Алесь Гарун — Восень

Алесь Гарун

Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха,нячутна штодзень,
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.

Збожжа пажатае з ніваў пазвожана, −
Голыя гоні самотна ляжаць,
Неба дажджліваю хмарай абложана,
Траўкай не грае сваёй сенажаць.

Кветкі не свецяць галоўкамі яснымі;
Кусцце без лісту, без красак стаяць;
З гэтымі восені днямі бяскраснымі
Цяжкія думкі ў сэрца ляцяць.

Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
"Хутка надыдуць завеі з марозамі,
Ветры з снягамі ізноў наляцяць".

Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечназялёны свой кажуць убор.
Днямі зімовымі, цёмна-імглістыя,
Будуць чарнець навакол, наузгор.

Зіму пачуўшы, мядзведзь неспакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог,
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скаціну, на людзі налёг.

Гусі і качкі гуртамі збіраюцца;
Хутка на поўдзень саўсім паляцяць.
Хеўра за хеўрай на рэчцы змяняецца;
Ўранку крычаць на вадзе, лапацяць.

Так непрыкметна часамі, дзянёчкамі
Восень змяняе аблічча зямлі…
З гэтымі днямі асеннімі, ночкамі
Думкі мне ў сэрца жудосны прыйшлі.

Старое нешта ўсё спамінаецца,
Толькі няясна, маўляў, праз туман,
Нейкі няведамы жаль уздымаецца,
Вабіць і цягне ўспамінак-дурман.

Сэрца баліць пад жаданняў прымусамі,
Што за жаданні – ніяк не пазнаць;
Можа, ляцеці адгэтуль за гусямі…
Можа, заснуць, каб нічога не знаць?..

1910

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений