Звярніце ўвагу! Поўны змест.
З казак астрогу
Гэтае апавяданне чуў я ад аднаго старога арыштанта, брадзягі, у N-скім астрозе. Быў ён чалавек добры сэрцам і ў сваім жыцці нічога нікому благога не зрабіў; толькі натуру меў беспакойную, каторая не пазваляла яму нідзе доўга застанаўляцца. Нейкім спосабам, яшчэ маладым будучы, папаўся ён у астрог – а торбы і астрогу – не заракайся – і ад таго часу зрабіўся заўсягдышным яго жыхаром.
Апавяданне сваё пераклаў ён напалавіну праўдай, напалавіну казкай, і дзеля гэтага мала хто даваў яму веры.
…Было гэта… Калі?.. Ат! Ды ці не ўсё роўна?! У гэтым нашым штодзённым перасуванню ад згубы да згубы, у шэрым, як нашы сярмягі, аднастанню жыцця хто прыкмеціць, як праходзіць час? Той год не адлучыш ад гэтага, учора не аддзеліш ад сягоння…
Толькі ведаю, што быў я маладзейшы – у барадзе не меў сівога воласу і сядзеў тамака, недзе ў другім астрозе… Добра не скажу дзе. Ды і не спазнаеш: і свет адзін, і людзі тыя самыя, куды б ні прыйшоў…
I вось раз тамака, у тым, другім, астрозе, увечар, калі ўсе паклаліся спаць, наш дазорца, глуха бразгаючы ключамі, адным з іх два разы павярнуў у замку нашых дзвярэй. От ён пакручывае тры разы, а там было два. Потым заскрыпелі заржаўленыя кручча, і праз шырока расчыненыя дзверы да нас увайшоў новы, той, аб кім я хачу вам казаць.
– Во вам яшчэ сябрук – любуйцеся! – загідлівым рогатам і нялюдскай пасмешкай на твары сказаў дазорца. I зноў з рыпам зачыніліся дзверы, і два разы крутнуўся ў замку ключ.
Тыя з нас, што не спалі яшчэ, зара скочылі на ногі і абступілі прыбыльцу. Прахапіўся, хто спаў. З паспехам, перабіваючы адзін аднаго, штоўхаючыся, стараліся праціснуцца да яго, каб прыгледзецца, які ў яго твар, якія вочы? Хто ён?
Пыталіся:
– Скуль? Ці бачыў каго з тых, каго мы раней ведалі?.. – Але на ўсе нашы пытанні ён не адказываў: вочы яго глядзелі на нешта па-за намі, чаю мы не бачылі; і ўтвары нешта паказывала, што ён не з намі. Ледзь значна дрыжэў на ўсім целе. Яшчэ малады, ледзьве заўважыш, што верхняя губа крыху чарнейшая. Твар без румянцу, але пекны.
Пэўне, панадны быў дзяўчатам.
Вочы вялікія меў, бліскучыя.
Высокі, як топаль.
Стройны.
Як казуля, меў ценкія, лёгкія ногі і не мог адарвацца ад таго, што тут-тут было, а ўжо прамінула!
Пасля ён страпянуўся, кінуўся да нас, працягнуўшы рукі, і загаманіў, бязмала не крычэў:
– Ах, я не ведаю, аб кім вы пытаецс!
– Miхалка? Пётра? Сцёпка?! Чырвонавалосы?
– Не, не! Можа, і бачыў, можа, і ведаў, а нікагусенька не помню. Скуль прыйшоў? Ды з вастрогу ж, не раўнуючы, як гэты!
– А за што, пытаеце? У нас тамака не любяць маладых от і пасадзілі.
– Не, сядзеў нядоўга! От, бачыце: як захацелі мы ізноў волі, пачалі ў куточку, як мышы, скрабціся. А мур жа каменны, і нічога, ніякай снасці, апрыч пальцаў на руках, мы не мелі. Здзіралі кіпці – скрэбаліся…
– Не адзін з надлюдскага болю, у безнадзеі, размажджыў сабе галаву аб закляты мур. Хто больш трывалы быў, сцяўшы зубы, калупаў і скроб, аж скура з мясам на пальцах пазлазіла да самай косці.
А тагды адыходзіў на час, і клаўся, і лізаў раны, аж пакуль пагаіліся.
Адылі ж дазорцы нашы пачулі нешта і не адзін раз прыходзілі, каб як-небудзь угледзець. Га, га! Мы былі хітрыя!
Мы гэтак рабілі: шукай як толькі хочаш, а не знайдзеш! От я вам пакажу, як гэта робіцца, а потым уцячом; бо вы пастарэлі, пэўне, тутака, што не рушылі нікуды з самага пачатку, як вас пасадзілі. (А ён не ведаў, што самі мы гэта нядаўна і ўжо скрэбліся! Нічога, заўтра!)
Нам павялічылі варту. Але як настаў час, як рака вясной з высокіх снегавых пагуркаў, кінуліся мы з нашае каморкі, перакулілі варту, разбурылі сцяну і зніклі ў лесе.
Адзін дзень, і другі дзень, і паўтрэцяга мы ляцелі праз гушчар, абдзіраючы сабе твар і рукі аб калючыя галіны і збіваючы ногі аб усякае гніллё.
Ах, мы ляцелі! Як вецер! Толькі стагнаннем адгукалася пушча!
Потым мы прысталі ўсе разам, маўляў па змове, каб даць якую часінку сабе аддыхацца.
Як перачатаваліся, угледзелі, што больш палавіны з нас пагубілася; дзе яны?
А хто ж ведае… Мо каторы проста слабейшы быў ды сеў на гніляк адпачыць; іншы ізноў не вытрываў шалёнага бегу, і разбілася ў яго сэрца; хто заблудзіўся; адзін, я бачыў, прабіўся на востры ражон, сухую галіну, што неяк тырчэла з зямлі, – гэтак імчаўся, што не мог стрымацца або схінуцца ўбок…
I вот нас засталося семнаццаць. Цяперака, будучы далёка ад месца нашае пакуты, мелі мы спраможнасць ісці вальней, робячы час ад часу прыстанкі, каб пасіліцца, чым знойдзем: карэннямі, ягадамі. Умовіліся ісці ўсёй грамадай, у кучы, каб не траціцца.
Ізноў ішлі. Каб дух узмацаваць, часам спявалі, згадывалі, куды прыйдзем, са смехам успаміналі дні пазбытай няволі. Былі мы рады з нашых паходаў, і панавала ў нас згода.
Але часам здаецца каму, што трэба ўзяць другі кірунак, і ўступіць той у спрэчку з усімі; і гэта рабілася ўсё часцей, аж сталася штодзённым, а пасля дванаццаць нашых сябрукоў не захацелі ісці наўперад.
«Папрабуем шчасця і пойдзем у гэты бок; калі пашэнціць, дастанецца нам воля і доля. Калі ж не, дык і няма на свеце нічога!»
А мы ўпяцёх пайшлі далей.
Як родныя браты! Усе адзін у адзін, усе з вялікай патрэбай у сэрцы сунуцца далей і далей да нейкага нечага, да любой вялікай волі.
У шарпоццю. бо апраткі нашы не вытрымалі церняў і сушняку, рагатых галін векавечных хвояў. Але дармо! Жартавалі:
«Як зваліцца апошні лахман – будзем лягчэйшыя. А калі і апошні кавалак скуры застанецца на хвоі, яшчэ лепей будзе – нам тагды нічагусенька не зашкодзіць!»
З вялікім разгонам прадзіраліся мы праз гушчар, пакідаючы па сабе шырокую сцежку.
Аж во – лес пачаў радзець. Зрабілася неяк разлажней і відней. «Воля! Воля!» крычалі мы і, як на Вялікдзень, абнімаліся. Дый спраўдзі воля! – адзін раз мы знайшлі ўстужачку: пэўне, дзяўчына якая згубіла каснік гэтта; потым угледзелі другія адзнакі людскога побыту: патухшае вогнішча, а неўздалёк – астаткі нейкай яды. Крошкі хлеба, кажуркі ад яйкаў, косці.
Крошкі хлеба ўгледзелі мы! I кінуліся збіраць. Поўзалі, выбіралі з травы па аднэй, і кожная здавалася нам смачнейшай за ўсе марцыпаны на свеце, за ўсе царскія стравы, узятыя разам.
Гэтак не дагледзелі мы, калі падышоў да нас ён, той, шосты, якога і дагэтуль не ведаю, як клічуць. Калі азірнуўся адзін з нас – бачыць: стаіць ён і ўсміхаецца – як крыкне з перапуду! Тады і мы ўскочылі, каб уцячы. А ён і кажа: «Не пужайцеся, я ваш і з вамі». Быў ён на першы пагляд стараваты і невысокага ўзросту. Адно апратку меў не як наша, і твар, аздоблены ў клінчастую бараду, і вусы. I адразу пазнаеш, што людскасці ў ім многа. А вокам як гляне на каго: відаць. самую душу бачыць і да яе прыглядаецца.
Дык мы пачалі распытывацца яго, дзе мы, як называецца гэта старонка, куды кіравацца трэба, сам ён скуль?
«Браты мае! – адпавядаў. Воля здаецца вам блізка? Не, не! Абмылка ў тым ваша, яна гэнь-гэнь», і скінуў рукой на ўсход сонца.
«Праўда, і гэтта ёсць людзі, я бачыў іх, яны, калі ў гэты бок пайсці, жывуць. Ды марнеюць яны, як і тамака, адкуль вы ўцякаеце, і таксама будуюць астрогі.
Вы, пэўне, з Першае? – знаць па абліччу вашым – ну і я стуль. А колькі туляўся я па свеце, і цьмы людзей бачыў, і не ў адным астрозе быў… А куды ні прыходзіў, меў толькі глуз і смех з сябе».
«Бачыш які! – кажуць людзі. – Дадумшчык! Куды трапіць хоча!.. Брадзяга! Толькі лес глуміш!»
Але за век свой, ужо доўгі, і гулянне без канца ўсё ўдаль і ўдаль, напаткаў я паміж іх і такіх, што, нідзе не быўшы, ведалі яны, куды трэба ісці, бо ўмелі чытаць і навучыліся разбіраць, што кажуць зоры. Гэтых бачыў я мала, саўсім мала, але яны навучылі мяне кіравацца.
«Калі хочаце – пойдзем разам, вы і я з вамі; я болей туляўся, болей ведаю ў свеце, люблю моладзь, як вы…»
І мы пайшлі разам. Цяперака мы ішлі ўпяцёх, а ён быў шосты. А мо ён сам быў пяць, а кожны з нас быў шосты. О! Ён ведаў, куды ідзе! Колькі разоў з людзьмі мы спатыкаліся. а яны не бачылі нас! Ён разбіраў, куды ідзе сцежка і што паказвае дрэва.
А адзін раз! – слухайце: ён прайшоў з намі паміж людзей, а яны не бачылі нас і не ведалі, што між іх ёсцека нехта іншы.
Добра ведаў, дзе расце якая быліна ці ягада і што можна есці, а чаго высцерагацца. Чым можна загаіць рану, ведаў ён, і як лепей зваліць якое дрэва…
А неяк мы пусцілі пал! Ён навучыў нас – а што ж гэта было! Вялізарныя векавечныя хвоі паліліся ля самых каранёў, а пасля з жудасным. страшэнным стогнам рыналі на зямлю, крышачы сушняк і ламаючы маладняк, сваю порасць, што з атрутным сокам пялася ў неба на змену прадвечным.
Мы ішлі пасярод гэтага грукагу, і стогну, і злога сычэння вогненных змеяў, абкураныя, дзе-нідзе з абсмаленымі валасамі, але з вясёлай мінай паглядалі на гэту руіну. Было крыху страшна, крыху пужліва, але ж вясёла, вясёла!
Пасля лес зрабіўся яшчэ радчэйшы. Дажджы і росы залілі пал, але ісці было лягчэй.
Ды толькі што ў нас усярэдзіне нешта ізноў збунтавалася. Абрыдала бязлюддзе чы духам падупалі, але нешта ўсё шырылася і рабіла перашкоды.
Тады мы ўставалі:
«Годзе! Вядзі нас на людзі».
Ён не спрачаўся, прамовіўшы «добра!», браў другі кірунак, і мы ўцішаліся.
Няпэўнасць у людзях, у тым, як нас спаткаюць, змушала нас прасіць яго зноў кіравацца, «куды б ён хацеў», «куды б ведаў»…
Неяк заўсёды ён быў першы. I калі ён паважна адмяраў свае крокі, мы бязмала не беглі за ім, як маленькія дзеткі. Я прабаваў гэтак, як ён, ісці, дык скуткі меў няўцешныя: то залішне высунешся наўперад, то зноў застанешся. А ён хітры! – пазнаў, чаму гэта, і неяк паціху сказаў мне: «Не прабуй дарэмна! Навука ў тым, каб ісці». Ах, ісці…
Я казаў вам, што ён навучыў нас праходзіць праз людзей і каб ніхто не бачыў: «Ёсцека такі “мізгер”, што ягоным павучыннем як заслоніш твар, дык цябе ніхто не ўбачыць. Тупат твой чуцен будзе, нават рукой каго зачэпіш, а ён цябе не бачыць і не ведае, што і скуль гэта. Толькі ад павучыння неяк морачна ўваччу ды душна крыху, а скідаць не можна».
Вучыў нас: «Помніце, як на людзях будзем, не адсланяйцеся, хоць будзе душна. Цярпіце да астатняга, як толькі можна».
А ўчора!.. – I адразу збляднеў яшчэ болей наш малады таварыш, і з воч адна па аднэй пакаціліся буйныя, як перлы, слёзы. Захістаўся на нагах і сеў на ўслончыку ля сцяны… – Учора праходзілі мы каля гэтых месц… Трэба было паміж людзей прайсці… І я не ўцерпеў! – Стаялі і чамусьці ўсміхаліся. сярод іх дзяўчына, а гэткая панадная, здалося мне, што я, каб лепей прыгледзецца, адсланіў крыху павучынне.
Зара абхапілі мяне, можа, сотні рук, і павалаклі, і тузалі, і білі. А ў зверскім гомане галасоў, што сцёбалі мяне здзекам і пагрозай, не чуў я ніводнага, каб быў спагадны мне. I дзявочага, і нават дзяўчыны той не ўбачыў…
Схіліў нізка галаву сваю на калені і моўчкі сядзеў. Нейкія дрыжыкі праходзілі на ўсім целе, трасліся апушчаныя плечы і галава на каленях. Плакаў ён.
Мы навакол маўчалі. Што ж? Няхай паплача! Гэта добрыя слёзы – з імі дух не згіне. А заўтра мы адкрыем яму свой сакрэт і хутка ізноў пойдзем разам.
Аж во, ён мацней уздрыгнуў і разам схапіўся на ногі. З непазбытай мукай у вачах, а з вялікай цікавасцю паглядзеў ён на ўсіх нас і з напорам, звонкім голасам, спытаўся:
– Слухайце, а хто ён быў, гэты шосты? I скуль узяў ён сваю вялікую моц?
Ах ты! Маладзенькі! Дык хто з нас скажа табе. што гэта быў ты, я, ён, вун той, вось гэты?! Што ён быў такі самы, што моц у яго чалавечая! Ты яшчэ веры гэтаму не дасі.
Гэтак памысліў сабе кожны з нас… I мы маўчалі.
1912
Крыніца: Гарун А. Выбраныя творы. Уклад., прадм., камент. У. Казберука. Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2003. – 448 с.