Алесь Якімовіч — Лянота

Алесь Якімовіч

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

І

  Жыў на свеце хлопчык Алік. Не вялікі і не маленькі. Так сабе, сярэдненькі. З кірпатым носікам, абсыпаным рабаціннем, з упартым чубам, які не хацеў прычэсвацца, са смяшынкамі ў хітрых вачах.
 Любіў той хлопчык ездзіць на трамваях і аўтобусах – з білетам і без білета… Любіў кіно – добрае і дрэннае. Любіў цукеркі і марожанае. Любіў свае самаробныя шаблі, кінжалы і пісталеты.
 Вось, здаецца, і ўсё, што ён любіў.
 А чаго не любіў? Усяго іншага. Нават памыцца і прычасацца як след ленаваўся. Так нямытым ды лахматым і хадзіў у свой чацвёрты «Б» клас.
 Маці і крычала на яго, і гразіла, і прасіла:
 – Сядзь ты, Алік, за кніжку. У цябе ж адны двойкі ды тройкі.
 – Ат, не хочацца.
 – Падмяці, Алік, пакой. Глядзі вунь, як насмяціў, майструючы свае пісталеты.
 – Ат, не хочацца.
 – Схадзі, Алік, у магазін па хлеб.
 – Ат, не хочацца.
 – Ах ты, лянота мая горкая! – уздыхала маці і сама падмятала пакой, хадзіла па хлеб і рабіла ўсё, што трэба рабіць дома.
 Настаўніца Аліка дакарала, кожны дзень пра яго ў дзённіку скаргі пісала. Важатая на зборах атрада сарамаціла. А яму хоць бы што. Толькі большая злосць на ўсіх разбірала.
 Аднойчы Алік позна варочаўся дахаты – загуляўся з сябрамі ў вайну. Чуе – нехта енчыць у цёмным закутку двара.
 Алік спыніўся.
 – Хто там? – пытаецца.
 – Я – Лянота, – пачуўся тонкі пісклявы галасок.
 – А што ты тут робіш?
 – Нічога. Мяне выкінулі.
 – Хто?
 – Валерка з дзесятай школы. Не хоча больш дружыць са мною. Вазьмі ты мяне.
 – А дзе я цябе падзену? Маці мне не дазваляе цягаць у кватэру рознае ламачча.
 – Я – не ламачча! – пакрыўдзілася Лянота. – Я табе памагаць буду.
 – Якая ад цябе помач?
 – А якую хочаш?
 – Вучыцца за мяне будзеш?
 – Не. Вучыцца не хачу. Я – Лянота.
 – Пасцелі засцілаць, пакой падмятаць?
 – Не, – запішчала Лянота. – Я не люблю ніякай работы.
 Усміхнуўся Алік і кажа:
 – Выходзіць, ты – мая сястра. Мама мяне таксама лянотай заве.
 – Але ж, твая сястра, – падхапіла сапраўдная Лянота. – Толькі я – не простая сястра, а – чароўная! Не пакідай мяне ў бядзе, брат мой! Я буду дружыць з табою. На ўсіх тваіх ворагаў дрымоту ды ляноту наганяць буду.
 – О, гэта добра! – згадзіўся Алік. – А дзе ж я цябе трымаць буду?
 – Дзе хочаш. Я – маленькая. Шмат месца не займу. Пасадзі мяне ў якую-небудзь скрыначку, хоць у пенал, і я там буду жыць. Карміць і паіць мяне не трэба. А калі табе спатрэбіцца мая дапамога, вазьмі скрыначку ў рукі і скажы: «Лянота, Лянота, нагані на таго і таго дрымоту».
 I ўсё будзе зроблена. Толькі, глядзі, не адкрывай скрыначкі: я не люблю святла.
 Схапіў узрадаваны Алік сваю новую сяброўку, прынёс дахаты і сунуў у пенал.
 

II

  Назаўтра Алік зарабіў чарговую двойку па мове. На пераменцы сябры напалі на яго:
 – Дакуль гэта будзе, Алік? Ты ганьбіш нас!
 Узлаваўся Алік на сяброў. Узяў з партфеля пенал, зайшоў у цёмны куток калідора ды прашаптаў:
 – Лянота, Лянота, нагані на чацвёрты «Б» клас дрымоту.
 – Добра. Будзе зроблена, як ты пажадаў, – прапішчаў знаёмы галасок з пенала.
 Празвінеў званок.
 Алік вярнуўся ў клас. Бачыць – усе яго сябры сядзяць за партамі і пазяхаюць. Ды так, што аж сківіцы трашчаць. А іншыя ўжо спяць.
 Алік сеў за сваю парту і цікуе, што будзе далей.
 У клас увайшла настаўніца Ганна Іванаўна.
 – Што гэта? – здзівілася яна. – Чаму вы пазяхаеце?
 – Спаць хочацца, – адказалі тыя, хто яшчэ не заснуў.
 – А што ж вы ўночы рабілі?
 – Спалі…
 Пакуль настаўніца распытвалася, заснулі і ўсе астатнія вучні чацвёртага «Б» класа.
 Настаўніца прысела за сталом, дастала класны журнал.
 Але тут на яе напала такая дрымота, што яна адразу асунулася на спінку крэсла і соладка захрапла.
 Алік узрадаваўся: «Малайчына Лянота! Цяпер урока не будзе і новай двойкі я не зараблю». Ён дастаў з партфеля кніжку «Прыгоды Мюнхгаўзена», усміхнуўся сам сабе і пачаў чытаць.
 Кончыўся ўрок. На калідоры зазвінеў званок. I клас заварушыўся.
 Першай прачнулася настаўніца Ганна Іванаўна. «Ай-яй, – спалохалася яна. – Гэта ж, мусіць, я незнарок задрамала на ўроку». I, моцна засаромеўшыся, выйшла з класа.
 Услед за ёю пабеглі і вучні.
 

III

  Прыйшоў Алік дадому. Маці глянула ў дзённік і ахнула:
 – Зноў двойка!
 I давай крычаць на Аліка:
 – Гультаіна ты! Абібок! Вось скажу бацьку – няхай зніме на цябе папругу.
 Пад вечар бацька вярнуўся з работы. Маці сказала яму пра новую Алікаву двойку.
 – Хоць бы раз ты насварыўся на яго, стары! – крычала маці. – Што ў цябе, папругі няма?
 Бацька быў у той дзень невясёлы – нешта не ладзілася ў яго на рабоце. I ён сапраўды зняў папругу ды злёгку хвасянуў Аліка ніжэй спіны.
 Алік заенчыў на ўвесь дом.
 – Глядзі ў мяне! – сказаў бацька. – Калі яшчэ раз прынясеш двойку, то заробіш не такой папругі.
 Крыўда агарнула Аліка – свет няміл яму зрабіўся. Дастаў ён цішком пенал з партфеля і паклікаў сваю сяброўку:
 – Лянота, Лянота!
 – Што з табою, братка? – азваўся голас Ляноты. – Ты, здаецца, плачаш?
 – Ага, – адказаў Алік, выціраючы кулаком вочы.
 – Чаго ж ты, братка, плачаш? Чаму горкія слёзы ліеш?
 – Як жа мне не плакаць? Як горкіх слёз не ліць? Усе на мяне крычаць, усе крыўдзяць. Увесь свет супроць мяне выступіў.
 – Добра, – сказала Лянота. – З гэтай мінуты ты будзеш жыць спакойна: свет цябе крыўдзіць не будзе.
 Толькі сказала так Лянота, як тут жа ў кватэры патухла святло.
 Алік пачакаў крыху – думаў, бацька паправіць пробкі. Ды бацька чамусьці сядзіць у крэсле і не варушыцца. Маці таксама дрэмле на другім крэсле са швом у руках.
 Алік выйшаў на двор. Хацеў з сябрамі пагуляць. Ды на цёмным двары нікога нідзе не відаць.
 Куды ж падзеліся яго сябры? Алік, вядома, не думаў, што Лянота іх пакарала разам з усім светам.
 Выйшаў Алік на вуліцу. А там – адна цемень. Ні людзей, ні машын. Дзіва!
 Вярнуўся Алік дадому. Знайшоў агарак свечкі. Запаліў. Успомніў, што даўно ўжо есці хочацца. Адчыніў буфет. А ў ім – хлеба ні крошкі. Толькі масла ляжыць у сподачку. Паспрабаваў – нясмачнае масла без хлеба!
 «Можа, схадзіць у магазін?» – падумаў галодны Алік. Падышоў да крэсла, на якім драмала маці.
 – Мама, дай грошы. Я па хлеб збегаю.
 Маці толькі прамармытала нешта і зноў заснула. Алік яшчэ раз пабудзіў яе.
 – Ат, – пакруціла галавою маці, – адчапіся. Мне не хочацца ўставаць, шукаць сумку.
 Будзіць бацьку Алік не адважыўся, каб зноў папругі не зарабіць. Знайшоў сам матчыну сумку, а ў ёй – некалькі медзякоў. Пералічыў: хопіць на малы батон, яшчэ і застанецца! Апрануўся і кулём кінуўся на двор.
 Прыбег у магазін, глядзіць – замок па дзвярах…
 «Што за ліха? – падумаў Алік. – Цяпер не больш васьмі. Гэты ж магазін зачыняецца ў адзінаццаць. Ну, што ж. Трэба садзіцца на тралейбус ды ехаць на другую вуліцу. Можа, там магазін яшчэ не зачынены.
 Алік выбег на тралейбусны прыпынак. Пастаяў хвілін дзесяць – ніводзін тралейбус не паказаўся.
 Тут толькі Алік успомніў, што на вуліцы няма святла. А калі няма святла, то не пойдзе і тралейбус. Прыйшлося цягнуцца пехатою ў другі хлебны магазін. Дайшоў сяк-так па цёмнай бязлюднай вуліцы. Глядзіць – і гэты зачынены. Алік кінуўся ў трэці. I трэці – зачынены. Хадзіў, хадзіў цэлы вечар ды ні з чым і дадому вярнуўся. Змарыўся так, што і на голад забыўся. Зваліўся па ложак, як сноп, ды моцна заснуў.
 

IV

  Спаў Алік доўга. Ніхто яго не будзіў. А калі прачнуўся ды глянуў на гадзіннік, дык аж за галаву хапіўся: цэлую лішнюю гадзіну праспаў!
 Выбег Алік на кухню, бачыць – там маці сядзіць з бульбінай у руках і дрэмле.
 – Ты чаму мяне не пабудзіла? – напаў на яе Алік. – Праз цябе я ў школу спазніўся!
 – Я хацела цябе пабудзіць, – адказала маці. – Але такая на мяне лянота напала, што я нават устаць з табурэткі не магу. Пачала бульбу чысціць, дык яна ў мяне з рук валіцца.
 – Ай-яй-яй! – замітусіўся Алік. – Будзе мне ад Ганны Іванаўны. Напішы хіба запіску, што ў мяне жывот балеў…
 Алік прынёс маме кавалак паперы і карандаш. Маці ўзяла паперу, але яна тут жа выпала ў яе з рук.
 – Што ты – бязрукая? – са злосцю сказаў Алік.
 Ён падняў паперу і зноў падаў маме. Але па гэты раз маці нават рукамі не паварушыла.
 – Не магу пісаць, – прагаварыла яна лянівым голасам.
 – Чаму?
 – Не хочацца. Нічога не хочацца рабіць.
 – А снеданне ты таксама не згатавала?
 – Не.
 – Што ж мне есці?
 – Не ведаю. Хлеба няма. Бульбы насмажыць не магу. Смаж сам, калі хочаш.
 Алік за ўсё сваё жыццё не ачысціў яшчэ ніводнай бульбіны. Не ўзяў бы ён у рукі нажа і цяпер, каб не голад. Але толькі пачаў чысціць бульбу, як востры нож – шах! – і парэзаў яму палец. Алік страшэнна баяўся крыві. I ён так зароў, што маці аж вочы адплюшчыла. Паглядзела на парэзаны Алікаў палец, паківала галавою ды зноў задрамала.
 – Не буду чысціць гэтай праклятай бульбы! Лепш не еўшы пайду ў школу, – раскрычаўся Алік, завязваючы бінтам палец.
 Сабраўся ён і без запіскі пабег у школу.
 На школьным двары нікога не было. У калідоры – таксама. Адчыніў Алік свой чацвёрты «Б» клас – і там ні жывой душы. «Відаць, урокі скончыліся, ці што? – падумаў Алік. – А дзе ж тады другая змена?»
 Пахадзіў ён па пустых вуліцах і зноў вярнуўся дадому. Бачыць – маці, як і раней, дрэмле на табурэтцы. Бацька сядзіць у сталовай з газетай у руках, хоць відаць было, што ён зусім яе не чытае, а толькі сяды-тады маргае соннымі вачамі. «Чаму бацька на работу не пайшоў? – падумаў здзіўлены Алік. – Сёння ж не выхадны».
 Сумна стала Аліку. Ні есці няма чаго, ні пагуляць няма з кім. Пайшоў ён зноў у магазіны хлеба шукаць. Хадзіў, хадзіў, а яны ўсе зачынены. Трамваі і тралейбусы стаяць. Людзей і машын нідзе не відаць.
 Тым часам і вечар настаў. У галаву Алікаву розныя невясёлыя думкі прыйшлі. Што сталася з бацькамі? Чаму яны не могуць нават з месца скрануцца? Чаму апусцела школа? Дзе падзеліся сябры? Чаму замёр увесь горад?
 I Алік так засумаваў, што аж заплакаў.
 

V

  Можа б, Алік плакаў і да гэтага часу, каб не ўспомніў пра сваю сястрыцу Ляноту. Заняты розным іншым клопатам, ён пра яе зусім забыўся.
 «Ці не дапаможа яна мне?» – падумаў Алік.
 Выняў ён з партфеля пенал і паклікаў:
 – Лянота, Лянота!
 – Чаго хочаш ад мяне, брат мой?
 – Ці не ведаеш ты, чаму не займалася сёння школа?
 – Ведаю. Ты сам так захацеў.
 – Як гэта я? Што ты вярзеш глупства? – узлаваўся Алік.
 – Ніякае не глупства! – пакрыўдзілася Лянота. – Скардзіўся ж ты мне на ўвесь свет?
 – Ага, – успомніў Алік, – скардзіўся.
 – А што такое свет?
 – Свет… – Алік запнуўся. – Ну, гэта так гаворыцца. Прыказка такая: яму свету мала. Або: свет няміл… А бацькі мае, а школа – хіба гэта свет?
 – Вядома, свет! – цвёрда сказала Лянота. – Усё свет! Нават магазіны і машыны. Я так думаю.
 Алік пачаў здагадвацца, што здарылася няшчасце: дурная Лянота не зразумела яго і напусціла дрымоту на ўвесь свет.
 – Што ж цяпер будзе? – напалохаўся Алік.
 – Нічога!
 – Як гэта нічога?
 – А так, – адказала Лянота. – Мне падабаецца, што ўвесь свет нічога не робіць.
 – Табе падабаецца. А мне што рабіць?
 – Спі, гуляй.
 – А есці мне трэба ці не?
 – Еш, хто табе не дае.
 – Што есці? – горка ўсміхнуўся галодны Алік. – Ні снедання, ні абеду маці не наварыла. Сам я гатаваць не ўмею. Магазіны зачынены. Зрабі, Лянота, так, каб усё зноў было, як раней. Я не хачу караць ні бацькоў, ні свету.
 – Ха-ха-ха! – зарагатала Лянота. – Калі я зніму са свету чары, то мне сумна будзе жыць. Зараз – усе мае сябры. А тады нават ты ад мяне адрачэшся. Ці ж няпраўда?
 – Вядома, адракуся. Цяпер я бачу, што дарэмна тваім сябрам стаў, – пакаяўся Алік.
 – Ну вось. А ты хочаш, каб я чары зняла. Не, даражэнькі, такога глупства я не зраблю.
 – Дык я прымушу цябе! – ускрыкнуў Алік.
 – Паспрабуй!
 Алік успомніў, як скавытала Лянота ў пустым закутку іх дома. Відаць, ёй там не соладка жылося. «Выкіну яе зноў туды, – рашыў Алік. – Нябось, паваляецца пад плотам, дык памякчэе». I ён, доўга не думаючы, занёс Ляноту ў закутак ды шпурнуў пад плот.
 I толькі ён зрабіў гэта, як бачыць – усе вокны іхняга дома засвяціліся. На вуліцах зашумелі машыны.
 

VI

  Убег Алік у сваю кватэру, бачыць – у пакоях святло гарыць, маці на кухні бульбу чысціць. Дрымоты ў яе як і не было.
 – Дзе ты гуляеш? – пытаецца яна ў Аліка. – Ты ж, мусіць, есці хочаш?
 – Ага, – адказаў Алік, глытаючы сліну.
 – Пачакай, скора бульбянога супу навару.
 – А я, – сказаў Алік, – па хлеб збегаю.
 Бацька прачыніў дзверы са сталовай, сказаў да Аліка:
 – Купі там у кіёску мне свежую газету.
 – Добра, – адказаў Алік і бягом кінуўся ў хлебны магазін.
 Бацька ўсміхнуўся.
 – Нешта з Алікам сёння сталася. Сам ахвотна па хлеб пабег.
 – Расце хлопец, – сказала маці, – разумнее.
 – I праўда, – згадзіўся бацька. – Але нешта мне вельмі ж есці захацелася. Давай памагу бульбу чысціць.
 Пакуль Алік вярнуўся з хлебам, на газавай пліце ўжо булькатала немаленькая каструля свежага бульбянога супу, а ў алюмініевай патэльні з шумам смажылася цыбуля на масле. Ад яе ішоў такі пах, што Алік ледзь не расчыхаўся.
 – Давай, мама, – сказаў ён, – памагу пасуду мыць, стол накрываць. Скарэй будзе.
 – Добра, сынок. Памагай.
 I яны ўдваіх пачалі рыхтавацца да вячэры.
 А пра сваю сястрыцу Ляноту Алік так і не сказаў бацькам ні слова.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 3.5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений