Звярніце ўвагу! Поўны змест.
I
Я з самага дзяцінства марыў пасадзіць хоць якое-небудзь дрэўца. Каб потым ведаць, што яно – маё, каб расці разам з ім, каб патаемна лічыць яго сваім адзіным сябрам ці сяброўкаю.
Смешная, вядома, мара. Дзіцячая. Просценькая. Падумаеш, мара! Хочацца, дык вазьмі і пасадзі. Але справа ў тым, што наша вёска знаходзіцца сярод лесу. Яна ўся акружана дрэвамі. Лес гэты часта гарыць, яго высякаюць цэлымі дзялянкамі, а ён лезе і лезе сабе з зямлі. Яму, відаць, дужа падабаюцца нашы мясціны. Пішу цяпер і раз-пораз пазіраю ў акно: вунь, здаецца, усяго год таму за рэчкаю была голая палянка, парослая толькі кучаравым верасам ды купкамі буякоў, а цяпер – малады, у рост чалавека бярэзнік, а яшчэ праз год, упэўнены, у гэтым гайку можна будзе збіраць грыбы.
У нас кожную вясну высякаюць і выкошваюць шчарбатымі косамі з двароў, агародаў і паплоўчыкаў цэлыя абярэмкі парасткаў-дубцоў. Парасткі ж пускае ўсё, што не лянуецца: слівы, вішні, лаза, асінкі, яблыні, ажыны, бярозы…
I вось уявіце: адпраўляюся я ў канец свайго агарода, выкопваю ліпку ці тую ж бярозку, нясу ў двор і саджаю.
Глупства. Ніхто не зразумее. Сябры пачнуць смяяцца. Сусед дзядзька Ігнат зірне пагардліва. Маці насварыцца. Гэта ў кніжцы ці ў тэлевізары прыгожа: дзяўчынка трымае дрэўца, а хлопчык засыпае ямку зямлёю і палівае з якога-небудзь іржавага чайніка вадзічкаю. Прыгожа. Карысна. I дрэўца будзе расці, і хлопчык з дзяўчынкаю, магчыма, пасябруюць і потым, ужо дарослымі, прыйдуць пад цяністую крону і ўспомняць: гэта ж трэба! – дзякуючы такой бяздушнай, шурпатай дзеравяшцы з лісцем уверсе нарадзілася наша незямное каханне!..
Вось пра якія сімпатычныя карціны ў сваім дзяцінстве я мог толькі марыць.
II
I ўсё ж я не здаваўся.
Недзе ў пятым класе, увосень, вяртаючыся са школы, каля чужой, кінутай хаты я трэскаю выкапаў корчык малінніку, прынёс і крадком пасадзіў на мяжы паўз плот, што падзяляў наш двор з дваром дзядзькі Ігната.
Я пасадзіў яго, гэты пракляты корчык, і забыўся. Я нават ні разу не паліў яго вадою. Тым не менш ён прыняўся і разросся. Ваявалі мы з ім люта: касілі, высякалі, выдзіралі, выкопвалі – усё марна. Кожную вясну невядома адкуль з’яўляўся і лез сцяблінкамі ўгару, і слаўся павоем па двух дварах, дабіраючыся ледзь не пад самыя ганкі, малады маліннік. Урэшце здаліся – на палосцы мяжы вынішчаць яго перасталі.
Гэты маліннік расце і цяпер. Ён даўно абагнаў ростам плот, пачуваецца тут па-гаспадарску, але галоўная яго асаблівасць тая, што за ўсе гады ніхто ніколі не бачыў на ім ніводнае ягадкі. Можа, я вывеў якісь рэдкі, незвычайны гатунак?
Хоць гэта не апраўданне, вядома. Ды і якое маліннік (хай сабе і дзівоснага гатунку) дрэва?
III
У восьмым класе я зноў узяўся за сваё.
Неяк увясну пайшоў у лес глядзець, ці ідзе ўжо сок з бяроз, і ўбачыў адзін каля аднаго тры дубкі. Такія роўныя, тоўсценькія. Сантыметраў трыццаць ростам.
«Гэта не маліннік, – падумаў я, – а сур’ёзныя, сапраўдныя дрэвы. Апетыя ў казках, вершах і розных апавяданнях. Дуб-цар, дуб-волат!.. Да таго ж карысныя дрэвы: улетку будуць даваць цень, і жалуды свінням можна будзе збіраць проста ў двары».
Дубкі ўяўляліся мне трыма роднымі братамі. Я пашкадаваў разлучаць іх, а выкапаў усіх трох і пасадзіў на роўнай адзін ад аднаго адлегласці каля таго ж плота, апанаванага маліннікам. У ямкі пад карані я падклаў гною, паліў дрэўцы і пайшоў на выган гуляць у футбол.
Увечары, вярнуўшыся, адразу кінуўся да дубкоў і ўбачыў на іх месцах толькі прытаптаныя ботам латкі свежай зямлі. У сваім двары, абапёршыся на плот, глядзеў на мяне і курыў дзядзька Ігнат.
– Тут жа на абодва двары сонца ніколі не гляне, калі яны вырастуць, – адказаў ён на мае маўклівае запытанне. – Чым ты думаў? Ты бачыў, што пасадзіў іх пад самай высакавольтнай лініяй? Яны ж будуць расці і электраправады рваць (ён так і сказаў «электраправады»). Іх жа ніводзін гром не прапусціць, ніводная маланка не праміне! Ты ведаеш, якія ў іх карані? Яны ж да градаў дабяруцца, да сотак, будуць сокі цягнуць!
Пра гэта я не падумаў.
Мне зрабілася сорамна і стала шкада дубкоў, якіх пагубіў нізавошта.
IV
Перад тым як ісці ў армію, я пасадзіў рабіну.
Навучаны вопытам з маліннікам і дубкамі, гэтым разам я быў разумнейшы і хітрэйшы. Я выбраў месца ў самым глухім, зарослым крапівою кутку за дрывотняю. Тут няма высакавольтнай лініі. Сюды не дабіраецца каса. Грады далёка, і маё дрэўца не зможа дацягнуцца туды каранямі. Нікому і нічому рабінка не будзе тут замінаць.
У войску я калі-нікалі ўспамінаў той глухі куток двара, рабіну, і тады мне неяк цяплей рабілася на душы і пачынала здавацца, што гэта не дрэўца, а дзяўчына падрастае там і чакае мяне…
I вось я вярнуўся. I пайшоў глянуць у той куток. I ўбачыў, што мая рабіна – не выцягнутае, не стройнае дрэўца, як уяўлялася мне ў войску, а хваравіты, пахілены набок дубец, амаль не падрослы. Блізка была дрывотня, пасля дажджоў вада сцякала з даху і падмывала з аднаго боку дзёран, пахіляючы рабінку, не даючы ёй умацавацца. Я выраўняў яе і прывязаў мяккай вяровачкай да плота.
З тых часоў кожны раз, прыязджаючы з горада, я найперш ішоў вітацца са сваім дрэвам, каб пагладзіць яго па ствале, абламаць ці абрэзаць сухія галінкі.
Дрэўца расло, ствол таўсцеў, галіны выцягваліся ўверх і ў бакі. I ўсё ж яно хварэла. Нешта яму шкодзіла тут. Лісцікі былі рэдкія, маленькія і рана пачыналі жаўцець і асыпацца. Пладоў рабіна таксама не давала – нейкія дробныя, ссохлыя зялёныя шарыкі, якія асыпаліся разам з лісцем.
Усё адно я палюбіў гэты куток двара і гэтае дрэўца, што па маёй волі стала нешчаслівым. Калі яно загіне, я зноў буду вінаваты.
Тут ляжала калодка, на якой калолі дровы. Я садзіўся на яе, глядзеў на рабінку, курыў, думаў. Калі-нікалі з вуліцы да плота падкульгваў пастарэлы дзядзька Ігнат; мы размаўлялі, прычым дзядзька пазіраў на рабіну з асуджэннем. Відаць, шкадаваў, што ўжо не мае ўлады ды і сілы, каб вырваць, як дубкі некалі, ці ссячы гэтае пустое, непатрэбнае, на яго думку, дрэва.
Аднойчы, у пачатку лета, прыехаўшы чарговы раз у вёску і падыходзячы да сваёй хаты, я не ўбачыў над плотам знаёмых галін з рэдкімі лісцікамі. Дрэва сіратліва ляжала на зямлі, вывернутае з кавалкам дзёрну на каранях. Як расказала маці, нядаўна быў страшэнны вецер – «цэлы буран!», паваліла плот, ён упаў на рабіну, вывернуў яе з зямлі. Плот паправілі, а дрэўца – каму яно трэба?..
Балюча было глядзець. «Вось яшчэ адна смерць істоты, што нарадзілася пазней за мяне, а памерла раней», – падумалася мне.
V
У канцы лета я зноў наведаўся ў вёску, проста так, напярод сумуючы, падаўся ў свой куток двара і ахнуў. Я не паверыў сваім вачам.
Рабіна мая ляжала, як і ляжала, на зямлі. Але яна была ўся чырвоная, уся – на кожнай галінцы – абсыпаная гронкамі буйных, яркіх, сакавітых нават на выгляд ягад. На ёй не было ніводнага лісціка. Усе сокі, што змагла выцягнуць з таго кавалка дзёрну каля каранёў і сама з сябе, ахвяруючы лісцем, рабіна пусціла на ягады.
Яна ляжала – чырвоная на маладой атаве – і свяцілася затоеным гонарам, што выжыла, што змагла ўрэшце даць багаты плод – усё, што яна магла даць; і глядзела на мяне з лёгкім дакорам: чаму не паверыў ёй, нашто пахаваў раней часу?..
Я падчысціў, паглыбіў рыдлёўкай старую яму. Паклаў на дно гліны, гною. Падняў сваё дрэва, устанавіў і зноў падвязаў яго да плота. Прынёс два вядры вады і паліў.
I цяпер я чамусьці ўпэўнены, што мая рабіна выжыве. Прымецца зноў і будзе жыць да таго часу, пакуль будзе ведаць, што ў свеце ёсць хоць адзін чалавек, каму яна патрэбна, які хоць зрэдку ўспамінае і клапоціцца пра яе, для каго ёй варта жыць.
Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с.