Аляксей Дудараў — Князь Вітаўт — ГДЗ

Аляксей Дудараў

  П’еса Аляксея Дударава "Князь Вітаўт" аднаўляе падзеі сівой даўніны — XIV стагоддзя. У ёй выразна выявіўся наватарскі падыход А. Дударава да ўвасаблення падзей гістарычнага мінулага. Перш за ўсё гэта п’еса адрозніваецца ад папярэдніх навізной драматургічнай мовы — вершаванай, напісанай класічным пяцістопным ямбам. Па другое, у ёй акрамя гістарычных асоб (Вітаўта, Ягайлы, Кейстута) дзейнічаюць міфалагічныя істоты — багі, духі (Купала, беражніцы). Летапісы паведамлялі пра Ягайлу як пра зайздроснага, жорсткага, прагматычнага чалавека, Вітаўта ж ідэалізавалі. Аўтар жа паказвае Ягайлу дальнабачным, гнуткім палітыкам, а Вітаўта — залішне эмацыянальным, даверлівым і занадта далікатным для палітыка.
  Па жанравых адметнасцях п’еса "Князь Вітаўт" належыць да гістарычнай драмы, бо ў ёй гістарычныя падзеі — барацьба за ўладу паміж Ягайлам і Вітаўтам, забойства Кейстута, шлюб і каранацыя Ягайлы, пагадненне Ягайлы з Вітаўтам — напоўнены асаблівым драматызмам, маюць вострую канфліктнасць. Асаблівасцю кампазіцыі гэтай драмы з’яўляецца тое, што ў ёй спалучаюцца два планы: рэалістычны, звязаны З гістарычнымі падзеямі, і фантастычны, населены міфалагічнымі вобразамі. Гэтыя планы ў творы ўвесь час перакрыжоўваюцца і пераходзяць адзін у другі. Адметным у драме з’яўляецца і тое, што дзеянне пастаянна пераносіцца то ў Гародню, то ў Трокі, то ў Крэва, то ў Кракаў, то ў Вільню.
  У аснове п’есы ляжыць канфлікт паміж двума стрыечнымі братамі Вітаўтам і Ягайлам. Гэты канфлікт на працягу п’есы абвастраецца і пераходзіць у канфлікт паміж дабром і злом, таму што браты змагаюцца за ўладу, а такая барацьба — заўсёды кровапраліцце, здрада, забойства.
  Вітаўт і Ягайла выступаюць у творы як вобразы-тыпы прадстаўнікоў улады эпохі Сярэдневякоўя. Аўтар рамантызуе вобраз Вітаўта і стварае ахвярны характар-тып. Вітаўт рамантычны, высакародны, залішне даверлівы. Ён не жадае праліваць братэрскую кроў, лічыць гэта страшным грахом перад Богам, імкнецца вырашаць мірам усе спрэчкі з Ягайлам. Калі яго бацька Кейстут загадаў Вітаўту ісці з дружынай на Ягайлу, ён адправіўся ў замак Ягайлы без зброі. Залішняя даверлівасць Вітаўта стала прычынай гібелі яго бацькі Кейстута, сам Вітаўт апынуўся ў палоне. Толькі дзякуючы самаахвярнасці закаханай у Вітаўта пакаёўкі Алены яму ўдалося выратавацца. I ён яшчэ раз сустрэнецца з братам, даруе яму здраду, каб заключыць мір, не даць зноў разгарэцца вайне, якая спусташае дзяржаву, губіць народ:

Зноў гвалт, вайна.
О, бедны наш народ!
Чым толькі правініўся ты прад Богам,
Каб жыць у акружэнні чорных сіл,
Быць занядбаным, ссечаным, забітым
Тэўтонцам, туркам і рукой сваіх сыноў!

  Ягайла — вельмі супярэчлівы, псіхалагічна глыбокі характар. З аднаго боку, ён вельмі жорсткі чалавек, які бязмерна любіць уладу і гатоў дзеля яе на ўсё: пераходзіць у каталіцкую веру, бярэ шлюб з польскай каралевай Ядвігай, каб самому стаць польскім каралём. У палітыцы ён — разважлівы і хітры, шукае сваёй выгады і можа пераступіць праз любога, хто яму перашкаджае. Але ў той жа час аўтар надзяляе Ягайлу і прывабнымі рысамі, робіць яго жывым чалавекам. Часта ў сваіх паводзінах ён выступае як справядлівы чалавек, які здольны пакараць сваіх дружыннікаў, што наздзекаваліся з цяжарнай жанчыны, як і Вітаўт, ён таксама складае зброю, каб не адбылося братазабойства. Ягайла, як і Вітаўт, у сваіх паводзінах імкнецца кіравацца хрысціянскімі законамі. Такім чынам, вобраз Ягайлы супярэчлівы, псіхалагічна глыбокі і трагічны.
Трагізм Ягайлы звязаны з тым, што яму служыць угодлівы Люцень, які, імкнучыся дагадзіць свайму гаспадару, з халоднага разліку, выконваючы "неіснуючыя загады", забівае баярына Дамаша, які адмовіўся прысягаць Ягайлу, забівае Кудаша, стражніка Вітаўта, а потым і яго бацьку — вялікага князя літоўскага Кейстута. Вельмі сімвалічна, што забойствы гэтыя Люцень учыняе, накідваючы ахвярам на шыю засмаргу (пятлю) і душачы іх. Гэта звер, бязлітасны і жорсткі, які не шкадуе нікога дзеля свайго гаспадара Ягайлы, які і сам не адзін раз быў ашаломлены гэтай жорсткасцю. Пасля забойства баярына Дамаша Ягайла гоніць Люценя ад сябе: "Прэч, ваўкалак!", на што Люцень адказвае: "Як скажаш, любы княжа". Нездарма ён носіць прозвішча Люцень — ад слова " люты". I загіне ён ад рукі свайго гаспадара — князя Ягайлы, перад смерцю сваёй яшчэ раз пацвярджаючы сляпую вернасць свайму князю:

Даўно твае загады Люцень слухаў
Не з вуснаў і вушамі, а з душы і сэрца…

  Шукаць у гэтым якое-небудзь "маральнае" права Люценя на забойства — гэта значыць апраўдваць забойства.
  Праблема асабістага шчасця ў п’есе вырашаецца на вобразах князёў Вітаўта, Ягайлы, а таксама на жаночых вобразах — жонкі Вітаўта княгіні Ганны, каралевы Ядвігі, пакаёўкі Алены. Усе яны перш за ўсё думаюць пра дзяржаву, асабістыя інтарэсы ставяць на другі план. Абодва браты бяруць шлюб не з тымі жанчынамі, якіх кахаюць, а з тымі, хто патрэбен ім для ўмацавання дзяржавы. Так, Ягайла ўступае ў шлюб з прынцэсай Ядвігай, якая стала каралевай Польшчы, каб самому стаць каралём і не страціць магчымасці заключэння саюзнага дагавору паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай. Каралева Ядвіга таксама адмаўляецца ад кахання да аўстрыйскага прынца Вільгельма і згаджаецца на шлюб з Ягайлам дзеля інтарэсаў Польшчы.
  Чаму героі не могуць аддацца асабістаму жыццю, асабістаму шчасцю? Таму што не заўсёды гэта супадае з тымі дзяржаўнымі інтарэсамі, на варце якіх стаяць Вітаўт і Ягайла. Яны перш за ўсё дбаюць, каб квітнела, расла, станавілася магутнай дзяржава, якую яны ўвасабляюць, за ўладу ў якой змагаюцца. Асабістыя ж перажыванні, пачуцці адыходзяць на другі план, бо перашкаджаюць дасягненню мэты.
  Пакаёўка Алена, якая служыць жонцы Вітаўта Ганне, кахае свайго гаспадара і дзеля яго вызвалення з палону ахвяруе сваім жыццём.
  У драме "Князь Вітаўт" сцвярджаецца думка, што галоўнымі каштоўнасцямі на зямлі з’яўляюцца міласэрнасць, любоў, еднасць, згода і мір. Гэту ідэю ўзмацняюць і міфалагічныя вобразы Купалы і беражніц. Яны хоць і з’яўляюцца язычніцкімі божаствамі, але зусім не супярэчаць хрысціянскім нормам паводзін. Купала — князёўна жыцця — уплывае на свядомасць, пачуцці герояў, напамінае людзям пра найважнейшыя каштоўнасці на зямлі: любоў, еднасць, згоду, сумленнасць, самаахвярнасць дзеля Бацькаўшчыны.

Сказать спасибо
( 22 оценки, среднее 4.18 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений