Алесь Гарун — Спрэчка

Алесь Гарун

Дзядзька Тодар, два Пранцішкі,
Сват Гілерык, кум Тамаш
Раз ў мястэчку Зацвілішкі
Насмяшылі ўвесь кірмаш.

Што было прадаць – прадалі,
Кум Тамаш змяняў каня,
Покі ўсё панакуплялі.
Зірк – ай-ёй: каля паўдня!

– Праўда, справіліся ёмка,
Але ж хай гы… во, абед…
– Ну дык што! Хадзем ў карчомку! –
На суседзяў так сусед.

Ўзялі кварту. На закуску
Пару ўзялі тараноў.
Што ж ім кварта? На затруску!
Ўзялі квартачку ізноў…

Больш пілі дзядзькі, чым елі:
Квас, гарэлку, піва, мёд.
Быццам чмелі, загудзелі,
Як і ўвесь ля іх народ.

Хоць там словы ледзьве вяжуць,
Тэй бяды! А што ж маўчаць?
Той штось скажа, той заўважыць.
Кіне чарку наліваць.

Так ад цэнаў, бульбы, меры,
Што на рынку хвальш дае,
Зачапілі справы веры
Дый… счапілісь за яе!

Гэтта слоў ім не хапіла,
Знана вёска: словаў брак!
Потым, слова – хіба ж сіла?
Хіба ж зробіць, як кулак?

От і пляснуў Тодар ў вуха
Па-суседску Тамашу,
I паўстала завіруха
У карчме на кірмашу.

Кум Гілерык, сват, Пранцішкі,
Тодар, – звіліся ў клубок…
Ўсё мястэчка Зацвілішкі
Раптам збеглася ў шынок…

Праз гадзіну дзед Ігнацы
Ўсіх бусайлаў тых мірыў:
– Ці ж не сорам гэтак, братцы? –
Дзед паважна гаварыў. –

Ну, наліха вам сварыцца?
З розных вераў вы – адны
Дзеці гэтае зямліцы.
Краю гэтага сыны.

Вера з жыццем ўсім даецца,
Хто іх даў – яму іх знаць!
Дурань той, хто спадзяецца
Веры сілай паяднаць.

Мы і так, браткі, знявагі
Досыць мелі ад чужых,
Каб спрачацца без развагі,
Ці не цешым толькі іх?

Глузу хіба ж вы не мелі?
Біў чужы вас лёгка смех?
Эх вы, шэршні! Эх вы, чмелі!
Ну, не сорам вам?.. Не грэх?..

Крыніца: Гарун А. Выбраныя творы. Уклад., прадм., камент. У. Казберука. Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2003. – 448 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений