Алесь Жук — Сінія незямныя агні..

Алесь Жук

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

I

  Дзяжурная машына прывезла яфрэйтара Валожына на паўстанак за сем хвілін да прыходу цягніка. Чакалі, седзячы ў кабіне, і як толькі паказаліся далёкія агні лакаматыва, Валожын вылез з кабіны. Памочнік дзяжурнага па часці, лейтэнант-артылерыст, худы і рослы, які бытта саромеўся свайго росту і таму сутуліўся, паднёс чамаданы да вагона.
 – Жадаю, таварыш яфрэйтар, шчаслівага адпачынку! Думаю, што вы ўсюды не зганьбіце гонар савецкага салдата.
 Валожын стаяў навыцяжку перад лейтэнантам. Абодвум было няёмка і хацелася, каб хутчэй усё скончылася: лейтэнант не ведаў Валожына, яму не надта хацелася сярод ночы трэсціся на машыне за восем кіламетраў, але ён павінен быў, бо не мог выправіць дзяжурную машыну з адным шафёрам.
 Лэйтэнант казырнуў, падаў на развітанне руку і, як толькі Валожын ступіў на прыступку вагона, заспяшаўся назад да бартавога «ЗІЛа», які холадна пабліскваў у водсветах прыстанцыйных ліхтароў выпуклым лабавым шклом.

 Валожын падаў правадніцы білет, глядзеў ўслед лейтэнанту, які, пераступаючы лужыны, падышоў да машыны, хуценька ўлез у кабіну. Машына, не зачыніліся яшчэ за лейтэнантам дзверцы, пыхнула белым дымам і параю ад выхлапное трубы, крута завярнулася і паплыла ў мокрую начную цемру зыркімі чырвонымі стоп-сігналамі.
 Марусіўся дробны, як снегавы пыл, дожджык. Ад яго мокра блішчала бетонная платформа, дах станцыйнага будынка.
 – Вазьмі білет, салдат! Што глядзіш, мо вярнуцца хочаш ці не верыш, што едзеш! – правадніца паклала руку на плячо салдата, блізка і смела паглядзела яму ў вочы. Яна, у шэрым форменным касцюмчыку, у белай рубашцы, пры гальштуку, у берэце, выдавала не старэйшаю за Валожына. Валожын заўважыў яе драбнаваты кірпаносы твар, усмешку, ні то гарэзна-смелую, ні то весела-зласнаватую, як у чалавека, які нешта задумаў сваё і не хоча зважаць на старонніх, на тое, што скажуць яны ці падумаюць.
 Валожын не прыдумаў, што адказаць, адчуў, што пачырванеў.
 Цягнік скалануўся, паплыў наперад, набіраючы разгон. Правадніца, трымаючыся рукамі за поручні, падалася наперад, і ў сінім, незямным святле ліхтара на стрэлцы постаць яе здалася лёгкаю, гатоваю ўзляцець у цемру.
 Валожын пераступіў з нагі на нагу. Невядома, што трымала яго ў тамбуры. Правадніца глядзела назад, на станцыю, нібыта пакінула там нешта.
 У купэ, дзе было месца Валожына, на ніжнім палку спала маладзенькая жанчына ў спартыўным касцюме, а на суседняй – чорнавалосы, кучаравы хлопчык з гэтакім жа светлым і далікатным, як у маці, тварам і з гэтакаю ж самаю пяшчотнаю і кволаю ўсмешкаю.
 Пры дзяжурным асвятленні, ціха, каб не пабудзіць маці і дзіця, Валожын паклаў на багажны палок чамадан, зняў і павесіў на плечыкі мундзір, пачарнелую ад вільгаці фуражку, выключыў святло і выйшаў у калідор.
 Начная язда на машыне перабіла сон. А можа, не хацелася спаць і таму, што цяпер толькі паверылася – едзе ён, салдат, у адпачынак, і ў чамадане, разам з фатаграфіямі сяброў, ляжыць і фатаграфія, дзе ён зняты ля сцяга часці… Ехаў на пабыўку салдат, якому было чым і пахваліцца, і паганарыцца, якога чакала нявеста.
 – Не спіцца, салдат? – правадніца ўсміхнулася, нібыта яна ведала, што яму будзе не спацца. – Чаго не адважваешся, не заходзіш у госці? Адна я не сплю. Усе спяць. Скора чатыры гадзіны ночы. Ці ты баішся, салдат?
 – А чаго баяцца такое вясёлае? – Валожын зазлаваў, што перабіла ягоную адзіноту і ўспаміны, што папракала яго ў нясмеласці.
 Валожын узяў дзяўчыну за руку вышэй локця, яна адкінула голаў, знізу ўверх зірнула на Валожына, адчыніла дзверы службовага купэ.
 – Сядай, салдат.
 Купэ было цеснае, з акуратна засланаю сіняй коўдраю пасцеллю, і ён нясмела сеў на яе да століка.
 Правадніца зачыніла за сабою дзверы, зняла пінжачок і берэтку, паправіла рукою коратка пастрыжаныя валасы. Яна была маладзенькая, кволая, тварык у рабацінкі.
 – Ліда мяне завуць, салдат.
 – Валодзя.
 Валожын устаў, нахіліў галаву.
 Дзяўчына крыху збянтэжылася, уважліва глянула на яго і зноў бадзёра запыталася:
 – Чым частаваць цябе, салдат? Ты ж чай толькі п’еш? А каб што другое, то не заслужыў бы пабыўкі.
 Ліда ўсміхнулася, ўзяла дзве шклянкі, адчыніла дзверы, наліла кіпню, потым з белай фарфоравай заварніцы даліла заваркі, паставіла на стол чай, на талерачцы цукар у папяровай загортцы. Яшчэ на адной талерачцы падала бутэрброды з сырам.

 Валожын глядзеў на дзяўчыну і не ведаў, навошта ўсё гэта, прынамсі, яму. Валожын раптам уявіў, што Аксана ўбачыла б яго тут, у гэтым службовым купэ, у чатыры гадзіны ночы, калі ўвесь цягнік спіць. Параўнаў Аксану з гэтаю рабенькаю, худзенькаю зеленавокаю дзяўчынаю – рослая, чарнявая, з белаю ўсмешкаю роўных зубоў і далікатным тварам, яна здавалася кінаакторкаю ў параўнанні з гэтаю маленькаю Лідаю ў яе цесным купэ.
 Ліда, усё гэтак жа сама сабе ўсміхаючыся, паставіла на столік дзве шклянкі, узяла са шкафчыка і наліла ў іх чагосьці гэтакага ж густога, як чай, толькі не чаю, сабе на дно, а яму амаль паўшклянкі, не прыняла бутэльку, адсунула ўбок на століку шклянку з вадою, у якой стаялі нядаўна зламаныя свежыя галінкі, ад якіх ішоў востры хваёвы водар.
 – За тваё шчасце, салдат!
 – I за тваю дарогу.
 Валожын бачыў, як дзяўчына бадзёра ўзяла чарку, але толькі памачыла вусны, паставіла яе на стол, чакала, пакуль вып’е ён. Валожын піў да канца і злаваўся на самога сябе – яму трэба было адразу ўстаць і пайсці… Не ўвязвацца ў гэтае знаёмства. Ён успомніў пра чутыя прыгоды з правадніцамі.
 – Надоўга дадому, Валодзечка?
 – На дзесяць сутак. Без дарогі.
 – Надоўга.
 Дзяўчына села побач з ім, блізка, што ён памкнуўся было адсунуцца, але не пасмеў.
 – Цяжка не быць доўга дома, праўда? Ты адкуль?
 – Беларус.
 – А я з-пад Растова. Пакуль езджу, гэтак па доме зануджуся! А прыеду, пабуду – і зноў вядзе ў дарогу…
 Дзяўчына крыху зачырванелася ад выпітага, непрыкметна стала рабацінне. Яна задумёна глядзела ў цёмнае акно. Пастуквалі колы на стыках, пакалыхваўся вагон, і здавалася, што няма і не будзе канца ночы, будзе толькі гэтае, лёгкі імклівы палёт наперад. I Валожыну здалося, што ён толькі зразумеў Лідзін сум.
 – Валодзька, а ў цябе прыгожая дзяўчына, праўда? У такіх хлопцаў заўсёды прыгожыя, доўгавалосыя, даўганогія дзяўчыны, як русалкі…
 – Ну… – Валожын збянтэжыўся.
 – Ты шчаслівы, што любіш яе… А то не заслужыў бы пабыўку. Ты хацеў угледзець яе. Як я зайздрошчу табе і ёй!
 Валожын збянтэжана нічога не адказаў. Ён не мог тут, з гэтаю дзяўчынаю, вось гэтак вольна пачынаць гаворку пра Аксану. Яму непрыемна было гэта.
 – У мяне быў хлопец. Гэтакі, як ты, і рослы, і харошы. Маленькая, рабенькая я побач з ім. Каб пальцам варухнуў, не тое што на край свету, пайшла б у агонь за ім. Ён ведаў гэта. У вочы гаварыў, што надаела я яму, па тыдню не паказваўся, а потым званіў – і ведаў, што я, як шчанятка, пабягу на спатканне.
 Вочы дзяўчыны засвяціліся глыбокім ціхім святлом, усмешка легла на твар. Толькі глыбока абазначыліся маршчыны, што збягалі да куточкаў губ. Нешта наіўнае і светлае ў яе абліччы. Толькі гэтая па-старэчаму сумнавата-горкая ўсмешка. I гэтая вольнасць, аж з нейкім выклікам і ў кожным руху, і ў гаворцы.
 – Ох, салдацік, як я яго любіла! Каб ты толькі такое ведаў! I верыла, галоўнае, што я люблю яго…
 – А потым?
 Дзяўчына толькі зірнула на Валожына, памаўчала, спакойна адказала:
 – Потым проста. Аднойчы два тыдні ён не хацеў і бачыць мяне. А пасля пазваніў ноччу, што хворы, што нават вады няма каму падаць. Аўтобусы не хадзілі ўжо. Ноч. Дождж лье. А я бегла. Прыбягаю. Свечкі ў кватэры гараць. Магнітафон ці прайгравальнік іграе. Дзве пані, даўганогія і доўгавалосыя, гэтакія як твая, – кароткі позірк на Валожына, – на канапе сядзяць, ленавата пасміхаюцца. Бог мой сядзіць за сталом у беленькай вадалазцы, прыгожы. Смяецца. I два сябрукі смяюцца. Ён паспорыў з імі, за колькі я прыбягу… Стаю я, лужына вады з мяне нацякла. I не разумею, якая ў яго хвароба. Адзін з яго сяброў смяяцца перастаў, да мяне падышоў. Прапаноўваў выпіць, каб сагрэлася, каб не прастудзілася. Тады і ўсе смяяцца перасталі, і паненкі быццам засаромеліся. Не памятаю, як там і што было, не гэта самае важнае. Самае важнае, што стаю я тады і быццам не стаю, а некуды падаю, і таму гэтак на душы пуста і лёгка зрабілася. I не ведаю, чаму гэтак раптам. Лёгка і пуста…
 Кінула я вучобу. Паехала правадніцаю. У дарозе па доме сумую, а прыеду – сядзець не магу на месцы. Ведаю, што ёсць на свеце гэтае каханне, якім я кахала. I ўсё быццам насустрач яму еду і вось-вось сустрэну…
 Дзяўчына махнула рукою, ва ўпор глянула на Валожына.
 – А што з хлопцам?
 – Нічога. Ён пасля да мяне і сяброў прыводзіў, і нават тых дзяўчат, каб пацвердзілі, што ў яго з імі нічога не было, што дарэмна я прыраўнавала. А я і не раўнавала. Пуста да яго ў душы стала. Ён і замуж прапаноўваў, каб за яго ішла. Мабыць, і жылі б мы добра. Але на душы ў мяне і злосці нават на яго не стала. Пасля ён і запіў быў, а потым ажаніўся, інстытут кончыў. Жыве. Бачыла я яго. Нейкі як злінялы ўвесь чалавек. Шкода мне яго… Ты пі чай, Валодзя, а то астыне. I перадай прывітанне сваёй дзяўчыне. Зайздрошчу я ёй…
 Дзяўчына памкнулася ўстаць. Валожын працягнуў руку, каб прытрымаць яе. Невядома чаму захацелася, каб пасядзела, каб яшчэ што-небудзь гаварыла. Можа, гэта ад выпітага, ад утульнасці ў службовым купэ і што быццам даўно ведае гэтую дзяўчыну.
 Але правадніца ўпэўнена і зграбна адхілілася і ўсхапілася на ногі, зірнула на Валожына тым знаёмым яму адкрытым і халаднаватым позіркам чалавека, які ўсё ведае. Ад гэтага позірку Валожын адчуў сябе пасажырам, які не можа прамінуць, каб не рабіць ухажорскіх заходаў да маладзенькае правадніцы.
 – Што вы, Ліда!.. Я не…
 Валожын збянтэжыўся: адкуль яна ўзяла, што ён мае намер чапіцца да яе?
 – Спакойнае ночы, салдат! – Ліда ўсміхнулася, зняла з вешалкі пінжачок і берэтку, прыпынілася ў дзвярах.
 Валожын чуў, як дзяўчына адамкнула суседняе купэ, нешта гаварыла са сваёю напарніцаю, потым у тым купэ нехта засмяяўся.
 Валожын выскачыў з купэ, дабраўся да свайго і, не ўключаючы святла, разуўся, узлез на верхні палок, раздзеўся і лёг.
 Што яму да гэтае правадніцы? Заўтра выйдзе з вагона і ніколі больш не сустрэне яе. Прыдумала, што гэтак упадабалася яму – аж гатовы кінуцца да яе быў. I чамусьці і прыкра адчуваў сябе Валожын, і хацелася даказаць дзяўчыне, што памылілася яна, што не такі ён… I ведаў, што нічога не дакажа і даказваць не будзе калі…
 Ён, мабыць, і задрамаў крыху, бо здалося, што ў баявой машыне. Адчуў пад пальцамі ёмкую рабрыстасць штурвала, мокры картовы пах камбінезона, разагрэты дух ад матора. Нават цеснату адчуў пад бранёю зачыненага люка. Бачыў шэрую, парэзаную тракамі трасу праз апырсканыя гразёю трыплексы, адчуў, як упарта набірае хуткасць машына, нібыта матор сам па сабе перайшоў на самы высокі рэжым абаротаў і нельга скінуць іх, хоць наперадзе пачыналіся глыбокія калдобіны, на якіх можна пабіць тарсіёны. Але і нейкая асалода была ў гэтай імклівасці – аж замірала сэрца, калі машына, здавалася, ляціць над зямлёю, адно пагруквае і пакалыхваецца, зямля застаецца ўсё ніжэй і ніжэй…

 Валожын прачнуўся, глядзеў у столь вагона, адчуваў, што ўсё яшчэ ляціць, адрываецца ад зямлі, сціскаючы рабрыстыя ручкі штурвала.
 Пакрысе думкі вярталіся да рэальнасці. I не вада шумела пад гусеніцамі ў калюжынах, а вецер шастаў за сценкамі вагона, і не гусеніцы дакраналіся да зямлі, то пагруквалі на стыках колы, і не мокрым камбінезонам пахла – свежаю прасціною і казённаю вагоннаю ўтульнасцю.
 Паволі супакойвалася сэрца. Цяпер Валожыну здавалася, што ён і сапраўды, калі гнаў машыну, думаў пра Аксану, з-за яе заслужыў адпачынак. I ўспомніў, што гэта прыдумала правадніца. Успомніў пра яе прывітанне Аксане.
 Валожын падумаў, што прывітанне ён ніколі не перадасць і не раскажа Аксане, як ехаў у купэ з правадніцаю. Ён і ўявіць не мог, як гэта можна расказаць.
 Валожын злосна завярнуўся да сценкі – трэба паспаць яшчэ хоць якую часіну! Сам сабе ўсяночную ўтварыў! I чортведама з-за чаго!
 Заснуў Валожын трывожным і неспакойным сном.
 Раніцаю, калі выходзіў, каб перасесці ў другі цягнік, у тамбуры стаяла другая правадніца, пажылая жанчына.
 Валожын коратка кінуў ёй на развітанне «ўсяго добрага», выйшаў на перон, спыніўся, закурыў. Чамусьці хацелася ўгледзець Ліду. Ён яшчэ азірнуўся на вагон.
 Пажылая правадніца зябка ссутулілася і раўнадушна глядзела на салдата.
 Валожын падхапіў чамадан і пашыбаваў да вакзала.
 

II

  Той, хто служыў і каму было шчасце прыехаць у адпачынак дадому, ведае, якія гэта кароткія, шумныя, шчаслівыя дні сустрэч з сябрамі, знаёмымі, сваякамі, са сваім горадам, па якому засумаваў і бачыць які – радасць. I вядома, расказы, без якіх нельга салдату, пра розныя выпадкі і здарэнні на службе, калі пад вясёлую чарку тое-сёе прыпісваецца і сабе, хоць здаралася з іншымі. Старэйшыя, хто прайшоў салдацкую школу, пасмейваліся, але не перашкаджалі Валожыну «заліваць», жанчыны аж вохкалі ад перажытага Валожыным страху, маладзейшыя раты адкрывалі ад захаплення, дзяўчаткі папісквалі ад захаплення…
 Калі ў Аксаны не было пасля абеду заняткаў, Валожын хадзіў з ёю ў кіно, у рэстаран, да паўночы прастойваў з ёю на лесвічнай пляцоўцы – пазней дванаццаці Аксана ніколі не затрымлівалася…
 Адным словам, Валожын жыў шчасліва, бо яго ўсе любілі, усе шанавалі, у яго ёсць дзяўчына, якая чакае з войска. I хоць не плача, як тая з песні, але ўпэўнена чакае… Пра Ліду Валожын і не ўспамінаў. Але ў чалавечым жыцці нельга, каб было адно толькі шчасце. I заўсёды яно канчаецца раптоўна. Гэтак і ў Валожына – аказалася, што ў яго засталіся толькі суткі. Дзень на зборы, ноч адпачыць перад дарогаю. I гэты апошні дзень раптам здоўжыўся, бо колькі тых збораў у салдата. Пасля абеду аказалася раптам многа часу, і не было дзе дзецца, цяжка ад адзіноты, і не хацелася вялікае, шумнае і бязладнае кампаніі.
 Валожын спачатку тупаў з пакоя ў пакой, не мог прыдумаць, за што зашчаміць рукі, круціў на прайгравальніку модныя пласцінкі, па якіх засумаваў у войску і якія ўспелі надакучыць за адпачынак, узяўся рамантаваць бацькаву электрабрытву, потым не вытрываў, пазваніў Аксане. Здавалася, што сама лепш – гэта пабыць удваіх, пахадзіць па мокрым, вяснова-вільготным, непрыхарошаным, а таму нейкім сумнаватым, прыцішаным парку. Валожын нібыта ўсім целам адчуў густую, як вада, вільготнасць, пах мокрага, набрынялага вільгаццю галля і кары, і яму, як жывое вады, захацелася пайсці ў парк.
 Аксана сама ўзяла тэлефонную трубку.
 – Аксана, прыязджай да мяне, і пойдзем у парк, – жартаўліва скамандаваў Валожын пасля прывітання.
 – Гэта новыя правілы? Цяпер ужо паненкі павінны ехаць да кавалераў?
 – А сёння такі дзень, што ўсё павінна наадварот рабіцца.
 – Усё можа рабіцца наадварот. Але ехаць павінен да мяне ты. Не маленькі, павінен усё разумець. – Аксана адказвала Валожыну сур’ёзна. – I я табе гаварыла, што ў мяне пасля абеду сёння калёк…
 – Ну чорт з ім, з тым калёквіумам! Плюнь на яго, на ўсё, што павінна быць і як павінна быць, прыязджай да мяне, мы пойдзем у парк, будзем там адны, самыя першыя…
 – А каго ж яшчэ панясе ў гэты парк?
 – Значыць, я еду па цябе і мы пойдзем у парк?
 – Перастань дзяцініцца. Ты думаеш, як у цябе адпачынак і свята, то і ўсе павінны святкаваць разам з табою? Ты мяне сустрэнеш сёння пасля заняткаў, як мы ўчора згаварыліся. Мне ж яшчэ паўтарыць трэба, Валодзька. Я так баюся гэтае хіміі. – Валожыну здалося: яна нейкім чынам адчула, што нешта крыўдліва варухнулася ў ягонай душы, а таму перайшла на гэту ласкавую пакорлівую гаворку. – Чуеш, Валодзька, як згаварыліся!
 – Як згаварыліся.
 – Ты не крыўдуй. Сам знаеш, як здаваць экзамены…
 – Знаю, знаю. Я прыйду, сустрэну цябе.
 – Цалую. Да вечара.
 Валожын паклаў трубку. Ён ведаў, што ў Аксаны калёквіум, ведаў, што няма ёй чаго ісці ў парк, што ён павінен, як і кожнага дня, прыйсці і сустрэць яе ля інстытута, які павінен быў заслужыць адпачынак і прыехаць, каб угледзець яе.
 Валожын пастаяў, паглядзеў на тэлефон, быццам ён вось-вось павінен быў абазвацца званком і сказаць Аксаніным голасам, што яны зараз сустрэнуцца, што прападай пропадам той калёквіум…
 Тэлефон не абазваўся. Валожын патупаў яшчэ па хаце, адзеўся ў цывільнае і пайшоў у парк. Там сапраўды было пуста, холадна, няўтульна аднаму, і Валожын вярнуўся назад на гарадскія вуліцы. Ён шкадаваў, што білет узяў на заўтра на раніцу, трэба было браць на сёння, пасля абеду, і што ніколі не варта пры развітанні цягнуць да самае апошняе хвіліны, трэба ўмець сабрацца хутка і нечакана, сесці і паехаць, каб не выходзіла доўгага развітання.
 Адвячоркам вярнулася маці, прыйшоў бацька са сваім сябрам, дзядзькам Іванам, маленькага росту, кульгавым, зайшоў аднакласнік Міша, слесаруга, як называў ён сам сябе, мажны, з жывоцікам хлопец і доўгімі валасамі.
 Валожын піў мала, коратка і стрымана расказваў дзядзьку Івану пра сучаснае войска, пра тэхніку і ўзбраенне, не прыхлушваючы і не хвалячыся. Маці падавала на стол, уважліва прыглядалася да сына сумнымі вачыма, і Валожын цяпер ужо канчаткова ўпэўніўся, што не трэба было яму адкладваць ад’езд.
 Валожын устаў, выйшаў на кухню, закурыў. I Міша, і бацька, і дзядзька Іван падпілі і разгаварыліся пра свае, завадскія праблемы-радасці, забыліся пра Валожына, які ўжо быў неяк прывычны ім, не самым галоўным героем за сталом.
 – Ты курыць пачаў, сынок? – запыталася маці.
 Валожын збянтэжыўся: да войска ён не курыў, ды і на службе браў цыгарэту зрэдку, дзеля форсу толькі. Гэтыя дні, пакуль гасціў дома, маці хоць і бачыла яго з цыгарэтаю, нічога не гаварыла, не пыталася.
 – Не, так…
 – Не прывыкай да гэтае халеры… А дзе ж Аксана? Ты казаў, яна прыйдзе?
 – У яе калёквіум. У восем я пайду сустрэну яе.
 – Хіба гэтак. Бачыш, каб ты тады паступіў…
 Маці не дагаварыла, стрымалася. Яна хацела, каб ён паступіў у інстытут, і Аксану, якую ведала яшчэ школьніцаю, любіла і за тое, што яна выдатніца і што цяпер студэнтка, што сур’ёзная дзяўчына.
 – Ты ж глядзі, не выпівай многа, каб, як прыйдзе Аксана, можна пасядзець было, пагаварыць. А то гэты Мішка як бочка вып’е, бач які здаровы.
 На кухні ў маці стаяла прыгатаваная страва – абнавіць стол, як прыйдзе нявестка. Валожын хацеў пажартаваць з гэтага, але стрымаўся.
 У гаворку мужчын Валожын не ўмешваўся, сабраўся і паволі пайшоў да Аксанінага інстытута.
 Вечар лёг па-вясноваму вільготны. Сіняе густое сейва плыло ў блакітным святле вулічных ліхтароў, мокра, чорна блішчаў вільготны асфальт, але гэта была не тая восеньская мёртвая і халодная вільготнасць. Нешта маладое, свежае адчувалася і ў паветры, і ў гэтай вільготнай мройнасці, якая вісела над зямлёю.
 Да інстытута Валожын пайшоў пеша, Аксану ён убачыў здалёку. Яна паходжвала туды-сюды, зябка сутулілася, нібыта ўся хацела схавацца ад вечаровае вільгаці ў пухнаты белы каўнер. У павольнай хадзе яе, у нейкай задуменнасці і адрынутасці ад усяго свету было нешта самотнае, блізкае і мілае. Валожын прыпыніўся, здалёку любаваўся Аксанаю.
 – Ой, госпадзі, я змерзла саўсім! Не мог ты раней прыйсці. Я знарок першая… Адпрасілася.
 Валожын нічога не адказаў, ён разумеў, чаму яна злуецца.
 Ён пацалаваў Аксану, пяшчотна, доўгім пацалункам, і яна сцішылася. Яму хацелася зрабіць нешта незвычайна прыемнае ёй.
 – Ну пайшлі, Валодзя.
 Аксана зірнула на гадзіннік.
 – Да дванаццаці яшчэ далёка, – засмяяўся Валожын. Яму сапраўды зрабілася весела.
 – Слухай, Аксана, давай зойдзем дзе ў кафэ ці ў рэстаран. Будзем сядзець, танцаваць, пакурваць…
 – Я не куру. I не адзета, каб у рэстаран ісці. Ды і ў цябе не лішне грошай.
 – На вечар у рэстаране хопіць.
 – А другое, там твае чакаюць, што мы прыйдзем у госці.
 – Я пазваню маме…
 – Што ты думаеш, я без цябе пайду да твае маці ў госці? Раз сабраліся і дагаварыліся, то трэба ісці.
 Валожын хацеў даказаць, што нічога страшнага не будзе, як і не пойдуць, што сама лепш цяпер пабыць ім удваіх, але глянуў на ўпэўнены, спакойна-чарнабровы прыгожы Аксанін твар і зразумеў, што нічога не трэба даказваць.
 Калі яны прыйшлі да Валожына, у кватэры не было ні дзядзькі Івана, ні Мішкі. Нават пакой праветрылі ад цыгарэтнага дыму, бацька пераадзеўся ў выхадны касцюм.
 Маці сустрэла іх у прыхожай. Аксана пацалавала яе.
 Валожын збоку пазіраў і на маці, і на бацьку, дзівіўся, як хутка маці сумела выправіць дзядзьку Івана і Мішку.
 – Садзіся, Аксана, сюды. Садзіся, тут лепш. На, сурвэтку вазьмі, пакладзі сабе… Ці мала што. Гэтакі касцюм харошы, спорціць можаш…
 Бацька ўсмешліва пакашліваў, пазіраючы то на жонку, то на сына. Валожын улавіў бацькаў позірк і таксама падміргнуў яму. Маці, нібыта адчула, гэта, сур’ёзна і строга глянула на мужа: яна ведала, што стары пад чаркаю вельмі востры на язык, і цяпер папярэджвала, каб не ўздумаў свае жарцікі распускаць.
 Першая падняла бакал маці:
 – Ну, за ўсё добрае! Каб вы, дзеці, здаровыя былі, каб вайны не было, каб Валодзя скора дадому вярнуўся. Каб шчасце было!
 Аксана адпіла сухога віна, акуратна, прыгожа ела.
 Маці села побач з ёю, гатовая ў любое імгненне падаць тое, што захочацца Аксане. I, можа, побач з маладою, чуць заружавелаю з твару, прыгожаю дзяўчынаю старою падалася яна, ці гэта раней не заўважыў Валожын? I нешта жаласлівае было ў гэтай яе шчырай стараннасці дагадзіць Аксане.
 – Давай, маці, ты і сама вячэрай, – крыху грубавата-жартаўліва прыкрыкнуў на маці бацька.
 – Пад’ем, пад’ем. Я і не веру неяк цяпер, што гэта Валодзя прыязджаў у госці. Як адзін дзень гэты яго водпуск.
 – Чаму, у арміі, як хто захоча, то даб’ецца, каб прыехаць. Гэтак як у нас: хто захоча вучыцца і павышаную стыпендыю палучаць, той здасць экзамены, – Аксана выцерла папяроваю сурвэткаю вусны.
 – Таго, хто чэсна работу робіць, усюды любяць, – згадзіўся з Аксанаю бацька.
 Валожын кіўнуў галавою – гэта праўда, што добрыя салдаты трапляюць у адпачынак. Але тады на трасе ён думаў не пра адпачынак, а пра тое, што ад яго адзнакі залежала адзнака падраздзялення.
 – Колькі табе служыць засталося. Ужэ і без водпуска даслужыш. Лепш от кніжкі чытай, каб экзамены здаў да ў інстытут паступіў, – умяшалася маці.
 – Я не забыла, Валодзя, я табе прышлю новы даведнік па фізіцы, – падтрымала мацеру Аксана.
 Гаворку далей з Аксанаю вяла маці.
 Валожын не лез з успамінамі. Потым пілі каву, глядзелі тэлевізар, і яму трэба было праводзіць Аксану, бо яна павінна ўспець дадому да дванаццаці гадзін. Усё проста, звычайна, як часам гавораць, па-сямейнаму. I маці Валожына радавалася сыну, Аксане.
 Толькі пад канец гаворкі, калі маці расказала ўсё сваё, Валожын, не думаючы нават, пачаў:
 – Ехаў я ў вагоне дадому… Правадніца мне расказвала…
 Ён раптам успомніў усё, як учора было, нават пах пачуў хвойнае галінкі. I здалося, што гэта правадніца расказвае пра ўсё, што зараз робіцца за сталом, а не сам Валожын бачыць гэта і чуе…
 – Што яна расказвала? – запыталася Аксана.
 – А глупства… – Валожын спахапіўся, што нічога ён не зможа расказаць.
 На развітанне Аксана пацалавала маці, і яна стаяла ў дзвярах, пакуль маладыя сыходзілі ўніз па прыступках.
 На вуліцы вільготнае мроіва, здавалася, яшчэ пагусцела, памацнеў вецер. Валожын прытрымліваў Аксану пад руку, і яна паслухмяна тулілася да яго, нібы гэтак можна было сагрэцца. Яна крыху зачырванелася ад выпітага, і гэтая чырвань не астудзілася і на холадзе. Імгла асядала на яе пухнатым каўняры, і кончыкі шарсцінак паблісквалі ў святле ліхтароў.
 Людзей на вуліцы было не многа, як і звычайна ў гэткае надвор’е.
 Валожыну захацелася пацалаваць Аксану. Аксана ўсё ж азірнулася па баках, быццам цяпер вялікі сорам цалавацца на вуліцы ці ніколі раней не цалавалася пры людзях. Яшчэ школьнікамі цалаваліся на лаўках у парку сярод белага дня. Аксана адказала кароткім пяшчотным пацалункам, сама ўзяла Валожына пад руку, прытулілася да яго, але не прыцішыла кроку.
 Валожын успомніў, што яна спяшае да дванаццаці дадому, падумаў, што даўно ўжо не школьніца і не баіцца маці. Сама прыдумала гэты прынцып і ўпэўнена, што інакш нельга. У Валожына ўспыхнула вясёлае хлапчукоўскае жаданне прыдумаць, вытварыць нешта, каб сёння яна спазнілася, каб прахадзіць цэлую ноч па горадзе, цалавацца на вуліцы ці ў чужых пад’ездах…
 Але і на гэту задуму, і на самога яго ўсё яшчэ глядзеў разумным староннім вокам нейкі другі, Валожын-двайнік, той, што жыў у казарме, той, што сядзеў за рулём баявое машыны на праверцы, той, які ехаў у цягніку і піў чай у цесным купэ з незнаёмаю правадніцаю… I невядома толькі, чаму гэтак сумнавата і гаркава глядзеў гэты Валожын-двайнік.
 Валожын нічога не прыдумаў, і яны не спазніліся. Яшчэ пастаялі на лесвічнай пляцоўцы. Аксана плакала і абяцала прыслаць Валожыну даведнік па фізіцы, згадзілася з ягонымі довадамі, што ёй не трэба заўтра ехаць чуць свет на вакзал праводзіць яго…
 Як выйшаў з пад’езда, Валожын нібыта адчуў палёгку. Можа, таму, што на лесвічнай пляцоўцы было душнавата ад непамерна гарачае батарэі. Зірнуў на гадзіннік – тры хвіліны на першую. Ён нават паднёс да вуха, паслухаў, ці ідзе гадзіннік. Гадзіннік ішоў.
 Дадому Валожын ішоў доўга. Сумна і спакойна было на душы, нібыта думаў пра нечае, вельмі падобнае на ягонае жыццё. Каб гэта не позна, ён бы зайшоў у кафэ ці рэстаран, дзе іграе музыка, і дзе можна спакойна пасядзець сам-насам, і дзе крышку цяплей, чым аднаму сярод горада.
 

III

  Раніцою Валожына да цягніка правялі маці з бацькам, хаця ён і адмаўляўся: таксі прыйшло па заказу, і ён бы даехаў адзін. А праз паўтара сутак яфрэйтар Валожын перасеў у той самы цягнік, які на тры хвіліны ноччу спыняўся на маленькім паўстанку.
 На гэты раз у купэ разам з Валожыным папалі тры хлопцы-электрыкі, грашовыя, здаровыя, якія ў сваю пару адслужылі ў войску, салдата разумелі… Валожыну ледзьве ўдалося адгаварыцца ад іхніх шчырых пачастункаў, якіх у хлопцаў прызапашана было, што і ўсю ноч баляваць хопіць.
 Валожын, не прызнаючыся самому сабе, каго шукае, прытвараючыся, быццам хоча збавіць час, пакуль весяляцца спадарожнікі, прайшоў па ўсім цягніку, прыглядаючыся да правадніц, хаця ведаў, што Ліды быць не можа, што іхняя брыгада зараз, магчыма, на другім канцы краіны, невядома, нашто яна яму і што ён ёй скажа. Ды ці пазнае яна яго…
 I ўсё ж нечага пуста стала на сэрцы, калі вяртаўся да свайго вагона.
 Дзверы ў ягоным купэ былі толькі чуць прачынены. Там ужо ішла вясёлая гамана. Між хлопцаў сядзела і пасмейвалася рэдзенькая, як вышчыпаная, бландзінка ў чыгуначнай форменцы – правадніца – і паводзіла павольнымі каровінымі вачыма на хлопцаў. Яшчэ сядзела адна канарэйка ў пушыстым стракатым джэмперы-безрукаўцы і паношаных джынсах, коратка астрыжаная. Па-мужчынску прыжмурана глядзела на субяседнікаў і выпускала з рота цыгарэтны дым, скрывіўшы вусны.

 Валожын пастаяў на калідоры, потым здагадаўся, дзе дзецца, пайшоў да вагона-рэстарана, заняў месца ў кутку, заказаў вячэру, піва і сядзеў, пакуль не зачыніўся рэстаран. Лейтэнанты, якія занялі непадалёку столік, весела падморгвалі Валожыну – давай, яфрэйтар. Лейтэнанты падвесяліліся ўжо, і Валожын толькі ўсміхаўся ў адказ. Сумна і шчымліва было ў яго на душы. Не, не толькі таму, што вяртаўся пасля адпачынку і нельга не сумаваць… I думалася чамусьці пра нічым не адметную правадніцу з яе востраю тугою па вялікім, незвычайным каханні, нечага шкада было Аксану, тым шкадаваннем, якім шкадуюць блізкага, але няроднага чалавека.
 Выйшаў з цягніка Валожын адзін, сярод ночы, і перад тым як рушыць у дарогу да свае часці, пастаяў, правёў вачыма цягнік, пакуль не патухлі слабыя чырвоныя агеньчыкі апошняга вагона, на пуцях засталіся толькі свяціць сінім, незямным святлом агні на стрэлках…

1976

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений