Алесь Якімовіч — Дапамога

Алесь Якімовіч

  Стрымліваючы хваляванне, Пеця націснуў на званок. Дзверы расчыніліся, і ён убачыў высокага хударлявага мужчыну.
 – Вы да мяне?
 Пеця збянтэжыўся. Не чакаў гэтага «Вы».
 – Вас Ігнатам Васільевічам зваць? Вы франтавік?
 – Усё правільна, малады чалавек.
 Пеця зусім разгубіўся.
 – Я Пеця Сіняк. Сіняк-слабак у класе клічуць, – нечакана прызнаўся ён. – Гэта Ваня Мялешка прыдумаў…
 Ігнат Васільевіч пасадзіў Пецю ў мяккае крэсла, сам сеў насупраць.
 – Цябе, відаць, са школы прыслалі, каб дапамагаў мне, ветэрану.
 – Ага, – кіўнуў галавою Пеця.
 Ігнат Васільевіч усміхнуўся:
 – А чаму цябе слабаком называюць?
 Пеця апусціў вочы, пачырванеў да вушэй.
 – Я самы слабы ў класе, бо часта хварэю… Вам, напэўна, не патрэбна мая дапамога?
 – Патрэбна, Пеця, вельмі патрэбна, – сказаў Ігнат Васільевіч. – Ты хварэеш часта – бяда ў цябе. I мне кепска. Сэрца баліць. Дактары раяць бегаць. Але боязна аднаму. Давай разам бегаць.
 – Зімою? – не паверыў Пеця. – Холадна ж!
 – Хіба ты не хочаш мне дапамагчы?
 Пеця ўздыхнуў і мусіў пагадзіцца:
 – Добра. Няхай будзе па-вашаму.
 Непрыкметна мінула зіма. Неяк у класе пачалі прыгадваць, хто як ветэранам дапамагае.
 – Я Ігнату Васільевічу бегаць дапамагаю, – пахваліўся Пеця.
 Ваня Мялешка засмяяўся:
 – Слабак бегаць дапамагае!.. Ха-ха-ха…
 Крыўдна стала Пецю. Скончыліся ўрокі, і ён, падышоўшы да Вані, гучна, каб усе чулі, сказаў:
 – Давай навыперадкі паспрабуем. Пабачым, хто з нас слабак…
 На школьны стадыён пайшлі ўсім класам.
 – Колькі кругоў пабяжым? – запытаўся Пеця.
 – І аднаго хопіць, – адмахнуўся Ваня.
 Пабеглі. Вырваўся Ваня ўперад. Пеця за ім трымаецца, не адстае. Ваня хутчэй, і ён хутчэй. Перад апошняй павароткай рвануўся, ураз Ваню абагнаў. Ваня сышоў з бегавой дарожкі і напрасткі, праз школьны стадыён, дахаты падаўся.
 А сябры абступілі Пецю, здзіўляюцца:
 – Дзе ж ты гэтак бегаць навучыўся?
 – Я ж вам казаў, што Ігнату Васільевічу бегаць дапамагаю. Хворы ён. Дактары параілі, каб бегаў. I я заўсёды побач з ім…

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 1.5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений