Малюнак знаёмы,
Балючы і шчыры:
Рабіна на строме,
Рабіна над вірам.
Застыла ў здранцвенні
Ўдавою пакорнай
У яркім адзенні
Над безданню чорнай.
Адкуль столькі гора
У бабіным леце,
З сівога фальклору
Ці з новых трагедый?
У стылым блакіце
Зноў журыцца вырай…
Спыніце, спыніце
Рабіну над вірам!