Алесь Жук — Міш

Алесь Жук

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

І
 Бонусь прачнуўся рана, але не ўставаў. Чуў, як на кухні пынілася Волька. Каб гэта другога дня, то з жончыных рук на падлогу падала б ці накрыўка каструлі, ці алюмініевая місачка. Калі ж Бонусь не абзываўся ў адказ на ўсю гэтую «артылерыю», дзверы ў спальню прачыняліся: «І дакуль ты будзеш вылежвацца? Сонца ўжэ над зямлёю стала! Варыны малыя дзеці ўжэ па вуліцы бегаюць. Стары чалавек, як табе не брыдка!..» Волька вярталася да прыпечка, споведзь вяла і адтуль, пакуль Бонусь не паднімаўся і не ішоў на двор. Клалася спаць Волька ў адну пару з курамі, але і ўставала разам з імі. І не магла цярпець, каб спаў гаспадар, хоць рабіць яму досвіта не было чаго.
 Сёння Волька пынілася ціха. У спальні на суседнім з Бонусем ложку спалі сын Лёня і зяць Гена. Сын прыехаў учора на апошнім аўтобусе, а зяць яшчэ пазней прыкаціў на матацыкле з каляскаю. Гасцей Бонусь не чакаў, не пісаў, каб прыязджалі, бо не было ніякае пільнае работы.
 У спальні стаяў кволы прыцемак. Млявае ранішняе сонца мякка прасейвалася скрозь тоненькія занавескі на палакіраваную падлогу. Пры гэтым няяркім сонечным святле, у цішыні добра і радасна адчуваць, што ты жывеш, што ўвесь гэты свет дзеля цябе і што ты здаровы, лёгкі целам.
 Ціха, каб не трашчалі спружыны старога матраца, Бонусь устаў, надзеў цёмна-зялёную з тоненькае мацеры рубашку-куртку з вузенькімі пагончыкамі і нагрудную кішэню. Будучы ў Слуцку, купіў сабе студэнцкі рабочы касцюм – зручны насіць летам.
 Сам Бонусь высокага росту, крыху сутулаваты, з цёмным загарэлым тварам і сівымі густымі валасамі, здаваўся маладзейшым у гэтым касцюме – не скажаш, што яму за шэсцьдзесят год.
 На кухні Бонусь уссунуў на ногі старыя растаптаныя сандалеты, выйшаў на ганак.
 Сонечна ўстала раніца. Ад расы пацямнела сцяжынка да двары, густа, шызавата легла раса на блакітную фарбу зяцевага матацыкла і на мураўку, якою туга ўрос двор. Ненадоўга і гэтая раса, і тоненькая намітка туману – пакуль крыху вышэй не ўстане сонца. Дзень будзе гарачы, хоць і пачынаецца ўжо верасень, і нават удзень павявае, ходзіць над зямлёю напорысты вецер.
 Мыўся Бонусь ля рукамыйніка, прыбітага да плота. Пакрэхтваў, плюхаючы ваду ў твар, – прыемна, казытліва беглі пад рубашкаю кроплі па грудзях і па спіне.
 Галіўся на верандзе, паставіўшы на халадзільнік люстэрка. доўга вадзіў па твары электрабрытваю, якая хавалася ўся ў яго вялікай, цёмнай руцэ.
 Калі вярнуўся ў хату, жонка не вытрывала, запыталася:
 – Куды гэта ты зранку так выхарошваешся?
 – А табе ніяк не дагодзіш. Пад’еду да Веціка. Хай после абеду заедзе ў лес. Гуртам зараз і забяром усё сена.
 – От табе гэта сена! толькі людзі будуць лішняе языкамі трапаць. Хопіць і таго, што дадуць з калгаса. Хай бы дзеці пагулялі. Схадзілі б у лес, абарвалі якую ягаду.
 – Куды ты раўняеш лесавое сена з цімафееўкаю? А яны не падарвуцца за адзін раз у год. Мне ж работу вялікую зробяць.
 – А хто на заправачную за цябе пойдзе?
 – Сам заеду, адамкну.
 Бонусь вывеў з гаража стары, але дагледжаны «каўровец». Матацыкл вывеў на вуліцу, там завёў, каб не пабудзіць гасцей.
 У шэсцьдзесят гадоў Бонусь пайшоў на пенсію, пакінуў трактар. Пасля згадзіўся быць запраўшчыкам – здаровы мужчына, неяк не з рукі было сядзець зусім склаўшы рукі.
 На заправачнай Бонусь адамкнуў замкі на цыстэрнах з маслам і негролам, а таксама будку, у якой стаялі дзве заправачныя калонкі, на бензін і на салярку. Паклаў на самаробны, з негаблёваных дошак прамазучаны стол канторскую кнігу – журнал уліку адпушчанага гаручага, каб самі механізатары, хто будзе запраўляцца, запісалі колькі яго ўзялі.
 Язда ў Бонуся была нядоўгая: Вецік жыў у прымах у Вуглах, невялікай вёсцы кіламетраў за пяць ад цэнтральнае сядзібы. Ён у вялікую навуку не пайшоў: кончыў толькі вучылішча, а потым курсы і рабіў у меліярацыйным упраўленні на «беларусу». Меў неблагія грошы, работа воддаль ад начальства – сам сабе гаспадар. Каб чалавек другое натуры, маючы гэтакую машыну ў руках. То нажыўся б. Але Вецік быў не з тых, што ўварві ды падай. Яно мо і так: каб ведалі, што ўрвіцель, то не далі б гэтакае волі.
 Бонусь ніколі не любіў прасіць помачы ў чужога чалавека, мець ад каго ласку, калі можна абысціся і без яе. А з гэтым сенам не надта і хацелася, каб у вёсцы ведалі, дзе ён касіў. Чужое дабро людзям вочы коле.
 Яно можна было б і не гнацца на лішняе сена, хапае на карову і таго, што даюць з калгаса. Але ж не зраўняеш калгасную цімафееўку з лесавым, пахучым, як чай, сенам. Ды і невялікі клопат дастаць яго. Гэта пакуль не асушылі балота і не насеялі травы, не было чым кароў карміць. Тады кожны даставаць стараўся наўзахваткі, бо і ржышча з зеллем як падзь падалі, каб дзе якую латку ўкасіць. Іржышча тады касіць не давалі – заворвалі, каб гніло ў зямлі, каб лепш яна ўгнойвалася. Цяпер ніхто не забараняе касіць іржышча і ніхто і не косіць яго – хапае сена і калгасу, і людзям з уробленых, дагледжаных лугоў. Цяпер лесніка пачастуй толькі – і касі, як маеш час. А часу Бонусь меў.
 За паўгадзіны Бонусь скружыў у вуглы і назад на заправачную, пабыў там, пакуль раз’ехаліся машыны і начальства з цэнтральнае, і пакурэў дадому.

ІІ
 Госці ўсталі пазнавата. Снедалі за чаркаю, бо спяшаць нікому нікуды не выпадала. Выбраліся ў лес пад полудзень, калі сена добра ўжо абветрыла і падсохла. Упраўна падварушылі, перавярнулі яго і пачалі падбіваць у валкі, каб спрытней класці на прычэп.
 Сам Бонусь, раздабрэлы пасля ранішняе чаркі, больш пастойваў, абапіраючыся на грабільна і гаворачы, чым рабіў. Ён, пакуль хлопцы канчалі валкаваць, узяўся рассцілаць сурвэтку і ставіць полудзень, які ўзялі ў лес.
 Пазіраў на сына Лёню, рослага, загарэлага да чарнаты, як негр. Неяк не верылася, што гэты мужчына вырас з таго маленькага, бледнага з твару хлопчыка, які насіў картовыя штанікі на адной шлеечцы і мацаў за бацькавы кішэні, калі той вяртаўся з работы – ці прывёз зайчыкавага хлеба? Тады і акраец хлеба быў за пачастунак.
 І цяпер нешта пераварочваецца ў Бонуся ў грудзях, як успамінае ён тое жыццё, тыя галодныя і халодныя гады, калі трэба было рабіць душу паслухоўваючы, каб толькі хапіла на кавалак хлеба дзецям…
 Бонусь таму і пайшоў на курсы ў МТС, сеў на трактар, а потым і на камбайн. Хоць лажыў сілу і здароўе, але зарабляў, нічога не скажаш.
 Пакінуў трактар Бонусь пасля таго як добра ўзяў яго радыкуліт. Два месяцы пралежаў у бальніцы, змогся, наглядзеўся на хворых Аглядзеўся і на самім пражытае, многае перадумаў і дайшоў да таго, што цяпер, калі выбудаваўся, выправіў у жыццё дзяцей, разжыўся – не трэба зайздрасць на лішні заработак: не стане здароўя – не спажывеш нажытага. Трэба ўмець не толькі зарабіць, а і распарадзіцца дабром.
 Бонусь накроіў хлеба, нарэзаў чырвонае цвёрдае паляндвіцы, сала, наклаў маласольных агуркоў. Дастаў чаркі, бутэльку гарэлкі і невялікую біклажку хлебнага квасу, які рабіў сам з ячменных праснакоў.
 – Усё, хлопцы, усё! Хай ляжыць. Паабедаем і будзем Веціка чакаць.
 Лёня ўваткнуў грабільна ў зямлю, першы падышоў да бацькі, сеў у цяньку пад кустом. На плечы яму страката леглі сонечныя плямкі.
 Зяць падышоў пазней, сеў на сонцы. Ён ніжэйшага за Лёню росту, незагарэлы, белы целам, як палатно, і таму здаваўся слабейшы, хоць шыршы ў плячах, з вялікімі, цёмнымі ад металу, натруджанымі рукамі.
 Бонусь прывык да зяцевае маўклівасці, ведаў, што Гена не вахлак і не маўчун. Калі пад чаркаю і ў настроі – засыпле анекдотамі, песню завядзе. Ды і дарма, што токар, – канчае завочна на інжынера, стаіць у чарзе на машыну. І жонка за ім гора не ведае.
 У Лёні толькі што работа чысцейшая: пасля мастацкага вучылішча робіць мастаком-афармляльнікам на заводзе.
 Лёня з біклажкі доўга піў квас, потым стомлены адкінуўся на пакошу, як і не адчуў, што яна колецца.
 – Гляджу я, бацька, як лес прачысцілі: дзе таўсцейшае – пад сякеру.
 – Нарасце лесу. Гэта ж пасляваенны нарос. Некалі тут усё спляжана было. А хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар. Гэтак некалі старыя людзі гаварылі.
 – Цяпер машын столькі, што можна ўсю зямлю спустошыць. Рэчку выразалі, канаваю зрабілі. Усё па парадку рэжам, каб толькі выгаду мець, каб большы кавалак сабе ўрваць.
 Лёня прыпадняўся на локаць, узяў чарку, чокнуўся з бацькам і Генам. Гена насмешліва пазіраў на швагра – і як той выпіў, і як закусваў кавалачкам паляндвіцы.
 – Чаму, добра было, як рэчка была. Але ж без сена сядзелі. А цяпер на тым балоце травы нарастае і калгасу, і людзям, – не настойліва, але пераканана запярэчыў Бонусь сыну, як чалавек, які ведае пра гэта лепш за другога, але не хоча настырацца, каб не псаваць таму настрою, бо ад таго, што дакажа ён ці не дакажа сваю правату, нічога не зменіцца.
 Ды чаго спрачацца тут, на ўтульнай палянцы, пад чарку? На душы ў Бонуся спакойна, адчуваецца ўпэўненасць у самім сабе, гонар за тое, што не абы-хто ён, што пражыў жыццё добра: вунь як сям’ёю распарадзіўся – усё ладам, сам мае не малую пенсію.
 Гена закусваў гарэлку салам з хлебам і агурком, пакуль Лёня гаварыў, хітравата пазіраў на яго. Той заўважыў гэты позірк і не змоўчаў:
 – Чаго пасміхаешся? Я праўду гавару: што не ўмеем мы рабіць усё ў меру, прыгожа каб было. Пачнем балота драць – дзяром усё падрад. А можна было і поплаў асушыць, і рэчку пакінуць. На будучае трэба думаць, хоць і даражэй работа абыдзецца.
 – Ён у вас, бацька, мяса любіць, але бычкоў шкадуе. Табе дай менш у рот, дык ты ўсё падрад выкарчуеш і высушыш, – быццам пра даўно вядомае, спакойна сказаў Гена, паволі жуючы. Еў ён не спяшаючыся, але са смакам.
 – Цынік! Утылітар! Здаровая біялагічная істота. Пад’ела, села ў кватэру з санвузлом, купіць свой легкавічок – і шчасце!
 Лёня махнуў рукой і тэатральна адвярнуўся.
 – Саранча-эстэт. Сядзеш у маю машыну, каб паехаць па грыбкі і палюбавацца на прыроду. А можа, і раней за мяне машыну купіш, каб толькі знайшоўся хто мыць і глядзець яе. А ты б толькі сеў і паехаў.
 – А чаму не купіць? Ён за сваё рысаванне не менш за цябе бярэ, – рашыў унесці яснасць у сынаву і зяцеву спрэчку Бонусь.
 Гена і Лёня разам засмяяліся, зразумеўшы яго захад Бонусь і сам засмяяўся, здагадаўся, што хлопцы проста з-за няма чаго рабіць паддражнівалі адзін аднаго, і ён са сваім міратворствам трапіў як лапцем у лужыну.
 Лёня ўкінуў у рот яшчэ кавалак паляндвіцы, разаслаў рубашку, прылёг, устаў, заламаў купчастую верхавінку маладое бярэзінкі так, каб цень лажыўся яму на голаў.
 Гена выпіў яшчэ чарку, добра пад’еў, напіўся квасу, не паленаваўся, прынёс жмак сена, паслаўся на сонцы, прыкрыў голаў газетаю.
 Бонусь дапіў гарэлку, даеў, каб нічога не заставалася, прайшоў яшчэ, памацаў сена – забірай хоць зараз. Тут, на лесавой палянцы, у лагу, які ўвесну заліваўся вадою, а таму вільгаці ставала ў зямлі і ў самае спякотнае лета, добра расла трава. Ад выпітага Бонусь размяк і таксама паслаўся пад вербалозавым кустом, задрамаў, думаючы, што дажыў да добрае старасці.
 Бонусь прахапіўся ад блізкага лапатання трактарнага матора. Вецік на трактары выехаў на паляну, заязджаў на дальні канец яе. Ды не так і рана было – сонца ўжо добра пахілілася на вечар. Хлопцы соладка спалі. Лёня аж блішчаў ад поту сваім чорным целам, а Гена быў чырвоненькі, як падпечаная ў духу булачка.
 Вецік вылез з кабіны, ішоў да бацькі. Невысокага росту, у клетчатай з кароткімі рукавамі навыпуск рубашцы, без шапкі, з рэдзенькім, зачэсаным набок чубком.
 – Пад’ём, работнічкі, а то скора дым пойдзе, – ён злёгку шлёгнуў адламаным на хаду дубцом Гену, а потым і Лёню. – Пад’ём!
 Гена падхапіўся хутка, сцепануў плячыма:
 – А чорт! Здароў!
 Ён падаў руку Веціку, яшчэ раз азірнуўся на свае плечукі, пакруціў галавою, надзеў рубашку.
 – Зліняеш, зліняеш. Так гультаю і трэба, – пажартаваў Вецік.
 – Зліняць мо не зліняю. З мяне не вельмі злазіць.
 Лёня ленавата прыўзняўся на локаць, паглядзеў на брата, падаў руку, каб той дапамог устаць. І, ухапіўшы за руку, лёгка шмаргануў Веціка на сябе, паваліў і прыціснуў да зямлі.
 – Пусці, бычок! Выгуляўся, дзіва што. Табе б не памазок у рукі, а да станка ці на трактар.
 Вецік устаў, падагнаў мужчын:
 – Ну, давайце пачынаць. А то пакуль ускінем, пакуль дома стопчам, то і вечар будзе.
 – А тут няма чаго рабіць чатыром! – махнуў рукою Лёня, дастаў з-пад куста біклажку, прагна і доўга піў, перадаў яе Веціку.
 Напіўшыся квасу, усе ўчатырох пайшлі да трактара.
 Падаваць на прычэп стаў Лёня, вярнуўся на сахары па капе. Гена таптаў, Бонусь падгрэбаў следам патрусіны, Вецік дражніў хлопцаў:
 – Давай, давай, інтэлігенцыя! Тапчы чужых, каб свае баяліся!
 Паклалі сена скора. І хаць, здавалася, нямала яго было, але ўтапталася ў прычэп, толькі чуць вышэй бартоў.
 Калі паселі ехаць, Вецік выглянуў з кабіны і папярэдзіў:
 – Наверх не вылазь, А то нанясе які чорт участковага.
 – Давай, давай, газуй, праведнік! – махнуў рукою Лёня.
 Дома Бонусь сам палез таптаць у хлеў, Лёня і Гена падавалі.
 Хоць рабілі работу спорна, але пакуль кончылі, на дварэ зрабілася свяжэй, сонца ўжо стала вялікім і чырвоным, стаяла на самым захадзе.
 Мыліся на дварэ. Вецік паліваў Лёню і Гену вадою, якая цэлы дзень стаяла ў ночвах на сонцы і стала цёплая, як луг. Гледзячы на маладых, не вытрымаў, раздзеўся да пояса і сам Бонусь, загадаў, каб палівалі яму з вядра на спіну.
 Волька, якая ставіла на стале ў верандзе вячэру, выглянула з дзвярэй, пакруціла галавою: «Дзяціняе пад старасць. Дальбог, дзяціняе!»
 Гену намазалі плечы кіслым малаком, і пасля ўсе ўчатырох, спакойна гаворачы, сядзелі на лавачцы пры плоце, курылі, чакалі, пакуль за стол.
 Адвячорак на дварэ пах цеплынёю, сухім духмяным вераснёўскім сенам.
 За сталом пасля чаркі развесяліліся, загаманілі.
 Бонусь успомніў, што сёння ў канцавога Адама вяселле, прымусіў адзецца ў свой выхадны касцюм Веціка, і сам, ідучы пасярэдзіне, павёў сыноў на танцы.

ІІІ
 Бонусь ішоў у белай кашулі, з расшпіленым каўняром, у касцюмных, старога пакрою штанах з абшлагамі на калошах – якраз па цяперашняй модзе. Справа ішоў у сетачцы-тэнісцы Лёня, загарэлы, высокі, злева, акуратна адзеты ў касцюм, пры гальштуку, спакойны і паблажліва ўсмешлівы Гена, бытта гонар рабіў і гэтай вуліцы тым, што ішоў па ёй, і нават тым, з кім поруч ішоў. Вецік, у велікаватых бацькавых штанах і таксама велікаватай белай рубашцы, нібыта саромеўся сваёй несамавітасці і прыадстаў крыху, а потым і прыпыніўся, загаварыў з мужчынамі.
 Музыка іграла на вяселлі непрывычная цяпер нават і ў вёсках – духавая. І яна, мяккая, шырокая, затапіла ўсё наваколле ласкавымі і журботнымі гукамі, ад якіх рабілася не толькі весела, але неяк і ўрачыста, светла на душы.
 Воддаль ад натоўпу, які сабраўся вакол танцораў, стаяў мужчына ў сандалетах на босую нагу і,выцягнуўшы шыю, уважліва глядзеў на моладзь. Сандалеты старыя, добра ўсохлыя, ногі вялікія, як лыжы.
 – Здароў, Міш! Здароў, кажу! – гукнуў Бонусь, але мужчына не пачуў і азірнуўся толькі тады, як Бонусь моцна ляпнуў яго па плячы. Спачатку на твары ў мужчыны прамільгнуў і боль, і раззлаванасць на Бонуся. Але калі ён угледзеў Лёню, усміхнуўся, падаў руку Бонусям:
 – Га? Здаровы! Бач, сабраліся гуртам, як у лес красці!
 – Нам, дзядзька Міш, красці не трэба. Мы і самі пазычыць можам.
 – Дзіва што! Го! Вучоныя людзі!
 Вецік падышоў пазней, моўчкі падаў Мішу руку, і той спехам паціснуў яе – Веціка ён бачыў часта, рабілі раней у адным меліярацыйным упраўленні.
 Некалі рослы, жылісты мужчына, аднагодак Бонуся, Міш дачасна састарэў, усох неяк. Крыху недачуваў ён пасля фронту, таму і мянушкаю стала скарочанае ягонае імя – так хутчэй можна было паклікаць мужчыну. Меў Міш сілы на чатырох, не менш. Жыў пасля вайны ў старой бацькавай хатцы з падслепаватымі акенцамі і высокімі прызбамі, без падлогі, з невялікаю печкаю, якая муравалася на зіму пасярод хаты. Тады Віцеку здавалася, што Мішу цяжка хадзіць у сваёй хатцы, трэба згінацца. Але тым не менш у гэтую нізенькую хатку збіраліся на вечары гуляць у карты мужчыны з усяго канца вёскі. У іншых хатах замінаў такі гурт. А тут не. Можна было і курыць, і гуляць. Гаспадыня, худзенькая, бледная з твару жанчына, не злавалася і не сварылася…
 Потым Міш пачаў будавацца. Хату ставіў вялікую, прасторную. Падзарабляць хадзіў да людзей – і касіць, і гліну капаць, і торф рэзаць. Хадзіў туды, дзе трэба была сіла, і не шкадаваў яе. І падарваўся на рабоце, пайшоў на курсы экскаватаршчыкаў, дабудаваўся, але, мабыць, з натугі, пачаў глухнуць і марнець.
 Да таго часу павырасталі дзеці і разбраліся па свеце, засталася пустая хата на двух старых людзей, якія жылі толькі на кухні, не стала ўжо каму збірацца на вячоркі, гуляць у карты.
 – Дак, Міш, і ў цябе ж дзеці гэтакія, як мае, параслі, – падштурхнуў пад бок мужчыну Бонусь.
 – Го? Музыка добра грае, не лянуецца, – ці то не дачуў Міш, ці то не захацеў гаварыць пра сваіх дзяцей. Хлопец яго даўно недзе бадзяўся па вярбоўках, дачка пайшла правадніцаю на цягнік і ўжо разы са тры выходзіла замуж. Сына яе ад першага замужжы гадаваў Міш.
 – Мо і барабана не чуеш, пень глухі! – кіўнуў на Міша галавою Бонусь.
 Міш задаволена ўсміхаўся.
 – Лёня, завініся дадому, бутылку вазьмі і кавалак які хлеба. – Бонусь падміргнуў сыну, і той зразумеў бацьку.
 – Перастаньце! Вам што, рабіць няма чаго? – умяшаўся Вецік.
 – Ладна. Чаго ты? – перапыніў яго Гена, які здагадваўся, што стары Бонусь нешта прыдумаў. Яму хацелася паглядзець, што будзе.
 – Тваё дзела старана! Не па душы табе – адыдзі! – Прыкрыкнуў на сына Бонусь, падагрэты зяцеваю падтрымкаю.
 Міш азірнуўся на мужчын, усміхнуўся. Ён выцягнуў худую шыю, прыслухоўваўся да музыкі і чуў, можа, і сапраўды адзін толькі барабан. І ці не ўспамінаў, як некалі на пасляваенных вечарынках, сам яшчэ ў старой, чыста вымытай гімнасцёрцы, вясёлы, падвыпіўшы, іграў на барабане, пазвоньваючы булавою па медных талерках.
 Тады Міш любіў яшчэ расказваць, як ён дайшоў у Берлін і як павінен быў падымаць над рэйхстагам сцяг, калі б гэтага не ўдалося зрабіць Кантарыі і Ягораву. Невядома, праўда тое ці не, але ім, дзецям, слухаць было цікава. Яны тады прыходзілі да Міша стрыгчыся. Ён меў закручаную ў старую чырвоную хустачку трафейную машынку. Колькі хлапчукоўскіх галоў абірычыла тая машынка ў вялікіх, але цёплых мужчынскіх руках!
 Праз гэтулькі гадоў забылася многае ў жыцці, а той лёгкі пах машыновага масла, тое цяпло рук не забылася, быццам было зусім нядаўна, і, можа, успомніцца, калі ўжо застанецца табе на свеце некалькі жывых дзён.
 Вецік яшчэ здалёк бачыў, як вярнуўся Лёня, як упіраўся, не хацеў ісці Міш, а Бонусь адводзіў яго ўбок, узяўшы пад руку, як дапамагаў бацьку ўгаворваць чалавека Лёня, як пасміхоўваўся Гена.
 Вецік паціху пайшоў дахаты, пераадзеўся, завёў трактар і паехаў дадому.

IV
 Музыканты не лінаваліся іграць, не рабілі доўгіх перакураў. Танцавала найбольш моладзь, якой многа сабралася на вяселле – папрыязджалі з горада дзеці на выхадныя да бацькоў. А таму і заказвалі найбольш модныя цяпер танга, шэйкі, казачкі, і ўжо самі музыканты – старэйшым – пачыналі вальс ці дустэп. Да «рускага» яшчэ не дагуляліся, бо не выйшлі з хаты сваты, перавязаныя ручнікамі і добра расчырванелыя ад выпітага і ад гарачыні за сталом.
 Міш таксама чакаў сватоў і чакаў «рускага». Ад выпітае гарэлкі пачынала соладка туманіцца ў галаве, лёгенька пазвоньваць у маладыя званочкі. Мішу не ставала «рускага», бо цяперашніх танцаў, у якіх маладыя падскоквалі, як козлікі, ён не ведаў і не прызнаваў. Які ты хват, можна паказаць толькі танцуючы «рускага».
 А таму, як толькі паказаліся сваты на вуліцы, Міш асцярожна, бы падкрадваючыся, падаўся да музыкантаў, падміргнуў, махнуў рукамі: адною быццам стукнуў па талерцы, а другая ўдарыла булавою. Барабаншчык, маленькі, худы, ужо ў гадах мужчына, зразумеў, што ад яго хочуць, нават ахвотна ўстаў, зняў з пальца сырамятную почапку, падаў талерку і булаву.
 Міш, пахіснуўшыся, сеў за барабан, спачатку ўдарыў крыху не ў такт, а потым нахіліў голаў, прыслухоўваючыся, пачаў барабаніць у лад, калі і не чуў, як іграе барабан, то па руках сваіх адчуваў, што ўдарае не надта моцна і не ціха. І як наладзіўся барабаніць, ужо не надта прыслухоўваўся, больш цікаваў сватоў.
 Але тыя не спяшаліся. Спачатку курылі, нешта моцна і весела гаворачы з гэтакімі ж самымі чырвонымі ад гарачыні вясельнымі жанкамі. І толькі пасля таго як Міш збарабаніў яшчэ вальса, на круг выйшаў малады мужчына, доўгавалосы, у штанах з расклёшнымі калошамі, п’янавата папрасіў – «рускага!» – няўпэўнена прайшоў па крузе, спыніўся перад сватамі, прытупнуў нагою, раз, другі, развёў рукамі, запрашаючы ў круг. Першаю на яго запрашэнне азвалася тоўстая, як печ, баба, пайшла ўкруга хлопца, нечакана лёгка, зграбна перабіраючы нагамі, як падмеценая.
 От з ёю Міш і мог станцаваць, як гэта танцавалі некалі, у яго маладасць. І каб гэта было яшчэ зухавацей, Міш прыгнуўся, перакінуў на плечы рэмень барабана і з ім, зыбнуўшыся з першага кроку, ірвануў у круг, ужо забыўшыся пра ўсё. Стараючыся, каб прыгажэй выходзіла, ён сіліўся вытупваць нагамі, але яны, і старыя ўжо, і п’янаватыя, не слухалі і смешна тупацелі, стараючыся ўтрымаць гаспадара, каб той не ўпаў.
 Але Мішу здавалася, што ён плыве, ляціць па крузе, як вецер. Ён ужо не чуў, што там і як там іграла музыка, лупіў па барабане, усміхаўся і шчасліва на ўсе грудзі вухкаў ад асалоды, як балотны бык.
 І сваха, і той малады хлопец, што пачаў танец, шарахнуліся з круга – далей ад барабана і булавы, якая шпарыла па ім. Але Міш не заўважаў гэтага, яму здавалася, што ўсе пайшлі танцаваць. Ён бачыў вакол сябе, як варушыліся, смяяліся людскія твары – усе танцавалі разам з ім.
 – Давай, Міш, давай! – крыкнуў Бонусь, выціраючы слёзы, якія выступілі на вачах ад смеху, пераможна кіўнуў вокам на Лёню, які гнуўся, таксама задыхаючыся ад смеху, на Гену, які забыўся пра сваю флегматычнасць, і ціха прыгаворваў: «Ну дае! Ну дае!»
 Было нешта і жаласлівае, і бездапаможнае, і смешнае ў гэтым стараватым ужо чалавеку з вялізным барабанам перад сабою Смешна, як блытаюцца, падымаючы пыл, нязграбныя ногі, як ён зыбаецца то ўбок, то назад, то ўперад, гатовы вось-вось кульнуцца цераз барабан.
 – Гу -ух! Гу -ух! – задаволена гухкаў Міш, і каб яшчэ лепш і цікавей здаваўся танец, зароў на ўвесь голас свае самыя заліхвацкія прыпеўкі, прынесеныя з-за свету, з ваенных дарог.

Ой сарокі, ой вароны,
Чорна пер’е на хвасце,
Не чапайце, хлопцы, дзевак…

  Міш крычаў на ўвесь голас, сп’яна заўважыў, як ажывіўся, зарагатаў натоўп.

Я па садзіку ішоў,
Кірпічы да кірпічы…

  Бонусь бачыў, як аж прысеў ад смеху Гена, як ляпнуў па сцегняках Лёня.
 Ён радаваўся, што гэтак пацешыў дзяцей.
 Натоўп рагатаў, рагаталі музыканты, якія перасталі іграць: без музыкі і сам танцор, і ягонае бухканне ў барабан здавалася яшчэ смяшнейшым, пакуль прыезджы хлопец у белай рубашцы з закасанымі рукавамі, маленькі, хударлявы, але жылісты і крываногі, як клешч, мабыць, дабравата выпіўшы, у гэтых прыпеўках убачыў вялікую зняславу вяселлю, выйшоў у круг, выхапіў з рукі ў Мішу булаву, паклаў руку яму на плячо. Міш спыніўся, няўпэўнена пахістваючыся, і, можа, каб не трымаў яго хлопец за плячо, то і не астоеўся б на нагах. У Міша ў запасе было яшчэ многа такіх прыпевак, якія ўпадабаліся людзям, і ніхто не мог перашкодзіць спяваць іх.
 – Пайшоў!.. – Міш лёгка махнуў рукой і некуды далёка ўбок адмёў гэтага настырнага хлапчука, які замінаў яму. Але гэта толькі здалося яму. Хлопец нікуды не адляцеў, хоць і трапіў яму Міш пад нос. Міш сам пахіснуўся, ледзьве астоеўся на нагах, а хлопец, пакрыўджаны, што за яго добрыя намеры, за яго добрае абыходжанне б’юць па мордзе, па-петушынаму спрытна, аж нават падскочыўшы, стукнуў Міша кулаком па твары, цэлячыся ў сківіцу, але папаў недзе вышэй, у шчаку, пад вока.
 Міш лёгка, як гумавы, пахіснуўся, але ўпаў уперад, потырч цераз барабан, кульнуўся цераз яго. Войкнулі бабы, моладзь зарагатала, бо вельмі ж смешна дрыгнуў Міш, падаючы, нагамі.
 Адразу ж нехта з вясковых падбег і адцягнуў убок хлопца. Да Міша кінуўся барабаншчык, спужаны за свой інструмент. Нехта з суседзяў падымаў і дзяржаў Міша, які роў дзікім голасам.
 – Дай кол! Усіх паб’ю!
 Але яго тым часам выбавілі з круга. Каб замяць здарэнне, музыканты прылажыліся да труб, і за музыкаю слаба было чуваць, як плакала і ўпрошвала Міша жонка, якой, мабыць, наказалі і якая прыбегла, як роў яшчэ Міш, але ўжо не так рашуча, больш працяжна.
 Аднекуль з натоўпу паказаўся той самы клешчаногі хлопец, ужо спакойны, усмешлівы і падаў музыканту булаву.

V
 Пасля снедання, пасля чаркі Бонусь з сынам і з зяцем сядзелі на лавачцы пры плоце на двары, курылі. Чакалі, пакуль Лёнеў аўтобус – да яго Гена меўся падвезці Лёню.
 – А Вецік учора невядома калі і знік.
 – Вецік хоць і сын мой, але нецкі, як баба! – махнуў рукою Бонусь. – О, Міш, ідзі сюды! Пахмелімся!
 Міш быў у сваім учарашнім картовым касцюме, у тых жа самых сандалетах на босую нагу, у руцэ сцябліна, якою ён памахваў на качак, што чарадою, незадаволена пакракваючы, тупацелі паперадзе, за другую руку трымаўся ўнук.
 Міш, мабыць, пачуў сваё імя, спыніўся, агледзеўся і ўбачыў Бонуся на дварэ.
 – Пахмяліся ідзі, кажу табе! – падмігнуўшы, запрасіў Бонусь, які добра ведаў, што пасля выпіўкі Міш не тое што пахмяляцца, а і есці дзён са тры не бярэ.
 Міш зразумеў, неяк уважліва, нібыта хацеў прыгледзецца і распазнаць, глядзеў на Бонусяў. І на замучаным, шэрым яго твары, дзе пад вокам і здалёку відзён быў чарняк, адбілася пакутлівае неразуменне. Як бывае ў чалавека, калі ён глядзіць на даўно знаёмае, добра вядомае – і не можа пазнаць ці зразумець яго. І гэтакае ж дарослае сур’ёзнае неразуменне з’явілася і на дзіцячым, занадта бледнаватым улетку, тварыку.
 Міш нічога не адказаў, толькі паківаў галавою, неяк горка і дакорліва, і цяжка, старэчым крокам пайшоў следам за качынаю чарадою. Унук яшчэ раз азірнуўся на Бонусяў – быццам хацеў пра нешта запытацца…
 Бонусь толькі крактануў, Лёня зірнуў на гадзіннік, і хоць было яшчэ ранавата, сказаў:
 – Трэба збірацца.
 Гена флегматычна ўсміхнуўся, нібы нічога не заўважыў і нічога яго не датычыла ці нявартае было ягонае ўвагі. Але ўсе ўтрох скоранька, як і сапраўды трэба было спяшаць, усталі з лаўкі.

1975

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений