Байка
Разумным добра быць. То праўда – не смяхом.
Усё каб ведаці, з усякім справіцца грахом,
То можна была б пажываць.
Але ж не трэба мудраваць,
Бо гэта добра, а не надт.
От знаю я таму прыклад.
Прыйшлося неяк жураўлю
У лесе ў дол папасць звярыны.
Чаго зляцеў ён на зямлю,
Аб тым я ведаць не павінны.
З такой бяды жураў крычаў,
Аб сценкі долу крыллем біўся,
А потым і сціхаць пачаў,
Бо надта бедны прытаміўся.
Сядзіць і думае бядак,
За што напасць найшла такая?
Жураў бо быў разумны птак, –
Што будзе далей, ён чакае.
Аж тут праз час які – глядзіць
Галлё трашчыць над галавою:
Кума ліса к яму ляціць, –
Бяда страслась, відаць, і з ёю.
«Здароў, кумок! А як жа ты
Папаў сюды? Чы проста з неба
Сюды зваліўся праз кусты?
Ці, можа, тут табе што трэба?»
«Якога ліха тут шукаць?
Якой мне трэба тут напасці?
Упаў, прыйшлося паскакаць, –
От як наверх бы мне папасці?»
«Ну, гэта што! От зараз я
Нараю што-нібудзь такое…
Эх, думак роіцца сям’я,
Як бы вяселле ў іх якое.
От так зрабі… Чакай ты… не,
Здаецца, лепі будзе гэтак…
Эх, думак, думак у мяне,
Маўляў, у качкі дзікай дзетак».
Пакуль яна гадала так,
Жураў надумаў, як спасціся, –
Хацеў бы ён аднэю як
Хаця бы думкай запасціся.
Ліca ж вядзе саўсім не то, –
Мудруе, круціцца наўсякі:
«I гэтак добра бы, нішто,
А так найлепей – скажа ўсякі».
От гэтак дзень у іх прайшоў, –
Ляцяць ў бядзе дзянькі без знаку.
Мыслівы з стрэльбай падышоў, –
Лісе у гэтым мала смаку.
Сюды, туды яна глядзіць,
Рабіць жа што – сама не знае;
I ўсё адно сабе цвярдзіць,
Што думак надта многа мае.
Жураў жа бачыць: кепска так, –
Зваліўся з ног, ляжыць без духу,
Не зварухнецца аніяк,
Каб а сабе не даці слуху.
Галлё мыслівы разабраў,
Улез у дол і вось што бача:
Там нежывы ляжыць жураў,
Наўкол лісіца жвава скача.
«От нечысць дзе, каб ты прапаў,
Што за праклятая звярына:
Не годзе то, што сам папаў, –
Душыць другіх яму павінна!»
I, стрэльбу зняўшы з-за пляча,
Лісе у бок не доўга цэліў, –
Спусціў курок і згарача
На месцы тут яе застрэліў.
А потым, ўзяўшы жураўля
За ногі, ўгору яго кінуў;
Пад тым ўскружылася зямля,
Як на лам’ё бакамі рынуў.
Але праз момант ачуняў
I крыкнуў радасна і зычна, –
I, ўгору ўзняўшыся, жураў
Пайшоў лятаць, як лётаў звычна.
Ну во і ўвесь тут мой прыклад,
З яго марал такі усім:
Мудруйся, браце, а не надт,
Бо замудруешся саўсім.
1910