Аляксей Дудараў — Адцуранне

Аляксей Дудараў

  Драма «Адцуранне» (1994) — п’еса трагедыйнага гучання. Тут асэнсоўваецца Чарнобыль у нашым лёсе, у плыні вечнасці, сусветнага быцця, бо сёння «ўсе мы разам ляцім да зор» (Максім Багдановіч), шукаем Бога, Боскае ў сабе і на Зямлі. У творы выяўлена хвалюючая глыбіня думкі, блізкая, як падаецца, па сваёй касмічнасці, філасафічнасці думкам Янкі Сіпакова ў ягонай паэме пра чарнобыльскую трагедыю «Одзіум». «…У «Адцуранні» ёсць прарыў да глыбокай, не павярхоўнай духоўнасці» (Т. Арлова).
  Трапіўшы з героямі п’есы (Ліквідатар, Дэсантнік, Вяшчун, Стары, Гулаг і інш.) у зону адцурання, узнікае адчуванне, быццам ты апынуўся ў жудасным пекле. Гіне ўсё жывое, знішчаюцца пабудовы, людзі вар’яцеюць. Дзеецца і містычна-неверагоднае: уваскрасаюць нябожчыкі і ідуць у чарнобыльскую зону. Рэальны час, рэальныя падзеі набываюць размаітасць, знітоўваюцца з умоўна-фантастычным паказам дзеяння, выходзяць у іншабыццё, у вечны час. Здарылася нечуваная катастрофа, якая па-гамлетаўску завастрыла праблему выжывання: быць ці не быць чалавеку на зямлі, у Сусвеце. Чарнобыль яскрава высвеціў, што «сэрца сыноў чалавечых паўнютка зла і вар’яцтва». Таму неабходна вярнуцца да светлых, чыстых пачаткаў у сабе, на зямлі, якія народзяць «новае неба і новую зямлю», па-гуманістычнаму пераўвасобяць челавечае быццё ў Сусвеце.
  У «Адцуранні» Aляксей Дудараў імкнецца да сімволіка-філасофскага гучання слова, звяртаецца да біблейскай мудрасці, шукае ў ёй тлумачэнне існага свету з яго чарнобыльскім наступствам, глабальней смяротнай пагрозай, выбудоўвае, як бачым, сваю канцэпцыю маральна-духоўнага самазахавання чалавека, грамадства ў цэлым.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений