Анатоль Вялюгін — Сады зацвілі…

Анатоль Вялюгін

Сады зацвілі,
не прыкмеціў – калі.
Выбег у май
павесялелы я:
на шэрай, як пер’е,

цёплай раллі

яблыня белая.

Стаіць гэта воблака раніцой
на ножцы, пабеленай вапнаю.
Зямлю асвятліўшы,
ззяе красой,
самай прывабнаю.

Як быццам свой першы дзень пачала
зямля, ўпершыню зялёная.
Сонца звініць – залатая пчала,
вісне над кронаю.

Ад радасці вочы мае расцвілі,
пагодныя, памаладзелыя:
на шэрай, як пер’е,

цёплай раллі

яблыня белая.

1956
 

Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений