(Быль)
Цёплы летні дзянёк. На небе, як кажуць, ні хмурынкі. Цішыня. Нават лёгкі ветрык-сухавей дыхне сяды-тады ды зноў надоўга задрэмле ў бліжэйшым гаі.
На зялёнай лугавіне каля дачнага доміка пасецца чародка белых курэй бабкі Ганны. Яны спакойна шпацыруюць узад і ўперад, вышукваючы розных кузурак ды толькі ім адным вядомую смачную траву. Іх ніхто не пасе. Хіба што кот Васька: ён круціцца тут недалёка, каля гаю, вынюхваючы мышыныя норкі.
Бабка Ганна корпаецца на агародзе. Дзед яшчэ зранку сышоў рыбачыць.
Раптам, адкуль ні ўзяўшыся, каменем зваліўся на лугавіну чорны каршун. Схапіў белую чубатку, што першая трапіла ў кіпцюры, і рвануўся ўгору. Астатнія куры з трывожным крыкам шуснулі да доміка.
«Гвалт, ратуйце!» – лёгка разабрала бабка Ганна курыную мову. «Ці не каршун на іх напаў?» – глянула яна ў неба. Палічыла курэй: адной не хапае! Ды самай жа лепшай нясушкі. Яна ж і сёння з яйцом… Яшчэ не знеслася.
Не першы раз каршун жывіцца тут каля яе дачы. Нядаўна апошніх дзедавых галубоў са свету звёў.
I бабка кінулася шукаць курыцу.
Тым часам каршун разняў у паветры кіпцюры – курыца пляснулася вобземлю і разбілася. Каршун нырнуў за ёю, адцягнуў у зараснік і сабраўся ўжо баляваць, як бачыць – перад ім рыжы кот Васька.
Кот Васька, як і ўсе яго сваякі, вядома ж, палюе не толькі на мышэй. Любая птушка для яго таксама нядрэнны ласунак. Не цікавілі яго з пярнатага царства хіба адны бабчыны куры. Прывык ён да іх і лічыў іх за лепшых сваіх прыяцельніц. Дружба ў іх была моцная і непарушная. Ну, а каршун – справа іншая. I ў ката Ваські адразу ж загарэліся вочы і выскачылі з лап вострыя кіпцюры. Каршун падумаў, што кот збіраецца адабраць у яго здабычу. Э, не, галубок! Не на таго нарваўся! Ён пакінуў курыцу і схапіўся з катом. З гарачкі нават падняў яго над кустамі. Ды не ўтрымаў: кот быў цяжкі.
Бойка пайшла не па жыццё, а на смерць. Каршун усё сіліўся яшчэ раз падняць свайго ворага ў паветра і шпурнуць з вышыні, каб забіць. А кот Васька ўпарта дабіраўся да каршуновага гарляка…
Калі бабка Ганна прыбегла да месца адчайнай бойкі, Васька ўжо даў рады чорнаму каршуну: той ляжаў распластаўшыся і ледзь варушыў крыллямі.
Глядзіць бабка Ганна і не ведае, што рабіць: смуткаваць па курыцы ці радавацца за Ваську.
– Ну і малайчына ж ты, Васька! – перш-наперш усё ж пахваліла яна свайго рыжага ката. – Такі смелы. Так яму, разбойніку, і трэба!
Пасля гэтага бабка падняла разбітую курыцу і, кленучы каршуна-разбойніка, панесла яе скубці, пакуль цёплая.
А Васька і ўвагі не звярнуў на бабчыну пахвалу. Падумаеш – смелы! Для яго каршун – той жа верабей, толькі большы. Затое і наедак з яго не тое што з вераб’я.