Андрэй Федарэнка — Чабор

Андрэй Федарэнка

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Пражыўшы трыццаць два гады, я, беларус, вясковы чалавек, не ведаў, як выглядае чабор.
 Што ж, нічога страшнага. Мне нават не сорамна. Напрыклад, вядомы ў XIX стагоддзі крытык і літаратуразнаўца А. Скабічэўскі, паводле яго ж слоў, «ніколі не бачыў, як расце жыта». Вялікі рускі паэт М. Някрасаў называў авадня чмялём (над статкам уецца «шмелей неугомонный рой»). Кандыдат на атрыманне Нобелеўскай прэміі пісьменнік Д. Меражкоўскі блытаў пілу з напільнікам. Яшчэ адзін пісьменнік – савецкі – Ю. Алеша, прызнаваўся: «Я ні разу, ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве, ні пазней, у дарослыя гады, – словам, ні разу за ўсё жыццё не чуў спеву салаўя. Для мяне гэта было хлуснёй, умоўнасцю – калі я сам гаварыў пра салаўя ці чытаў у іншых…»
 Відаць, няведанне само па сабе не загана. Загана, гэта калі не ведаеш – і ведаць не хочаш. Саромеешся прызнацца, спытаць у людзей. А хто пытае, той, як вядома, не заблукае.
 Пайшлі неяк з маткаю на соткі збіраць каларадскіх жукоў. Ліпеньскі сонечны дзень, але сонечны толькі з нашага боку, дзе соткі. А з другога, над лесам – хмара, чамусьці не чорная, не свінцова-сіняя, як яны бываюць, а чырвоная. З таго боку штораз грыміць гром.
 I тут на мяжы я ўбачыў сінюю плямку, над якой таўкліся пчолы. Яшчэ не ведаючы, што гэта, спытаў у маці:
 – Чабор?
 – I праўда, чэбрык, – сама здзівілася маці. – Трэба ж, дзе,вырас!
 – Хіба гэта рэдкасць?
 – Рэдкасць, абы-дзе ён расці не будзе.
 Вось і яшчэ адно апраўданне для мяне. Нашае мазырскае нізіннае Палессе чабор, аказваецца, не дужа любіць, расце, як я пазней прачытаў, у сухіх высокіх мясцінах, рэдкіх светлых сасновых барах.
 Прысеўшы, я з цікавасцю пачаў разглядаць, мацаць і нюхаць гэтую несамавітую на выгляд расліну, пра якую напісаны вершы і складзены песні, якая з’яўляецца ледзь не сімвалам Беларусі поруч з васільком і шыпшынаю.
 Чабор падобны на малады верас, з такімі ж сінімі кветкамі, толькі яшчэ драбнейшымі. Верас нават, як мне падалося, пахне мацней, саладчэй. Што ж так прываблівала да гэтага чабору пчол? 1х было мо штук дваццаць на невялічкую плямку. Я нарваў букецік, нюхаў, яшчэ і яшчэ, проста сілком уцягваў у сябе ягоны своеасаблівы водар.
 I тады зразумеў – сапраўды, чаборам трэба надыхацца. Трэба, каб яго было многа, каб паветра настаялася на ім.
 Так пахне воск, калі гарыць свечка. Так пахнуць старыя любімыя рэчы, на якія забыўся, а потым выпадкова натыкаешся на іх у шафе.
 Так пахне штосьці далёкае, дарагое, страчанае калісьці даўно-даўно, але пах гэты дае надзею, што страчана не назусім…
 Пакуль я разглядаў і нюхаў чабор, хмара падабралася бліжэй. Раптам з яе бліснула крывая маланка, затым рэзка і звонка стрэліла громам. Пайшоў «цыганскі» дождж. Бульбоўнік і трава ажылі пад буйнымі кроплямі, нібы хто кідаў гарох з неба: шлоп!-шпок!-шлоп!
 Трэба было вяртацца дамоў.
 Свяціла сонца, вісела над галавою дзівосная чырвоная хмара, сінеў у руцэ букецік чабору, на якім ехала вялікая пухнатая пчала, – не зважаючы ні на дождж, ні на чалавека, як ап’янелая, яна тыркалася і тыркалася ў сінія кветачкі, стараючыся не прапусціць аніводнае.

Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений