Да вас, паны, што голасна крычыце
Аб прыязні сваёй да «беднага народу»,
Што раіце па-ліссяму: «Маўчыце,
Нядоўга вам дамо багацтва, волю, згоду», —
Да вас мой гэты верш і словы ўсе благія,
Бо словам вы адны, а справамі — другія.
«Багацтва вам»… Няма вам нашай веры!
Бо ў той жа год ліхі, як ў полі не ўрадзіла,
Галоднаму на прокарм хлеба меры
Аднэй не далі вы. I злаялі няміла…
Калі для нас жадаеце багацтва,
Нашто з бяздольнага здзіраеце апратку?
Нашто ж тагды вы плодзіце жабрацтва,
Дамы пустошачы без ліку, без астатку?
«Мы волю вам»… Пракляцце вам і з ёю!
Чаму ад волі вашай мы стагнаць павінны?
Яна ланцуг над нашаю зямлёю;
Астрог на наш народ, спакойны і бязвінны.
Не воля гэта! Што нам ні цвярдзіце,
Мы вольнымі былі за даўнімі часамі.
Ідзіце ж проч! I з воляю ідзіце!
Да волі знанае хутчэй мы прыйдзем самі.
«Мы згоду вам»… Пакіньце ашуканства!
Вы — бойкі братняе чарнейшыя прарокі,
Без звады вам, нашэптаў, падтыканства
Нямілы божы свет, не ясны, не шырокі.
Не просім вас! Не трэба вашай згоды!
Сваё вялікае дзядоўскае багацце
Хаваем мы; ад Бога ўсе народы
I бацькі аднаго ўсе дзеці—людзі, брацця.
Адкуль вы к нам? Чыйго племя і роду?
З якіх краёў прыйшлі без праўды і без сэрца?
I што вам з нас, ад нашага народу?
Чаму так жычыце яму хутчэй памерці?
Га! Знаем вас, атручання найміты:
Вы — служкі чорныя Яснейшага Мамона*,
Вы — мора бруд ля берагу намыты;
Без дум і без мазгоў, вы — золата без звона.
З усіх бакоў на послугі уціску
Чаргою воўчаю з’яўляецесь усюды,
Дзе клічуць вас для крыўды, для націску
На праўду вечную… Вы… імя вам Іуды!
Ідзіце ж проч! Бясплодна ваша трата
На ласкі ліссія. Пакіньце слова «брат»!
Вы цяжкі сон. Каты… Вы горай ката!
Кругом праклятыя, вам бацька, брат — дукат!
1913
* Яснейшага Мамона — тут у значэнні «Бога багаццяў»;