Увага! Поўны змест
Гадоў сем назад здарыўся са мною выпадак, пра які доўгі час чамусьці нават успамінаць было сорамна.
Было гэта ў ліпені. Я толькі што здаў сесію за першы курс інстытута і праз некалькі дзён павінен быў ехаць у сельгасатрад, у Крым, а пакуль сядзеў у сваёй вёсцы і нудзіўся. Не ведаючы, куды сябе прыткнуць, я ці чытаў, ці ўключаў сярод белага дня тэлевізар, ці проста сноўдаўся па двары, пакурваючы, — і, далі-бог, не таму, што ў Мінску зрабіўся нейкім лодырам. У першы ж дзень я спрабаваў быў падступіцца да чаго-небудзь, хацеў перасыпаць стары плот, паднавіць паўразбураны куратнік, але ўсё аказалася такім спарахнелым, што відаць было — пацягні адно, паваліцца другое. Тут трэба было капітальнае абнаўленне, новыя шулы, жэрдкі, дошкі, трэба быў час — месяц, а то і болей, каб хоць трохі давесці ўсё да ладу, а інакш і зусім не брацца.
Мяне цягнула ў Крым, дзе я ніколі не быў, да пальмаў, кіпарысаў, мора, на магілу Багдановіча, мне хацелася, каб і "мой цень лёг на гэтыя святыя камні"… А тут? Што я, не бачыў гэтага бульбоўніку, буракоў, гэтага лесу, які падлез пад самыя соткі і ў якім я, здавалася, ведаў кожнае дрэўца?..
I толькі калі надышоў доўгачаканы апошні дзень (сімферопальскі цягнік спыняўся на пару хвілін на станцыі каля самай вёскі), мне зрабілася неяк настальгічна, сумна; зусім новымі вачыма я аглядаў двор, загоны, куратнік, да якога так і яе дайшлі рукі, — глядзеў і шкадаваў, як жывое… Я вось паеду, шмат што ўбачу, а гэтае ўсё так і будзе тут. Мне захацелася расцягнуць гэты настрой развітання, прайсціся па знаёмых мясцінах, а калі ўдасца, дык і палавіць рыбкі.
Матка была ў ягадах, але я вырашыў не пакідаць ніякай запіскі. Навошта? Гадзін у дзевяць-дзесяць вечара вярнуся, хопіць часу сабрацца, пачытаю да ночы, а потым у цягніку буду адсыпацца. Я пераапрануўся ў сваё старое вайсковае адзенне, капануў чарвякоў, запіхнуў у кішэню скручаную вудку і пайшоў па любімым сваім маршруце — на Ткачовае балота, якое кіламетры за чатыры.
Было гадзін шэсць вечара. Грэла мяккае сонца, лёгка і прыемна ішлося лясной, не выбітай машынамі дарогай; я злавіў, нарэшце, свой рытм: час больш не скакаў, яе цёгся да раздражнёнасці нудна, я плыў неяк суладна маім крокам. Пахі ляснога долу, верасу і чарнічніку былі ў суладдзі з птушыным шчэбетам, з нязыркім сонцам, з шорганнем кедаў па зямлі — і доўгачаканая гармонія прыходзіла і ў думкі. Я адчуваў сябе: вось я ёсць, я — жыву, усё цудоўна, я вучуся, а значыць, на некалькі гадоў ці нават назаўсёды выбраў сабе жыццёвую лінію; я прайдуся па гэтым цудоўным лесе, палаўлю карасёў, а потым цягнік паімчыць .мяне да дзівосных берагоў, пра якія столькі наслухаўся і начытаўся…
Неўпрыкмет я дайшоў да таго месца, дзе трэба было паварочваць на балота, але нідзе не аказалася ні сцежкі, ні ходу, ні следу. Я чуў, што балота амаль высахла, але каб так, што нават дарогі да яго пазарасталі… Паўсюль быў самы звычайны лес, з ягаднікам, з высокімі кустамі буякоў. Не без страху — помню, колькі тут было гадзюк, — падзёрся я праз гэтыя буякі і неўзабаве набрыў на палянку, дзе мы колісь, малымі, калі ездзілі "лісапетамі" на рыбалку, палілі вогнішча і абедалі. Пазналі не вочы, а ногі, яны самі спыніліся. Вось тут некалі быў бераг, ад гэтай бярозы пачыналася вада, і мы закідвалі адсюль вуды… Цяпер толькі высахлы суцэльны мох пад нагамі паказваў, што я не заблудзіўся, што некалі тут было балотнае дно. Я пайшоў па гэтым імху далей, бярозкі пакрысе радзелі, трава гусцела, усё больш пачало трапляцца сухастояў, аж пакуль не ўбачыў авальную, дыяметрам у кіламетр, нізінку, усю ў купінах, парослую асакою і сям-там крывымі нізенькімі дрэўцамі. Ад такога вялікага некалі балота засталася, як у нас называюць, пеля. З усіх бакоў ціснуў на гэтую пелю лес, наступаў, займаў яе тэрыторыю, і было відаць — яшчэ некалькі гадоў, і пелі — хана.
Я выламаў дзве раўнейшыя алешынкі: адну пад вудзільна, другую каб апірацца, і па купінах, падмінаючы пад ногі асаку, хвілін за пятнаццаць дабраўся да вады. У самым цэнтры пелі была невялікая праваліна, мініяцюрнае, але, відаць, вельмі глыбокае возерка, у якога берагамі былі купіны. Але варта было мне спыніцца, пару разоў злёгку прытупнуць, як падманныя берагі гэтыя зачмокалі, расквасіліся, неяк аселі і ногі па костачкі аказаліся ў іржавай, халаднючай вадзе. Добра, што метраў за колькі, каля самай вады, расла цімалая алешынка з астраўком вакол каранёў. Дабраўшыся да яе, я гэты астравок абтупаў, падвесіў на галіну сетку пад рыбу, прытапіўшы палавіну ў вадзе, прывязаў да свае палкі вудку — і гатоў.
Вада была нават не цёмная, а чорная, як нафта, зацягнутая каля берагоў трохліснікам і жабурэннем, але ў цэнтры чыстая. Я начапіў чарвяка і кінуў, праўда, няўдала, у самае жабурэнне; да таго ж, відаць, грузік быў цяжкі, бо пацягнуў за сабою пярыну-паплавок. Я выцягваць… і ледзь не зляцеў сам, цудам паспеўшы неяк ухапіцца за алешынку… Сарвалася! I не абы-што!..
Папраўляючы чарвяка, я дрыжачым голасам мармытаў:
— Вось дык цяжкі грузік… Гэта ж зусім, аказваецца, і не грузік…
На гэты раз я закінуў з вывертам, далей, наколькі дазваляла палка, у прасвет паміж трохліснікамі. Пярына як падала, так і патанула. Я счакаў, падсек і па вадзе, не могучы падняць, падцягнуў да астраўка нешта чорнае, якое страшна было і цягнуць. Гэта быў балотны карась, нейкая помесь з лінём, — у іх чорная, дробненькая луска, самі доўгія, тоўстыя, з маленькімі чорнымі вочкамі. У нас іх толькі сушаць на таранку, бо балотны пах ад іх не высмажваецца і не выварваецца… Такіх я лавіў некалі, і багата, але такога вось таўстуна — упершыню.
Я зразумеў, што напароўся на неруш, на месца, дзе, можа, некалькі гадоў ніхто не рыбаліў. Карасі амаль не супраціўліся. Хутка мне надакучыла механічна іх выцягваць, і я пачаў забаўляцца: знарок спазняўся падсякаць альбо несалідна, як чалавек, што ні разу ў жыцці вуды ў руках не трымаў, шморгаў, калі паплавок не паспяваў нават легчы на ваду… Бралася бездакорна. Неяк і не заўважалася, што сонца ўжо села, што ад купінаў падымаюцца камары і, самае галоўнае, што за туманам ужо не відаць нават узлеску. Але было яшчэ зусім светла.
Пасля кожнага закіду я казаў сабе — гэтая, і ўсё, і, злавіўшы, думаў — ат, колькі там ісці. А такі клёў не так часта ў жыцці выпадае.
I вось гэты азарт, які робіць чалавека глухім да ўсяго, ледзь не пагубіў мяне. Вядома, я чуў і камароў, і цмоканне рыбы ў сетцы, і крумканне жаб, і іншыя гукі вечаровага балота, але здуру не даваў ім вялікай увагі, не дужа прыслухоўваўся і быў расслаблены. Між тым ужо хвілін колькі за спінаю чуўся нейкі не балотны, чалавечы нейкі гук — быццам хтосьці набіраў у рот паветра і з сіпеннем выпускаў праз сціснутыя зубы.
З купіны проста на мой астравок перапазўзла метровая чорная вяроўка — добра помню, што без усялякіх жоўтых вушак.
— Ц-с-с!
Нас падзяляла паўметра.
Я цяпер веру, што ёсць у гэтых гадаў нейкі гіпноз, і я проста аказаўся паралізаваны, бо стаяў і не мог зварухнуцца; але потым — забіце, калі ведаю чаму! — зрабіў самае горшае, што можа зрабіць чалавек адзін на адзін з гадзюкаю — я тупнуў.
Відаць, проста яшчэ не прыйшоў той мой час. Край астраўка, які і так ледзь ліпеў, на маё шчасце раптам у адзін міг адламаўся, і я наўзнач боўтнуўся ў чорную, халодную прорву. Ногі не дасталі дна і блізка. Адразу ж і рукамі, і плячыма, і шчокамі я адчуў густую, вязкую мякаць. Агіда ды плюс халодная вада і памаглі мне скінуць гіпноз. Я схапіўся мокрымі пальцамі за пук травы, за мяккі бераг, які адрываўся, бы гліна, але вось намацаўся корань, па якім я досыць лёгка выкарабкаўся на свой корч. Ззаду булькала растрывожаная пеля, нясло балотным смуродам, на мне вісела жабурынне, карэньчыкі, камякі гразі, з парэзаных пальцаў цякла кроў, але тое, што я толькі цяпер убачыў, змусіла мяне забыць і на гэта, і нават на гадзюку, якая, можа, сядзела дзесьці побач.
Туман — густы, сівы — уладна насунуўся на балота і схаваў не толькі ўзлесак, але і бліжэйшыя кусты. Толькі пад нагамі нешта можна было яшчэ разгледзець. Дарыбачыўся!.. Я схапіў сетку з уловам — кілаграмаў восем — і злосна, рашуча ступіў на свой след. Я не паспеў ні спалохацца, ні адскочыць, як шухнуў па самыя пахі. Пад рукамі захадзіла ўжо знаёмая мяккая кашка. "А зоры тут ціхія… Спакойна, цяпер трэба толькі не ўтапіцца!.." Патрошку мне ўдалося выцягнуць палку, якая старчака ўвайшла ў твань амаль уся, і хоць, пакуль выцягваў, трохі ўсмактаўся глыбей, але ўдалося пакласці палку ўпоперак. Здаецца, лягла на купіны. Падцягваючыся рыўкамі, я неяк спіною вылузаўся аж да пояса, потым ірвануўся штосілы і аберуч ухапіўся за сваю алешынку. Выпаўз.
"Як жа я прайшоў?! Я ж сюдою прабіраўся! Спакойна, тут адно — не трэба панікі!"
Я, як мог, абчысціўся, абмыўся ржавай вадою і пачаў аглядацца. На тым шляху, якім я дабіраўся да астраўка, цяпер чарнела гразёю ямка, і ў гэтай гразі, нікуды не ўцякаючы, ляніва плюхалі мае карасі. Ну, нічога. Ісці, дзякуй Богу, ёсць кудою — на ўсе два бакі: злева — пеля, прама — ямка…
На гэты раз я пайшоў асцярожненька, прабуючы купіны, тыркаючы наперад палкаю. Раптам метры праз тры купіны зніклі і адкрылася роўная, зарослая зялёнай траўкаю, дарога. Палка лёгка прабіла гэтую дарогу і боўтнула.
Вось гэта было ўжо сур’ёзна.
Я ўявіў сабе план гэтай пасткі, і на лбе выступіў халодны пот. Я стаяў у самым цэнтры пелі. Вакол досыць шырокай паласою, дзе адкрытая, дзе закрытая зверху машком, была багна. Яна была ў форме падковы з вельмі вузенькім прасветам паміж краямі. Сюды мне неяк удалося прайсці гэтым прасветам, а цяпер ямка, з якой толькі што вылез, злучыла краі.
Магчыма, былі яшчэ хады, магчыма, было нейкае вузкае месца, якое можна было пераскочыць ці нават пераступіць — але калі б гэта было ўдзень! А цяпер, калі не бачыш далоні перад носам?..
Яшчэ пра гадзюку можна было падумаць, што так, выпадак… Але калі ўсё разам, адно на адно — гэта ўжо нешта больш сур’ёзнае, недаацэненае; быццам некаму не хочацца мяне адсюль адпускаць…
Ужо не было відаць ні вады, нічога. Я сядзеў пад алешынкаю, на астраўку, аб’едзены камарамі, атупелы, і мне здавалася, што гадзюка ззаду пракусіла мне спіну і смокча кроў. Я ўстаў — калі была б гадзюка, адчуў бы цяжар, — памацаў. Тоўстая п’яўка, як шына, скручаная ў шар, цёплая, рабрыстая… З нагі адарваў яшчэ дзвюх.
З’ездзіў у Крым, палавіў рыбкі, прайшоўся па лесе! Далёка ўжо мой цягнік.
Каб я так папаўся дзесь далёка, ды хоць бы дзе каля суседняй вёскі — быў бы адчай, была б агіда, але адчування нейкай трагедыі не было б. А гэтыя ж мясціны я ведаў з маленства, любіў іх і думаў заўсёды, што і яны мяне любяць, лічаць сваім. Не было тут сцежкі, па якой бы я не хадзіў — у грыбы, у ягады, ставіць сок з бярозаў; каля гэтых пеляў зімою і летам мы секлі дровы, ганялі сюды тавар… Я ніколі не чуў ніякіх страшных гісторый, з гэтым балотам звязаных, і не баяўся яго ніколі…
Стаяла ноч.
Час ад часу я ўсхопліваўся, хапаў палку, кідаўся то ў адзін бок, то ў другі. Палка лезла ў прорву. Твар распух ад камароў; ад іхняга звону, ад густога балотнага паху, ад укусаў п’явак і ад нерваў у мяне кружылася галава. Чужым, сіпатым голасам я пачаў гаварыць да балота:
— Ты хочаш, каб я тут здох… Але я выжыву, мне проста смешна!.. Я ж усё роўна за гэтую ноч не змянюся, ніяк яна на мне не адаб’ецца… Ты папсуеш матцы здароўя за гэтую ноч, паламаеш мне лета — вось і ўсё, самае большае… Нават і лета не паламаеш — я знайду занятак, хоць платы параблю. I я плюю на цябе, смурод, гадзючнік — мала вас паасушалі!.. У мяне яшчэ ўсё наперадзе, я ўбачу новыя гарады, новае жыццё, — я буду жыць, а ты — смярдзець тут, зарастаць, пакуль не высахнеш к чорту!..
У адказ мне толькі звінела, чмокала, булькала, і калыхаўся такі густы туман, што яго відаць было нават у цемры.
Раніца надышла надзіва хутка. Ужо ў сярэдзіне ночы без сонца пачало святлець, паменела камароў, зашчабятала птушка. Я змог разглядзець ваду, свае ногі, кусты. Пасярод пелі плавала вудка, ад якой разыходзіліся дробныя хвалі — карась тармасіў… Здранцвелымі нагамі, паўз саменькую ваду, каля ямкі, якая ўчора ледзь не стала маёй магілаю, я выбраўся на свой учарашні след і хутка быў ужо на сухім беразе. На пелю мне не хацелася нават азірацца…
Цяпер, праз пэўны час, ужо не сорамна ўспамінаць, як каля самай сваёй хаты ўмудрыўся заблудзіцца і ледзь ацалеў. Але і не смешна. Пажыў я за гэтыя гады "новым жыццём", пабачыў новыя гарады, нават у Крым з’ездзіў. А згадваюцца чамусьці не інтэрнатаўскія пракураныя скразнякі, не аднастайныя, на ноч, бязрадасныя п’янкі, не блуканні па чужых кватэрах, калі баішся прызнавацца гаспадарам, якія баяцца радыяцыі, што родам— з Гомельскай вобласці… Пеля згадваецца.
Можна сказаць — ну і што, дужа нам цікавая твая настальгія па нейкіх балотах.
А я скажу: тым летам атрад наш быў расфарміраваны, бо на другі дзень па прыездзе, у Крыму, аўтобус, які вёз студэнтаў на вінаграднік, урэзаўся ў скалу. Адзін чалавек загінуў і два засталіся калекамі. Мог я сярод іх апынуцца? I калі гэта выпадковасць, дык што ж тады — наканаванне ?
Радзіма мая — вёска, балота… Няўжо і цяпер я яшчэ нешта значу для цябе, няўжо і цяпер ты абараняеш мяне ад нечага? Нашто ж ты ўсё часцей і часцей прыходзіш у думкі, ва ўспаміны, у сны, і так упарта, кожнай травінкаю з пасохлых пеляў — не адпускаеш?..