У большасці паэтычных і празаічных твораў, прысвечаных дачцэ Рагвалода, падкрэсліваўся ахвярніцкі, пакутліва-трагічны лёс Рагнеды. Аддавалася належнае той цярплівасці, з якой славутая палачанка несла крыж жыццёвых выпрабаванняў. Князь Уладзімір выглядаў у параўнанні з ёй суровым валадаром, нават дэспатам, але ж — пераможцам, надзеленым моцнай воляй палітыкам.
Драматург Алесь Петрашкевіч паспрабаваў перагледзець такую трактоўку у гістарычнай драме "Гора і Слава" ("Русь Кіеўская").
У творы, жанр якога сам аўтар вызначыў як трагедыя, — цэлы калейдаскоп падзей беларускай і ўсходнеславянскай гісторыі X стагоддзя. Нават у сціслым пераказе ў летапісах гэтыя падзеі займаюць не адну старонку: смерць старой кіеўскай княгіні Вольгі; барацьба Святаслава з печанегамі; забойства Яраполка; барацьба паміж полацкім і кіеўскім князямі за Ноўгарад; заваёва Уладзімірам улады над Полацкам і Кіевам; расправа з полацкім князем Рагвалодам і яго дзецьмі; горкае замужжа Рагнеды; паход Уладзіміра на Візантыю; чалавечае ахвярапрынашэнне ў язычніцкім Кіеве; выбар новай веры; хрышчэнне кіяўлян у Дняпры; новая жаніцьба Уладзіміра і пастрыжэнне Рагнеды…
Падзей замнога не толькі для трагедыі, але і для гістарычнага рамана. Зрэшты, дзеянне трагедыі найчасцей адбываецца вакол адной, але маштабнай, значнай, фатальнай для лёсу цэнтральнага героя падзеі. Магчыма, жанр п’есы варта было б вызначыць як гістарычная хроніка (па аналогіі з гістарычнымі хронікамі Шэкспіра, Мерымэ, Караткевіча).
Сам тэрмін "Кіеўская Русь" у дачыненні да дзяржаў Усходняй Еўропы X — XI стагоддзяў не раз аспрэчваўся і аспрэчваецца гісторыкамі. Гаворка можа ісці пра Полацкае, Кіеўскае, Ноўгарадскае княствы, якія ў той час мелі неабходныя прыкметы дзяржаўнасці. Зрэшты, разгортванне падзей у п’есе Алеся Петрашкевіча, дзе паказваецца палітычная і ваенная барацьба паміж Полацкам і Кіевам, ускосна пацвярджае гэта.
Варта падкрэсліць, што драматурга цікавяць у першую чаргу не гістарычныя тэрміны, не асобныя дэталі, а агульны вектар гістарычнага працэсу. Як у святле гэтых падзей выглядаюць героі твора: Рагнеда, Рагвалод, Уладзімір, якім чынам самавыяўляюцца іх характары?
Пісьменнік імкнецца прапанаваць сваю, даволі адвольную інтэрпрэтацыю летапіснага сюжэта. Яе задума заключаецца ў тым, каб не давяраць слепа летапісным радкам. Аўтар сыходзіць з таго, што ва ўсе часы летапісы ствараліся жывымі людзьмі, якія маглі быць тэндэнцыйнымі, асвятляць падзеі на карысць сваёй дзяржавы або каб дагадзіць "заказчыкам", сваім уладарам.
Створаны вобраз няшчырага Летапісца, чыё пяро паслухмянае волі кіеўскіх валадароў. Паміраючы, прадыктуе сваю "праўду" пра мінуўшчыну дэспатычная, помслівая княгіня Вольга. Паспрабуюць з дапамогай Летапісца папрыхарошвацца перад гісторыяй, "адбяліць" свае нядобрыя ўчынкі Святаслаў, Яраполк, Уладзімір…
Аўтар п’есы падкрэсліў у прадмове, што не імкнецца да поўнай гістарычнай дакладнасці. Не прэтэндуюць на гэтую дакладнасць і іншыя рэаліі, якія сустракаюцца ў п’есе: магчымасць летапісання на Русі ў X стагоддзі і раней; існаванне ў гэты час разнастайнай і развітай літаратуры; шырокае бытаванне берасцяных грамат, самая ранняя знаходка якіх належыць, як вядома, да XI стагоддзя.
У падыходзе да гістарычных падзей аўтар дапускае момант міфалагізацыі — прыём, не забаронены ў гістарычным жанры, дзе ўвогуле можа быць вялікая доля мастацкай умоўнасці.
Ёсць у п’есе элементы падання, легенды, увасобленыя ў драматычнай форме. Варта прыгадаць, што паданні, як і быліны, звычайна апавядаюць пра падзеі, што адбываюцца ў "эпічным часе" — вельмі даўнім і не зусім пэўна акрэсленым. Напрыклад, у час княжання таго ж Уладзіміра, які ў рускіх былінах набывае другое, прыхарошанае найменне — Краснае Сонейка. У фальклорных творах, што адназначна праслаўляюць свайго героя, няшмат агульнага з гістарычна засведчанымі звесткамі.
Абставіны, у якіх дзейнічаюць героі п’есы "Гора і Слава…", таксама ахутаныя лёгкай смугой таямнічасці, легендарнасці, неакрэсленасці, што ствараецца ў многім дзякуючы гістарычнай аддаленасці ў часе. У творы назіраем амаль казачную гіпербалізацыю, запазычаныя ў фальклору прыёмы тыпізацыі. Такім чынам, працягваецца традыцыя фальклорна-гістарычных п’ес, распачатая творамі Каруся Каганца, Е. Міровіча, Я. Дылы, Уладзіслава Галубка.
Ад фальклорнай традыцыі ў п’есе А. Петрашкевіча і пабудова характару паводле адной станоўчай ці адмоўнай рысы, лейтматыву. Але драматург імкнецца развіць і ўскладніць фальклорную аснову вобраза. Гэта датычыцца перадусім характару галоўнай гераіні твора.
Рагнеда не толькі цярплівая пакутніца, якой выглядала яна паводле летапісных звестак. Яна — юная, гарэзлівая, вясёлая дзяўчына, амаль падлетак. Яе з’яўленне ў п’есе — відавочнае адступленне ад манументальнага стылю: яна ўрываецца на сцэну, фехтуючы на затупленых шаблях з братамі-падлеткамі.
У сцэне сватання, калі Рагнедзе зрабілі прапанову двое жаніхоў — Яраполк і Уладзімір, высвятляецца, што Рагнеда аддала перавагу Уладзіміру. Гэта — наўмыснае адступленне ад летапіснага факта, згодна з якім Рагнеда адмовіла Уладзіміру, прычым у абразлівай форме: "Не хачу разуці рабыніча, але за Яраполка хачу". (Уладзімір быў сынам ключніцы Малушы і Святаслава).
У п’есе ёсць свой Яга, падступнік і ліхадзей, сэнс жыцця якога — чыніць зло. Гэта варажскі ваявода Блуд. Хітры іншаземец нібыта сам напісаў ад імя Рагнеды гэты сказ на берасцянай грамаце і аддаў яе Уладзіміру. Рагнеда, паводле летапісу, збіралася пайсці замуж за Уладзіміра.
Гэты наўмысны адыход ад агульнапрынятай думкі дапамагае драматургу псіхалагічна абгрунтаваць далейшыя адносіны Рагнеды да Уладзіміра — яе адданасць, вернасць і падтрымку мужу.
Крывавая кульмінацыя гэтага эпізоду амаль нічым не адрозніваецца ад летапіснай. Абражаны Уладзімір прагне помсты. Ён выкарыстоўвае права сілы, права пераможцы, досыць пашыранае ў тыя жорсткія часы. І вось ужо за сцэнай чуцен гул сечы, і ў церам полацкага князя ўрываецца Уладзімір, забівае Рагвалода.
Рагнеда замахваецца кінжалам, каб адпомсціць за забойства бацькі, але рука спыняецца ў паветры. Як вядома з летапісаў, Рагнеда спрабавала забіць свайго мужа. Драматург жа засяроджвае тут увагу не на гэтым учынку, а на тым, што збліжае Рагнеду і Уладзіміра, — іх агульным клопаце пра моц дзяржавы.
Настае чарга драматурга пераконваць у тым, што ёсць іншая Рагнеда, якая ўзважвае свае ўчынкі мерай глыбокай любові да радзімы. Дзеля Бацькаўшчыны яна гатовая паступіцца асабістай знявагай.
Сітуацыя, у якой апынулася Рагнеда, і яе паводзіны нагадваюць гісторыю Юдзіфі. Але, у адрозненне ад Юдзіфі, Рагнеда перамагае праз паступовае "ачалавечванне" нястрымнага, імпульсіўнага, часам дзікага ў сваіх учынках Уладзіміра.
Гэты ход добра стасуецца з агульнапрызнанай, стваральнай, цывілізацыйнай роляй жанчыны ў грамадстве. Гэтая стваральнасць, міратворчасць закліканыя супрацьстаяць мужчынскай прыроднай агрэсіўнасці, разбуральнаму пачатку.
Мы бачым вобраз жанчыны, здатнай пераадолець у сабе помслівасць дзеля грамадзянскай мэты, своеасаблівую полацкую "антымедэю". Медэя, помсцячы свайму мужу Ясону за абразу і здраду, забіла ўласных дзяцей. Рагнеда ж здолела дараваць Уладзіміру абразу і здраду, станоўча ўплываць на яго, выхаваць сына Ізяслава і дамагчыся для яго спадчыны — княскага пасаду ў Полацку. Гэта жанчына, якая можа мысліць і дзейнічаць па-мужчынску, вырашаць "нежаночыя", ваенныя, дыпламатычныя, рэлігійныя пытанні.
Уладзімір падпарадкоўваецца жонцы, слухаецца яе парадаў, дзейнічае, часам пра тое не здагадваючыся, згодна з яе стваральнай воляй. Пад яе ўплывам князь вырашае развітацца з паганскімі ідаламі і прыняць хрысціянства. Гэта было псіхалагічна няпростае рашэнне. Уладзімір давярае дальнабачнасці жонкі, і яна не злоўжывае гэтым. Больш таго, яна гатовая і на новую ахвяру.
"У л а д з і м і р. Многае ты, Гараслава, пазнала і ў справах дзяржаўных, і боскіх, але, што будзе з Руссю, прадбачыць не можаш… Ніхто не можа!.. І я не ведаю…
Г а р а с л а в а. Прарочыць не стану, але думаю, што прыйдзе час, і хутка, калі і ты, і Дабрыня, і іншыя раўніцелі старой веры пакінуць сваіх куміраў, каб абраць іншых. А абраўшы, будуць абараняць іх з падвоенай рэўнасцю.
У л а д з і м і р. Няўжо з галавою хрыставерам прададзімся?!
Г а р а с л а в а. Хіба я пра тое?
У л а д з і м і р. А пра што ж ты?
Г а р а с л а в а (пасля паўзы). Пра тое, што, прымаючы багоў і новую веру, не спяшайся дзякаваць Візантыі, узнагароду ж запрасі дастойную. Жыццё яшчэ пацвердзіць, хто перад кім у даўгах будзе.
У л а д з м і р (пасля паўзы). Назаві, Гараслава, тую ўзнагароду. Яна табе падарункам стане…
Г а р а с л а в а (як даўно вырашанае). Прасі сястру імператара візантыйскага царэўну Анну.
У л а д з м і р (здзіўлена). Навошта?
Г ара с л ав а. У жонкі… Ахрысцішся — Анна адзінай жонкай застанецца…
У л а д з і м і р (усё зразумеў, перапалохаўся, схаваў галаву Гараславы ў сваіх абдымках). А ты як, Гараслава?! Я не памяняю цябе на ўсіх багоў свету!..
Г ар а с л а в а. Не пра цябе і не пра мяне гаворка. Аб дзяржаве Рускай думай, Уладзімір Святаславіч. Возьмеш Анну — параднішся адразу з двума імператарамі: візантыйскім і германскім. Гэта не кожнаму ўдавалася…"
Матывацыя чарговага валявога ўчынку Рагнеды досыць прагматычная: росквіт дзяржавы. Гаворку пра асабістае жыццё яна перапыняе як пра нешта неістотнае. Можна меркаваць, што гэтая тэма хвалюе толькі Уладзіміра. Рагнеда нарэшце знайшла падставу, каб расквітацца з чалавекам, які забіў яе бацьку і братоў і шлюб з якім яна толькі церпіць.
Цяпер, калі яе доўг перад Бацькаўшчынай сплачаны цалкам, яна заслугоўвае права на спакой. І знойдзе яго ў манастве, узяўшы пры пострыгу імя Анастасія.
Алесь Петрашкевіч вярнуўся да вобразаў Рагнеды і яе бацькі ў новай п’есе "Меч Рагвалода", дзеянне якой разгортваецца ў пашыраным гістарычным кантэксце, да якога падключаюцца часы Усяслава Чарадзея, Ефрасінні Полацкай. Драматург спрабуе адлюстраваць ролю Полацкага княства ў далейшым фарміраванні беларускай дзяржаўнасці.