Звярніце ўвагу! Поўны змест.
У ціхай лагчыне, пад старой разгалістай вярбой жыла маленькая чыстая крынічка. Яе звалі Сінявочка. Крыштальная вадзіца ўдзень і ўночы, улетку і ўзімку бруілася з Сінявочкі, бы нітачка-ручаінка, і збягала ў Зялёную Сажалку, што жыла па суседству. Пухнатыя воблакі кожную раніцу, бы ў люстэрка пазіралі ў Сінявочку, прыхарошваліся і, перш чым плыць у свае далёкія падарожжы, заўсёды гаварылі:
– Ах, якая прыгажуня гэта Сінявочка! Такая цудоўная, такая празрыстая!
У спякотныя летнія дні ў крынічцы купалася Сонейка, ноччу на паверхні вады разам з зорачкамі адпачываў вастрарогі Месяц. Сінявочка была вельмі добрая, яна з усімі сябравала, і кожны, хто толькі захоча, мог падысці і напіцца яе срэбнай халоднай вадзіцы… За гэта ўсе птушкі і звяры, што жылі ў лагчыне, любілі Сінявочку. I яшчэ яе любілі за тое, што ў начны супакой сваім звонкім голасам крынічка спявала песні… Нават самы дзівосны спявак салавей і той прылятаў да крынічкі, садзіўся на ніжнюю галінку старой вярбы і слухаў, як Сінявочка спявае:
Цюр-лі, цюр-ді ля лоз
Струменіцца вадзіца,
У спёку і ў мароз
Прыходзь сюды напіцца…
Вось толькі адна Зялёная Сажалка не любіла Сінявочку. Яна злавала на крынічку за тое, што да яе ўсе прыходзяць, з ёю сябруюць, а Зялёную Сажалку і не заўважаюць нават… Ды і не любяць!
– Ква-ква-ква! – зарагатала вясёлае Жабяня, калі Зялёная Сажалка паскардзілася яму. – За што цябе любіць? Сама вунь нікога не любіш!
– Мала што! – адказала капрызная Зялёная Сажалка. – Не люблю, а мяне хай любяць…
– Гэтак не бывае, – сказала Жабяня. – I не будзе! Сінявочка дык вунь добрая і ласкавая… Спявае для ўсіх, усіх у госці запрашае… А ты? Зялёнае слізкае павуцінне апранула на сябе, ваду схавала, усіх сваіх жыхароў прагнала прэч… Стары Карась і той уцёк ад цябе.
– Змоўкні, плюгаўка! – злосна закрычала на яго Сажалка. – Расквакалася тут! Я ўсе роўна лепшая за вашу мізэрную Сінявочку. У мяне вада цёплая, а яна лядзяш…
– Ква-ква-ква! – зноў зарагатала Жабяня. – Гэта яна летам, у спёку, халодная, а зімой – цёплая… А з цябе вунь бурбалкі ідуць… Ква-ква-ква!
Зялёная Сажалка ўсхадзілася не на жарт.
– Калі захачу, – пагрозліва прамовіла яна, – то ад вашай Сінявочкі і знаку не застанецца.
– Дурніца! Сінявочка з Сонейкам сябруе. Яно цябе як прыпячэ, дык за адзін дзень высахнеш ушчэнт.
– Не высахну! Я вялікая!
– Высахнеш… Ты вялікая таму, што цябе вадой Сінявочка поіць, а так бы… Ква-ква!
– Ідзі адсюль! – сярдзіта булькнула на яго Сажалка.
– Ква на цябе! – адказала Жабяня і паскакала далей.
А злая Зялёная Сажалка задумала чорную справу.
Цёмнай ноччу, калі Сінявочка праспявала сваю песеньку і задрамала, Зялёная Сажалка ўзяла сваё слізкае павуцінне, спляла з яго цяжкі нерат, употайкі падкралася да крынічкі і ўскінула на яе… Апляла і заблытала. У гэтую ноч над лагчынай вісеў густы туман, і ўсе сябры Сінявочкі не бачылі таго, што зрабіла Сажалка, і не змаглі прыйсці на дапамогу крынічцы.
Ранкам, калі сонейка прагнала прэч туман, калі прачнуліся звяры і птушкі, усе здзівіліся, што ў лагчыне не чутно песенькі Сінявочкі… Белыя воблакі шукалі сваю сяброўку, шукаў спявак Салавей, шукала вясёлае Жабяня, але Сінявочкі нідзе не было відно. Зелёнае павуцінне Сажалкі прыціснула яе да зямлі і схавала…
Як ні білася крынічка, як ні спрабавала выбрацца з-пад нерата да сваіх сяброў, але ўсё было марна. Толькі некалькі кропелек прасачылася праз слізкае павуцінне, але ўсе палічылі гэтыя кропелькі за расу.
I вось Сонейка паднялося высока і таксама пачало шукаць сваю сяброўку. Яно так пільна ўглядалася ў лагчыну, што берагі Зялёнай Сажалкі адразу ж пачалі сохнуць, а яна сама мялець проста на вачах…
– Вой! – залямантавала Зялёная Сажалка. – Вой, ратуйце! Паміраю! Дапамажыце! Не буду больш! Даруйце!
Але ніхто яе не слухаў і ніхто не ішоў на дапамогу фанабэрыстай і нядобрай Сажалцы. Усе шукалі крынічку і не маглі знайсці.
На шчасце, тым цёплым ранкам ішлі паўз лагчыну ў лес па грыбы хлопчык і дзяўчынка.
– Дзіўна! – сказаў хлопчык, калі яны праходзілі каля Сінявочкі. – Тут жа ля вярбы павінна быць крынічка, а яе чамусьці няма…
– Гэта тая, якую завуць Сінявочкай? – спытала дзяўчынка.
– Тая. Але дзе ж яна?
– Давай пашукаем.
Яны паставілі на сцяжынцы свае кошыкі і пачалі шукаць крынічку. Абышлі вакол старой вярбы.
– Вось! Вось яна! – радасна запляскала ў ладкі дзяўчынка. – Бачыш кропелькі? Зарасла толькі…
– А мы зараз яе вызвалім! – сказаў хлопчык і ўчапіўся за слізкі нерат Зялёнай Сажалкі. – Фу, брыдота нейкая… Дапамагай…
I яны разам пачалі аддзіраць ад беднай крынічкі брыдкі нерат… Той супраціўляўся, чапляўся за берагі Сінявочкі, але ўрэшце затрашчаў, і крынічка вызвалілася.
Блакітная свежая вадзічка зноў заіскрылася пад Сонейкам… Хлопчык і дзяўчынка кінулі слізкае павуцінне назад у перасохлую Сажалку, выцерлі аб траву рукі, наліліся з Сінявочкі чысценькай вадзічкі, узялі свае кошыкі і пайшлі ў лес…
А вольная Сінявочка зноў заспявала сваю вясёлую песеньку.
1981 г.