор на ваенную тэматыку актуальным, важным для чытача, звязвае твор з сучаснасцю.
  Аповесць "Гандлярка і паэт" з’яўляецца іменна такім творам: яна напісана на ваенным матэрыяле, але праблемы, узнятыя Шамякіным у творы, не страцілі актуальнасці і сёння. Ваенная тэма набыла яшчэ большы драматызм у сувязі з тым, што ў цэнтр твора аўтар паставіў праблему "жанчына і вайна".
  Пісьменніка даўно цікавіла дзейнасць Мінскага падполля ў гады вайны. Задума напісаць пра гэта ўзнікла яшчэ ў 50-я гады. Шамякіну хацелася давесці да чытачоў праўду пра арганізатара падполля Івана Кавалёва, якога ў часы вайны схапілі немцы. Доўгі час імя падпольшчыка было дыскрэдытавана, яго абвінавацілі ў здрадніцтве. I толькі ў 1957 годзе ён быў рэабілітаваны. Менавіта Іван Кавалёў стаў прататыпам камандзіра Яўсея, героя аповесці "Гандлярка і паэт".
  Вобраз Вольгі Ляновіч, галоўнай гераіні аповесці, з’явіцца пазней, калі ўвагу пісьменніка прыцягнула вядомая ўсяму Камароўскаму рынку гандлярка Вольга — "прыгажуня, весялуха, рагатуха". Узнікла жаданне напісаць аповесць пра гандлярку-падпольшчыцу. Але ідэя не знаходзіла ўвасаблення 25 гадоў: ніяк не вырысоўваўся сюжэт, праз які можна было б раскрыць цікавы і самабытны характар выбранай гераіні. Дапамог выпадак. Аднойчы ў Саюз пісьменнікаў нейкая жанчына прынесла сшытак з вершамі, якія належалі палоннаму хвораму хлопцу. У час вайны хлопца выкупіла цётка гэтай жанчыны. Калі гэты сшытак патрапіў у рукі Шамякіна, яму стала ясна: сюжэт "ёсць"! Вольга выкуплівае палоннага, а ён паэт!.. Незвычайная сітуацыя ў звычайных для вайны абставінах. У 1976 годзе аповесць з’явілася ў друку, у наступным годзе — у перакладзе на рускую мову. Яна была надрукавана ў "Раман-газеце" і папулярным часопісе "Молодая гвардия".
  Першая частка аповесці "Гандлярка і паэт" знаёміць з сям’ёй Ляновічаў, у якой выхоўвалася Вольга, галоўная гераіня твора. Шамякін падрабязна апісвае тыя ўмовы, уклад жыцця сям’і, тую асаблівую атмасферу сямейнага быту, якія фарміравалі характар гераіні. Бацька Вольгі не меў на яе асаблівага ўплыву, таму што ў доме ўсім запраўляла маці, на працы і гандлі якой трымаўся дабрабыт сям’і, якая "працавала, як нявольніца" і на Камароўскім рынку, і дома. Сям’я жыла дастаткова заможна, аўтар падрабязна пералічвае тыя рэчы, якія мела сям’я, і гэта не выпадкова: для сям’і Ляновічаў гэты дабрабыт, рэчы — самае галоўнае, чым можна ганарыцца перад суседзямі, знаёмымі з рынку. Вольга — дзіця сваёй сям’і. I для яе матэрыяльныя каштоўнасці важней за ўсё іншае. Можа, гэтыя каштоўнасці для яе на першым месцы таму, што даставаліся яны "катаржнай працай", удзел у якой Вольга прымала з маленства. ("Можа, годзікі тры ёй было, не больш", — адзначае Шамякін, расказваючы, як маленькую Вольгу певень паваліў, калі яна курэй карміла.) Яна бачыла, як маці дацямна завіхаецца на агародзе, даглядае скаціну, гадзінамі стаіць на рынку: "дзеля іх, дзяцей, старалася набыць як можна больш дабра. Ва ўсім жа іншым была бязлітасная: працаваць дзяцей прымушала, як толькі яны станавіліся на ногі… Па Вользе да самага замужжа не саромелася "пагуляць" і дзягай, і фартухом, і сцяблом сланечніка, ды і слоў не выбірала…" Вось і ўсё выхаванне. Вольга змалку ўвабрала ў сябе такую практыку выхавання, такі ўклад жыцця. Пасля заканчэння восьмага класа яна кінула школу і стала працаваць на рынку, а пасля смерці бацькоў амаль цалкам узяла на сябе матчыны абавязкі па забеспячэнні сям’і. 
  Безумоўна, кожная сям’я выхоўвае дзяцей па-свойму. Свая жыццёвая практыка выхавання дзяцей і ў маці Вольгі (потым яна стане і яе жыццёвай практыкай). Праца, часам рабская, катаржная, дзеля хлеба надзённага, дзеля дзяцей, іх дабрабыту — вось і ўся мудрасць Хрысці Ляновіч. Пра тое, што дзецям патрэбна і нешта іншае (хаця б добрае слова), маці ніколі не думае. Пісьменнік не выпадкова нічога не апавядае пра іншыя адносіны ў сям’і, дзе кожны ацэньваецца па тым, што ён для гэтай сям’і зарабіў. У такой сямейнай філасофіі ёсць рацыянальнае зерне: спакон веку ў беларускіх сем’ях дзеці рана пачыналі працаваць (успомніце хаця б дзіцячы вопыт Шамякіна), ганарыліся тым, што ўносілі свой уклад у агульны сямейны дабрабыт. Праца яшчэ ніводнага чалавека не сапсавала — з гэтым ніхто спрачацца не стане. Але ж калі гэта праца, як кажуць, вочы засціць, калі акрамя яе, гэтай катаржнай працы, у жыцці няма нічога, чым бы жыла душа, — гэта страшна! (Не прыходзіцца здзіўляцца, што ў аповесці нічога не сказана пра ўзаемаадносіны Вольгі з мужам Адамам Аўсюком. Ці былі яны, пачуцці, духоўная еднасць, узаемаразуменне? "Зяць падабаўся старой Ляновічысе… не цураўся ніякай работы…" — вось і ўсё, што сказана пра мужа Вольгі.) Можа, таму мяшчанская псіхалогія Вольгі так доўга не дае раскрыцца ўсяму светламу і добраму, што было ў яе душы? Так выхавалі. Памятаеце, як б’ецца Вольга за прадукты ў разрабаваным магазіне? Яна ні на хвілінку не задумваецца, што гэта незаконна. "Будзе яна з-за нейкай сваёй сумленнасці варон лавіць!" — вось што кіруе Вольгай, калі яна "траха не лезла… пад бомбы з-за сквапнасці сваёй". Вось вынік "дамашняга выхавання". Іменна матчына філасофія доўгі час была прыкладам для Вольгі.
  Майстэрства пісьменніка заключаецца ў тым, што ён стварае не статычныя вобразы, якія раз і назаўсёды застылі ў сваім развіцці. На працягу аповесці адбываецца эвалюцыя характару галоўнай гераіні. Мяшчанская псіхалогія жанчыны ў пачатку аповесці паступова выцясняецца ўсведамленнем грамадзянскага абавязку, духоўным узвышэннем асобы ў канцы твора. У пачатку аповесці гэта жанчына дбае толькі пра сябе і сваю сям’ю. Калі пачынаецца вайна, Вольга заклапочана толькі тым, як выжыць, дзе можна раздабыць што-небудзь, што спатрэбіцца сям’і. Але Шамякін засцерагае чытача ад паспешлівай, павярхоўнай ацэнкі гераіні, паказвае неадназначнасць і складанасць жыцця ваеннага часу, супярэчлівы характар Вольгі, які праяўляецца штохвілінна. Вось яна на хлебазаводзе, дзе даюць муку. Яна падымае дзве буханкі хлеба, якія валяюцца на зямлі, абцірае іх ад гразі сваёй хусткай. "Цану хлебу ў свае дваццаць гадоў яна ведала, можа, лепш, чым іншы стары…" За гэта нельга не паважаць маладую жанчыну. I тут жа праява другая: на пытанне людзей, дзе яна брала муку, Вольга нічога не адказвае, бо хоча сама вярнуцца на хлебазавод яшчэ па адзін мяшок, яна не жадае дзяліцца! Жыве яна ў гэты час верай у тое, што "яна, Ляновічыха, як і маці, са сваёй учэпістасцю і спрытам… усё перажыве… і ўсіх перахітруе". Таму яна і цяпер, калі ў горадзе немцы, ідзе гандляваць на рынак і не бачыць нічога дрэннага ў гэтым. Але, прадаўшы свой тавар фашыстам, атрымаўшы нямецкія маркі, пасля таго як немец фамільярна паляпаў яе па шчацэ, Вольга ўпершыню перажывае душэўныя пакуты, не звязаныя з матэрыяльнай выгадай, нейкімі меркантыльнымі інтарэсамі. "Паперка ў дзесяць акупацыйных марак пякла далоню… на душы было пагана, быццам прадала не цыбулю, а сумленне… Не пакідала пачуццё, што нечаму ці некаму здрадзіла…" Вольга яшчэ не разумее гэтага пачуцця, адно ёй ясна — яе абразілі, зняважылі яе годнасць, а яна не змагла (пабаялася) адказаць тым жа. У свядомасці гераіні ўпершыню з’яўляюцца думкі, не звязаныя з гандлем, нажывай. Пасля сустрэчы з сяброўкай Ленай Бароўскай Вольга задумалася пра тое, як удаецца сям’і Бароўскіх, "што жывуць у голадзе і холадзе, не схіляць галавы перад немцамі, не гнуць спіны…" Упершыню яна адчуе павагу да людзей, якія не ўмеюць жыць так, як яна: гандляваць, "круціцца", каб нажываць багацце нават у вайну. Але хутка Вольга забудзецца на свае новыя пачуцці, яна прадоўжыць свой гандаль, свой "хаўрус з паліцаямі і немцамі", пачне марыць пра "сваю крамку", пра тое, як будуць ісці да яе пакупнікі, называючы яе "пані Ляновічыха". Новы штуршок перараджэння Вольгі дасць наведванне лагера для ваеннапалонных, куды, як казаць па праўдзе, Вольга ішла па просьбе Лены Бароўскай вызваліць нейкага чалавека, ды і свой інтарэс мела: спадзявалася выкупіць моцнага мужчыну, каб дапамагаў у гаспадарцы. Але здараецца нечаканае: Вольга выкупіла маладога хворага юнака які ўвесь "свіціцца, як жывыя мошчы, і які яшчэ аднае ночы ў гэтым… пекле не перажыве". Яна не пашкадуе ні прадуктаў, ні залатых завушніц, ні царскіх залатовак, каб выратаваць "гэтага няшчаснага", і нават не падумае, што памочнік па гаспадарцы з яго нікудышні. Аддаўшы немцам усё, што яна мела з сабой, падзівіўшыся іх "ненажэрнай сквапнасці", Вольга ўпершыню адчула, "наколькі яна лепшая за іх, гэтых прышэльцаў, якія крычаць на ўсё горла, што яны вышэйшыя за ўсе народы… I ёй зрабілася асабліва хораша ад свайго ўчынку…" Яна не ведала, як гэта сустрэча зменіць усё яе жыццё.
  З’яўленне ў доме ваеннапалоннага Алеся Шпака (ён назваў не сваё прозвішча, а псеўданім) паступова перамяніла ўсё жыццё гандляркі Вольгі Ляновіч. Да маладой жанчыны прыйшло каханне, пачуццё, якое абудзіла ў яе душы новыя, невядомыя для яе жаданні. Спачатку яна да Алеся адносіцца, як да свайго дзіцяці, з мацярынскай ласкай і апекай, якая мяжуе з яе звычайным жаданнем уладаць чалавекам ці рэччу. Але паступова пад уздзеяннем размоў з Алесем, паэзіі, якой Вольга не ведала (у доме яе няма ніводнай кнігі), душа яе абуджаецца да іншых адносін з людзьмі, і ў першую чаргу з Алесем. Паступова ўсё ў ім пачынае падабацца Вользе: яго любоў да паэзіі, хлапечая чысціня, незвычайная пяшчотнасць, калі яны сталі блізкімі, а таксама яго парыў да барацьбы. "Гэты рахманы хлопец стаў уладаром яе, і яна аддавала яму ўсё і адкрывала ўсе тайны…" Яе захапляла, што ён такі, не падобны на ўсіх людзей, якіх яна ведала дагэтуль. Вольга так кахае Алеся, што пачынае баяцца не за сябе, не за дзіця, а за яго, каханага, ёй хочацца быць разам з ім і ў яго справе, засланіць яго ад бяды. Каханне кіруе ёй і тады, калі яна прыме рашэнне выканаць заданне, дадзенае Алесю падпольшчыкамі.
  Але разам з каханнем у душы Вольгі вырасла і нянавісць, сапраўдная нянавісць да ворагаў, непадробны гнеў, які праяўляецца ў душы гераіні, калі яна бачыць у скверы павешаных падпольшчыкаў. Вольга яшчэ не разумее пачуцця, што нарадзілася ў ёй, не разумее прычыны, "не такой асабістай"… не жаночай", якая прывядзе яе ў лагер змагароў. Але яна ўжо не можа інакш. Фашысты, гэтыя нелюдзі, пагражаюць таму, што ёй цяпер так дорага, што яна атрымала разам з Алесем: каханне, шчасце, новыя мары пра вучобу пасля вайны… Аўтар падводзіць чытача да высновы, што такія цэльныя натуры, як Вольга, шчырыя ў выяўленні сваіх пачуццяў, здольны на подзвіг.
  Першы раз жаданне помсціць ворагам прыйшло да Вольгі ў скверы, дзе павесілі падпольшчыкаў: "прыкаціла… хваля-нянавісць да катаў; такой нянавісці яна яшчэ не перажывала… У яе з’явілася адчайнасць, такая, як была ў першыя дні вайны, калі яна пад бомбамі цягала дабро, але цяперашняя адчайнасць была скіравана на іншае". Пазней, прыняўшы на сябе выкананне прысуду падпольшчыкаў, дадзенае Алесю Шпаку аб пакаранні паліцая Друцькі, Вольга распрацуе падрабязны план, як здаць Друцьку партызанам, будзе трымацца гэтага плана. Але яна — жанчына, маці. Калі Вольга бачыць у мяху Друцькі адзенне забітых ім дзяцей: "дзіцячыя штонікі, сарочкі, кофтачкі, панчошкі і чаравічкі, многа чаравічкаў, пар, можа, дваццаць, самых розных… са стаптанымі абцасікамі, аблузанымі насочкамі…", калі яна чуе смех немцаў і самога Друцькі, яна прымае адзінае для яе рашэнне. " З чаго яны смяюцца? Са смерці дзяцей? Яны смяюцца са смерці дзяцей? — не было ўжо сілы, якая б спыніла яе. Не было часу на развагу: што будзе з ёй? " Вольга ўзрывае гранату, ад якой гіне сама разам з ненавіснымі ёй ворагамі.
  Не менш супярэчлівым па характару, чым Вольга, з’яўляецца і Алесь Гапанюк, малады чалавек, якога пакахала гераіня. Характарыстыку Алеся дапаўняюць некаторыя звесткі пра яго даваеннае жыццё, якія аўтар раскідаў па ўсім творы. Алесь, у адрозненне ад Вольгі, вырас у інтэлігентнай сям’і, яго маці была настаўніцай. Напэўна, у сям’і Алеся грошы, матэрыяльны дабрабыт не з’яўляліся найважнейшай каштоўнасцю; наадварот, ён шмат Чытаў, цікавіўся паэзіяй, сам пісаў, лічыў сябе паэтам, цешыўся, што будзе мець прафесію, якая будзе радаваць многіх людзей. Калі б не вайна, так бы, напэўна, і здарылася: рамантычны, разумны хлопец стаў бы паэтам, радаваў бы людзей сваёй паэзіяй, як Блок ці Багдановіч, якімі Алесь захапляецца. З прычыны дамашняга выхавання хлопец часта праяўляе залішнюю мяккацеласць, нерашучасць, хаця і асуджае сябе за гэта. Удзел у барацьбе цяжка даецца яму, інтэлігентнаму і мяккацеламу, як ён сябе ні падбадзёрвае. Часта яго словы здаюцца нам ні чым іншым, як завучанымі яшчэ з даваенных часоў лозунгамі. Перажываючы, што ён трапіў у палон, Алесь імкнецца даказаць усім, а ў першую чаргу сабе, што ён не баязлівец, не здраднік. Ён кіруецца не толькі патрыятычнымі пачуццямі, але і жаданнем самасцвярджэння. Можна толькі здагадвацца, што адчуваў Алесь, але мы не адзін раз чытаем: "Усё жыццё ён сумняваўся ў сваёй сіле, сваіх ведах, здольнасці, таленце". Пазней, у сваіх дзённіках-успамінах Шамякін назаве Алеся "кніжным персанажам". Сапраўды, пачынаючы з дзяцінства, Алесь імкнуўся жыць, як яго вучылі кніжкі. Калі ў даваенны час жыццё "па кніжках" было магчымым, то вайна прад’явіла патрабаванні больш жорсткія: не лозунгавай, а сапраўднай мужнасці, адказнасці за прынятыя рашэнні, умення пераадольваць цяжкасці. У аповесці мы не знойдзем аўтарскага асуджэння герояў. I. Шамякін падводзіць чытача да думкі: адсутнасць цвёрдых маральных перакананняў, "інтэлігентная мяккацеласць ", што грунтуецца толькі на прыгожых словах і дэкларатыўных разважаннях, нярэдка прыводзілі на вайне да здрадніцтва.
  Жадаючы самасцвердзіцца, Алесь увесь час пераконвае сябе, што ён народжаны для подзвігу: "ён часам марыў пра ўласны подзвіг — такі, які праславіў бы яго імя, няхай і пасмяротна, і… зрабіў бы паварот у ходзе вайны". Ён баіцца, што сувязь з гандляркай, мяшчанкай Вольгай, якая ўвесь час думае пра свой дабрабыт, пра выгаду, якая не чытае кніг, не разумее паэзіі і, адпаведна, не можа мець такіх "высокіх пачуццяў", якія мае ён, Алесь, дыскрэдытуе яго ў вачах таварышаў па барацьбе, прынізіць яго высокія парывы. Алесь удзячны Вользе за выратаванне, праз некаторы час ён скажа ёй, што любіць яе і дачушку яе Светачку, адчувае, як цяжка яму будзе пайсці ад яе на другую кватэру — і раззлуецца, калі яна нешта скажа не так: "Ну вось, яе зноў занесла ў Камароўскае балота", нібы падкрэсліваючы для сябе яе мяшчанскую прыземленую натуру, якой не дасягнуць яго высокіх вяршынь. Гэта вельмі тонка адчуе і падкрэсліць Яўсей, калі будзе прасіць Алеся і Лену паручыцца за Вольгу, якую хацеў зрабіць сувязной падполля. "Алеся ўдарыла ў пот. Ён быў гатовы да любых, самых цяжкіх выпрабаванняў, але пра такое не падумаў. Не паручыцца за чалавека, які ратаваў табе жыццё? А як паручыцца, калі гэты чалавек жыве зусім іншым… Не, не было ў яго ўпэўненасці, што Вольга гатовая да свядомай барацьбы, гатовая ахвяраваць сваім жыццём, як гатовы ён". I Яўсей скажа словы, якія, нібы варам, абдалі Алеся: "Эх, вы! Адзін спіць з жанчынай… Другая ў школе вучылася, сябравала… I не бачыце чалавека?! Я паручаюся за яе! Галавой!" I калі Алесь паспрабуе неяк апраўдацца і перадаць Вользе прапанову камандзіра, Яўсей скажа: "Не трэба. Дрэнны ты агітатар, паэт".
  У назве аповесці "Гандлярка і паэт" заключана асноўная ідэя, якую хацеў бы давесці да свайго чытача аўтар твора. Любы чалавек, незалежна ад свайго паходжання, умоў выхавання, адукацыі, абставін, у якіх ён знаходзіцца, можа ўзвысіцца духам, падняцца над сабой, над сваім мінулым, над абставінамі, калі ён вельмі гэтага захоча. Тады чалавек здольны на самы высокі подзвіг — у імя кахання, у імя свабоды, у імя Радзімы, як гэта сталася з гандляркай Вольгай. I наадварот, якімі б высокімі словамі чалавек ні прыкрываўся, ён не здолее перамагчы сваю нізкую сутнасць. Гандлярка, мяшчанка Вольга, і паэт, узнёслы рамантык Алесь, — у самім процістаўленні гэтых вобразаў, здаецца, заключаецца адказ на пытанне, каму з іх наканавана нізкае, а каму высокае. Але ў тым і непрадказальнасць жыцця, што на подзвіг здольнай аказалася звычайная гандлярка, перажыўшая духоўнае ўзвышэнне. Паэт-рамантык, вышыні браў толькі на словах.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 2 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений