Ідучы з лесу, Андрэйка з мамай адпачывалі ля сцірты саломы. Жмурачыся ад сонца, Андрэйка глядзеў у неба. Яму здавалася, што пад канец лета яно зрабілася незвычайна высокім, усё адно як паднялося і стала шырэйшае і большае.
– Мама! – усклікнуў раптам хлопчык. – Глянь: журавы лётаюць! Вунь, над фермай.
Мама сумна сказала:
– Гэта не журавы, сынок, гэта буслы з суседніх вёсак. Кожны год, збіраючыся ў вырай, яны над нашай клёнаўкай кружаць. А ў нас не жывуць…
– Чаму? – спытаў хлопчык. – Ім бы добра ў нас жылося.
– Некалі жылі, – сказала мама, – а цяпер не хочуць.
– А чаму?
– Пакрыўдзіліся. Яшчэ тады, калі я была такая, як ты цяпер.
У першы месяц вайны прыкацілі ў нашу вёску фашысты… Памятаю, як кароўку нашу забіралі, за курамі па двары ганяліся. Пазней гэтыя вылюдкі ўсё спалілі: і хаты, і сады, і дрэвы…
У нашым двары рос вялізны разгалісты дуб. На ім, колькі вёска стаяла, буслы сабе жытло рабілі. Дык вось. Вайна ідзе, а ў буслоў свой клопат: дзяцей гадаваць, каб да восені іхнія крылы дужымі сталі. I не заміналі ж нікому, а адзін фашыст прыцэліўся ды па буслу з аўтамата часануў… I забіў. Ляжыць бедны птах, дзюба ў пыле. Немцы сабраліся ля яго, гергечуць, смяюцца. Бусліха магла б уцячы, але як жа было ёй сваіх дзетак кінуць? Кружылася над гняздом, пакуль той самы ірад і па ёй не бабахнуў…
Забітая бусліха ляціць на зямлю акурат на немцаў з іх машынамі. I – ці паверыш? – спужаліся яны. Сыпанулі з дарогі да агароджы, прыціхлі нават. Ну, а калі яны паехалі, мы, малыя, збегліся, паплакалі і пахавалі буслоў. А дзед твой злазіў на дрэва і дастаў з гнязда асірацелых буслянят. Мы іх да восені жабамі кармілі. Восенню яны паляцелі ад нас. Пэўна, расказалі ўсім буслам, што тут адбылося, і з таго часу не селяцца яны ў нашай вёсцы.
Мама ўздыхнула і паднялася з саломы:
– Ну, пойдзем, сынок.
Ішлі моўчкі. Андрэйка ўсё глядзеў у неба і думаў. Няўцям яму было, як гэта людзі маглі забіць такую прыгожую птушку… А буслы кружыліся, кружыліся…
I раптам усхвалявана і з радаснай надзеяй хлопчык спытаў:
– Мама, а мо, калі восень пройдзе і снег, і калі я падрасту і ў садзік не буду хадзіць… мо яны прыляцяць да нас? Я іх таксама карміць буду. Я жаб не баюся…
– Мо і прыляцяць, – уздыхнула мама.
– Няхай бы прыляцелі!
Неба з бусламі здавалася хлопчыку вельмі прыгожым, ласкавым і спакойным.